Выступ Наталлі Пінчук на адкрыцці ІІІ Беларускага праваабарончага форума

2013 2013-10-31T13:29:59+0300 2013-10-31T13:29:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pinchuk_n.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наталля Пінчук на адкрыцці ІІІ Беларускага праваабарончага форума

Наталля Пінчук на адкрыцці ІІІ Беларускага праваабарончага форума

Голасам палітвязня Алеся Бяляцкага, кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека, на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме стаў голас яго жонкі Наталлі Пінчук, якая выступіла падчас адкрыцця форуму 26 кастрычніка:

Алесь у свой час быў адным з ініцыятараў закладання традыцыі склікання форуму праваабаронцаў, праваабарончых арганізацыяў, яго ідэйным натхніцелем і актыўным удзельнікам - да таго часу, пакуль не быў арыштаваны і адпраўлены ў зняволенне на чатыры з паловай гады.

Дазвольце мне ад яго імені вітаць усіх вас тут, на гэтым форуме.

Больш за два гады Алесь знаходзіцца за кратамі. Менавіта такім чынам улада адрэагавала на яго актыўную грамадзянскую пазіцыю, на яго прынцыповае адстойванне правоў і свабод грамадзян Беларусі, на дапамогу, якая аказвалася пацярпелым ад рэжыму, на працу дзеля таго, каб у грамадстве было менш стратаў.

На сёння ў месцах зняволення знаходзяцца яшчэ восем палітычных вязняў. розныя назвы гэтых месцаў вызначаюць розную ступень пакарання, але не мяняюць яго сутнасці. Улада імкнулася і імкнецца ізаляваць, прынізіць, дыскрэдытаваць іх на ўсіх узроўнях і этапах увязнення і нават пасля вызвалення. Алесеў лёс паказвае, наколькі кіраўнік дзяржавы зацяты нават тады, калі, здаецца, яму было выгодна праявіць так званую міласэрнасць. Людзей, якія не падпісалі прашэнне аб памілаванні, Бяляцкага, Статкевіча, Аўтуховіча, Лобава і іншых, улада надалей імкнецца зламіць. Фізічна – калі не атрымліваецца маральна.

Наперадзе – Саміт краінаў Еўразвязу і Усходняга партнёрства тут, у Вільні. Вельмі важна пакінуць для Беларусі еўрапейскую перспектыву. Перспектыву для беларускага народу, а не для рэжыму. Рэжым, які цяпер пануе ў нашай краіне – не еўрапейскі па сваёй сутнасці. Гэта значыць, ён не падзяляе і не не падзеліць ніколі, нават напаказ, дэмакратычных каштоўнасцей. З улікам гэтага, адпаведна, павінна была б выбудоўвацца палітыка дэмакратычных краін у дачыненні да афіцыйнага Менску. Апошні разумее толькі сілу, цвёрдасць, паслядоўнасць. Хістанні, кампрамісы для яго – сведчанне слабасці апанентаў. Цвёрдасці, выкарыстання ўсіх інструментаў мы, родныя вязняў, чакаем ад аб’яднанай Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі. Таксама вельмі важна, каб амерыканскія і еўрапейскія падыходы былі скаардынаваныя. Таго ж мы чакаем і ад беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый – цвёрдай, паслядоўнай, узгодненай пазіцыі, заснаванай на поўным захаванні прыярытэтаў правоў чалавека і законнасці.

У некаторых артыкулах і выступах у Беларусі пачала гучаць нібыта міралюбівая прапанова зняць патрабаванне поўнай рэабілітацыі палітычных вязняў. Маўляў, рэжым на гэта ўсё роўна не пойдзе. Мне ўсё ж падаецца, што, па-першае, трэба быць паслядоўнымі і, сказаўшы пра рэабілітацыю напачатку, не адступаць ад гэтай пазіцыі. Па-другое, сапраўды, без рэабілітацыі людзі, якія зараз вызваляюцца па сканчэнні тэрмінаў ды і раней, абмежаваныя ў правах. Яны маюць толькі паўсвабоду.

І яшчэ. З Алесевых настрояў, якія прачытваюцца ў ягоных няхай і цэнзураваных і самацэнзураваных лістах, а таксама ў звязку з ягонымі ўспамінамі я бачу, што ён быў бы рады, каб беларускія праваабаронцы разглядалі барацьбу за правы беларускамоўных грамадзянаў на навучанне дзяцей на роднай мове, наогул барацьбу супраць дыскрымінацыі рэжымам беларускай мовы і культуры як адну з важных задачаў. Народ з пачуццём уласнай годнасці абавязкова верне сабе свабоду.

Дзякую за ўвагу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international