viasna on patreon

Міхась Кукабака. 77 гадоў – без фальшу і крывадушша...

2013 2013-12-03T13:38:03+0300 2014-11-11T12:40:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kukabaka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхась Кукабака ў сваёй маскоўскай кватэры. Люты 2013г.

Міхась Кукабака ў сваёй маскоўскай кватэры. Люты 2013г.

Сёння, 3 снежня, вядомы беларускі дысідэнт савецкага часу, праваабаронца і публіцыст Міхась Кукабака сустракае свой ​​77-ы дзень народзінаў. У яго біяграфіі - з дзетдомаўскім дзяцінствам, сасланыму Сібір юнацтвам і 17-ю гадамі турмаў, лагераў і псіхушак - дагэтуль застаюцца "белыя плямы", дагэтуль грыф сакрэтнасці ляжыць на яго матэрыялах у архівах КДБ. Але сам Міхась Ігнатавіч заўсёды быў абсалютна адкрытым, што, як ён упэўнены, і спрыяла выжыванню.

«У большасці людзей ёсць свая ўнутраная канстытуцыя, паводле якой чалавек імкнецца жыць. Гэтая "канстытуцыя" далёка не заўсёды супадае з дзяржаўнай, і адтуль узнікаюць праблемы. Але гэтыя праблемы - дробязі ў параўнанні з унутраным канфліктам, калі чалавек, у сілу нейкіх чыннікаў, паводзіць сябе насуперак уласным правілам. Зніжаецца ўзровень самапавагі - маральны імунітэт. І калі гэты ўзровень ідзе да нуля - нярэдка адбываецца суіцыд. Таму што каштоўнасць уласнага жыцця таксама спадае да нуля. Усе самагубствы разумных людзей, мяркую, толькі з гэтай прычыны. Але калі чалавек жыве ў адпаведнасці з уласнымі законамі, ён здольны праяўляць небывалую жыццяздольнасць, не толькі душэўную, але і фізічную. Гледзячы на свае 74 гады ў люстэрка, часам дзіўлюся: цнатліва чыстая галава - ні аднаго шнара або драпіны. Вытворчыя меткі на руках не ўлічваюцца. Калі б я быў вернікам, уявіў бы, што Усявышні прыставіў да мяне персанальнага анёла з падушкай, каб той своечасова падмітусіўся, калі буду падаць, і на выпадак іншай бяды. Бо фантастычна шанцавала, калі бегла зірнуць на біяграфію.

Усю вайну пражыў у акупацыі: бамбёжкі, абстрэлы. Пасляваеннаенапаўбезнагляднае дзяцінства. Прагулкі па лясах, нашпігаваных зброяй. Колькі дзетак загінула або пакалечылася?! А славуты ГУЛАГ? За чатыры судзімасці прайшоў 3 псіхушкі, уключаючы СПБ турэмнага тыпу. Потым 7 лагераў, крытая турма і звыш 20 перасылак. І ўсюды - патэнцыйная небяспека і суцэльны стрэс. Тое, што выжыў, - вынік душэўнай раўнавагі, калі чалавек імкнецца жыць у адпаведнасці са сваёй Канстытуцыяй! На свет заўсёды глядзеў адкрытымі вачамі, без фальшу, ні пад каго не падладжваючыся ...» - разважае ў сваім "Слове пра дысідэнцтва"Міхась Кукабака.

Пагаварыць пра некаторыя старонкі сваёй біяграфіі ён пагадзіўся і ў інтэрв'ю для сайта Праваабарончага цэнтра "Вясна" .

- Міхась Ігнатавіч, Вашая жыццёвая біяграфія тоіць у сабе шмат загадак і ...

- Белых плямаў, так?

- Так, белых плямаў, розначытанняў, штосьці патрабуе ўдакладненняў. Таму, можа, пачнем з самага дзяцінства?

- Я з рабоча-сялянскай сям'і. Нарадзіўся ў Бабруйску. Маці, 1912 года нараджэння, працавала на лесазаводзе ў Бабруйску. І гэта, дарэчы, я толькі нядаўна з архіва КДБ даведаўся. У 2007 годзе патэлефанавалі і дазволілі часткова азнаёміцца ​​з маёй першай справай за 1970-ы год, а астатняе там да гэтага часу пад грыфам "сакрэтна". Гэта вось з філіяла адной амерыканскай арганізацыі, якая, скажам так, не прызнае псіхіятрыю за медыцынскую навуку, выйшлі на мяне і прапанавалі сваё садзейнічанне ў юрыдычным плане, каб я паспрабаваў атрымаць доступ да сваіх матэрыялаў. І вось, пачынаючы з 2006 года, я пастаянна ў гэтым працэсе - прайшоў раённы, Маскоўскі гарадскі, Вярхоўны суд і нават падаваў скаргу ў Страсбург... Ну ды добра, я пераключыўся...

Калі вы чыталі мой нарыс «Спатканне з дзяцінствам», то з яго зразумела, што вайну я сустракаў у самім Бабруйску, а затым мы з'ехалі ў вёску. Бацька мой быў вайсковец, танкіст, загінуў у фінскай вайне ў 1939 годзе. Мне тады было тры гады, і бацьку свайго я не памятаю. І тут яшчэ дэталь такая - ён не проста загінуў, а знік без вестак. У сталінскія часы гэта накладала пэўны адбітак, і, я мяркую, бацькі, гэта значыць бабуля ў першую чаргу, стараліся гэты факт затушаваць, схаваць. Так, тут ёсць некаторыя няяснасці для мяне самога і КДБ не змагло «раскрыць». У мяне нават прозвішча не бацькоўскае, іншае было. Прозвішча Кукабака рэдкае нават у Беларусі, і мяркую, што калі б у мяне былі сваякі, то ім было б не складанамяне адшукаць. Падчас вайны я жыў у Бабруйскай вобласці, вёска Дубоўка, затым яшчэ вёска Бабічы была, куды мы на нейкі час пераязджалі. А потым у Бабруйск вярнуўся, дзе ў дзіцячым доме я прабыў пяць гадоў [маці, цяжка параненая ў гады нямецкай акупацыі, памерла ў 1946 годзе, а хлопчык жыў у бабулі, якая праз адсутнасць сродкаў была вымушаная аддаць яго ў дзіцячы дом - рэд.].

Пасля дзіцячага дома адправілі мяне ў рамесную вучэльню, а адтуль - у Сібір. Ніхто ніякай згоды ў мяне не пытаўся, я "дзяржаўны" чалавек быў, адвучыўся - абавязаны адпрацаваць, таму мяне на цягнік - і едзь, адправілі мяне ў Ангарск на "будоўлю камунізму”. Там будаваўся вялікі нафтахімічны камбінат, затым я перайшоў працаваць на авіязавод на нейкі час, затым па камсамольскім закліку - на асваенне цалінных зямель, затым войска. Вось і ўся мая біяграфія ранняга перыяду, так бы мовіць.

А пасля войска мяне дэмабілізавалі зімой. Куды ехаць? Ні сваякоў, нікога. Снежань месяц - не паеду ж я ў Сібір, холадна (смяецца). Я тады паглядзеў на мапу ў штабе - думаю, дзе гэта цяплей будзе. А начытаўся тады быў апавяданняў пра Сярэднюю Азію, рамантыка і ўсё такое, вось заплюшчыў вочы, ткнуў пальцам у мапу - гляджу, трапіў у Фергану. Вось, кажу, пішыце - Фергана. І паехаў з Уладзівастока спецэшалонам да Сярэдняй Азіі. Дзесьці не даехаўшы да Ташкента, пазнаёміўся ў вагоне з мужыком, ён кажа, маўляў, нашто табе гэтая Фергана, там праблема на працу ўладкавацца, давай да нас у Ангрэн, шахцёрскі гарадок. Ну, я сыйшоў з ім у Ташкенце. Пазней пераехаў у Казахстан. Адтуль - у Кіеў, там пажыў-папрацаваў. Затым сюды, у Аляксандраў [горад ва Уладзімірскай вобласці, у 111 км ад Масквы - рэд.].

- І там Вы пачалі актыўнічаць?

- Мая актыўная дысідэнцкая дзейнасць пачалася ў Кіеве. Там быў першы выклік у КДБ. Як памятаю, быў капітан Кальноў з Кіеўскага ўпраўлення, з якім мы прагаварылі гадзіны дзве, і ў канцы ён задаў мне пытанне: «Ці сустракаліся вы з агентамі замежнай выведкі, ці спрабавалі з імі сустрэцца?» (смяецца) Адказаў: "Не, не спрабаваў. Але калі б такая магчымасць з'явілася, з задавальненнем бы сустрэўся. Вы ж самі з імі сустракаецеся і гутарыце, а чаму я не магу?" Гэта размова была дзесьці ў канцы кастрычніка 1967 года. Ну а затым былі падзеі ў Чэхаславакіі, быў шматкроць апісаны выклік у ваенкамат.

- А чаму Вас у ваенкамат выклікалі, бо вам было ўжо больш за 30 гадоў?

- Так. Але тады была нервовая абстаноўка ва ўрадзе, ці ледзь ні ЧП, і ўсіх ваеннаабавязаных выклікалі. Не ведаю, з якой менавіта мэтай, але ж некаторых зноў прызывалі, на вучэнні ці што. Памятаю, што ў той час у нас у інтэрнаце падрыхтавалі радыёапавяшчэнне на выпадак нейкай трывогі. І вось выклікалі ў ваенкамат - многіх, не толькі мяне. Прычыны выкліку тлумачыць мне не сталі, то бок, я проста не даў ім магчымасці растлумачыць. Таму што я адразу пракруціў ў галаве, з якой мэтай мяне выклікаюць, а я вельмі ўважліва тады сачыў за падзеямі ў Чэхаславакіі. Прыйшоў у ваенкамат: «Выклікалі?» - «Выклікалі, ваенны білет паказвай». І я ім адразу заявіў, што, маўляў, калі хочаце мяне паслаць у Чэхаславакію, то так і ведайце, павярну зброю супраць вас; я, кажу, катэгарычна супраць ўварвання ў сяброўскую краіну і выступлю на баку яе народу. Там на мяне з мацюкамі, кулакамі перад носам замахалі, але ніхто мяне не крануў.

- І Вас тады не арыштавалі?

- Не. Як я падазраю, яны тады хацелі ў псіхушку мяне адправіць. Таму што тут жа сказалі, маўляў, ідзі, неабходна прайсці камісію ў суседнім кабінеце. Там мужык сядзеў, які пачаў выпытваць пра здароўе. Усё нармальна, кажу. Ён сказаў, што дае мне накіраванне, гэта для ваенкамата неабходна, Кірылаўка ці як называлася іх цэнтральная псіхлячэбніца. А навошта мне, пытаюся. Кажа, не паедзеце - не дапусцяць да працы. Я паехаў. Там псіхіятр пытаецца: «А ўсё ж такі, якая прычына была, што вас сюды накіравалі?» Я яму распавёў гісторыю пра ваенкамат, што выказаў сваю нязгоду з падзеямі ў Чэхаславакіі. Ён пакруціўся, кажа: «Я адзін не магу вырашаць, патрэбны кансіліум». Карацей, я папрасіў зрабіць пазнаку пра тое, што я быў ​​у яго, і вярнуўся на працу. Гэтым справа тады і скончылася.

А затым цягам месяца я напісаў ліст, звяртаючыся да грамадзянаў Чэхаславакіі, дзе выказваў сваю поўную нязгоду з акупацыяй і казаў, што не падумайце, што ўвесь савецкі народ гэта падтрымлівае, у нас многія не згодныя з гэтымі дзеяннямі, проста нам не даюць слова сказаць. І шукаў магчымасць, як бы гэты ліст пераправіць на Захад. Хадзіў некалькі дзён па горадзе, сачыў за турыстамі, усё ж Кіеў - гэта не Масква, там абмежаваныя магчымасці. І, у рэшце рэшт, вырашыў прама ў генконсульства аднесці. Я тады пайшоў у краму, купіў Крымінальны кодэкс, паглядзеў - так, артыкул 70-ы - да сямі гадоў [артыкул 70 «Антысавецкая агітацыя і прапаганда» караў за распаўсюд інфармацыі. - рэд.]. Думаў-думаў - ды пляваць, што я буду сваё сумленне артыкуламі вымяраць! Пайшоў у консульства, да мяне выйшаў намеснік, ён гаварыў па-руску, але з акцэнтам - добра, значыць «свой» . Я аддаў яму свой ​​сшытак, паказаў, што на апошняй старонцы пазначаны мае звесткі, пашпарт свой ​​паказаў, каб запэўніць, што я ніякі не правакатар. Ён мне паціснуў руку: «Дзякую за спачуванне нашаму народу!» І мы рассталіся. Такая вось гісторыя.

- Ці мела нейкія наступствы гэтая гісторыя?

- Адразу ніякіх наступстваў не было. Я нічога не хаваў, распавядаў пра гэта на працы. Я быў абсалютна адкрытым. І, мяркую, менавіта мая адкрытасць выратавала мяне ад таго ранняга арышту.

Асноўныя непрыемнасці пачаліся, калі вясной 1969-га года я стаў агітаваць за байкот выбараў [выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 16 сакавіка 1969г. - рэд.]. Гэта ж якія могуць быць выбары, калі няма з чаго выбіраць пры аднапартыйнай сістэме, потым гэтая імперская палітыка, пастаянная хлусня ў газетах... Выклікалі ў КДБ, пачалі пагражаць. Затым мяне і ўсіх, хто адмовіўся ісці на выбары, выклікалі ў Кіеўскі гаркам партыі. Мяне проста запалохвалі, а хлопцаўпераконвалі, што яны паддаліся благому ўплывуКукабакі, і выпытвалі пра мяне, як я агітаваў, гэта значыць спрабавалі іх зрабіць "стукачамі". Але ніхто з іх на гэта не пайшоў. І тут пачаўся ціск на мяне: у мой пакой у інтэрнаце забаранялі ўваходзіць староннім, такі "каранцін" абвясцілі, затым пачаліся на працы ўсялякія непрыемнасці, уразалі заробак. А потым выдалі загад пра маё высяленне за п'янства. Але я ніколі не быў п'яніцам, і многія маглі гэта пацвердзіць. І я падаў на іх у суд. Тут у мяне хапіла розуму - стаў у інтэрнаце збіраць сведак у сваю абарону сярод камуністаў і камсамольцаў. І ў большасці дзяўчат (усміхаецца). І быў такі момант цікавы. Я працаваў электраманцёрам на заводзе і прыйшоў да старэйшага электрыка - ён партыец. "Лёня, як ты думаеш, я п'яніца ці не?" Ён адмахнуўся: "Глупства кажаш!" Пытаюся: "Калі я не п'яніца, выступіш ў судзе сведкам абароны?" "Але ж ты вораг народу, антысаветчык!" - кажа ён. Кажу: "Так і скажаш на судзе, што Кукабака - вораг народу, антысаветчык, але ён не п'яніца! Усё, што ад цябе патрабуецца, бо мяне ж за п'янку спрабуюць выселіць". Ён засмяяўся і падпісаўся. Такім вось чынам я сабраў сведчанні, і калі ўсё гэта прадставіў у суд, яны гэтую справу замялі...

Але абстаноўку вакол мяне стварылі такую ​, што я быў ​​вымушаны звольніцца і з'ехаць з Кіева. З'ехаў ваУладзімірскую вобласць, пад Масквой, уладкаваўся на завод. Паводзіў сябе там таксама. А ў той час я напісаў свой "Адкрыты ліст англійскай пісьменніку Айвару Мантэгю" [у артыкуле М.К. выступіў у абарону рускага пісьменніка Анатоля Кузняцова, аўтара кнігі "Бабін Яр" - рэд.] і стаў у Маскве шукаць спосабуперадаць яго на Захад. Гэта ў 69- м годзе было. І тут вось у мяне здарыўся пракол. Адкуль мне было ведаць, што шафёры пасольскіх машын насамрэч супрацоўнікі гэбэ. Натуральна, усё тут жа было дакладзена, і па прыездзе ў Аляксандраў на наступны дзень мяне арыштавалі. Сярод працоўнага дня позвай выклікалі да гарадскога пракурора. Як памятаю, пракурор пытаўся ў мяне: "Чаму вы ўвесь час выступаеце супраць савецкай улады?" Кажу: "Я, таварыш пракурор, супраць савецкай улады ніколі не выступаю. Я рабочы чалавек, савецкую ўладу я лічу праўдзіва народнай, законнай уладай... " Павісла паўза. Кажу: "Вы чакаеце працягу?"  Адказвае: "Так". Я працягнуў: "Савецкая ўлада - гэта ад слова"совет"[бел. – “парада”- рэд.]. Дык вось, за трыццаць з лішнім гадоў свайго жыцця я прыйшоў да высновы, што ніколі з намі ніхто не раіўся і не раіцца. І таму ў нас савецкай улады не існуе. За яе толькі яшчэ трэба змагацца... "Тут мяне ззаду па плячы папляскалі, я паварочваюся - мне апранаюць кайданкі. І проста з кабінета пракурора павезлі ў аляксандраўскую турму, дзе я сядзеў пад следствам. Спачатку мяне абвінавачвалі ў складзе злачынства паводле 70-га артыкула, а затым перакваліфікавалі на 190- прым. [арт. 190-1 "Распаўсюд заведама ілжывых выдумак, якія ганяць савецкі дзяржаўны і грамадскі лад" - рэд .]

Так пачалася мая турэмна-лагерная эпапея...

Хроніка пераследу, запісаная М.Кукабакам. З архіву маскоўскага таварыства "Мемарыял".

- А калі ў Вас усё ж антысавецкія погляды з'явіліся?

- Ведаеце, я прыйшоў да гэтага паступова. Не ведаю, як сказаць. Можа быць, склад розуму ў мяне такі - аналітычны. Наогул, усё гэта ў хрушчоўскі перыяд у мяне пачалося, ужо пасля войска. Я шмат чытаў, з газет выпісваў "Известия" и "Комсомольскую правду". І часопісы абавязкова выпісваў, абавязкова адзін з чатырох - "Вокруг света", "Знание - сила", "Наука и жизнь" и "Техника молодежи". Чытаў таксама судовыя прамовы розных рускіх юрыстаў, артыкулы спецрэпарцёраў пра замежжа, якія пачалі да нас прасочвацца. Нешта прыкмячаў - спрабаваў знайсці адказы. Сумневы вельмі паступова нарасталі...

 - Гэта значыць, не было канкрэтных людзей, якія аказалі б на Вас уплыў?

- Я вось што ўспомніў. Быў такі Шаўчэнка - куратар КДБ у Смаленскай вобласці па "Сычоўцы" [Смаленская псіхіятрычная бальніца са строгім назіраннем у г. Сычоўка, дзе М.К. знаходзіўся на прымусовым лячэнні паводле вызначэння Уладзімірскага абласнога суда ад 04.12.70г. з дыягназам "шызафрэнія" - рэд .]. Я з ім ніколі не сустракаўся, але мне пераказалі яго словы: "Кукабака для нас - незразумелы выпадак. Чалавек, які за сваё жыццё ніколі не сустракаўся ні з якімі антысаветчыкамі. Наколькі мы ведаем, ніколі не чытаў ніякай антысавецкай непадцэнзурнай літаратуры. І як так - змог самастойна прыйсці да ідэі антысаветызму!"

Гэта значыць, усё гэта паступова нарастала пад уплывам прачытанага і ўласных назіранняў, тут і дапытлівасць, цікаўнасць. Спрабуючы аналізаваць, я вось яшчэ які момант адзначыў бы. Бо мы ж у дзіцячым доме былі бы ў нейкім акварыуме. Там ты ізаляваны, табе пастаянна дзяўбуць адно і тое ж, замбуюць. А потым ты раптам выходзіш ў адкрыты свет - і атрымліваецца рэзкі дысананс. Табе паўтаралі аб адным, а тут усё зусім іншае - іншыя парадкі, іншыя норавы. І гэта таксама з'яўляецца стымулам для разумовай працы. Да таго ж, я шмат чаго ў жыцці пабачыў, паколькі змаладых гадоў шмат давялося паездзіць...

- Вы сталі апошнім палітычным вязнем у пермскіх лагерах. Як такое здарылася? І што такое «палітычная» зона?

- Гэта лагер, лічылася, для асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў, да якіх залічваліся асуджаныя па двух артыкулах - 70-м за "антысаветчыну" і 64-м за "шпіянаж". І асуджаныя афіцыйна знаходзіліся пад кантролем КДБ. Калі ў звычайных крымінальных зонах, дзе я сядзеў па 190-1, нефармальна быў куратар, то тут у яго быў свой ​​кабінет у зоне і за кожным гэбістам было замацавана некалькі вязняў. На такой зоне былі толькі два артыкулы - 70-ы і 64-ы. Першы час такая зона была ў Мардовіі, а потым дадаткова ў Пермскай вобласці зрабілі тры зоны - 35-ю, 36-ю і 37-ю. З іх самай жорсткай лічылася 36-я, крыху мякчэй - 35-я і затым 37-я [з гэтых лагерных зонаў - Перм-35 , 36 і 37 - апошнія палітвязні выйшлі толькі пры Гарбачове - рэд.]. Для цвёрдых адмоўнікаў выбіралі, адпаведна, рэжым больш жорсткі. Я сядзеў у 36-ай.

Калі Гарбачоў абвясціў кампанію па ліквідацыі палітзняволеных, нас усіх, не адначасна, па частках, сталі развозіць цягнікамі, самалётамі па месцах ўзбуджэння справы. Скажам, мяне на самалёце з Пермі (куды прывезлі звычайным цягніком, пад канвоем) адправілі ў Беларусіюў віцебскую турму. А там ужо нас пачалі апрацоўваць, каб мы пісалі прашэнні ў пракуратуру. Тых, хто ў зоне напісаў, вызвалялі. Потым тых, хто адмовіўся ісці на ўсялякія здзелкі, ужо ў гэты лагер не вярталі. Адпраўлялі ў Мардовію, а ў лагеры распускалі чуткі, што вось, маўляў, ён падпісаў заяву і ўжо на волі. Гэта былі такія танныя хітрыкі, каб іншых заахвоціць да напісання прашэнняў. І таму я яшчэ год прасядзеў у Мардовіі. А потым, калі Мардоўскі лагер ліквідавалі, 15 студзеня 1988 года, нас усіх пагрузілі ў цягнік і адправілі ў 35-ю зону, у апошні лагер (36-я і 37-я ўжо былі зачыненыя), дзе мы ўжо даседжвалі. Вядома, на нас пастаянна ціснулі - давай пішы [прашэнне пра памілаванне - рэд .]. І так паступова людзі вызваляліся, і я застаўся адзін - у сэнсе, не адзін у лагеры, а засталіся так званыя здраднікі радзімы і я з імі. Яны спадзяваліся, што сапраўды пачнецца вызваленне, калі Кукабака з'едзе (смяецца). І калі я адмовіўся пісаць прашэнне, то маёр Лукашоў сказаў мне: "Кукабака, мы нераззброеных на волю не адпускаем. Значыць, ты ў 90-м годзе на волю не выйдзеш". То бок, паводлепрысуду ў мяне тэрмін сканчаўся ў 1990-м годзе. А гэта азначала ўжо чарговыя 10 гадоў, што прадугледжваў другі суд па 70-м артыкуле, плюс асаблівы рэжым - "паласаты". А калі б чалавек і пасля гэтага адмовіўся ад супрацоўніцтва, можна было б яшчэ 10 гадоў атрымаць. І гэта была б кропка, бо невядома, ці змог бы я выжыць у тых умовах.

- А як Вас вызвалілі?

- Я, памятаю, атрымаў заданне залезці на дах счысціць снег. Узяў рыдлёўку, палез. Потым дзяжурны памочнік начальніка калоніі падыходзіць і кажа, маўляў, Кукабака, злазь. Пайшлі, пойдзеш на этап. Што, думаю, зноў мяне кудысьці пераводзяць. Збіраю рэчы - ён мяне прыспешвае,маўляў, яно табе не трэба, здымай ватоўку. І дае мне новую. Кажу, не хачу новую. Не, не паложана, кажа. Ні намёку не было ні на што. І калі павялі мяне ў штаб падпісваць дакументы, толькі там я даведаўся, што мяне вызваляюць. Далі мне дакументы, грошы (каля тысячы рублёў у мяне назапасілася) і выпіхнулі за вароты - усё, ідзі. Там да станцыі яшчэ дабірацца трэба было, а ўжо цямнела, мароз... Я злы такі быў. Па-першае, калі я прачытаў - быў абураны да глыбіні душы: было напісана "памілаванне". Як гэта магчыма - прымусова мілаваць, ды не прасіў я вас ні пра якую ласку! Я настолкі сябе адчуваў абражаным...

У такім раздражнёным стане я сяк-так дабраўся да вакзала, набыў квіток да Масквы і чакаў цягніка. Дзесьці ў дванаццаць ці гадзіну ночы быў цягнік. Было гэта другое снежня.

Свой дзень народзінаў я сустракаў у цягніку...

 З архіўнага інтэрв'ю з Міхасём Кукабакам, запісанагаў Маскве ў 2013 годзе.

Хроніка пераследу, запісаная М. Кукабакам. З архіву маскоўскага таварыства "Мемарыял".
Міхась Кукабака на адкрыцці музея "Перм-36" у 1996 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства