Жонка Бяляцкага заклікала заходнія краіны адмовіцца ад «рэалпалітыкі»

2013 2013-11-28T10:08:30+0300 2013-11-28T11:27:32+0300 be

Больш даведацца пра сітуацыю з правамі чалавека вырашылі літоўскія парламентарыі за дзень да віленскага саміту Усходняга партнёрства. І запрасілі на адмысловыя слуханні ў Сейм сваякоў палітзняволеных, а таксама праваабаронцаў, грамадскіх дзеячаў ды лідараў апазіцыі.

«Тое, з чым вы сутыкаецеся ў Беларусі ў сваім штодзённым жыцці, — гэта не проста парушэнне правоў чалавека і парушэнне асноваў дэмакратыі. Гэтыя парушэнні правоў чалавека хаваюць за сабой сапраўдныя чалавечыя трагедыі. І пра гэтыя трагедыі мы павінны казаць, у фармаце Еўропы мы павінны сведчыць пра гэта. Нашы слуханні арганізаваныя для таго, каб вы маглі пра гэта распавесці», — тлумачыць мэту «Слуханняў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі» былы прэм’ер-міністр Літвы, лідар парламенцкай апазіцыі Андрус Кубілюс.

Пра тое, што Алеся Бяляцкага ў калоніі пазбаўляюць законных доўгатэрміновых сустрэч і харчовых перадач, расказала жонка асуджанага праваабаронцы Наталля Пінчук.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец — пра тое, што колькасць палітвязняў у беларускіх турмах не змяняецца гадамі. Вось і зараз калі цягам апошніх трох месяцаў на свабоду выйшлі тры — Дашкевіч, Францкевіч і сам Севярынец, то іх месца адразу занялі іншыя «ахвяры рэжыму» — Уладзімір Яроменак, Васіль Парфянкоў і ксёндз Лазар.

Пра тое, што яны да гэтага часу дакладна не ведаюць, што здарылася са зніклым аператар Змітром Завадскім і ці сапраўдных забойцаў пакаралі, расказала яго маці Вольга Завадская.

«У нас гатовыя дакументы для таго, каб звярнуцца ў Гаагскі суд. Але прыклад — справа Красоўскага. Жонка яго туды звярталася, але ніякага адказу з суда так і не атрымала. Атрымліваецца, што і сэнсу вялікага звяртацца няма: ніякіх дакументаў адпаведных Беларусь не ратыфікавала, і ніякага ціску на ўлады не можа з гэтай нагоды…»

Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч расказала пра здзекі, якія трывае ў турме палітык, асуджаны пасля выбараў 2010 года.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна — пра складанасці працы незалежных СМІ і журналістаў, Таццяна Равяка — працы праваабаронцаў, Юрый Чавусаў — грамадскіх арганізацый.

«Чым мы можам вам дапамагчы?» — запытаўся уражаны Андрус Кубілюс.

Першым зрэагаваў сустрашыня БХД Павел Севярынец. Толькі пагроза нашкодзіць любімай «цаццы» Лукашэнкі можа прымусіць улады вызваліць палітвязняў, лічыць сустаршыня БХД.

«Для Лукашэнкі больш значным за саміт (Усходняга партнёрств) з’яўляецца чэмпіянат свету па хакеі, які будуць праводзіць з 9 па 25 мая наступнага года.

І ён хоча паказаць, што сённяшняя Беларусь — гэта еўрапейская краіна, ён хоча зарэтушаваць свой імідж апошняга дыктатара Еўропы. Думаю, што за тыя месяцы, якія засталіся да чэмпіянату, еўрапейскія палітыкі могуць задзейнічаць усе рычагі ўплыву і проста сказаць Лукашэнку: «Хочаш, каб чэмпіянат свету па хакеі праходзіў без эксцэсаў, хочаш сваю цацку – вызваляй палітвязняў!» Пры любой магчымасці неабходна на гэтым настойваць».

Наталля Пінчук патрабуе, каб еўрапейцы адмовіліся ад сваёй «рэалпалітыкі».

«Такім чынам Еўрасаюз дае зразумець, што ён падтрымлівае рэжым у Беларусі — па-іншаму гэта трактаваць проста немагчыма!»

А Марына Адамовіч — каб заходнія палітыкі ні ў якім разе не адмаўляліся ад санкцый супраць беларускіх уладаў.

«Мы тут абмяркоўвалі магчымасць таго, каб стварыць нацыянальны спіс тых прозвішчаў ці тых кампаніяў, якія альбо наўпрост бяруць удзел у рэпрэсіях, альбо падтрымліваюць рэжым у якасці эканамічных суб’ектаў і атрымліваюць ад гэтай падтрымкі выгаду», — дзеліцца планамі сваіх паплечнікаў у Сойме Андрус Кубілюс.

Рашэнне, як прымусіць беларускія ўлады выконваць свае міжнародныя абавязанні (напрыклад, рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН), нечакана знаходзіць лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Заадно прыгадвае, што ні адно з 30 такіх рашэнняў наша дзяржава так і не выканала.

«У Беларусі сёння здзяйсняюцца з ведама улады і пры яе бяздзеянні злачынствы супраць чалавечнасці. І дэмакратычныя сілы сёння павінныя ініцыяваць стварэнне міжнароднага трыбуналу па Рэспубліцы Беларусь — па невыкананні ёй Канвенцыі па катаваннях і бесчалавечных адносінах да дзесяткаў і тысячаў грамадзян сваёй краіны».

Калегу падтрымлівае лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў. І ідзе далей.

«Добра было б стварыць нешта накшталт «Спіса Магніцкага». У які будуць унесеныя усе тыя людзі, якія дзейнічаюць як злачынцы (у «Спіс Магніцкага» трапілі не толькі расійскія чыноўнікі, але і следчыя, суддзі, турэмныя ахоўнікі і г.д., каго палічылі вінаватымі ў смерці Магніцкага). Для гэтага ў нас у краіне ёсць юрысты, ёсць праваабаронцы, якія могуць для гэтага падрыхтаваць юрыдычную базу. І не толькі сітуацыі з палітвязнямі гэта тычыцца, але і выпадкаў з простымі людзьмі».

Дарэчы, слуханні трансляваліся па літоўскім тэлебачанні і праз інтэрнэт. Адпаведныя рэкамендацыі будуць агучаныя перад палітыкамі іншых краін ЕС. А каб пра Беларусь не забываліся падчас саміту Усходняга партнёрства, удзельнікі мерапрыемства падрыхтавалі адмысловы зварот да яго ўдзельнікаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international