Пайшоў з жыцця Нэльсан Мандэла

2013 2013-12-06T12:55:40+0300 2013-12-06T12:59:38+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mandela.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Нэльсан Мандэла (1918 - 2013)

Нэльсан Мандэла (1918 - 2013)

У ноч на 6 снежня ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы на 96 годзе абарвалася жыццё змагара з апартэідам, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Нэльсана Мандэлы (1918 - 2013).

Асоба першага чарнаскурага прэзідэнта ПАР стала сімвалам барацьбы чарнаскурага насельніцтва за свабоду і роўнасць у правах.      

Дзейны кіраўнік краіны Джэйкоб Зума назваў яго бацькам нацыі, паколькі, як цытуе яго ВВC, “Мандэла больш за каго-небудзь іншага ўвасабляў сабой нацыянальнай адзінства Паўднёвай Афрыкі”.

Пройдземся жыццёвымі сцяжынамі гэтага чалавека.

18 ліпеня 1918 года. Нэльсан Халілала Мандэла нарадзіўся ў невялікай паўднёва-афрыканскай вёсцы Мвеза.

1943 год. 25-гадовым уступіў у Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК) і пачаў актыўна працаваць над тым, каб пакласці канец палітыцы апартэіду, якую праводзіла кіруючая Нацыянальная партыя. Праз год сумесна з іншымі заснаваў Моладзевую лігу АНК, а ў 1948 годзе быў абраны яе нацыянальным сакратаром.

1952 год. Распачалася кампанія«Выклік». Гэта масавая кампанія грамадзянскага непадпарадкавання, скіраваная супраць дыскрымінацыйных законаў. Мандэла быў абраны яе нацыянальным кіраўніком.

1956-1961 гады. Мандэла праходзіў як адзін са 156 абвінавачаных у крымінальным працэсе па справе пра дзяржаўную здраду.

21 сакавіка 1960 года. У горадзе Шарпевіле адбываецца крывавая расправа паліцэйскіх з насельніцтвам. Неўзабаве ўрад аб'яўляе надзвычайнае становішча і арыштоўвае каля 18 тысяч удзельнікаў супраціву. Афрыканскі нацыянальны кангрэс трапляе пад забарону, Мандэла сыходзіць у падполле.

1961 год. Сфармавана ўзброенае крыло АНК на чале з Мандэлам, якое атрымала назву «Дзіда нацыі».

1962 год. Мандэла едзе за мяжу - у краіны Афрыкі і Еўропу.

5 жніўня 1962 года. Мандэла арыштаваны за незаконны выезд з краіны і падбухторванне да страйку. Асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Ліпень 1963 года. Арышт дзеячаў Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу ў Рывоніі. Мандэла абвінавачаны разам з імі.

12 Чэрвеня 1964 года. Асуджаны да пажыццёвага зняволення і адпраўлены ў турму.

На судзе, дзе Мандэлу судзілі за яго дзейнасць, ён заявіў: «Я змагаўся супраць перавагі белых, і я змагаўся супраць перавагі чорных. Мой ідэал - дэмакратычнае, свабоднае грамадства, у якім усе людзі жывуць разам у гармоніі, маючы роўныя магчымасці. Дзеля гэтага ідэалу я жыву і спадзяюся яго ўвасобіць. Але калі спатрэбіцца, дзеля гэтага ідэалу я гатовы і памерці».

Нэльсан Мандэла, асуджаны да пажыццёвага зняволення, стаў яркім сімвалам супраціву для набіраючага моц руху супраць апартэіду. Ён нязменна адмаўляўся здаць свае палітычныя пазіцыі ў абмен на сваю свабоду. У рэшце рэшт, у лютым 1990 года, вызваліўшыся з турмы, ён з яшчэ большай энергіяй узяўся за барацьбу супраць падаўлення, каб дасягнуць мэтаў, якія ён і іншыя людзі паставілі перад сабой амаль чатыры дзесяцігоддзі таму.

1993 год. Стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Красавік 1994 года. У Паўднёвай Афрыцы адбыліся першыя ўсеагульныя выбары з прадастаўленнем поўных выбарчых правоў ўсім жыхарам шматнацыянальнай краіны. АНК атрымаў перамогу з пераважнай большасцю галасоў.

Травень 1994 года. Мандэла прайшоў цырымонію інаўгурацыі як першы чарнаскуры прэзідэнт у Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Займаў гэтую пасаду да 1999 года – пасля сышоў у адстаўку. У гады яго прэзідэнцтва краіна адышла ад праўлення меншасці і апартэіду, ён заваяваў павагу па ўсім свеце за сваю дзейнасць па ўрэгуляванні рознагалоссяў як унутры краіны, так і ў міжнародным маштабе.

У лістападзе 2009 года Генеральная Асамблея ААН абвясціла 18 ліпеня Міжнародным днём Нэльсана Мандэлы ў знак прызнання ўнёску былога прэзідэнта Паўднёвай Афрыкі ў справу міру і свабоды. Тым самым ААН прадэманстравала “прызнанне жыццёвых каштоўнасцяў Нэльсана Мандэлы і яго адданага служэння чалавецтву ў галіне ўрэгулявання канфліктаў, міжрасавых стасункаў, пашырэння і абароны правоў чалавека, у справе прымірэння, у забеспячэнні гендэрнай роўнасці, правоў дзяцей і іншых уразлівых групаў насельніцтва, а таксама паляпшэння становішча самых бедных і слаба развітых сацыяльных групаў. Тым самым ААН падкрэсліла яго ўнёсак у міжнародную барацьбу за дэмакратыю і садзейнічанне справе ўстанаўлення міру ва ўсім свеце”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international