Лідар БКДП патрабуе ад міністра працы і сацабароны тэрмінова разабрацца ў канфліктнай сітуацыі на Мазырскім НПЗ

2013 2013-10-15T14:36:28+0300 2013-10-15T14:36:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/jaroshuk_s.jpg
Аляксандр Ярашук

Аляксандр Ярашук

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук накіраваў зварот міністру працы і сацыяльнай абароны Марыяне Шчоткінай у сувязі з галадоўкай прафсаюзных актывістаў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Галадоўка, нагадаем, пачалася 14 кастрычніка. Яе аб'явіў лідар Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Мазырскага НПЗ Юрый Швец у знак пратэсту супраць націску на прафсаюзных актывістаў. Падставай для акцыі пратэсту стала звальненне пяці членаў БНП. Да галадоўкі Юрыя Швеца далучыўся і яго намеснік Васіль Альхоўскі. У сваю чаргу, у адміністрацыі НПЗ заяўляюць аб законнасці звальнення членаў незалежнага прафсаюза.

У сваім звароце Аляксандр Ярашук патрабуе экстранна склікаць Савет па пытаннях удасканальвання заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сферы пры Міністэрстве працы і сацабароны з запрашэннем на пасяджэнне адміністрацыі Мазырскага НПЗ і кіраўніцтва БНП для "неадкладнага прыняцця мер па спыненні дыскрымінацыі арганізацыі і расправы над яе членамі".

"Калі з боку ўрада не будуць ажыццёўлены неадкладныя дзеянні па спыненні самавольства і распраў над членамі незалежных прафсаюзаў, іх дыскрымінацыі, прыклад з Юрыя Швеца і Васіля Альхоўскага могуць узяць, пайшоўшы на такія і яшчэ больш адчайныя акцыі пратэсту, іншыя", — цытуе тэкст звароту сайт БКДП.

"Пастаянны пераслед рабочых за прыналежнасць да незалежных прафсаюзаў вымушае іх адважвацца на радыкальныя дзеянні. БКДП не можа і не будзе абыякава назіраць, як учыняецца насілле і расправа над членамі яго прафсаюзаў, і не стане абмяжоўвацца толькі заявамі і заклікамі спыніць беззаконнасць і пакончыць з бязладдзем у дачыненні да нашых таварышаў", — гаворыцца ў звароце лідара кангрэсу.

Тым часам галадоўка ў Мазыры працягваецца. Як паведаміў БелаПАН Васіль Альхоўскі, ён і Юрый Швец знаходзяцца ў працоўным кабінеце. Прадстаўнікі адміністрацыі з імі не звязваліся. Сёння на завод павінен прыехаць Аляксандр Ярашук і старшыня БНП Мікалай Зімін.

БНП 15 кастрычніка выступіў з заявай "Аб сітуацыі, што склалася на ААТ "Мазырскі НПЗ". У ёй паведамляецца, што 16 кастрычніка прадстаўнікі прафсаюза маюць намер абмеркаваць сітуацыю з кіраўніцтвам канцэрна "Белнафтахім".

"Мы спадзяемся на цывілізаванае вырашэнне гэтай праблемы шляхам перамоў. Аднак Беларускі незалежны прафсаюз ажыццявіць усе даступныя дзеянні па абароне звольненых членаў прафсаюза з выкарыстаннем усіх законных мер", — падкрэсліваецца ў заяве.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international