25 красавіка ў будынку царквы «Новае Жыцьцё» адбылася прэс-канферэнцыя «Абарона правоў на свабоду сумленьня»

2007 2007-04-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ёй узялі ўдзел: біскуп Аб'яднання суполак хрысціянаў поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Вячаслаў Ганчарэнка, праваслаўны святар Свята-Пакроўскай царквы а. Аляксандр Шрамко (г. Менск), пастар евангельскай царквы «Божая Царква» Саюза Хрысціян веры Евангельскай Генадзь Кернажыцкі (г. Менск), пастар «Цэрквы Ісуса Хрыста» Рэлігійнага Аб`яднання суполак хрысціянаў поўнага евангелля Барыс Чарнаглаз (г. Менск), сустаршыня аргкамітэта «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Аляксей Шэін, юрысконсульт царквы «Новае Жыццё» Сяргей Луканін.

Прэс-канферэнцыя адбылася ў рамках Кампаніі па абароне правоў на свабоду сумлення. У сувязі з правядзеннем дадзенай кампаніі вернікі розных канфесій і прадстаўнікі грамадскасці збіраюць подпісы для кардынальнай змены Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Акцыя пачалася 22 красавіка і працягнецца да канца траўня.

Усе ўдзельнікі прэс-канферэнцыі падкрэслівалі, што гэта грамадская акцыя, яна не носіць рэлігійнага характару. Гаворка ідзе пра абарону правоў і свабод кожнага чалавека незалежна ад яго веравызнання. Да таго ж, па словах пастара «Цэрквы Ісуса Хрыста» Барыса Чарнаглаза, «кампанія па зборы подпісаў за змену закона не з'яўляецца чымсьці спантанным. Сваю пазіцыю па гэтым пытанні пратэстанцкія цэрквы выказвалі яшчэ ў 2003 годзе, калі парламентары толькі збіраліся прыняць гэты закон».

Святары розных канфесій агучылі цяжкасці, з якімі яны сустрэліся ў сваёй дзейнасці «дзякуючы» гэтаму закону. Напрыклад, перашкоды для дзейнасці ў Беларусі замежных святароў, з чым сутыкнуліся прадстаўнікі каталіцкіх і пратэстанцкіх цэркваў; немагчымасць атрымаць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва будынкаў; забароны на перапрафіляванне будынкаў у культавыя і на будаўніцтва культавых будынкаў на выдзеленых участках. Праваслаўны святар а. Аляксандр Шрамко адзначыў, што хрысціяне пазбаўленыя законнай магчымасці збірацца для чытання Бібліі і малітваў па хатах, а таксама сутыкнуліся з вялікімі перашкодамі ў дзейнасці нядзельных школ.

«Закон заганяе суполкі ў гета, робіць цэрквы ізаляванымі ад грамадства. На маю думку, адмоўных момантаў у законе больш, чым станоўчых. Праваслаўная Царква складала дамовы з дзяржавай аб супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі, з войскам, але ўсе яны засталіся на паперы. За тры мінулых гады ў рамках гэтых дамоў нічога не зроблена. Трэба зазначыць, што не ўсе праваслаўныя парафіі адчуваюць на сабе ціск Закона. Але тыя цэрквы, якія хочуць больш актыўна развівацца, займацца місіянерскай дзейнасцю, пашыраць уплыў у грамадстве, рэзка абмежаваныя ў гэтым Законам і не маюць такой магчымасці», – выказаў сваю думку наконт закона і кампаніі а.Аляксандр Шрамко.

Па словах біскупа Вячаслава Ганчарэнкі, галоўны крытэр дабрабыту грамадства – яго маральнасць. Толькі Царква можа падняць маральнасць, але праз дзейны Закон хрысціянскія цэрквы не здольныя паўнавартасна працаваць у гэтым кірунку. «Калі Царква не ўплывае на грамадства – гэта стварае сур`ёзную тэндэнцыю да дэградацыі грамадства. Я не хачу, каб у нашым грамадстве ўзялі верх фашысцкія ці іншыя каштоўнасці. Я хвалююся наконт гэтага, таму я тут і бяру ўдзел у гэтай кампаніі», – адзначаў Вячаслаў Ганчарэнка.

«Задача кампаніі – не проста занесці змены ў закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», але і цалкам яго перапісаць. Каб сабраць дзесяткі тысяч подпісаў, вернікам давядзецца распавесці пра акцыі як мінімум 300–500 тысячам людзей. Да іх будзе данесеная праўдзівая інфармацыя пра становішча рэчаў у гэтай сферы – і гэта ўжо вялікая справа», – лічыць юрысконсульт, прэс-сакратар акцыі Сяргей Луканін.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international