viasna on patreon

“Беллітфонд” – чарговая ахвяра рэжыму або ўладальнік запатрабаванай маёмасьці?

2007 2007-05-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 траўня кіраўніцтва грамадскага аб’яднаньня “Беларускі літаратурны фонд” атрымала афіцыйны ліст зь Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь. На гэты раз не проста дзяжурную цыдулку, а пазоў у вышэйшы суд краіны на судовае разьбіральніцтва грамадзянскай справы па зыску Міністэрства юстыцыі Беларусі аб ліквідацыі “Беллітфонда”. Разьбіральніцтва па іроніі лёсу прызначана на сусветны дзень свабоды прэсы, 3 красавіка,  на 14-30.

Лаканічны зьмест ліста ўстрывожыў і ўсхвалявяў многіх літфондаўцаў, ды і проста літаратараў: за што? І чаму такім спехам? Унікальнай сітуацыяй, нават у беларускім правасуддзі, назваў такі нерэальна кароткі тэрмін старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч. І сапраўды, як можна падрыхтавацца належным чынам да разгляду судавай справы за дзень, дамовіцца з адвакатамі, калі толькі зыскавая заява складзеная на шасьці старонках?

Між тым просты аналіз падзей апошняга часу сведчыць пра тое, што адбываецца мэтанакіраваны працэс татальнага зьнішчэньня свабоднай творчай думкі на Беларусі, раз’яднаньня творчых саюзаў, ліквідацыя іх матэрыяльнай базы. Перш чым паспрабаваць адказаць на пытаньне “каму гэта выгадна?” вернемся да зыскавай заявы Мінюста.

Як стала вядома ПЦ “Вясна”, усе прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі зводзяцца да шасьці асноўных пунктаў, сярод якіх палова – неістотныя, або, як кажуць, “прыцягнутыя за вушы” падставы, якія і фактамі парушэньня цяжка назваць. Так, Мінюст яшчэ ў 2003 годзе накіраваў Літфонду” ліст з прапановай унесьці эмблему сваёй арганізацыі ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр. Аднак зацьверджанай аж у 1999 годзе эмблемай грамадскае аб’яднаньне на дату атрыманьня ліста не карысталася ўвогуле. Прычым, згодна з існуючым заканадаўствам, эмблема – гэта неабавязковы атрыбут арганізацыі. Аднак Мінюст, хаця і са спазненьнем на тры гады(!), адрэагаваў 20.01. 2006 года пісьмовым папярэджаньнем. Меней чым праз месяц Беллітфонд атрымаў яшчэ адно папярэджаньне. На гэты раз за тое, што на адным са сходаў пры галасаваньні па павестцы дня былі ўлічаны галасы сяброў арганізацыі, якія не змаглі трапіць на сход, але сваімі даверанасьцямі ўпаўнаважылі некаторых членаў “Беллітфонду” галасаваць ад іх імя.

Далей у зыскавай заяве пачынаецца сапраўднае віртуознае кручкатворства. Мяркуйце самі. Ужо сёлета, 24 красавіка, у Мінюст паступае заява “ад значнай колькасьці асобаў” (бачыце, сёньня ёсць і такая партыя!), у якой сцвярджаецца, што на зьезд, які адбываўся 9 снежня 2005 года не запрасілі больш за сто сяброў аб’яднаньня. Чаму так тэрмінова ўзгадалася залеташняя крыўда? Ды вельмі проста. Свой зыск у Вярхоўны суд Мінюст падпісаў менавіта 24 красавіка, але, верагодна, зыску бракавала салідных “заяў”, вось і прыбеглі да аўральнага збору подпісаў. Неабходна яшчэ нагадаць, што 20 снежня быў створаны новы пісьменьніцкі саюз і на той час (9 снежня) ну аніяк не магло кіраўніцтва “Беллітфонду” ведаць, хто з літаратараў перасядзе праз дзесяць дзён у “бронецягнік” Чаргінца, каб наўмысна іх не запрасіць. Урэшце рэшт дастаткова параўнаць сьпісы ўдзельнікаў з’езду і тае сотні, што маецца ў Мінюсце, каб пераканацца ў тым, што нехта хібіць душой. Таму “палітычны матыў” тут цалкам адсутнічае. Акрамя таго інфармацыя аб правядзеньні зьезду была даступная і размешчалася ў сродках масавай інфармацыі.

Яшчэ адзін з пунктаў Мінюстаўскага зыску многае растаўляе на свае месцы: кручкатворам не хапае часу для абгрунтаваньня прававых прэтэнзій і спехам, кб загнаць у кут кіраўніцтва “БЛФ,” яны самі робяць памылкі. 23 красавіка ў 12-30 “Беллітфонд” па факсу атрымлівае ліст №06-12/639 Мінюста аб прадстаўленьні спісаў сяброў фонду з датамі іх уступленьня ў гэтую грамадскую арганізацыю. Звесткі павінны быць перададзены да 16-00. Аднак каб скласьці такі спіс неабходны час для перагляду больш за 500 асабовых спраў сяброў "БЛФ".  Пра гэта і паведамілі ў адказ Міністэрству юстыцыі. Цікава, што на міністэрскім бланку, атрыманым па факсу 23.04 стаіць дата 24 красавіка. Вось такая нестыкоўка.

Нарэшце дабіраемся да самага галоўнага, да “здзяйсьненьня арганізацыяй новых грубых парушэньняў заканадаўства”, якія тычацца ўтрыманьня санаторыя-прафілакторыя пісьменьнікаў “Іслач”, валтузьня вакол якога цягнецца не першы год. Ці не тут хаваецца сабака? “БЛФ” абвінавачваюць у тым, што карпусы знаходзяцца ў аварыйным стане, частка абсталяваньня дэманціравана, на тэрыторыі маюцца звалкі металалому, будаўнічага і бытавога сьмецьця. Гэтыя парушэньні устаноўлены Камісіяй Валожынскага райвыканкама 10 красавіка гэтага года. Але, як паведамілі ў “Беллітфондзе”, нядаўна адбылася сустрэча са старшынёй Валожынскага райвыканкаму, на якой абмеркавана праграма па выпраўленьні, наколькі гэта магчыма, сітуацыі. На тэрыторыі санаторыя-прафілакторыя праведзены суботнік, частка сьмецьця і друзу вывезена. Але ж тэба ўлічыць, што “Іслач” на дадзены момант згодна з рашэньнем Вышэйшага гаспадарчага суда знаходзіцца пад судовым арыштам, таму пра належнае функцыянаваньне санаторыя гаворка не можа весьціся ўвогуле. Спасылаецца Мінюст і на акт санітарнага абследаваньня тэрыторыі санаторыя-прафілакторыя Мінскім абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага задароўя, які падпісаны таксама ў красавіку. Пры тым, што “Іслач” - асобная гаспадарча-разліковая адзінка і частка заўваг датычыць непасрэдна яе кампетэнцыі. Нагадаем, што астаткавы кошт санаторнага комплексу складае прыблізна мільён еўра і пакупнікоў на гэтую маёмасьць больш чым дастаткова. Але, пэўна існуе магчымасьць набыць гэты “салодкі кавалачак” значна таньней. Для гэтага, як бачна, трэба закрыць судовым рашэньнем грамадскае аб’яднаньне “БЛФ” і стварыць ліквідацыйную камісію. Аб чым, дарэчы, і просіць Мінюст Вярхоўны суд Беларусі.

Такім чынам, усьлед за адабраньнем у Саюза беларускіх пісьменьнікаў памяшканьняў, судовыя інстанцыі ўзяліся за апошні легальны бастыен беларускага свабоднага слова і культуры, за “Беллітфонд”. Прынамсі, юрыдычныя падставы для ліквідацыі грамадскага аб'яднаньня маюцца: тры пісьмовыя папярэджаньні напрацягу года.

Вельмі цяжка будзе выстаяць творчаму аб’яднаньню супраць судовай машыны, якая за апошні час, як кажуць “з’ела зубы” на ліквідацыі грамадскіх аб’яднаньняў. Аднак, зыходзячы са змешчаных у зыскавай заяве парушэньняў бачна, што рыхтавалася яна ў Мінюсце паспешліва, таму і ўтрымлівае шмат супярэчных момантаў, якімі і неабходна зараз скарыстацца кіраўніцтву "Беллітфонду".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства