КДБ Украіны папярэджвала пра магчымасць аварыі на ЧАЭС з 1982 году

2007 2007-04-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На сайце Службы бяспекі Украіны ў вольным доступе размешчаны 121 дакумент з архіву КГБ Украінскай ССР. Пасля азнаямлення з гэтымі дакументамі ў карэспандэнта “Еўрапейскага радыё” разумення таго, што адбывалася на ЧАЭС, стала менш, чым было раней.

Згодна з дакументамі, КГБ трымала пад кантролем усю сітуацыю. Спецслужбам было вядома, што падчас будаўніцтва станцыі выкарыстоўвылася бракаванае югаслаўскае абсталяванне. Прычым такі ж брак пастаўляўся на Смаленскую АЭС. За некалькі гадоў да катастрофы ў дакладных запісках КГБ звяртаў увагу на памылкі ў праектаванні станцыі, у сценах былі знойдзены расколіны, расслаенне фундаменту.

Выстаўленыя на сайце дакументы даюць падставы меркаваць, што Чарнобыльская трагедыя пачалася задоўга да 26 красавіка 1986 году. Радыяцыя з ЧАЭС выцякала і трапляла ў навакольнае асяроддзе і арганізмы людзей і да гэтай чорнай даты. Аварыя на 4-м энергаблоку толькі паставіла тлустую кропку ў шэрагу іншых падзей.

12 сакавіка 1982 году кіраўнік Упраўлення КГБ УССР па горадзе Кіеве і Кіеўскай вобласці генерал-маёр Вакуленка даслаў ліст свайму кіраўніцтву аб парушэннях радыяцыйнай бяспекі на ЧАЭС. У лісце расказваецца, што ў возеры-ахаладжальніку станцыі мясцовы рыбкамбінат з 1979 году гадуе рыбу на продаж. Без аналізу вырашчанай рыбы і адпаведнага дазволу санпідэмстанцыі. Зробены аналіз паказаў, што ўжываць гэтую рыбу нельга. Лавіць яе забаранілі.

Вакуленка: “Аднак, парушаючы прадпісанне, рыбу працягваюць лавіць і прадаваць насельніцтву”.

30 кастрычніка 1982 года генерал-маёр Вакуленка даслаў яшчэ адзін ліст пад грыфам “Абсалютна сакрэтна” - “Аб стане радыяцыйнай абстаноўкі ў раёне ЧАЭС”. Досыл старшыні КГБ УССР генерал-лейтэнанту Мусе тычыўся аварыі 9 верасня на 1-м энергаблоку. Там адбыўся разрыў тэхналагічнага канала. Адбыўся выкід радыеактыўных рэчаў у навакольнае асяроддзе.

Вакуленка: “Найбольшую небяспеку ў радыяцыйным плане для насельніцтва ўяўляюць “гарачыя” часціцы, якія могуць патрапіць у дыхальныя органы і ўнутр арганізма і выклікаць сур’ёзныя наступствы, аж да смерці з-за “прапалу” тканак арганізма”.

9 студзеня 1984 году кіраўнік 6-га аддзела УКГБ УССР Турко паведаміў, што югаслаўскія фірмы “Энергаінвест” і “Джура Джакавіч” паставілі на ЧАЭС неякаснае абсталяванне.

Турко: “Выяўленая вялікая колькасць браку ў зварачных злучэннях, якія ў працэсе работы энергаблокаў могуць прывесці да аварыйных сітуацый”.

5 мая 1986 года намеснік старшыні КГБ УССР Коўтун дасылае ліст кіраўніку, у якім гаворыцца аб тым, што нават падчас выбуху на працуючым рэактары і турбіне супрацоўнікі Харкаўскага аб’яднання “Турбаатам” і Горлаўскага прадпрыемства “Донтэхэнэрга” праводзілі эксперыменты. А таксама дакладвае, што з-за адсутнасці аўтаматычных дазіметрычных прыладаў зафіксаваць узровень радыеактыўнасці выбуховага воблака не мелася магчымасці.

28 мая 1986 года кіраўнік 6-га аддзела КГБ УССР Слабадзянюк даслаў ліст старшыні КГБ УССР Космачу. У лісце гаворыцца, што у асобных месцах Кіева знойдзеныя ўчасткі з павялічанай канцэнтрацыяй радыеактыўных рэчываў, а ў крамах горада прадаецца забруджаны радыяцыяй хлеб.

9 чэрвня 1986 году Слабадзянюк паведаміў старшыні ўкраінскіх спецслужбаў аб тым, што, па яго звестках, у зоне павышанай радыяцыйнай забруджанасці будуць нарыхтоўваць мяса і малако.

Слабадзянюк: “Нарыхтавана будзе каля 30 тысячаў тон мяса і накіравана ў лядоўні Данецкай і Жытоміраскай абласцей. 15 тысяч тон масла, выпрацаванага з забруджанага малака, накіруюць у лядоўні Чаркаскай і Чарнігаўскай абласцей”.

Дакументаў на сайце Службы бяспекі Украіны вельмі шмат. Калі іх чытаеш, узнікае пытанне: “А што ведаюць на гэты конт спецслужбы Беларусі? І калі ім таксама ёсць, што сказаць, то чаму яны не зробяць так, як іх украінскія калегі?”

Адзіным, хто пагадзіўся гаварыць на гэтую тэму быў Васіль Лявонаў. У той трагічны для Беларусі год ён займаў пасаду 1-га сакратара Магілёўскага абкаму партыі. Ён сцвярджае, што беларускія спецслужбы, у адрозненне ад украінскіх, ніякай інфармацыяй, ніякімі дакументамі не валодалі і не валодаюць.

Васіль Лявонаў: “Я думаю, што ў беларускага КДБ няма гэтых матэрыялаў. 26 сакавіка мы з сакратаром ЦК Дземянцеем прачнуліся ў Мсціславе і паехалі па вобласці. Спыніліся ў Чэрыкаве, калі там пайшоў ужо той дождж. Толькі калі я вярнуўся, мне дамоў пазваніў кіраўнік КГБ і сказаў, што здарылася аварыя - прыборы радыеметрычнага кантролю на “Хімвалакне” сталі зашкаліваць. У КГБ падумалі, што нешта здарылася з ядзернай зброяй. І толькі на наступны дзень іхнія калегі паведамілі ім па вялікім сакрэце, што здарылася аварыя на ЧАЭС”.

Васіль Лявонаў кажа, што ўсе пазнейшыя дакументы адпраўляліся наўпрост у Маскву і там заставаліся. Застаецца толькі здагадвацца, што яшчэ мы даведаемся пра Чарнобыльскую аварыю, калі свае архівы па ЧАЭС рассакрэцяць расійскія спецслужбы.

Азнаёміцца з выбранымі рассакрэчанымі матэрыяламі ўкраінскага КГБ можна на сайце “Еўрапейскага радыё” - www.belradio.fm.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international