Жыхароў Глыбокага пазбавілі магчымасці праводзіць масавыя акцыі

2013 2013-11-06T08:51:42+0300 2013-11-06T08:51:42+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/glybokae-gerb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Райвыканкам вырашыў унесці змены ў сваё рашэнне наконт арганізацыі масавых мерапрыемстваў – змяніць месца для іх правядзення. Высветлілася гэта, калі мясцовыя актывісты вырашылі зладзіць пікет салідарнасці з палітвязнямі. Паводле атрыманага імі ліста з адмовай, масавыя мерапрыемствы фактычна забароненыя на нявызначаны тэрмін.

Як напісана ў лісце за подпісам самога старшыні Глыбоцкага райвыканкаму Алега Морхата, змены ў ранейшае рашэнне райвыканкаму ўнесеныя 8 кастрычніка. Цікавае супадзенне: заяўка на пікет салідарнасці з палітвязнямі была пададзена 11 кастрычніка, і паведамленне пра тое, што выканкам мяняе месца для правядзеньня акцый, выйшла ці не ў той самы дзень.

"На афіцыйным сайце райвыканкама дзіўная храналогія: спачатку ідзе паведамленне пра нейкія падзеі 10 кастрычніка, а ўжо потым – пра змены ў рашэнні ад 8 кастрычніка. Чым выклікана неабходнасць нешта мяняць, таксама не тлумачыцца. І гэта дзіўна: ранейшае рашэнне  №167 было прынята зусім нядаўна, 13 лютага 2012 года. Згодна з ім, месцам правядзення масавых акцый была вызначаная пляцоўка каля гарадскога дома культуры. Гэтае месца і было пазначана ў заяўцы", -- каментуе сітуацыю актывіст кампаніі "Гавары праўду" Яраслаў Берніковіч.

Цяпер месцам правядзення масавых акцый Глыбоцкі райвыканкам абраў сквер на перасячэнні вуліц Леніна, Інтэрнацыянальнай, Палявой і Чырвоных партызанаў. Гэта актывісты прачыталі ў абвестцы на сайце райвыканкама. Старшыня райвыканкаму ў лісце пра забарону пікета пра новае месца не пісаў нічога. Затое зазначыў, што ў дадзены момант рашэнне ў новай рэдакцыі праходзіць юрыдычную экспертызу у абласной управе юстыцыі, потым яно мусіць быць унесена ў рэестр дзяржаўных актаў. І толькі потым, калі не спатрэбіцца яшчэ нейкая праўка ці ўдакладненні, змененае рашэнне будзе надрукавана ў раённай газеце і ўступіць у законную сілу.

Пікет салідарнасці з палітвязнямі быў запланаваны на 23 лістапада. Відавочна, старшыня райвыканкама цвёрда ўпэўнены, што да таго часу змененае рашэнне яшчэ не будзе зацверрджана і апублікавана – раз забараніў правядзенне акцыі ўжо зараз. І колькі яшчэ часу, адлічваючы з 8 кастрычніка, глыбачане не будуць мець магчымасці рэалізаваць сваё права на арганізацыю масавых акцый, застаецца невядомым.

Дарэчы, акцыі салідарнасці з палітвязнямі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў збіраліся ладзіць штомесяц. І якраз 5 лістапада была падрыхтаваная чарговая заяўка. Але падаваць яе ў выканкам, падобна, не мае сэнсу. І колькі давядзецца чакаць, каб абмеркаваць з землякамі гэтую праблему, улады не гавораць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international