Размаўляць з уладамі трэба на такой мове, якую яны разумеюць

2013 2013-11-20T15:27:57+0300 2013-11-20T15:27:57+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

24 студзеня 2013 г., Бабруйск

Дзесьці ў канцы чэрвеня 2011 года Рада Еўропы праводзіла выязное паседжаньне дэпутатаў у Осла. Адное з пытаньняў, якое хацелі абмеркаваць дэпутаты, было прысьвечана Беларусі. Адное з пытаньняў, якое хацелі абмеркаваць дэпутаты, было прысьвечана Беларусі. Нарвежскі Хельсінкскі камітэт удзельнічаў у гэтым паседжаньні, па іх прапанове запрашаліся эксьперты. Таму, калі сябры з НХК прапанавалі прыехаць і выступіць, я пагадзіўся. Яшчэ адным эксьпертам па сітуацыі з правамі чалавека ў Расіі быў вядомы расійскі праваабаронца Юры Джыбладзэ.

Я выступіў перад дэпутатамі ў невялікай сьціплай зале. Прысутнічала каля пяцідзесяці дэпутатаў, добрая палова якіх былі з суседніх скандынаўскіх краінаў і Фінляндыі. І гэта было добра. Бо сітуацыя з правамі чалавека ў постсавецкай Беларусі, якую амаль не трэба тлумачыць дэпутатам з былых сацыялістычных краінаў і Прыбалтыкі, патрабавала асаблівай расшыфроўкі для дэпутатаў з Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Фінляндыі. Бо ў іх павага да правоў чалавека зьяўляецца ледзь не нацыянальнай рысаю і багата якія рэчы, якія здараюцца ў нас, яны проста не разумеюць.

З разьліку на іхнюю прысутнасьць я і будаваў свой выступ. Выступаўшы за апошнія паўгода ўжо дзясяткі разоў на розных форумах па тэме бягучай сітуацыі з правамі чалавека, я адшліфаваў свае аргументы і рэкамендацыі да аўтаматызму. Яны не былі ўласна маімі, а зьявіліся ў выніку доўгіх і працяглых абмеркаваньняў з калегамі, беларускімі праваабаронцамі. Усе апошнія месяцы я ўпарта праводзіў адную думку, што размаўляць з уладамі трэба на такой мове, якую яны разумеюць і зь якой лічацца, інакш не дабіцца жадаемага выніку. Для кагосьці гэтая пазіцыя магла падацца занадта жорсткай і бескампраміснай. Насамрэч, яна была ўзважанаю і адпаведнаю той сітуацыі, якая ўтварылася. А вынік усе мы чакалі адзін — вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных.

На сустрэчы была і спадарыня Луіза Бэк, нямецкая дэпутатка, зь якой у нас была не надта прыемная размова ў красавіку ў Страсбургу.

Я выступіў. Прадстаўленая мною карціна была яснаю. Пасьля выступу запанавала цішыня. Гэта быў адзін з мах самых бясспрэчных і доказных выступаў. Крыху пазьней выказаліся дэпутаты. Усе каментары польскіх, літоўскіх, нямецкіх дэпутатаў гучалі ва ўнісон з маім выступам. Даволі добра выступіла і Луіза Бэк. Урэшце яна пагадзілася і падтрымала мой пункт погляду.

Праца парламентарыяў была запланаваная да 15 гадзінаў. У 16 дэпутатам прапаноўвалася прагулка на экскурсійным карабліку. На яе былі запрошаныя і мы, эксьперты. Я прыйшоў на ўзьбярэжную Осла хвілінаў на 20 раней. Было пахмурна, зрэдку крапаў дожджык, і час ад часу я хаваўся пад парасонам. З мора дзьмуў сьвежы вецер. Мы ўселіся на лаўку разам з Юрыем Джыбладзэ, сядзелі, куталіся ў курткі, чакалі дэпутатаў, караблік, глядзелі на мора, грэбні хваляў якога мелі металічна-шэры колер. Мы размаўлялі пра тое, што нарабілася ў Беларусі. Юры ўваходзіў у міжнародную назіральную місію і зьбіраўся прыехаць у Беларусь.

Горад на беразе вялікай вады — гэта заўсёды штосьці асаблівае. Нью-Ёрк, Гавана, Стакгольм, Лісабон, Адэса, Стамбул, Баку — гарады, у якіх я пабываў і якія прадзьмуваюцца сьвежым марскім брызам наскрозь. Гэты сьвежы марскі ці акіянскі няспынны вецер выдзьмувае гарадскі смурод, ачышчае паветра і аўру горада. За нашымі сьпінамі стаялі канструктывісцкія будынкі з чырвонае цэглы. Яны выглядалі на змрочныя атлантычныя караблі, прычаленыя да гарадскога пірса. Проста насупраць, на камяністым рагу, з другога боку бухты віднеліся старыя муры крэпасьці-замка. Справа цягнулася ўзьбярэжная вуліца, па якой заўсёды ходзяць турысты, а яшчэ далей, нябачны ад нас, быў музей трысьняговага плыта “Кон-Цікі”, на якім нарвежац Тур Хеердал праплыў па акіяне тысячы кіламетраў. Зьлева ад крэпасьці, якая зачыняла-ахоўвала бухту і горад, на скалістых берагох расьлі цёмныя паўночныя сосны. Вельмі адметны краявід паўночнай сталіцы, які можна ўбачыць толькі тут.

Пяць гадоў таму, калі я быў у Осла ўзімку, нас завезьлі ў метро на самую высокую станцыю. Мы выйшлі навонкі спаміж вялізных гранітных камянёў, зялёных соснаў і шэрага хмызьняку, падышлі да спадзістага схілу вялікага пагорка, на вяршыне якога мы апынуліся, і ўвесь цэнтральны Осла — марская бухта, мора, выспы аказаліся ў нас пад нагамі. Горад выглядаў сьціплым і невялікім у параўнаньні з вадою, скаламі і чорным здалёк, суровым хваёвым лесам, зацярушаным белым сьнегам. Было бачна, што чалавек у Нарвегіі, у Осла — не цар прыроды, а сьціплы жыхар, які шануе і аберагае яе.

Я распавёў Юрыю пра сваю сітуацыю і пра магчымыя наступствы. Ён слухаў і нічога не раіў. Пэўна што, я ўжо такі дарослы, што далей няма куды, і здольны прымаць самастойныя рашэньні.

Урэшце падплыў наш прагулачны караблік. І дэпутаты, хто зь іх пажадаў, і мы пайшлі на ўзьбярэжную, на пірс. Мы зайшлі на карабель. Там была адна суцэльная каюта з драўлянымі лаўкамі паабапал прахода. Мы расьселіся, завуркатаў матор, і мы, павольна хістаючыся, адплылі ад пірса. Стоячы каля ўвахода, наперадзе, гід пачала распавядаць пра тыя памяткі і цікавосткі, якія віднеліся на ўзьбярэжжы.

Мы плылі ад узьбярэжнай налева, па нейкіх пралівах і паміж выспамі. Горад стаяў зьлева ад нас, справа ж ляжалі зусім блізкія, зарослыя хвояй выспы з высокімі гранітнымі берагамі. Такое спалучэньне сучаснай цывілізацыі і прыроды мне вельмі падабалася. Неяк не верылася, што побач быў цэнтр горада, сталіца дзяржавы. Неўзабаве, празь некалькі тыдняў, на адной з такіх выспаў “бравы” Брэйвік, апантаны расісцкімі вар’яцкімі ідэямі, расстраляе амаль сто чалавек.

Часам на выспах мы бачылі невялікія акуратныя хаткі, пафарбаваныя ў традыцыйны для Скандынавіі і Фінляндыі карычневы колер. І толькі рамы вокнаў і дзвярныя вушакі былі белымі. Яна нагадвалі больш лецішчы. Каля кожнай хаткі трапятаў на вятры нарвежскі сьцяг. “Гэта вельмі дарагія дамкі, — пракаментавала маё пытаньне нарвежка Аня, — бо тут блізка ад цэнтра горада”. — “Колькі прыкладна каштуе такі дамок?” — пацікавіўся я. “Не скажу дакладна, — адказала Аня, — але ў іх жывуць багатыя людзі, мільянеры”. — “А сьцягі? Чаму так?” — запытаўся я. “Нарвежцы вельмі патрыятычны народ, — адказала Аня. — Яшчэ сто гадоў таму з Нарвегіі была вялікая эміграцыя ў Амерыку, бо мы былі маладой, беднай краінай. А зараз нарвежцы нікуды не зьязджаюць, нікуды не эмігруюць, жывуць удома, а за межы краіны едуць працаваць часова ў вялікіх транснацыянальных кампаніях, але потым усё роўна вяртаюцца”.

Неўзабаве караблік разьвярнуўся, і мы паплылі назад. Заўтра зранку мяне чакаў самалёт, які ляцеў на маю радзіму, у Беларусь.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international