Наста Лойка: Праваабаронца – шчыт паміж чалавекам і ўладай

2013 2013-12-02T08:33:03+0300 2013-12-02T08:33:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/05-08-akcyja3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наста Лойка  раздае паштоўкі, фота "Нашай нівы"

Наста Лойка раздае паштоўкі, фота "Нашай нівы"

Прафэсія праваабаронцы – не для для слабакоў, упэўніваемся мы пасьля гутаркі з Настай Лойкай, супрацоўніцай Праваабрончага цэнтра “Вясна”. Пра ўзаемадачыненьні праваабаронцаў і палітвязьняў, пра тое, чым “дыхаюць” праваабаронцы і чым яны адрозьніваюцца ад палітыкаў – чытайце ў новым матэрыяле сайта palitviazni.info.

Паступіўшы ў юрыдычны каледж, пятнаццацігадовая Наста Лойка яшчэ не да канца ўсьведамляла, што ўяўляе сабой юрыдычная дзейнасьць у Беларусі, і якія могуць быць наступствы ад гэтага занятка. Дзяўчына наіўна лічыла, што калі ідэальна падрыхтаваць дакумэнты, можна зарэгістраваць нават “Малады Фронт”. Першапачаткова правальны плян рэгістрацыі МФ прынёс моцнае расчараваньне і жаданьне зьмяніць сфэру дзейнасьці, што ледзь не пазбавіла нас асобы, якую журналісты любяць называць “маладой праваабаронцай Настай Лойкай”.

Пераасэнсаваўшы многае, Наста вырашыла накіраваць свае веды на дапамогу людзям і пачала цікавіцца тэмай правоў чалавека, а ў 2010 годзе апынулася ў Праваабарончым цэнтры “Вясьна”, дзе стала займацца тэмай палітвязьняў на прафэсійным узроўні.

palitviazni.info: Наста, ты неяк казала, што палітвязьні – твой асабісты боль. Чаму? І ці ня лічыш ты, што праваабронцы падобныя да мазахістаў, бо перажываюць за палітвязьняў цягам усяго працоўнага дня? Ці абарона актывістаў, наведваньне судовых пасяджэньняў ужо ператварыліся ў звычку, мэханічны працэс, якія не патрабуюць эмоцыяў?

Наста Лойка: Усе супрацоўнікі “Вясны” так ці інакш зьвязаныя з палітзьняволенымі. Мае старэйшыя калегі займаюцца аналітычнай працай, журналісты зьбіраюць інфармацыю, і так атрымалася, што з роднымі палітвязьняў камунікую я. Так, гэта цяжка, праблема, але трэба ўмець пераключацца і асэнсоўваць сытуацыю больш грунтоўна, каб ня думаць, што ўсё кепска і безвыходна. Асабіста мне дапамагае рэлігія, гэта вельмі ўзмацняе, зьяўляецца разуменьне, што чалавек проста так не пакутуе, што ў рэшце рэшт усім за ўсё ваздасца.

Сёньня мы ня можам прынцыпова паўплываць на тое, каб людзей не саджалі за краты, мы ня можам зрабіць так, каб вязьні датэрмінова выйшлі на волю. Гэта часам вельмі абцяжарвае, узьнікае адчуваньне бессэнсоўнасьці, але мы спрабуем рабіць хоць што-небудзь, каб на вязьняў не забываліся і іх родных падтрымлівалі.

З аднаго боку, несправядлівасьць матывуе да працы, дзейнасьці, актывізуе, але зь іншага боку, бываюць бязьмежныя перажываньні, моцнае псыхалягічнае напружаньне, але тым ня менш, тэма палітвязьняў мне настолькі важная, што я гатовая атрымліваць псыхалягічныя траўмы, ахвяраваць нэрвамі.

palitviazni.info: А калі б ты ня была знаёмая зь беларускай апазыцыйнай “тусоўкай”, ці было б табе ў эмацыйным пляне лягчэй працаваць?

Наста Лойка: Ня ведаю, цяжэй ці лягчэй, але шмат людзей праз нас праходзіць. Знаёмы ты з чалавекам ці не, у працэсе можна шмат пра яго даведацца, пазнаёміцца зь яго роднымі і вельмі да іх пранікнуцца. Але, на вялікі жаль, шмат знаёмых…

Я ўзгадваю падзеі 2006-га году. Сапраўды, затрыманьні блізкіх людзей былі вялікай праблемай, бо я тады прафэсійна праваабарончай дзейнасьцю не займалася, і адпаведна менш ведала. А ў 2010-м годзе ў мяне да сябе было нейкае жахлівае стаўленьне, бо мы ў нейкім пляне распрацавалі мэханізм псыхалягічнай абароны.

Завал на працы, бесперапынна гудуць тэлефоны, ты гартаеш сьпісы затрыманых, бачыш імёны знаёмых і сяброў, усьведамляеш, што ідуць суды, але ты ня можаш вырвацца, каб перадаць перадачкі, падтрымаць. Так, быў пэўны дыскамфорт, а зь іншага боку я разумела, што ёсьць людзі, якіх затрымалі першы раз. І звычайна, я больш перажываю за іх, бо тыя, хто ўпершыню сутыкаецца з затрыманьнем, адсідкай, яны не падрыхтаваныя і значна цяжэй пераносяць няволю.

Так ці інакш я вымушана працаваць зь людзьмі, якіх часта затрымліваюць. Нехта зь іх больш сымпатычны, нехта менш. Усім спрабуеш дапамагаць па меры магчымасьці, не зьвяртаючы ўвагі на асабістыя стаўленьні і іншыя рэчы.

palitviazni.info: Ці розьняцца дзеяньні палітыкаў і праваабронцаў у справе абароны палітвязьняў? Чым адрозьніваюцца праваабронцы ад палітыкаў?

Наста Лойка: Палітыкі ў Беларусі часта ўздымаюць праблематыку, якая зьвязаная з правамі чалавека. Яны зазначаюць, што ўлады ўшчамляюць правы чалавека, гэта рыторыка падобная да праваабарончай. Бываюць падобнымі і нагоды, калі палітыкі як і праваабронцы праводзяць масавыя мерапрыемствы і ўжываюць лёзунгі, зьвязаныя з правамі чалавека, выказваюць пэўныя патрабаваньні ў гэтай галіне. Але, зразумела, мэты палітыкаў і правабаронцаў розныя. Звычайна, палітыкі хочуць прыцягнуць больш людзей да сябе, а праваабаронцы ‑ зьвярнуць увагу на праблему. Часта людзі такіх акалічнасьцяў не разумеюць, таму блытаюць палітыкаў з праваабаронцамі.

Пераважная большасьць “кліентаў” праваабарончага цэнтру “Вясна”– гэта палітычныя актывісты. Самае дзіўнае, што нават іх, актывістаў, вельмі цяжка пераканаць, што мы, праваабаронцы, зь імі не аднаго поля ягады, што мы займаемся рознымі рэчамі.

Асаблівасьць Беларусі ‑ калі ўсе ўсім займаюцца, а менавіта калі палітыкі займаюцца праваабарончай дзейнасьцю (некаторыя сапраўды прэтэндуюць на гэта). Але гэта ня значыць, што праваабаронцы займаюцца палітыкай. Асабіста мяне крыўдзяць выказваньні кшталту ‑ праваабаронца Алесь Бяляцкі можа стаць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. Я лічу, гэта іншая сфэра, іншы выбар.

Праваабаронца не павінен займацца палітыкай, бо ў палітыкаў асноўная мэта – стаць новай уладай, а ўлада, якой бы дэмакратычнай яна ня была, парушае правы чалавека. Функцыя праваабаронцаў павінна быць нязьменнай пры любой уладзе.

palitviazni.info

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international