Праваабарончы цэнтр “Вясна” вітае Паўла Севярынца на волі!

2013 2013-10-19T12:50:02+0300 2013-10-19T13:02:04+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sieviaryniec_pavel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Севярынец. Фота baj.by

Павел Севярынец. Фота baj.by

19 кастрычніка сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) палітвязень Павел Севярынец вызвалены са спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе адбываў трохгадовае пакаранне за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года.

Як паведамляе БелаПАН, сябры, паплечнікі і журналісты планавалі сустракаць Севярынца ў Пружанскім раёне, бо меркавалася, што ён выйдзе на волю каля 10.00. Аднак прыкладна ў 6.00 стала вядома, што Павел ужо знаходзіцца на шляху ў Мінск. У 3.30 яго вывезлі са спецкамендатуры і пасадзілі на цягнік Брэст — Масква, які прыбыў у сталіцу ў 8.42.

Павел Севярынец, які падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў кіраваў выбарчым штабам кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад БХД Віталя Рымашэўскага, адбываў трохгадовае пакаранне за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года. Яго арыштавалі ў ноч на 20 снежня на выхадзе з плошчы Незалежнасці. Пяць месяцаў пасля арышту Севярынец правёў у следчым ізалятары КДБ. 

У маі 2011 года суд Заводскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі ў Куплінскай спецкамендатуры № 7. 

Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Паўла Севярынца палітычным зняволеным. Яго вызвалення патрабавалі Еўрасаюз і ЗША.

Ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні і ў амністыі Севярынцу было адмоўлена. Паводле яго слоў, умоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ) да яго не прымянілі таму, што для ўлады было прынцыпова паказаць сваю сілу. Да таго ж палітык не пісаў прашэнне аб УДВ.

Севярынец расказаў, што сёння ў палову чацвёртай раніцы яго раптам разбудзілі супрацоўнікі спецкамендатуры і загадалі збіраць рэчы. Пасля гэтага яго даставілі на чыгуначную станцыю і ўручылі білет на цягнік да Мінска. Паводле слоў Паўла, супрацоўнікі міліцыі нават дапамагалі яму несці багаж, а намеснік начальніка спецкамендатуры з усмешкай заявіў, што, паколькі ў Севярынца дзве судзімасці, "ісці ў прэзідэнты" ён ужо не можа.

Паводле слоў палітыка, спадарожнікі, з якімі яму давялося ехаць у цягніку, пазналі яго, выказвалі сваю падтрымку і цікавіліся лёсам іншых асуджаных па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года.

Севярынец таксама расказаў, што, прыбыўшы ў Мінск і даведаўшыся пра затрыманне журналістаў, ён паспрабаваў прайсці ў дзяжурную частку, дзе знаходзіліся затрыманыя. Аднак яму параілі хутчэй сыходзіць, адзначыўшы, што, як толькі ён пакіне вакзал, журналістаў адпусцяць.

Паводле меркавання Севярынца, татальных затрыманняў сёння ўдалося пазбегнуць таму, што ў Мінску цяпер працуе місія Міжнароднага валютнага фонду, у якога ўлады Беларусі збіраюцца прасіць чарговы крэдыт.

Паводле слоў палітыка, першае, што ён хацеў бы зрабіць, — гэта памыцца, бо яго паднялі ноччу. Аднак адпачыць сёння Севярынцу не ўдасца — ён мае намер наведаць пасяджэнне двух аргкамітэтаў па святкаванні 25-годдзя БНФ. Акрамя таго, 20 кастрычніка палітыка чакаюць на з'ездзе "Маладых хрысціянскіх дэмакратаў", а на 22 кастрычніка ў Севярынца запланавана сустрэча з журналістамі і грамадскасцю.

Акрамя гэтага, 21 кастрычніка Севярынец павінен стаць на ўлік у РАУС па месцы жыхарства, у Віцебску. Патрабаванняў па працаўладкаванні яму не выстаўлялі, аднак папярэдзілі, што палітык павінен паведамляць пра ўсе змяненні ў сваім жыцці — няхай гэта будзе прапіска, сямейнае становішча ці штосьці іншае.

Павел Севярынец таксама заявіў, што мае намер працягваць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю.  

Паводле інфармацыі БелаПАН 



 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international