Бабруйск: У Алега Жалнова сканфіскавалі тэхніку (фота)

2013 2013-10-24T18:14:02+0300 2013-10-24T18:14:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babr-zalnou-peretrus-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ператрус у кватэры блогера Алега Жалнова доўжыўся сем гадзін: пачаўся ў 07.10 раніцы, а скончыўся каля 14.00 дня. Яго праводзілі бабруйскія супрацоўнікі міліцыі Сяргей Рудзько, Дзяніс Ракоўскі, Валерый Шэйко, Сяргей Сарычаў, а таксама спецыяліст па тэхніцы з Магілёва - Андрэй Нікіцін. У якасці панятых былі запрошаныя “невядома адкуль”, як адзначыў Алег Жалноў, бабруйчане Іваноў і Качарга. Таксама на ўваходзе ў кватэру дзяжурылі два супрацоўнікі АМАП.

-Пасля таго, як міліцыянты “весела”, з прымяннем фізічнай сілы, уварваліся ў наш дом, я хацеў, каб у якасці панятой выступіла мая цешча. Яна спецыяльна прыехала да нас, але яе нават не пусцілі ў кватэру, - распавёў пасля ператрусу Алег Жалноў. – У пастанове гаварылася, што міліцыянты прыбылі для “агляду месца падзей”. Таму па шафах не лазілі, але ўсё, што было навідавоку, абмацалі, нават у пакеты з кнігамі зазірнулі. Пры гэтым яны сканфіскавалі ў мяне ўсю тэхніку, усе сродкі сувязі: вінчэсцеры, мадэм, смартфон, мой мабільны тэлефон. У гэтай сітуацыі ахвярай стаў мой сын, ён яшчэ школьнік, і кампутар з інтэрнэтам яму вельмі б спатрэбіўся для падрыхтоўкі да заняткаў.

Алег Жалноў кажа, што міліцыянты сем гадзін апісвалі ўсе рэчы, якія знаходзяцца ў кватэры, уключна з шафамі і ложкамі. Пры гэтым блогер папрасіў зафіксаваць у пратаколе 22 заўвагі, якія тычыліся працы правяраючых.

-Міліцыянты не знаходзіліся ўсе ў адным месцы, а разыходзіліся па розных пакоях, хадзілі туды-сюды. Гэты факт я папрасіў зафіксаваць у пратаколе. Таксама яны не прапанавалі ўласніку кватэры, маёй жонцы, прысутнічаць у кватэры падчас ператрусу. Наадварот, яны сказалі ёй, каб ішла на працу. Шэйко і Ракоўскі сцвярджалі, што крымінальнай справы няма, і гэта проста праверка. Мае правы мне не растлумачылі, таксама мне не пакінулі ніякіх дакументаў, якія б сведчылі аб праведзеным ператрусе,- адзначыў блогер.

Алег Жалноў збіраецца звяртацца ў пракуратуру, каб скардзіцца на дзеянні міліцыі. Калі гэта не дапаможа, будзе звяртацца ў адміністрацыю прэзідэнта.

Нагадаем, санкцыі на ператрус былі падпісаны пракурорам Артурам Карапецянам, а таксама намеснікамі начальніка УУС Віталём Харлапавым і Аляксандрам Сяргеевым. Падставай стала заява супрацоўніка ДАІ Яўгена Сераштанава, які просіць распачаць супраць блогера крымінальную справу за абразу яго гонару і годнасці.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international