Гомель: Кастусь Жукоўскі звярнуўся са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН

2013 2013-10-22T17:45:45+0300 2013-10-22T17:45:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zukoyski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канстанцін Жукоўскі

Канстанцін Жукоўскі

Гомельскі грамадскі актывіст Кастусь Жукоўскі звярнуўся 22 кастрычніка са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН. Ён лічыць, што беларускі ўрад парушыў яго права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання меркавання (артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах).

Актывіст лічыць, што дадзеныя яго правы былі парушаныя Гомельскім гарвыканкамам, які адмовіў яму ў правядзенні пікету. Масавае мерапрыемства Кастусь Жукоўскі планаваў правесці 1 красавіка. Планаваны пікет павінен быў прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы зносу ў цэнтры Гомеля ўнікальнай драўлянай забудовы.

Але гарвыканкам не дазволіў правядзенне пікету, матываваўшы гэта тым, што масавае мерапрыемства плануецца не ў вызначаным для гэтага месцы, а таксама не заключаны платныя дамовы з міліцыяй, «хуткай» і камунальнікамі (як таго патрабуе рашэнне выканкаму «Аб масавых мерапрыемствах»).

Адмову заяўнік пікету абскардзіў у судзе, спачатку – раённым, затым – абласным і Вярхоўным. Але гэта не прынесла плёну. Таму, вычарпаўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, Кастусь Жукоўскі звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН.

У індывідуальнай скарзе ён звяртае ўвагу, што на момант планаванага пікету ў Гомелі з насельніцтвам амаль 500 тысяч была толькі адна пляцоўка, вызначаная для такіх мэтаў, як масавыя мерапрыемствы. А да правядзення пікету яшчэ і трэба заключыць платныя дамовы з адмысловымі службамі. «Практыка прымянення дадзенага рашэння прывяла да таго, што мае правы на мірныя сходы, на выказванне меркавання былі парушаны», - піша ў скарзе актывіст.

Ён просіць прызнаць парушэнне ягоных правоў і даць рэкамендацыі беларускаму ўраду прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць міжнародным абавязкам.

«Беларускія чыноўнікі адмаўляюцца прызнаваць правы і свабоды сваіх грамадзян, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі РБ. Напрыклад, у Гомельскай вобласці мясцовыя ўлады за апошнія дзесяць гадоў не дазволілі правесці ніводнага мірнага сходу. А заяўкі падавалі на правядзенне мітынгаў і пікетаў больш чым 200 разоў – і ніводнага дазволу. Сёння можна сцвярджаць, што ў нашай краіне знішчана сама сутнасць права кожнага на мірны сход, і, як вынік – на свабоду выказвання свайго меркавання», - пракаментаваў праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагаў актывісту рыхтаваць скаргу.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international