Слабых не чапаюць

2013 2013-11-05T14:54:30+0300 2013-11-05T14:55:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

20 лістапада 2012 г.,

Бабруйск

Увесну 2011 года споўнілася 15 гадоў ад стварэньня “Вясны”. Я ўжо двойчы пісаў пра гэта яшчэ будучы на волі, і кожны раз мне падаецца, што я не ўсё сказаў, што забыўся на штосьці істотнае, самае галоўнае. Напісанае на паперы закранае нейкія ўрыўкі, фрагменты, успаміны абставінаў і жаданьняў. З апісанага высклізвае дух “Вясны”. Я расчароўваюся, бо я не здольны перадаць атмасферу яе зачацьця. Зрабіць аказалася прасьцей, чым перадаць той уздым і віхор эмоцыяў і пачуцьцяў, які прывёў да нараджэньня “Вясны”. А зьява ж адбывалася важная і знакавая для мяне асабіста, ды сотняў вясноўцаў, для іншых людзей, хто ў большай ці меншай ступені дачыніліся да праваабарончай дзейнасьці ў “Вясьне”, зь “Вясною” і каля “Вясны”. Важнай была і застаецца праца па дапамозе, па зборы і распаўсюду інфармацыі, па навучаньні. А яшчэ больш важнае і значнае сімвалічнае, духоўнае значэньне гэтага дзіцяці, якое было зачата на Чарнобыльскім шляху ў Менску ў 1996 годзе падчас зьбіцьця дэманстрантаў і масавых арыштаў. І не пасьпела “Вясна” ўпэўнена стаць на ногі, як была пазбаўлена Мінюстам законных правоў на існаваньне ў 2003 годзе. Але ж не памерла, акрыяла і ярасна і весела чаплялася за жыцьцё і жыла напоўніцу ўсе наступныя нялёгкія гады.

Тое, што “Вясна” ў такіх жахліва неспрыяльных умовах праіснавала, пражыла 15 гадоў, ды як пражыла, стала найбольш актыўнай, крэатыўнай, найбольш уплывовай і пазнавальнай з праваабарончых суполак, — гэта можна назваць цудам. Найбольшы цуд, аснова “Вясны” — гэта людзі, якія былі ў ёй ад пачатку, якія стваралі “Вясну” ў яе яркасьці і адметнасьці, а тыповасьць — у тым, што, дзякуй Богу, не толькі адная “Вясна” можа ганарыцца 15-гадовым узростам і гісторыяй. Дзясяткі, а то і сотні іншых беларускіх няўрадавых арганізацыяў маюць таксама некароткі і багаты на падзеі жыцьцёвы шлях. “Вясна” — роўная іншым, і “Вясна” — у авангардзе, у першых радох, там, дзе і мусіць быць па сваёй ідэі, па сваёй задуме і пакліканьні. За гэты час мы не аслабелі, не змадзелі, не змаргіналізаваліся. Наадварот, мы сталі больш вопытнымі, жыцьцяздольнымі, крэатыўнымі.

Усе гэтыя думкі апаноўвалі мяне напярэдадні юбілею “Вясны”. Яшчэ ў 2010 годзе ў гамонках і абмеркаваньнях выкрышталізоўвалася некалькі пунктаў, якія хацелася б нам зрабіць да юбілею, да красавіка 2011 года. Кніжку інтэрв’ю актывістаў “Вясны”, кніжку эсэ і ўспамінаў пра жыцьцё “Вясны”, пра нашую праваабарончую дзейнасьць, фотавыставу, шэраг вечарынаў і сустрэчаў.

Ідэя падрыхтаваць і выдаць кніжкі была маёй. Бо, стоячы ля вытокаў стварэньня “Вясны”, я, як ніхто хіба, адчуваў хуткаплыннасьць часу. Гэтыя 15 гадоў прамільгнулі, як 15 дзён. Я адчуваў пільную патрэбу зафіксаваць перажытае і нажытае за гэтыя гады ў “Вясьне”.

Праца над запісам інтэрв’ю пачалася яшчэ ў 2010 годзе. Але потым падзеі 19 сьнежня 2010 года замарудзілі стварэньне кніжак. А вось фотавыставу за 15 гадоў жыцьця і дзейнасьці мы разьмясьцілі на сьценах свайго офіса ў вялікім фармаце, у прыгожых асадах. Яе адкрыцьцё мы сумясьцілі зпрыёмам дыпламатаў і журналістаў, зладжаным намі ў зьвязку з 15-мі ўгодкамі “Вясны”. Прыйшлі пяцёра амбасадараў і яшчэ дыпламатычныя работнікі іншага рангу замест амбасадараў, якія прыйсьці не здолелі.

Я сьцісла, хаця атрымалася не зусім коратка, распавёў пра шлях разьвіцьця праваабарончай думкі, ідэяў і руху праваабаронцаў у Беларусі. І пачаў з другой паловы XVIII стагодзьдзя. Вялікае Княства Літоўскае, дзяржава беларусаў і літоўцаў, у той час у саюзе з Польшчаю ўтварала Рэч Паспалітую. У нашай шматнацыянальнай, з рознымі веравызнаньнямі краіне, несумненна еўрапейскай дзяржаве існавала надзвычай багатая і перадавая як на той час філасофія, была разьвітая грамадска-палітычная думка.

У тыя часы ў Беларусі поўным ходам ішло асэнсаваньне чалавечага я, праваабарончых каштоўнасьцяў у сучасным іх разуменьні. Зьяўляліся тэарэтычныя філасофскія трактаты, прысьвечаныя роўнасьці чалавека, разглядаліся іншыя фундаментальныя чалавечыя правы, прапаноўваліся тэорыі і планы больш справядлівага ўладкаваньня грамадства. Часта заканадаўцамі грамадзянскай, духоўнай і палітычнай думкі выступалі сьвятары, натхнёныя ідэямі чалавечай роўнасьці, якія прапаведавала еўрапейскае хрысьціянства. Таксама роўнасьць чалавека падтрымлівалі прадстаўнікі вышэйшага стану, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе. Больш таго, у духу асьветніцтва і рэфарматарства, новых эканамічных тэорыяў праводзіліся зьмены ў эканоміцы, адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Слабасьць каралеўскай улады моцна спрыяла разьвіцьцю талерантнасьці і вальнадумства.

Па разуменьні свабодаў, каштоўнасьці правоў чалавека, актыўнай прапагандзе новых ідэяў і іх распаўсюдзе ў шырокіх колах адукаванага грамадства, а праз адукаваных людзей — яшчэ глыбей і шырэй Вялікае Княства Літоўскае, як частка Рэчы Паспалітай, ішло літаральна сьлед у сьлед за Францыяй, дзе адбылася дэмакратычная рэвалюцыя і была прынятая і абвешчаная Дэкларацыя правоў чалавека.

У Рэчы Паспалітай і ВКЛ “заразу” вальнадумства прыдушылі суседнія абсалютысцкія, таталітарныя дзяржавы — Расія, Прусія і Аўстрыя. Менавіта з-за боязі распаўсюду вальнадумства з Рэчы Паспалітай гэтая дзяржава была разарваная на тры часткі, у выніку чаго Вялікае Княства Літоўскае было акупаванае Расійскай імперыяй. Гэта падзея карэнным чынам зьмяніла накірунак разьвіцьця Беларусі і ўцягнула яе ў бясконцую чараду стратаў і трагедыяў.

Усе паўстаньні, якія адбываліся ў Беларусі ў 1794, 1830, 1863 гадах, мелі вызвольны і дэмакратычны характар. Ужо ў 1796 годзе галоўнакамандуючы паўстанцкім войскам у Вялікім Княстве Літоўскім Якуб Ясінскі літаральна праз пару тыдняў пасьля захопу ўлады ў Вільні абвясьціў гістарычны акт — вызваленьне сялянаў Беларусі і Літвы ад прыгону. Дзякуючы гэтаму акту, які не пасьпеў запрацаваць напоўніцу, палова ягонага насьпех сабранага войска складалася зь сялянаў-касінераў, якія ішлі біцца з маскалямі, адстойваць у прамым, літаральным сэнсе сваю свабоду. Такім чынам, адмена прыгону ў Беларусі першы раз адбылася на 65 гадоў раней за паўторную адмену, якая прайшла ў межах Расійскай імперыі.

А знакамітыя словы Кастуся Каліноўскага, якія ён выгукнуў у 1864 годзе, стоячы пад пятлёй. Калі ў прысудзе яго назвалі “дваранінам Каліноўскім”, ён паправіў: “У нас няма дваранаў. У нас усе роўныя!” Грамадзянская і палітычная роўнасьць, валоданьне правамі чалавека ўсімі без выключэньня жыхарамі Вялікага Княства Літоўскага — гэта тое, чаго дабіваліся паўстанцы 1863 года для ўсяго беларускага народа.

І ў XX стагодзьдзі беларусы працягвалі змагацца за роўнасьць і правы чалавека. Ва Устаўных граматах Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у 1918 годзе, дзяржава гарантавала ў межах пражываньня беларускага народа захаваньне асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў. У 30-я гады ў Заходняй Беларусі беларускія палітычныя партыі ў сваіх палітычных праграмах афіцыйна выступалі супраць сьмяротнага пакараньня. У пасьляваенныя гады беларускія моладзевыя падпольныя арганізацыі мелі на мэце пабудову незалежнай дэмакратычнай Беларусі. У 1968 годзе беларускія дысідэнты выступілі супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

У выніку змаганьня за правы чалавека ў пасьляваенны час сотні беларусаў пацярпелі ад таталітарных камуністычных уладаў, былі асуджаныя, сасланыя, перасьледаваліся іншым чынам. Так, беларускі дысідэнт, праваабаронца Міхась Кукабака адсядзеў у псіхушках і лагерах 18 гадоў і быў апошнім вязьнем сумленьня, які ў 1989 годзе быў вызвалены з лагераў.

У 1988 годзе ў Менску была створаная першая беларуская праваабарончая арганізацыя “Мартыралог Беларусі”. А ў 90-я гады зьявіўся цэлы шэраг праваабарончых арганізацыяў. Таму зьяўленьне і праца “Вясны” мае лагічны гістарычны кантэкст. А яе актуальнасьць абумоўленая вялікаю патрэбаю, якая ўзьнікла ў беларускім грамадстве ў такой арганізацыі пасьля 1994 года.

Мой выступ перад замежнымі амбасадарамі быў пункцірным, але канцэптуальным. Інфармацыя была для іх малавядомай, таму, хоць і гаварыў я даўгавата, хвілінаў з 20, госьці не занудзіліся і слухалі ўважліва. Мы самі ведаць не ведаем, наколькі ў свой час беларусы былі ўключаныя, інтэграваныя ў агульнаеўрапейскія працэсы. Тым больш пра гэта не ведаюць іншыя. Такім чынам распачалося сьвяткаваньне 15-х угодкаў “Вясны”.

Увесну 2011 года мы пасьпелі сабрацца і адсьвяткаваць наш юбілей разам з рэгіянальнымі актывістамі. А вось сустрэчу з калегамі-праваабаронцамі ў Менску зладзіць не пасьпелі, хоць і планавалі яе. Як не пасьпелі выдаць і дзьве кнігі, пра якія я пісаў вышэй. Урэшце кніга інтэрв’ю актывістаў вясны выйшла ў 2012 годзе, да наступных, 16-х угодкаў.

Але хіба што самай яркай падзеяй, якая сімвалічна падвяла рысу пад 15-гадовай гісторыяй “Вясны”, была гісторыя, зьвязаная з маім арыштам. Гэтая падзея намі зусім не планавалася, але яна стала своеасаблівым вынікам, вяршыняю нашай дзейнасьці. Слабых не чапаюць. Гісторыя “Вясны” яшчэ не скончаная, яна працягваецца далей.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international