Скандал у судзе: узнагарода знайшла свайго героя

2013 2013-11-07T09:07:25+0300 2013-11-07T09:07:25+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

За невыкананьне парадку інфармаваньня грамадзян аб пераносе часу пэрсанальнага прыёму, старшыня суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Андрушэнка прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасьці. Скарга пра нядбайнае выкананьне Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» кіраўніком раённага суду, паступіла ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава.

Факт парушэньня закону меў месца 1 кастрычніка, калі Левінаў прыбыў у вызначаны час на асабісты прыём да старшыні райсуду Андрушэнкі. Зьяўленьня Андрэя Анатольевіча праваабаронца чакаў доўга, але так і не дачакаўся. Абурыўшыся нядбайным стаўленьнем кіраўніка суду да патрабаваньняў заканадаўства, Павал Левінаў паведаміў пра факт парушэньня закону ў Мін’юст краіны.

Таксама ён зьвярнуўся ў Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласьці з прапановай распачаць у дачыненьні да Андрушэнкі А.А. адміністрацыйны працэс за парушэньне ім заканадаўства аб зваротах грамадзян.

Для праверкі паведамленьня праваабаронцы абодва органы зьвярнуліся ў галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту. Пасьля дэталёвага разгляду скаргі, першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцаблвыканкаму Ігар Каржоў паведаміў Левінаву:

«Падчас праведзенай праверкі выяўлена наступнае:

Згодна з графікам прыёму грамадзян старшыня суду Першамайскага раёну г. Віцебску Андрушэнка А.А. ажыцьцяўляе прыём грамадзян кожны аўторак з 8:00 да 17:00 гадзін. 1 кастрычніка 2013 г., у дзень прыёму, старшынём суду Андрушэнкам А.А. разглядалася крымінальная справа, прынятая да сваёй вытворчасьці ад хворага судзьдзі. Сапраўды, пры гэтым пісьмовая інфармацыя пра перанос часу і месца прыёму старшыні суду на інфармацыйным стэндзе разьмешчаная не была.

За невыкананьне парадку інфармаваньня грамадзян пра перанос часу прыёму старшыня суду Андрушэнка А.А. прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасьці.

Падстаў для пачатку адміністрацыйнага працэсу ў дачыненьні да старшыні суду Андрушэнкі А.А. за парушэньне Закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” у межах сваёй кампетэнцыі ня бачу. У выпадку нязгоды з адказам на Ваш зварот Вы маеце права зьвярнуцца ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь».

Гэта той рэдкі выпадак, калі «ўзнагарода знайшла свайго героя». Звычайна скаргі, накіраваныя на незаконныя дзеяньні судзьдзяў, не задавальняюцца органамі юстыцыі.

"Віцебская Вясна".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international