Вынікі ІІІ Беларускага праваабарончага форума. Зварот “Да саміту Усходняга Партнёрства”

2013 2013-10-28T11:13:36+0300 2013-10-28T11:13:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pravaabaronchy_fotum-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зварот ІІІ Беларускага праваабарончага форуму

Да саміту Усходняга Партнёрства

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, удзельнікі ІІІ Беларускага праваабарончага форуму, разглядаем праграму Усходняга Партнёрства як сродак набліжэння краін-партнёраў да еўрапейскіх стандартаў жыцця ва ўсіх сферах. Пры гэтым гандлёва-эканамічнае развіццё краін-партнёраў не можа быць аддзеленае ад сацыяльна-палітычнага і  гуманітарнага вымярэння еўрапейскіх стандартаў, у тым ліку ў сферы выканання правоў чалавека.

З улікам гэтага мы канстатуем, што на дадзены момант праграма Усходняга Партнёрства далёка не ў поўнай меры рэалізуе свой патэнцыял да паляпшэння становішча з правамі чалавека на Еўрапейскім Усходзе. Нас непакоіць, што за час дзеяння праграмы назіраецца падзел краін на тыя, дзе еўрапейскія стандарты правоў чалавека ўкараняюцца, і тыя, дзе адбываецца рэгрэс у сферы правоў чалавека.

На жаль, менавіта да апошняй групы краінаў адносіцца і Беларусь. Аптымізм, які мы мелі на старце праграмы, у значнай ступені не спраўдзіўся. Асабліва падарвалі патэнцыял Усходняга Партнёрства падзеі часоў выбараў прэзідэнта Беларусі 2010 года, калі хваля рэпрэсій парушэнняў правоў чалавека фактычна заблакавала магчымасці дыялогу Еўропы і афіцыйнага Мінску. У выніку Беларусь толькі намінальна ўдзельнічае ва Усходнім Партнёрстве, не дэманструючы дзеянняў і палітычнай волі з боку ўрада.

Віну за зрыў дыялогу і нерэалізаванасць патэнцыялу Усходняга Партнёрства для Беларусі мы ўскладаем на палітычнае кіраўніцтва краіны. Наяўнасць у краіне палітвязняў разам з іншымі грубымі парушэннямі правоў чалавека робіць немагчымым рэальны і прадуктыўны ўдзел Беларусі ва Усходнім Партнёрстве. 

Мы вітаем паглыбленне інтэграцыі Еўрапейскага звязу з краінамі-партнёрамі, у тым ліку заключэнне дамоваў пра асацыяцыю і пра паглыбленую і ўсеабдымную зону вольнага гандлю. Асабліва нас цешыць і натхняе пазітыўны досвед нашай суседкі Украіны, які дэманструе рэальнасць еўрапейскага выбару для блізкага беларусам народа.

Разам з тым мы перакананыя, што правы чалавека не могуць быць прадметам гандлю. Устойлівае развіцце і мадэрнізацыя нашай краіны немагчымыя без дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека з боку ўраду.

У гэтай сувязі мы заклікаем удзельнікаў Саміту прыкласці намаганні да заахвочвання ўрада Беларусі зняць тыя перашкоды, якія робяць немагчымым паўнавартасны ўдзел Беларусі ва Усходнім Партнёрстве.

У першую чаргу з шэрагу такіх крокаў мы бачым неадкладнае і безумоўнае вызваленне палітычных вязняў, іх аднаўленне ў правах. Далейшае прасоўванне Беларусі ў накірунку рэформаў і набліжэнне да еўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сферах мы бачым магчымым праз узаемавыгадную рэалізацыю Еўрапейскага дыялогу дзеля мадэрнізацыі Беларусі на аснове паўнапраўнага і роўнага ўдзелу ўрада і грамадзянскай супольнасці краіны ў супрацоўніцтве з ЕС. Мы разглядаем гэтую праграму як дадатковы сродак кампенсаваць адставанне нашай краіны ў межах партнёрства, у тым ліку ў накірунку палітычнай і прававой рэформаў.

Мы заклікаем краіны-партнёры не губляць увагу да гуманітарнага вымярэння супрацоўніцтва і ўлічваць пытанні правоў чалавека ў вызначэнні далейшых шляхоў развіцця Усходняга Партнёрства.

27 кастрычніка 2013г., Вільня

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international