Памілаваны смяротнік: Смяротнае пакаранне нікога не палохае і не спыняе

2013 2013-10-25T16:33:18+0300 2013-10-25T16:34:01+0300 be

Еўрарадыё размаўляе з чалавекам, якому расстрэл замянілі на 15 гадоў турмы.

Амаль 11 гадоў таму, у 2003 годзе, у Беларусі ўпершыню адмянілі смяротны прысуд — замянілі на 15 гадоў калоніі. І да апошняга часу гэта быў адзіны за ўсе гады незалежнай Беларусі выпадак адмены смяротнага прысуду. Еўрарадыё вырашыла даведацца пра лёс гэтага чалавека і па магчымасці — адшукаць яго. Ці выжыў ён пасля вынясення яму смяротнага прысуду, ці не страціў розум? Высветлілася, што ён не толькі жывы, але і… ужо на свабодзе!

У адміністрацыі калоніі, дзе адбываў пакаранне за забойства двух чалавек Дзмітрый Хархаль, Еўрарадыё распавялі, што ён выйшаў амаль год таму па амністыі — не дасядзеўшы 1 года да прызначанага судом 15-гадовага тэрміну. Апроч таго, у калоніі  распавялі, што Дзмітрый быў дысцыплінаваным зняволеным, праблем з ім адміністрацыя не мела. Самастойна вучыў англійскую мову і добра гуляў у шахматы. Дзе ён зараз — у калоніі адказаць не змаглі. Але мы яго знайшлі ў сацсетках. Па фразе: “Самае надзвычайнае, што я яшчэ жывы”…

Даведка Еўрарадыё: Дзмітрый Хархаль, 1970 года нараджэння, быў арыштаваны 17 верасня 1997 года па падазрэнні ў забойстве 3 лістапада 1994 года двух жыхароў Мінска — Ірыны Пучкоўскай і Аляксандра Грабёнкіна. Да гэтага Харахаль ужо быў двойчы асуджаны: у студзені 1987 года за грабяжы ў Маскве на 3 гады з адтэрміноўкай на 2 гады і у снежні 1988 года на 5 гадоў за крадзяжы ў Мінску. За забойства двух чалавек суд асудзіў Дзмітрыя Хархаля на смерць, але ў 2003 годзе замяніў смяротнае пакаранне на 15 гадоў калоніі.

Еўрарадыё: У 2003 годзе суд адмяніў вам смяротнае пакаранне, замяніўшы 15 гадамі калоніі. Але перад гэтым вы год прывялі ў камеры смяротнікаў. Ці сталася для вас нечаканым такое рашэнне суду?

Дзмітрый Хархаль: У маім выпадку гэта было даволі прадказальна — я чакаў гэтага. Бо перад тым, як было прынятае такое рашэнне Прэзідыумам Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, я звярнуўся у апошнюю інстанцыю — Камітэт па правах чалавека пры ААН. У мяне і без таго былі важкія юрыдычныя падставы меркаваць, што ўсё ж такі я выйграю гэтую справу, да гэтага дадалася падтрымка Камітэта. Таму было прынятае ўладамі Беларусі рашэнне наконт змянення меры… Як там тое рашэнне прымалася — мне не вядома, я кажу толькі пра факты.

Еўрарадыё: Але абвінавачванне ў забойстве двух чалавек з вас не знялі — гэта была проста змена меры пакарання?

Дзмітрый Хархаль: Так, проста змянілі меру пакарання.

Еўрарадыё: Паводле матэрыялаў справы, вы адразу прызналіся ў забойстве двух чалавек, але потым заявілі, што насамрэч вы не забівалі. Прайшоў час: можаце зараз сказаць, што было насамрэч? Чаму прызналіся, а потым адмовіліся ад сваіх жа прызнанняў?

Дзмітрый Хархаль: Я не буду гаварыць на гэтую тэму, бо зараз гэта ўжо не мае для мяне ніякага сэнсу. І варушыць мінулае….

Еўрарадыё: Я да таго — ці лічыце вы сябе вінаватым?

Дзмітрый Хархаль: Пытанне не зусім канкрэтызаванае: паняцце віны — складанае пытанне. Гэта вам не паняцце метра, дзе ўсе аднолькавыя ў сваім разуменні гэтага паняцця. А тут… Пытанне ў тым — наколькі вінаваты? Так, сапраўды, я вёў супрацьпраўны лад жыцця і я сапраўды здзейсніў шэраг учынкаў, даволі дзёрзкіх і сур’ёзных, але: вінаваты да якой ступені? Вось у гэтым моманце не зусім канкрэтызаванае ваша пытанне. Але, адказваючы на яго, я адкажу так: па вялікім рахунку, на самае цяжкае пакаранне я быў асуджаны без віны і без доказаў. Доўга тут можна…

Еўрарадыё: Але прагучалі словы: “Асуджаны без віны” — так было ці не забойства вамі двух чалавек?

Дзмітрый Хархаль: Я не вінаваты ў самім забойстве. Разумееце, вышэйшую меру пакарання мне прысудзілі менавіта за тое, што я пазбавіў жыцця двух чалавек. Але ў рэчаіснасці гэтага не было! Справаводства ў дачыненні да мяне цягнулася амаль 6 гадоў. І калі менавіта ў дачыненні да гэтага эпізоду стала зразумела, што суд і следства “буксуюць”, то і суддзю замянілі па маім хадайніцтве, і некалькі разоў гэты эпізод накіроўваўся на дадатковае расследаванне. Калі вам цікавае маё меркаванне, то скажу. З аднаго боку — справа павінна быць завершаная, а з другога боку — ёсць канкрэтны чалавек, на якога ўсё можна спісаць. Вось так у дадзеным выпадку і спрацавала наша правасуддзе. Гэта маё меркаванне.

Еўрарадыё: Звычайна для таго, каб асудзіць чалавека і выканаць прысуд, дастаткова прызнання чалавекам сваёй віны. А ў вашым выпадку эпізод дадаткова некалькі разоў расследавалі…

Дзмітрый Хархаль: Падчас першых паказанняў я насамрэч сказаў, што вось гэта і гэта зрабіў я. Мяне папрасілі паказаць, як я гэта зрабіў — я паказаў пад відэазапіс. Адразу праводзіцца судмедэкспертыза, эксперт дае цьмянае заключэнне: “Такое быць магло”. Але падчас судовага працэсу стала відавочна нават сляпому, што так быць проста не можа. З-за гэтага справу некалькі разоў накіроўвалі на дарасследаванне, потым праводзяць комплексную экспертызу, калі некалькі прафесіяналаў разглядаюць менавіта гэты эпізод і вырашаюць, магло так быць ці не магло. І яны пацвярджаюць: так, як казаў гэта я, быць НЕ МАГЛО! Атрымліваецца, што, з аднаго боку, я сказаў, што гэта я зрабіў так і так, а з другога боку — судмедэксперты сказалі, што такога быць не магло. Суд прымае рашэнне: усё адно вінаваты — расстраляць!

Еўрарадыё: Была інфармацыя ў СМІ, якую вы нібыта распавялі свайму адвакату, што да вас вельмі жорстка ставіліся ахоўнікі падчас вашага знаходжання ў камеры смяротнікаў, здзекаваліся… Гэта сапраўды было?

Дзмітрый Хархаль: Ведаеце, прыемнага там мала было — я не хачу гэта ўсё ўзгадваць і на гэтую тэму гаварыць. (Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Дзмітрый Хархаль распавядаў свайму адвакату, што, пакуль ён знаходзіўся ў камеры смяротнікаў, турэмныя назіральнікі яго білі. Пасля кожнага збіцця прымушалі яго казаць “вялікі дзякуй”. Паводле слоў адваката, некалькі разоў Хархаля выводзілі з камеры і прымушалі паўзці ў ванную, але мыцца не дазвалялі).

Еўрарадыё: Якое стаўленне да вас было ў калоніі?

Дзмітрый Хархаль: Звычайнае, як і да ўсіх. Адзінае, што мне не спадабалася, — сама сістэма, якая не дазволіла мне скарыстацца правам умоўна-датэрміновага вызвалення. Я хацеў гэтага, імкнуўся, рыхтаваўся да новага жыцця. Рэчаіснасць пацвярджае, што я да яго гатовы: я вызваліўся і спакойна ўліўся ў грамадства, без нічыёй дапамогі. А людзі проста тупа не выпускалі мяне, у нейкія гульні гулялі, нейкія парушэнні вешалі. Проста адстойвалі свой пункт гледжання, свой зад перастрахоўвалі.  А ў выніку гэта ўсё выліваецца ў пяць гадоў страчанага жыцця. Вось гэта мне не спадабалася.

Еўрарадыё: У адміністрацыі калоніі, дзе вы адбывалі пакаранне, мне расказалі, што праблем з вамі не было, паводзілі сябе добра і самастойна вучылі англійскую мову — вывучылі?

Дзмітрый Хархаль: У той ступені, у якой яна мне патрэбная — так. Чытаю і перакладаю свабодна, але размоўнай практыкі там не было. Але пакуль я працую не ў Еўропе, а ў Расіі, і мне гэтага хапае.

Еўрарадыё: Вы сказалі “пакуль працую не ў Еўропе” — збіраецеся пераехаць у Еўропу?

Дзмітрый Хархаль: Я славянін — тут нарадзіўся і тут хачу памерці. Іншая справа, што папрацаваць можна там, дзе добра плацяць. Дзе добра плацяць, там і працуем! Пакуль гэта тут — у Расіі. А калі атрымаецца “зачапіць” яшчэ больш высокааплатную працу — будзем працаваць там.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да адмены смяротнага пакарання?

Дзмітрый Хархаль: На маю думку, гэта пакаранне не мае сэнсу. Бо яно ніякім чынам нікога не палохае, нікога не спыняе. Мне падаецца, што яно ёсць, што яго няма — ніякай розніцы. Ёсць больш суровыя пакаранні. А з улікам таго, што ёсць вялікая верагоднасць памылкі, то я за адмену такога пакарання.

Еўрарадыё: Што вы адчулі, калі пачулі смяротны прысуд — усё жыццё перад вачыма прамільгнула?

Дзмітрый Хархаль: У мяне не было ніякіх звышнатуральных з’яў, нічога не мільгала. Я адчуваў непрацяглы час моцны стрэс.  Але потым мне ўдалося з ім псіхалагічна справіцца і далей, хоць і было цяжка псіхалагічна, але ўсё было зразумела і спакойна. Змагаліся, перамаглі і дзякуй Богу.

Еўрарадыё: Якім быў у той перыяд, калі вы былі смяротнікам, самы цяжкі момант?

Дзмітрый Хархаль: Людзей з такім прысудам, які быў у мяне, вывозяць у суд касацыйнай інстанцыі. Яны маюць магчымасць асабіста выказаць суду сваю версію. Гэта быў самы цяжкі момант. Я разумеў, што буду хвалявацца, але ведаў — на выступ я маю толькі дзве хвіліны. Таму ўсю сваю прамову я адрэпетаваў па гадзінніку. Дык вось гэтыя тры прафесійныя судзі пад старшынствам Федарцова, здаецца, не сталі мяне нават слухаць. Дакладней, старшыня суда нават не стаў нічога слухаць — проста перабіў мяне і не стаў слухаць гэтыя дзве хвіліны! Мне падаецца, я не выглядаю інфантыльным чалавекам і так, а там ўсё было пралічана, напісана,  завучана — усё было зразумелым і ясным. А атрымліваецца, што гэта працэдура нічога не вырашае — гэта не больш чым фармальнасць! На практыцы гэта не працуе!!! Прынамсі, у маім выпадку гэта не спрацавала — мяне нават не выслухалі.

Еўрарадыё: У сваім “аўтапартрэце” на старонцы ў сацсетках у адказ на пытанне “Самае надзвычайнае адкрыццё для мяне” вы напісалі: “Я яшчэ жывы”. Калі не казаць пра рашэнне суда і адмену смяротнага пакарання, то дзякуючы чаму вы “яшчэ жывы”?

Дзмітрый Хархаль: Найперш, дзякуючы таму, што ў мяне была падтрымка з дому — вельмі мне дапамагла маці і маральна, і фізічна. Апроч таго, адвакат паслядоўна і верна дапамагала мне. Ну, і як быў вынесены прысуд, я не апусціў рукі і папрасіў адваката прынесці мне шэраг дакументаў, пасля вывучэння якіх я знайшоў юрыдычны лом, якому супраціўляцца законным шляхам было немагчыма. Дзякуючы гэтаму лому і ўмяшальніцтву Камітэта па правах чалавека я і вылез. Бо калі ад пачатку мае довады, мой лом проста праігнараваны, то пасля таго, як пачалі задаваць пытанні больш важкія людзі, ім нейкую бязглуздзіцу нельга было напісаць.

Еўрарадыё: У выпадку з абвінавачанымі ў здзяйсненні выбуху ў мінскім метро зварот у Камітэт па правах чалавека ААН не дапамог — смяротны прысуд у дачыненні да Канавалава і Кавалёва выканалі. У чым розніца паміж вашым і гэтым выпадкам?

Дзмітрый Хархаль: З аднаго боку, тая справа была вельмі рэзананснай. З іншага, мне ў пэўнай ступені пашэнціла — мая справа не была рэзананснай, да яе не было вялікай увагі ні з боку ўладаў, ні з боку грамадства. Да ўсяго, улады нашы не абавязаны прыслухоўвацца — рашэнні Камітэта па правах чалавека маюць рэкамендацыйны характар. Наша краіна валодае суверэнітэтам і на сваёй тэрыторыі мае права паступаць так, як ёй таго захочацца. Безумоўна, не зусім зразумела, як краіна, якая з’яўляецца не толькі сябрам ААН, але і сузаснавальнікам гэтай арганізацыі і дэлегавала ёй частку паўнамоцтваў, не выконвае правілы, за якія выступае… Вяртаючыся да справы па тэракце ў метро, то яна была вельмі маштабнай, і Аляксандр Рыгоравіч прымаў рашэнне па ёй адзін і яму не патрэбнае было нічыё меркаванне.

Еўрарадыё: Што гэта за “лом”, дзякуючы якому вы змаглі дамагчыся адмены смяротнага прысуду?

Дзмітрый Хархаль: Мяне затрымалі на тэрыторыі Расіі і пераправілі ў Беларусь без працэдуры экстрадыцыі — паводле спрошчанай працэдуры. Паміж нашымі краінамі ёсць адпаведная Дамова. Тым не менш Расія — гэта іншая краіна, там іншыя законы. У гэтай базавай дамове быў закладзены такі прынцып: калі беларусы патрабуюць выдаць чалавека, то яны спачатку інфармуюць расійскіх праваахоўнікаў — хто, што і навошта, а тыя ўжо прымаюць рашэнне. Калі пасля перамяшчэння да чалавека ўзніклі пытанні, то ўсё адно — спачатку інфармуюць расіян, яны даюць дазвол, і толькі пасля таго любыя працэсуальныя дзеянні набываюць законнасць. У маім выпадку гэта не было зроблена. І таму ўся доказная база па гэтым эпізодзе (забойства двух чалавек. — заўв. Еўрарадыё) і па некаторых іншых — не больш як туалетная папера. Дазволу Расіі не было! А атрымаць яго заднім чыслом нельга. Карацей, жыццё паказала, што калі ўзнікае неабходнасць, то можна “пабадацца” з любымі прафесіяналамі. Проста трэба вельмі захацець і прыкласці пэўную колькасць працы. Выбачайце, я больш не магу працягваць размову…

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international