Барыс Бухель: Крычаўскі раённы суд не меў права разглядаць пазоў на “Вольны горад”

2013 2013-11-01T15:43:06+0300 2013-11-01T15:43:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bukhel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барыс Бухель

Барыс Бухель

На думку магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, калі б начальства Чэрыкаўскага ПМК-280 хацела абараніць сваю дзелавую рэпутацыю, то яно мусіла падаваць пазовы ў гаспадарчы суд.

“Калі я азнаёміўся з дакументамі, якія мне пераслаў рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны, то прыйшоў да высновы, што суддзі Крычаўскага раённага суда і Магілёўскага абласнога суда не мелі права разглядаць пазоў ПМК-280 на незалежную газету “Вольны горад” аб абароне дзелавой рэпутацыі, дзе адказчыкам выступаў яе заснавальнік Кудраўцаў.

Справа ў тым, што сапраўды, звычайныя спрэчкі паміж юрыдычнай асобай і фізічнай асобай разглядае раённы суд, а вось спрэчкі паміж юрыдычнай асобай і фізічным асобай, якія звязаныя з абаронай дзелавой рэпутацыі у сферы прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці мусіць разглядаць толькі гаспадарчы суд”, - гаворыць праваабаронца.

Паводле Барыса Бухеля гэта прапісана ў артыкуле 47 Гаспадарча-працэсуальнага Кодэкса і ў пункце 6 Пастановы пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь №16 ад 26 красавіка 2005 г.

“Не так даўно мы сутыкнуліся з падобным выпадкам у Магілёве. Будаўнічая фірма “Сектар” падала ў суд на грамадскую актывістку Наталлю Самахвалаву, каб абараніць сваю дзелавую рэпутацыю і прызнаць яе скаргі ў розныя дзяржаўныя органы незаконнымі. Дык вось, на чацвёртым судовым пасяджэнні суддзя Ленінскага раённага суда Андрэй Юрчанка нечакана для ўсіх удзельнікаў судовага пасяджэння вынес пастанову, што справа не падсудная раённаму суду і сваю дзелавую рэпутацыю “Сектар” мусіў бараніць у гаспадарчым судзе. Гэта дзве аднолькавыя справы. Мяркую, суддзя, які прызнаўся, што падобную справу разглядае ўпершыню за сваю шматгадовую судовую практыку, вырашыў пракансультавацца ў гаспадарчым судзе Магілёўскай вобласці па нейкіх тэхнічных пытаннях, якія ўзніклі ў яго ў ходзе разгляду гэтай справы, і яму там падказалі, што ён не мае права разглядаць гэтую справу”, - кажа Барыс Бухель.

Праваабаронца адзначае, што гэтыя судовыя працэсы наглядна паказалі, што не ўсе суддзі агульных судоў, нават абласнога ўзроўню, ведаюць пра існуючае выключэнне ў заканадаўстве і таму дапускаюць падобнага кшталту памылкі. Крычаўскі раённы суд не меў права прымаць пазоў у Чэрыкаўскага ПМК-280, а мусіў растлумачыць іх права звярнуцца ў гаспадарчы суд.

“На дадзены момант рэдактар газеты “Вольны горад” рыхтуе касацыйную і наглядную скаргі ў Магілёўскі абласны суд і хоча прызнаць усе раней адбыўшыяся судовыя працэсы незаконнымі. Сяргей Няроўны будзе патрабаваць вынясення прыватных вызначэнняў у адрас суддзяў, якія разглядалі пазовы ПМК-280 адносна “Вольнага горада”, а таксама кампенсацыі ўсіх выдаткаў, якія пайшлі на судовыя цяжбы ў супрацоўнікаў рэдакцыі “Вольнага горада”, - гаворыць Барыс Бухель.

Праваабаронца кажа, што акрамя судовых выдаткаў варта патрабаваць і кампенсацыі на праезд з Крычава ў Магілёў, дзе адбываўся і адбудзеца разгляд касацыйный і нагляднай скаргаў, якія пададуць у бліжэйшы час крычаўскія журналісты. Патрабаваць выдаткі варта з суддзяў, якія разглядалі справы, не маючы на тое законных падставаў.

Нагадаем, што начальнік Чэрыкаўскага ПМК-280 падаў ў суд на газету “Вольны горад” за артыкул “Прыгонныя”, які з’явіўся на старонках газеты. Ён патрабаваў абвяржэння інфармацыі. Крычаўскі раённы суд стаў на бок пазоўніка і абавязаў газету надрукаваць абвяржэнне артыкула. Пакуль законнае рашэнне суду не ўступіла ў сілу і адбывалася абскарджванне рашэння раённага суда ў газеце з’явіўся яшчэ адзін артыкул “З абвяржэннем пачакаем”. У выніку начальнік ПМК-280 зноўку падаў пазовы ў суд. Ён дамагаўся абвяржэння напісанай там інфармацыі, бо паводле іх яна зняважае іх дзелавую рэпутацыю.

Таксама з пазовамі ў суд звярнуліся два рабочых ПМК-280, якія патрабавалі 16 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі нанесенай ім за маральныя пакуты, якія яны, нібыта, атрымалі з-за з’явіўшайся публікацыіУ артыкуле распавядалася пра тое, што з імі не належным чынам аормлены працоўныя дамовы.

24 кастрыніка ў Крычаўскім раённым суддзе стала вядома, што работнікі ПМК-280 адмаўляюцца ад свайго пазову, бо змяніліся абставіны. Сутнасць гэтых абсавіна так і засталася незразумелай, бо ў суд рабочыя так і не з’явіліся – іх адвакат перадала суддзе заявы, што яны больш не маюць прэтэнзій да газеты “Вольны горад”.

Газета “Вольны горад” з’яўляецца незалежнай і не мае афіцыйнай рэгістрацыі. Яна існуе ўжо болей за 15 год і на дадзены момант выходзіць накладам 299 асобнікаў, што цалкам адпавядае існуючаму заканадаўству. Яе галоўным рэдактарам з’яўляецца Сяргей Няроўны.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international