Павел Севярынец пра “хімію”, палітыку і асабістае

2013 2013-10-16T11:05:26+0300 2013-10-16T11:05:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sieviaryniec-2013.jpg
Павел Севярынец. Фота Барыса Гарэцкага

Павел Севярынец. Фота Барыса Гарэцкага

У суботу сканчаецца тэрмін абмежавання волі вядомага сябра ГА “БАЖ” Паўла Севярынца. Палітык і публіцыст быў арыштаваны на выхадзе з Плошчы Незалежнасці ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года, пяць месяцаў правёў у СІЗА КДБ, а 16 мая 2011-га быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў.

За два з паловай гады, якія Павел Севярынец вымушаны быў дасядзець на так званай “хіміі” ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, яго наведалі каля тысячы чалавек: журналісты, праваабаронцы, дыпламаты, паплечнікі. У бліжэйшую суботу сустракаць Севярынца ў вёску Куплін зноў збіраюцца дзясяткі чалавек.

Напярэдадні вызвалення прэс-служба ГА “БАЖ” пагутарыла з Паўлам пра адчуванні, планы, сумневы і спадзевы.

– Як паўплывалі на Вас гэтыя амаль два з паловай гады? Які адбітак застаўся?

– Адсідка, якая зараз падыходзіць да завяршэння, была для мяне асаблівым духоўным падарожжам. Гэта быў момант, калі ў мяне быў дадатковы час на разважанні, малітвы, чытанне літаратуры, нейкія думкі, спорт. Таму дзякуй Богу за Куплін. Апроч гэтага, за два з паловай гады гады я атрымаў больш чым 2500 лістоў – фактычна, па тысячы на год. На ўсе з іх, дзе быў зваротны адрас, я намагаўся адказаць. І я вельмі ўдзячны тым людзям з Пружанаў, Бярозы, Кобрына, Брэста і Мінска, якія ўвесь гэты час мне дапамагалі.

Вялізная мая падзяка таксама ўсім сябрам і кіраўніцтву ГА “БАЖ”. Калі б не ваша падтрымка і ўвага, мой тэрмін на “хіміі” мог быць зусім іншым.

Гэта быў беспрэцэдэнтны марафон салідарнасці. Я ніколі не адчуваў сябе пакінутым без увагі. Часам такая ўвага сяброў нават крыху напружвала адміністрацыю папраўчай установы, але з ёй у мяне таксама склаліся нармальныя стасункі.

Таксама мая адсідка – гэта кніга “Беларуская глыбіня”. Восемдзесят пяць эсэ, якія публікавала газета “Наша Ніва”. Калі выйду з “хіміі”, адразу пачну рыхтаваць яе да друку. Спадзяюся выдаць яе цягам некалькіх месяцаў.

– Не шкадуеце пра падзеі 19 снежня? Як сёння паступілі б у той сітуацыі?

– На Плошчы сапраўды трэба было рабіць усё па-іншаму. Трэба было яднацца, трэба было яднаць людзей на нейкім маральным грунце. Зразумела, што ў наступны раз нельга паўтараць такіх памылак. Пасля Плошчы пачаўся татальны заняпад нацыянальнага руху, большасць актыўных людзей апынулася за кратамі і згубіла надзею. Усё гэта палітыкі павінны былі прадбачыць.

– Тым часам прэзідэнцкая выбарчая кампанія зусім не за гарамі – роўна праз два гады. Якія галоўныя высновы з той кампаніі?

– Галоўная выснова – неабходнасць стварэння маральнага ядра апазіцыі. Па-першае, апазіцыя павінная быць адзінай. Раз’яднаная апазіцыя нічога не даможацца ў гэтай краіне. Па-другое, пратэст павінен быць не проста дзеля пратэсту, а мы павінныя змагацца “за”. За маральнасць, за незалежнасць. Нашае змаганне павінна быць у першую чаргу не ў плоскасці эканамічнай, палітычнай ці яшчэ якой, а ў плоскасці маральнай. За кім мараль? За кім свабода? За кім вера? Такія людзі абавязкова будуць перамагаць.

Таму перакананы, што цяпер большасць апазіцыйных палітыкаў гэта разумеюць.

– Якія планы пасля вызвалення? Ці збіраецеся вяртацца ў палітыку?

– З палітыкі мне не давалі сыходзіць ні сябры, ні ўлада. Іншая справа, што двухгадовая судзімасць выключае мой удзел у выбарах нават дэпутатаў сельсаветаў. Таму пакуль буду працягваць працу ў якасці аднаго з кіраўнікоў аргкамітэту партыі.

– Літаратурныя планы. Да свайго зняволення Вы актыўна рыхтавалі да друку свой будучы раман...

– Пра “Беларускую глыбіню” я ўжо казаў. Што тычыцца майго будучага рамана, думаю, гэта справа не гэтага і нават не наступнага года. Хачу яшчэ нейкі час папрацаваць над творам, бо гэта не проста публіцыстыка, а сапраўдная мастацкая літаратура.

– А што з асабістым жыццём? За час адсідкі пасля Плошчы са сваімі абранніцамі вызначыліся Павел Вінаградаў, Зміцер Дашкевіч, многія іншыя. Вы яшчэ не саспелі змяніць барыкады на сямейную цеплыню?

– З гэтым пытаннем пачакайце трошкі... (усміхаецца).

– Павел, да вызвалення засталіся лічаныя дні. Вы ўжо вырашылі, што зробіце ў суботу найперш?

– Безумоўна! Часу падумаць было вельмі багата. Ужо на мінулым тыдні я звольніўся з працы, таму апошнія дні збіраю рэчы і рыхтуюся да вызвалення.

Пасля вызвалення скіруюся ў Мінск, дзе адразу маю намер наведаць абодва аргкамітэты па святкаванні 25-годдзя Беларускага народнага фронту. У суботу спаўняецца 25 год з моманту заснавання БНФ, і абедзве цяперашнія партыі мяне запрасілі на святкаванне.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international