Брэсцкая журналістка працягвае судзіцца за абразу. І бачыць у гэтым сэнс

2013 2013-10-17T12:20:18+0300 2013-10-17T12:20:18+0300 be

Сябра ГА “БАЖ” з Брэста Мілана Харытонава накіравала скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суда РБ, у якой аспрэчвае раней вынесенае судамі раённага і абласнога ўзроўню рашэнне ў справе абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Як ужо паведамляла служба маніторынгу ГА “БАЖ”, суд Маскоўскага раёна Брэста 20 сакавіка 2013 года адмовіў Харытонавай у пазове, паводле якога ў якасці адказчыка быў прыцягнуты карэспандэнт дзяржаўнага выдання “Брестский вестник” Уладзімір Міневіч, які змясціў абразлівыя каментары ў дачыненні да незалежнай журналісткі на адным з брэсцкіх інтэрнэт-парталаў.

У часе разгляду гэтай справы была прызначана лінгвістычная экспертыза допісаў адказчыка, якая прыйшла да высноваў, што ніякіх абразаў у допісах карэспандэнта “Брестского вестника” не было: ён толькі выказваў свае негатыўныя меркаванні, але гэта не забаронена Канстутыцыяй і беларускім заканадаўствам. На падставе гэтых высноваў суд адхіліў пазоў. Судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда сваім вызначэннем ад 6 мая пакінула касацыйную скаргуМіланы Харытонавай без задавальнення, а рашэння суда першай інстанцыі – без зменаў. 

У сваёй скарзе на імя старшыні Вярхоўнага суда РБ сябра ГА “БАЖ” называе рашэнне суда і вызначэнне судовай калегіі незаконнымі і неабгрунтаванымі, просіць запатрабаваць з суда Маскоўскага раёна г.Брэста матэрыялы згаданай грамадзянскай справы і ўнесці пратэст наконт адмены рашэння суда і вызначэння судовай калегіі па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда, пасля чаго накіраваць справу на новы разгляд у суд касацыйнай інстанцыі.

Мы пагутарылі з Міланай Харытонавай пра матывы яе ўпартага змагання і  некаторыя станоўчыя наступствы інцыдэнту.

– Я ўжо моцна не спадзяюся, што рашэнне зменіцца, – кажа Мілана, маючы на ўвазе зварот у Вярхоўны суд. – Таму я падумваю звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Я хачу разглядаць справу ў больш шырокім кантэксце – не проста што нейкі чалавек мяне абразіў, а што суд першай інстанцыі з нейкіх прычын пакрывае яго. Між тым, гэта не быў нейкі суперважны чыноўнік, якога варта было б так ратаваць.

– Многія лічаць за лепшае паберагчы час і нервы і «замяць» гісторыю з крыўдай. Чаму Вы трымаецеся іншай думкі?

– Суд – гэта, канешне, марудная справа. Але большасць калег падтрымлівае мяне ў думцы, што з гэтым штосьці рабіць. Можа, мая гісторыя для кагосьці стане прыкладам?..

Дарэчы, і адміністратар, і некаторыя наведнікі парталу, на якім з'явіліся абразы, заўважылі пэўныя змены ў паводзінах «праўладных» троляў. Яны, канешне, спрабуюць зневажаць і журналістаў, і апазіцыянераў, але ў цэлым сталі больш карэктныя і ўжо не называюць канкрэтных прозвішчаў, каб з пункту гледжання закона цяжэй іх было прыцягнуць да адказнасці.

– Пасля судоў па Вашай скарзе былі яшчэ аналагічныя выпадкі, але з іншым заходам. Асабліва нарабіла шуму гісторыя з драматургам Карэліным, якога аштрафавалі на 7 мільёнаў за знявагу міліцыянтаў у каментарах на форуме. Як Вы лічыце, чаму гэтая справа скончылася менавіта так?  

– Калі гэтага чалавека аштрафавалі, я спачатку падумала: ну, можа там сапраўды моцная нейкая лаянка была. Залезла і ўважліва ўсё праглядзела, нават некалькі разоў перачытала. Калі ўжо па маёй справе суд не знайшоў да чаго дачапіцца, то тут, на мой погляд, зусім не было нічога, што можна было б палічыць абразай. Я лічу, гэта толькі з-за таго, што гэта міліцыянты.

– Як складваюцца Вашы стасункі з журналістам, з якім Вы судзіліся?

– Зараз мы неяк па працы не перасякаемся. Ён наведвае толькі афіцыйныя мерапрыемствы, я ўсё ж хаджу на іх меней... Калі мы ўсё ж аказваемся ў адным месцы, ён паводзіць сябе так непрыкметна, што яго не заўважаю.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international