viasna on patreon

Працягваецца перасьлед актывісткі Крысьціна Шацікавай

2007 2007-04-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 красавіка да дому ў Магілёве, дзе жыве Крысьціна Шацікава зь дзецьмі, пад’ехала машына з лягатыпам Першага нацыянальнага тэлеканалу. Апэратар у атачэньні некалькіх чалавек у цывільным здымаў вокны кватэры актывісткі.

Зазначым, што ўсё гэта адбывалася ў адсутнасьць дарослых, бо сама Шацікава прымала актыўны ўдзел у "Чарнобыльскім шляху" ў Менску й на момант візыту тэлегрупы ўсё яшчэ знаходзілася ў сталіцы. Дома заставалася толькі непаўналетняя малодшая сястра Крысьціны, якая адмовілася пускаць у пад’езд незнаёмцаў. Зьняўшы агульныя пляны, здымачная група празь нейкі час зьнікла. Але цяпер высьветлілася, што ў той жа дзень здымкі праводзіліся і ў школе № 37, дзе вучацца дзеці Шацікавай: 11-гадовы Мікіта і 9-гадовы Ягор. Паводле дырэктара, здымачная група БТ чамусьці захацела паздымаць менавіта клясы, у якіх вучацца дзеці Крысьціны, асабліва іх цікавіў малодшы Ягор. Да іншых школьнікаў карэспандэнтам не было ніякай справы.

Цяпер актывістка ўважліва сочыць за кожнай праграмай "Панарама" беларускага тэлебачаньня. Нагадаем, Шацікаву напярэдадні Дня Волі выкралі невядомыя ў цэнтры Магілёву ды беспадстаўна змясьцілі ў псыхіятрычную лякарню. Цяпер пракуратура вядзе сьледзтва. У мінулы панядзелак Крысьціна дала свае падрабязныя паказаньні па гэтай справе, а ўжо ў аўторак яе выклікалі ў камісію ў справах непаўналетніх. Міліцыя накіравала туды матэрыялы, зь якіх вынікала, што актывістка нібыта ўхіляецца ад бацькоўскіх абавязкаў. Аднак на паседжаньні камісіі гэтыя абвінавачваньні не пацьвердзіліся. Выглядае на тое, што на Шацікаву цяпер вырашылі націснуць праз тэлевізію. Але ў выпадку зьяўленьня любога сюжэту бязь ейнай згоды, актывістка пагражае скаргай ў пракуратуру ды пазовам у суд, паведаміла Радыё Рацыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства