«Вытокі» чакаюць новых архіўных знаходак

2013 2013-11-18T15:55:46+0300 2013-11-18T16:25:55+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/areshka-vytoki-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вацлаў Арэшка

Вацлаў Арэшка

У Беларусі станаўленне грамадзянскай супольнасці, палітычная барацьба ў нейкім сэнсе застаюцца па-за ўвагай афіцыйнай гістарыяграфіі.

Але,  як кажуць,  святое месца пустым не застаецца. Аб віртуальным гістарычным архіве “Вытокі” карэспандэнту “Народнай Волі” распавядаюць рэдактар сайта vytoki.net  Вацлаў АРЭШКА і кіраўнік архіва Ларыса АНДРОСIК.

Ларыса Андросік: — Здаецца, ніводны дзяржаўны архіў ці музей не збіраюць дакументальныя помнікі “гісторыі свабоды”. Таму зацікаўленыя даследчыкі вымушаны звяртацца да асобных энтузіястаў ці ў адзінкавыя грамадскія ініцыятывы, якія збіраюць такія матэрыялы.

Вацлаў Арэшка: — Некалькі гадоў таму быў адкрыты віртуальны архіў (сайт — vytoki.net), гэта была наша даўняя мара. Працавалі над гэтай ініцыятывай аб’яднанне “Дыярыуш”, праваабаронцы з розных арганізацый... Рухавіком ідэі быў Алесь Бяляцкі. Каб не яго энергія, такога архіва магло і не быць.

Л.А.: — Увогуле, наш архіў існуе з 1997 года. Яго аснова — гэта тое, што мы самі назбіралі: самвыдат, публікацыі ў СМІ, фотаздымкі, прыватныя калецыі... Усё, што датычыцца, з аднаго боку, грамадска-палітычнага руху на Беларусі, а з другога — неафіцыйнай гісторыі. Той гісторыі, якой няма ў падручніках.

В.А.: — Сёння гісторыя, якая падаецца афіцыйнымі органамі, перапісваецца, з яе выкідваюцца цэлыя кавалкі. Таму вельмі важна захоўваць інфармацыю і дакументы, якія распавядаюць, што было на самай справе. Праз час аднавіць гэта будзе складана. Шмат унікальных дакументаў не толькі недаступныя, але і губляюцца. Вялікая колькасць унікальных матэрыялаў захоўваецца ў офісах, кватэрах, гаражах і кладоўках. Многае застаецца абсалютна невядомым для чытача і даследчыка. Яшчэ больш сумная сітуацыя з “жывой гісторыяй”. Людзі — носьбіты ведаў і ўспамінаў — з’язджаюць з краіны, паміраюць, забіраючы з сабой памяць пра нашу гісторыю.

— Ваш архіў захоўваецца не толькі ў электронным выглядзе?

Л.А.: — Безумоўна, да таго, як з’явіўся сайт, мы проста займаліся зборам і сістэматызацыяй матэрыялаў. Але з моманту з’яўлення “Вытокаў” праца перайшла на новы этап, ідэя віртуальнага архіва вельмі важная. Галоўнае, што гэта ёсць ў адкрытым доступе для грамадскасці

В.А.: — Нашы матэрыялы — бясплатныя для кожнага, хоць мы заўсёды просім карыстальнікаў, каб яны рабілі спасылку на архіў. Праўда, ёсць пэўныя абмежаванні па прыватных матэрыялах.

— Хто вам дапамагае збіраць унікальныя дакументы?

В.А.: — Мы кантактуем з рознымі арганізацыямі, актывістамі... Праваабарончыя арганізацыі давалі шмат дакументаў, супрацоўнічаем з замежнымі калегамі. І сёння мы звяртаемся да ўсіх, хто можа чымсьці дапамагчы нашаму архіву. Ёсць у вас нейкія цікавыя дакументы і жаданне прыняць удзел у захаванні вытокаў? Звяртайцеся да нас! Можна нават копію зрабіць, а мы яе змесцім у электронным выглядзе.

Л.А.: — Таксама нам важная і інфармацыйная падтрымка. Цікавыя людзі, якія добра памятаюць пра пэўныя падзеі, маглі б распавесці пра іх, пракаментаваць фотаздымкі, калі патрэбна — штосьці ўдакладніць. Гэта было б цудоўна для архіва. А самае галоўнае — усё працавала б на агульную карысць.

— Якімі сваімі экспанатамі вы сёння можаце ганарыцца?

В.А.: — Шмат каштоўных рэчаў, але можна, напрыклад, адзначыць, што нам дасталася большая частка фотаархіва вядомага фатографа Уладзіміра Кармілкіна. Гэта гісторыя Адраджэння, гісторыя БНФ... Вельмі цікавыя пісьмовыя матэрыялы: тэксты Ермаловіча, улёткі 1980-х гадоў, некаторыя даперабудовачныя матэрыялы... Зрэшты, нам цікава не толькі мінулае, але і тое, што адбываецца зараз. Бо заўтра гэта ўжо таксама стане гісторыяй.

— Мы з вамі размаўляем пра гісторыю і сённяшні дзень... А якім вам хацелася б бачыць свой архіў у будучым?

Л.А.: — Безумоўна, чакаем новых знаходак.

В.А.: — І новых кантактаў з чытачамі. З людзьмі, якія любяць і шануюць гісторыю.

 

“Народная воля”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international