viasna on patreon

У Крычаўскім раёне заробак сялянам выплочваюць “натурай”

2013 2013-11-27T23:17:12+0300 2013-11-27T23:17:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzieci-praca.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шэраг гаспадарак Крычаўскага раёна выдалі частку заробка сваім працаўнікам за верасень месяц так званай натураплатай (збожжам, мясам, малаком і нават сенам і саломай). Таксама сельгаспрадпрыемсты гэтага раёна - УКСП “Добрасць”, СВК “Звязда-Агра” і СВК “Маляцічы” - парушылі тэрміны выплаты заробкаў, якія прадугледжаны калектыўнымі дамовамі.

Як паведамляе незалежная крычаўская газета “Вольны горад” (№46 ад 24 лістапада 2013 г.), яшчэ у адной гаспадарцы раёна – ААТ “Крычаўрайаграпромтэхснаб” – заробкі сялянам выдалі грашыма, аднак тэрмін выплаты заробка быў парушаны на адзін дзень у параўнанні з тэрмінам, прадугледжаным калектыўнай дамовай.

Па інфармацыі “Вольнага горада”, разлічвацца з сялянамі ў выглядзе натуральнай аплаты параілі кіраўнікам гаспадарак на адной з нарадаў у Крычаўскім райвыканкаме з удзелам яго старшыні Васілія Сысоева.

Журналіст газеты “Вольны горад” Мікалай Гердзій адзначае, што выплата заробка натураплатай у гаспадарках можа быць толькі тады, калі гэта прадугледжана калектыўнай дамовай адміністрацыі прадпрыемства і прафсаюзнага камітэта, які прадстаўляе інтарэсы простых працаўнікоў. Акрамя гэтага, кожны працаўнік прадпрыемства, які хоча змяніць форму аплаты з грашовай на натураплату, на імя кіраўніка гаспадаркі павінен накіраваць заяву, што ён робіць гэта добраахвотна, а не пад прымусам. Калі такой заявы няма альбо яна падроблена, кажа журналіст, то за гэта кіраўніцтва гаспадарак можна прыцягнуць да адказнасці.

Незразумела таксама, якім чынам сяляне Крычаўскага раёна будуць аплочваць самыя неабхоныя паслугі, лекі, прамысловыя тавары і г. д., атрымліваючы значную частку свайго невялікага заробка “натурай”. Складваецца ўражанне, што Крычаўскі раён ужо вярнуўся назад у 90-я гады мінулага стагоддзя, калі такі від аплаты быў вельмі распаўсюджаны ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах і сяляне не мелі грошай на аплату самых неабходных чалавечых патрэб.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства