Прызначаны разгляд касацыйнай скаргі па справе “Вольнага гораду”

2013 2013-11-17T22:58:27+0300 2013-11-17T22:58:27+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudy-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзіць касацыйную скаргу выдаўца газеты “Вольны горад” 4 снежня. Адпаведнае паведамленне атрымаў выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 16 лістапада з суда Крычаўскага раёна.

У паведамленні, падпісаным старшынёй суда Крычаўскага раёна Аленай Азаранка і суддзёй Антанінай Качанавай, паведамляецца: “Суд Крычаўскага раёна накіроўвае грамадзянскую справу па пазову КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” да друкаванага сродка масавай інфармацыі “Вольны горад”, Кудраўцава Уладзіміра Віктаравіча, Гердзія Мікалая Мікалаевіча, Няроўнага Сяргея Аляксеевіча аб абароне дзелавой рэпутацыі па касацыйнай скарзе Кудраўцава У. В.. Справа прызначана да разляду ў судзе касацыйнай інстанцыі з 10 гадзін 4 снежня 2013 года ў памяшканні Магілёўскага абласнога суда па адрасе: г. Магілёў, вул. Першамайская, д. 85. Яўка ў суд касацыйнай інстанцыі не з’яўляецца абавязковай. Бакам паведамляецца ў якасці звесткі”.

Па словах выдаўца “Вольнага горада” Уладзіміра Кудраўцава, журналісты газеты абавязкова будуць прысутнічаць на разглядзе касацыйнай скаргі судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда 4 снежня.

Таксама 16 лістапада Уладзімір Кудраўцаў змог азнаёміцца яшчэ з адным дакументам, які накіраваў у суд Крычаўскага раёна начальнік КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” А. В. Фралоў. У пярэчанні на касацыйную скаргу начальнік ПМК-280 просіць суд Крычаўскага раёна “касацыйную скаргу Кудраўцава Уладзіміра Віктаравіча пакінуць без задавальнення, а вышэйназванае рашэнне суда Крычаўскага раёна без зменаў”.

Адміністрацыя КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” лічыць, што “касацыйная скарга Кудраўцава Уладзіміра Віктаравіча з’яўляецца неабгрунтаванай і непадлягае задавальненню згодна Пастановы Пленума Вярхоўнага суда ад 23.12.1999г. №15 “Аб практыцы разгляду судамі грамадзянскіх спраў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі” п.6 абзац 3 “Справы аб абароне дзелавой рэпутацыі падведамасны агульным судам у тым выпадку, калі адным з бакоў выступае грамадзянін, які не з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, а таксама ў выпадку, прадугледжаным ч.2 арт. 38 ГПК, гэта значыць, калі пры прад’яўленні індывідуальным прадпрымальнікам звязаных паміж сабой патрабаванняў аб абароне яго дзелавой рэпутацыі як грамадзяніна і як удзельніка гаспадарчых (эканамічных) адносін”.

Нагадаем, што ў касацыйнай скарзе ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 22 кастрычніка 2013 года па пазову КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” аб абароне дзелавой рэпутацыі выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў звярнуўся з просьбай адмяніць рашэнне суда і спыніць вытворчасць па справе, спагнаць з пазоўніка на яго карысць 150000 рублёў выплачанай ім дзяржпошліны, вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзі суда Крычаўскага раёна Качанавай А. В. за недастатковы прафесіналізм.

Скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда выдавец “Вольнага горада” накіраваў пасля таго, як магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель азнаёміўся з адпаведнымі дакументамі і высветліў, што суддзі Крычаўскага раённага суда і Магілёўскага абласнога суда не мелі права разглядаць пазовы з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” да незалежнай газеты “Вольны горад” аб абароне дзелавой рэпутацыі, дзе адказчыкам выступаў яе заснавальнік Уладзімір Кудраўцаў.

Барыс Бухель адзначае, што спрэчкі паміж юрыдычнай асобай і фізічнай асобай, якія звязаныя з абаронай дзелавой рэпутацыі у сферы прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці, мусіць разглядаць толькі гаспадарчы суд. Па словах Барыса Бухеля, гэта прапісана ў артыкуле 47 Гаспадарча-працэсуальнага Кодэкса і ў пункце 6 Пастановы пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь №16 ад 26 красавіка 2005 г.

Праваабаронца зрабіў выснову, што суд Крычаўскага раёна наогул не меў права прымаць да разгляду пазовы з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”, а мусіў быў растлумачыць пазоўнікам, што з адпаведным пазовам яны павінны звяртацца ў гаспадарчы суд.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international