Алесь Бяляцкі: «Я буду выкарыстоўваць усе магчымыя рычагі»

2007 2007-04-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падчас Сусьветнага кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека FIDH (The International Federation for Human Rights), якая гэтымі днямі адбываецца ў сталіцы Партугаліі Лісабоне, яе віцэ-прэзыдэнтам быў абраны праваабаронца Алесь Бяляцкі. Згаданая арганізацыя аб’ядноўвае больш за сотню праваабарончых аб’яднаньняў ва ўсім сьвеце й зьяўляецца адной з найстарэйшых арганізацыяў такога характару.

Яе дзейнасьць распачалася яшчэ ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. Штуршок да працы фэдэрацыі далі францускія праваабронцы. Першы прэзыдэнт FIDH падчас вайны быў расстраляны фашыстамі.

«На сёньняшні дзень у склад фэдэрацыі ўваходзяць больш за 140 недзяржаўных арганізацыяў з усяго сьвету. На пачатку 90-х гадоў фэдэрацыя пачала актыўна працаваць на тэрыторыі былога СССР. Праваабарончы цэнтар “Вясна” таксама зьяўляецца сябрам FIDH з 2004 году. Сёлета на пасаду віцэ-прэзыдэнта была прапанаваная й мая кандыдатура, якая была падтрыманая. Такім чынам на працягу трох гадоў я буду выконваць гэтую функцыю разам зь некалькімі іншымі віцэ-прэзыдэнтамі. FIDH мае свае прадстаўніцтвы пры Раде па правох чалавека ў Жэнэве, пры Радзе Эўропы, фэдэрацыя дастаткова актыўна сябе паводзіць падчас паседжаньняў АБСЭ. Такім чынам у беларускіх праваабронцаў зьявіўся яшчэ адзін інструмэнт інфармаваньня міжнароднай супольнасьці, а таксама магчымага грамадзкага прэсінгу на беларускія ўлады ў сувязі з парушэньнем імі правоў чалавека. У мае функцыі будзе таксама ўваходзіць каардынацыя праваабрончых рухаў на постсавецкай прасторы і ў Цэнтральнай Эўропе», -- паведаміў праваабаронца «Польскаму радыё».

Пры гэтым адной з галоўных функцыяў Алесь Бяляцкі называе прыцягваньне ўвагі да беларускага пытаньня.

“Я буду старацца выкарыстоўваць усе магчымыя рычагі, якімі на сёньняшні дзень валодае FIDH, каб узьняць пытаньне з правамі чалавека ў Беларусі”, -- кажа Бяляцкі.

Прызначэньне Алеся Бяляцкага на пасаду віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека камэнтуе чалец праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Лабковіч.

“Трэба адзначыць, што гэта прызначэньне зьяўляецца знакам для ўсіх беларускіх праваабаронцаў. Гэта паказвае ўзровень зацікаўленасьці ўсяго сьвету да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі й да працы праваабронцаў, якія ў нашых умовах працягваюць сваю дзейнасьць. Гэта пасада зусім не сымбалічная, і сп. Бяляцкі будзе займацца шматлікімі адміністратыўнымі пытаньнямі, у тым ліку й прадстаўляць на міжнародным узроўні Беларусь”.

У мінулым годзе Алесь Бяляцкі быў сярод кандыдатаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі ў галіне міру. Таксама ў 2006 годзе ён быў узнагароджаны прэміяй імя Сахарава ў Нарвэгіі, а ў Чэхіі атрымаў прэмію «Homo homini».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international