Слонімскі суд цвёрда стаіць на баку райвыканкама

2013 2013-11-06T09:12:16+0300 2013-11-06T09:12:16+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/masiuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Масюк

Алесь Масюк

Слонімскі раённы суд разгледзеў скаргу слонімскага грамадскага актывіста Алеся Масюка, у якой ён прасіў прызнаць незаконным і адмяніць рашэнне райвыканкама пра забарону правядзення пікету ў абарону чытачоў і падпісчыкаў “Газеты Слонімскай”.

Нагадаем, што ў пачатку верасня ў Слонімскі райвыканкам была пададзена пісьмовая заява з просьбай дазволіць правесці 29 верасня ў гарадскім парку пікет за права жыхароў Слонімскага раёна вольна афармляць падпіску на “Газету Слонімскую” ў РУП “Белпошта” і вольна яе купляць у шапіках “Белсаюздруку”. Аднак мясцовыя ўлады праводзіць пікет не дазволілі. Падставай для адмовы паслужыла тое, што ў гэты дзень паводле плану працы аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкаму, РК ОО БРСМ у гарадскім парку павінна была адбыцца крос-віктарына “Ведай свой край”. А згодна закона, у адным месцы адначасна нельга праводзіць некалькі масавых мерапрыемстваў.

   Заяўнік пікету Алесь Масюк не пагадзіўся з такім рашэннем выканкама, палічыўшы, што яно парушае яго канстытуцыйнае права і на гэтай падставе звярнуўся са скаргай у суд Слонімскага раёна. У час разгляду справы ў судзе Масюк заявіў, што са свайго боку выканаў усе патрабаванні заканадаўства. Перад падачай заявы ў выканкам нават праглядзеў афіцыйны сайт выканкаму і раённую газету, упэўніўшыся, што на 29 верасня ніякіх планаў у мясцовых уладаў няма, падаў на гэты дзень заяўку. Адмыслова для правядзення пікета выбраў выходны дзень, ведаючы, што звычайна ў нядзелю, ніякіх мерапрыемстваў у парку не праводзіцца. Акрамя гэтага, пры падачы заявы у выканкам Алесь Масюк звярнуўся вусна да намесніка начальніка аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі з просьбай у выпадку, калі ў вызначаны дзень выканкам не зможа даць дазвол на яго правядзенне, Масюк гатовы разглядзець любы іншы дзень, ці час для правядзення пікету.

   Нягледзячы на ўсё гэта, выканкам адмовіў у правядзенні пікета, так і не прапанаваўшы іншы час, ці дзень яго правядзення.

   На судовым разглядзе скаргі Масюк таксама сказаў, што на яго думку прадстаўнікі мясцовай улады мінулай датай унеслі ў план правядзенне крос-віктарыны ў нядзелю, 29 верасня. Як высветлілася крыху пазней, гэты факт пацвярджаецца матэрыяламі судовай справы. Прадстаўнікі выканкама прадставілі ў суд план работы аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама і палажэнне аб правядзенні крос-віктарыны “Ведай свой край”. У плане пазначана, што крос-віктарына запланавана на 29 верасня, а ў палажэнні напісана, што крос-віктарына будзе праходзіць у суботу, 28 верасня.

   Аднак нягледзячы на гэта, суд 24 кастрычніка вынес рашэнне пакінуць скаргу заяўніка без задавальнення, палічыўшы, што з боку райвыканкама парушэнняў закона не было.

Варта падкрэсліць факт, што пачынаючы з 2004 года мясцовыя ўлады ўвесь час па розных надуманых прычынах адмаўляюць слонімцам у праве праводзіць масавыя мерапрыемствы. Апошнім часам мясцовыя ўлады ўвесь час адмаўляюць у правядзенні масавых мерапрыемстваў на падставе таго, што ў той дзень, калі заяўнікі плануюць правесці сваё мерапрыемства, раптам выяўляецца, што на гэты дзень улады таксама запланавалі мерапрыемства ў тым жа месцы.

   Ужо каторы год жыхары Слоніма спрабуюць абараніць сваё права на тое, каб мець магчымасць вольна афармляць на пошце падпіску на “Газету Слонімскую” і вольна яе купляць у шапіках “Белсаюздруку”. Апошнім часам у розныя інстанцыі двойчы высылаліся звароты слонімцаў, пад якімі падпісалася больш 800 чалавек з просьбай уключыць газету ў падпісны каталог РУП “Белпошта”, і даць газеце магчымасць вольна прадавацца праз шапікі “Белсаюздрука”. Аднак чыноўнікі просьбу слонімцаў ігнаруюць, дасылаючы кожны раз чарговую адпіску. На просьбу грамадзян пра ўключэнне газеты ў сістэму распаўсюду праз РУП “Белпошта” яго кіраўніцтва ўжо які год дае адзін і той жа адказ: спасылаючыся на закон пра тое, што грамадзяне і юрыдычныя асобы вольныя ў заключэнне дамовы, яно лічыць немэтазгодным уключэнне ў падпісны каталог “Газеты Слонімскай”. Гэта значыць, з кім жадаюць, заключаюць дамову, а з кім не жадаюць, не заключаюць яе. Просьбы людзей іх мала цікавяць.

   Грамадскі актывіст Алесь Масюк падрыхтаваў зараз касацыйную скаргу ў Гарадзенскі абласны суд.

План мерапрыемстваў, дзе пазначаная дата 29 верасня
Палажэнне, у якім стаіць дата правядзення крос-віктарыны 28 верасня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international