Магілёўскі абласны суд спыніў справу супраць газеты “Вольны горад”

2013 2013-12-04T13:41:15+0300 2013-12-04T13:41:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/volny-gorad-krych-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 снежня ў Магілёве судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава.

У касацыйнай скарзе на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 22 кастрычніка 2013 года па пазову КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” аб абароне дзелавой рэпутацыі выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў звяртаўся з просьбай адмяніць рашэнне суда і спыніць вытворчасць па справе, спагнаць з пазоўніка на яго карысць 150000 рублёў выплачанай ім дзяржпошліны, вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзі суда Крычаўскага раёна Качанавай А. В. за недастатковы прафесіналізм.

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда ў выніку разгляду скаргі прыняла рашэнне адмяніць цалкам рашэнне суда Крычаўскага раёна (суддзі Антаніны Качанавай) з прычыны непадсуднасці і спыніць вытворчасць па справе.

“Мы змаглі дамагчыся перамогі, таму што змагаліся да апошняга, - кажа рэдактар газеты “Вольны горад Сяргей Няроўны. – Мы раіліся з праваабаронцамі і знайшлі зацэпку, каб рашэнне суда Крычаўскага раёна адмянілі. Судовая калегія Магілёўскага абласнога суда вымушана была пагадзіцца з нашымі довадамі. Чэрыкаўскай ПМК-280 не дапамагло нават тое, што на разгляд касацыйнай скаргі ў Магілёў прыязджала іх адвакат Кацярына Гадунова і юрыст гэтай арганізацыі. Нашы довады аказаліся больш пераканаўчыя.

Асобна хачу падзякаваць праваабаронцу Барысу Бухелю, які дапамог нам дабіцца справядлівага рашэння суда”.

Сам Барыс Бухель кажа, што ён вельмі задаволены, што журналістам “Вольнага горада” удалося адстаяць сваю правату.

“У дадзеным выпадку мы цалкам задаволены, - распавядае Барыс Бухель. – Нам удалося адстаяць сваю правату. Суддзі ў Магілёўскім абласным судзе доўга раіліся, аднак цалкам пагадзіліся з нашымі довадамі. Зараз усе нашыя высілкі будуць накіраваныя на тое, каб пры разглядзе нагляднай скаргі журналістаў газеты “Вольны горад” было адмененае таксама і папярэдняе рашэнне суда Крычаўскага раёна (суддзя Аляксандр Курылін) па пазову Чэрыкаўскага ПМК-280, а таксама былі вернутыя грошы за судовыя выдаткі журналістам “Вольнага горада”.

Па інфармацыі праваабаронцы, наглядная скарга выдаўца газеты “Вольны горад” на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2013 года па пазову КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” аб абароне дзелавой рэпутацыі на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда павінна быць разгледжана да 21 снежня. Барыс Бухель спадзяецца, што і гэта рашэнне суда Крычаўскага раёна будзе адмененае і вытворчасць па справе спыненая.

Нагадаем, што раней магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель азнаёміўся з адпаведнымі дакументамі і высветліў, што суддзі Крычаўскага раённага суда і Магілёўскага абласнога суда наогул не мелі права разглядаць пазовы з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” да незалежнай газеты “Вольны горад” аб абароне дзелавой рэпутацыі, дзе адказчыкам выступаў яе заснавальнік Уладзімір Кудраўцаў.

Барыс Бухель адзначыў, што спрэчкі паміж юрыдычнай асобай і фізічнай асобай, якія звязаны з абаронай дзелавой рэпутацыі у сферы прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці мусіць разглядаць толькі гаспадарчы суд.

Па словах Барыса Бухеля, гэта прапісана ў артыкуле 47 Гаспадарча-працэсуальнага Кодэкса і ў пункце 6 Пастановы пленума Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь №16 ад 26 красавіка 2005 г.

Праваабаронца казаў, што суд Крычаўскага раёна наогул не меў права прымаць да разгляду пазовы з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”, а мусіў быў растлумачыць пазоўнікам, што з адпаведным пазовам яны павінны звяртацца ў гаспадарчы суд. Справядлівасць яго высновы спраўдзіла Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international