Міжнародная назіральніцкая місія і запуск Маскоўскага механізма АБСЕ у дачыненьні да Беларусі

2013 2013-10-15T08:53:10+0300 2013-10-21T14:03:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі падчас суду

Алесь Бяляцкі падчас суду

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі, з блогу на "Белпартызане".

Літаральна праз некалькі дзён пасьля катастрофы 19 сьнежня прыйшоў да нас на офіс “Вясны” расійскі праваабаронца Андрэй. Сам ён быў з Варонежа і ўзначальваў расійскі моладзевы праваабарончы рух, хаця яму ўжо гадоў каля 40 і называць яго маладым праваабаронцам ніяк не выпадае. Але ж гэта, мабыць, у нас, у Беларусі. А ў Расіі, дзе яшчэ актыўнічае і 70-гадовая і 80-гадовая праваабарончая гвардыя, такія легендарныя ўжо асобы, як Юры Арлоў, Людміла Аляксеева, Сяргей Кавалёў, то пэўна, што Андрэй быў яшчэ “маладым” праваабаронцам.

Беларускі ж праваабарончы рух не такі стары. Вось мне — 50, а я ўжо лічы што ветэран. А большая частка актыўных, вопытных і аўтарытэтных праваабаронцаў маладзейшая за мяне.

Андрэй займаўся ў асноўным праваабарончай адукацыяй, чытаў лекцыі на семінарах і для беларусаў, шчыльна супрацоўнічаў зь Вярхоўным камісарам па правах чалавека Рады Еўропы. Мы зь ім неаднаразова сустракаліся на праваабарончых імпрэзах у Варшаве, Вільні, Страсбургу. Андрэй, высакаваты і грузнаваты, у вечнай камізэльцы, з бакенбардамі, з крыху вальяжнымі манерамі, быў заўсёды добразычлівы і любіў пагаварыць.

Мы ўселіся на варыўні, пілі гарбату і размаўлялі. У гэты самы час ва ўсіх астатніх пакоях кіпела праца. Прыходзілі і выходзілі заплаканыя сваякі зьняволеных, удакладняліся і даваліся велізарныя сьпісы затрыманых, не змаўкалі, дзынкалі і сьпявалі тэлефоны. Андрэй прыйшоў параіцца, у чым бы расійскія, ды і не толькі, праваабаронцы маглі б у гэты час быць карыснымі для нас. “Мы ні ў якім разе не хочам вам замінаць”, — казаў ён. Мы вызначыліся, што найважнейшай была б інфармацыя пра бягучыя падзеі ў Беларусі, якую яны рыхтавалі б як незалежныя назіральнікі для разнастайных расійскіх і міжнародных, замежных інстытуцыяў.

Неўзабаве быў кінуты заклік, і да расіянаў далучыліся праваабаронцы з Украіны, Арменіі. Некалькі дзясяткаў замежных праваабарончых арганізацыяў падтрымалі ідэю міжнароднага маніторынгу. Місія ператварылася ў міжнародную. І гэта была сапраўдная інтэрнацыянальная дапамога, карысная і патрэбная, бо ў беларускіх праваабаронцаў на ўсё на хапала рук.

Нашыя сябры рыхтавалі прэс-рэлізы па-руску і па-ангельску і шырока раскідвалі іх па Расіі, Еўропе і па ўсім сьвеце. Яны працавалі вахтавым метадам. На які тыдзень прыязджалі адныя і зьязджалі іншыя, так што ў Беларусі заўсёды знаходзілася група зь некалькіх чалавек. Малапрыкметныя, замяняльныя, назіральнікі нікуды асабліва не ўлазілі і не сьвяціліся надарэмна. Але яны заўсёды імкнуліся быць там, дзе штосьці адбывалася, ці дзе кагосьці затрымлівалі, ці ў каго праходзіў вобшук. А калі накапілася даволі фактаў, то міжнародная місія падрыхтавала некалькі бягучых аналітычных запісак, а праз колькі месяцаў і свой даклад. Амаль штодзень зьяўляліся бягучыя прэс-рэлізы па ацэнцы сітуацыі ў Беларусі.

Паралельна ў нетрах місіі ўзьнікалі розныя праваабарончыя ініцыятывы. Не ведаю, хто быў аўтарам гэтай ідэі, але даволі хутка сасьпела думка паспрабаваць у дачыненьні да Беларусі задзейнічацьМаскоўскі механізм АБСЕ. Мы, натуральна, падтрымалі гэтую ідэю.

Беларусь зьяўляецца сябрам АБСЕ. Гэтае сяброўства перайшло нам у спадчыну ад Савецкага Саюза. Менавіта ў час утварэньня АБСЕ, у 1975 годзе, краінамі-ўдзельніцамі былі падпісаныя Хельсінкскія пагадненьні, у рамках “разрадкі”, зьмякчэньня супрацьстаяньня Захаду і краінаў сацыялістычнага блока на чале з Савецкім Саюзам. Для праваабаронцаў жа Хельсінкскія пагадненьні былі каталізатарам для стварэньня шырокага міжнароднага праваабарончага руху.

Гэтаксама ў рамках АБСЕ былі прынятыя іншыя міжнародныя пагадненьні, адным з якіх зьяўляецца і так званы Маскоўскі механізм, прыняты на нарадзе краінаў — удзельніц АБСЕ ў Маскве напачатку 90-х. Ягоны сэнс заключаецца ў тым, што ў пэўных выпадках, калі ў якой-небудзь краіне сябра АБСЕ адбываецца штосьці надзвычайнае, тады па ініцыятыве дзесяці краінаў — удзельніц АБСЕ ствараецца група дасьледаваньня, ці маніторынгу, гэтага здарэньня ці зьявы. Гэты механізм надзвычайны, бо, як правіла, у дзейнасьці АБСЕ ўсе дакументы і рашэньні прымаюцца кансэнсусам. Апошні раз Маскоўскі механізм быў ужыты пры дасьледаваньні падзеяў, якія адбыліся ў Андзіжане, ва Узбекістане ў 2006 годзе, дзе вайскоўцамі па загадзе ўладаў быў расстраляны мітынг і загінула больш за 500 чалавек, сярод якіх былі жанчыны і дзеці.

Мы меркавалі, што праца такой групы і падрыхтаваны ёю даклад па падзеях 19 сьнежня 2010 года будзе важкім фактам для аб’ектыўнай ацэнкі міжнароднай супольнасьці і прыняцьця адпаведных рашэньняў. Таксама мы спадзяваліся, што праца гэтай групы хоць у нейкай ступені паўплывае на будучыя крымінальныя працэсы над “дзекабрыстамі”, а таксама на іхні далейшы лёс.

З мэтаю прапанаваць запусьціць Маскоўскі механізм у студзені 2011 года адбылася сустрэча ў Вільні ў Міністэрстве замежных спраў Літвы. Чаму там? Бо ў 2011 годзе менавіта Літве пасьля Казахстана перайшло старшынства ў АБСЕ. Станоўчых момантаў для беларусаў, я маю на ўвазе дэмакратычную частку беларускага грамадства, было болей. Літоўская дзяржава, як сябра Еўрапейскага саюза, палітычна далучылася да судовай і жорсткай крытыкі беларускіх уладаў у сувязі з ламаньнем правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў пасьля 19 сьнежня 2010 года. Літоўцы, як нашы суседзі, меркавалі адыграць прыкметную ролю ва ўрэгуляваньні гэтага міжнароднага палітычнага канфлікту. Літоўскія палітыкі і ўрад мелі дастаткова інфармацыі, каб уяўляць, што ж адбылося падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Іхнія палітычныя эліты таксама добра памяталі савецкі таталітарны прыгнёт, а літоўскі народ адчуў усе яе “дасягненьні” на ўласнай скуры.

Але, зь іншага боку, менавіта суседнія Літва ды Латвія з краінаў ЕС хіба што найболей уцягнуліся ў гандаль зь Беларусьсю. Планы далейшага разьвіцьця супрацоўніцтва былі сур’ёзныя і вялікія. Таму пагаршэньне палітычных стасункаў, якое цягнула за сабой непазьбежнае пагаршэньне і эканамічных сувязяў, было малапрыемным сюрпрызам для літоўскіх палітыкаў і дыпламатаў.

У МЗС мы сустракаліся з чыноўнікам, адказным за старшынства Літвы ў АБСЕ. Гэта быў сталага веку, за 60 гадоў, маларухомы і інфантыльны, на першы погляд, дыпламат. Гледзячы і слухаючы яго, я падумаў, што жыцьцёвы досьвед прыносіць з сабой не толькі мудрасьць, але і стомленасьць.

Напачатку ён даволі скептычна паставіўся да нашых прапановаў. Ён павольна так, па-літоўску, разважаў, а ці знойдзецца неабходная колькасьць дзяржаваў для ініцыяцыі Маскоўскага механізма, ці ўдасца створанай групе сабраць дастаткова матэрыялаў для падрыхтоўкі якаснага дакладу, ці пусьцяць, урэшце, групу ў Беларусь і як адрэагуюць беларускія ўлады на дзейнасьць гэтай групы і на падрыхтаваны ёю даклад. Мы спрабавалі адказваць на гэтыя пытаньні, разважалі, мадэлявалі розныя сітуацыі, і нашая размова хутчэй нагадвала не афіцыйную сустрэчу, а сяброўскую гутарку.

Зь ягоных словаў я зразумеў, што падзеі 19 сьнежня і паводзіны беларускіх уладаў былі поўнай нечаканасьцю для літоўцаў, бо яны, на думку літоўцаў, не мелі ніякай логікі і былі на шкоду самой уладзе. А вось мы, праваабаронцы, добра разумелі, што тое, што здавалася нелагічным і ненармальным для прызвычаеных ужо да цывілізаваных паводзінаў у палітыцы літоўцаў, насамрэч было вельмі натуральным для нашых уладаў. І разгон маніфестацыі 19 сьнежня 2010 года стаяў у адным шэрагу з разгонамі дэманстрацыяў у 1996, 1997, 1999, 2006 гадах. Мы, беларускія праваабаронцы, якія ўсе гэтыя гады адсочвалі і зьбіралі інфармацыю аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, ведалі гэта лепей, чым хто-небудзь. Штогод тысячы людзей перасьледаваліся самым розным чынам. За свае палітычныя перакананьні, за грамадскую і палітычную дзейнасьць.

Занадта даверлівымі і рацыянальнымі адначасова сталі літоўцы. Занадта рана яны пастараліся забыцца на тое, што такое аўтарытарны рэжым.

Урэшце, як мне падалося, мы крыху разварушылі літоўскага дыпламата. Падчас размовы стомленасьць у ягоным поглядзе зьнікла, і ён актыўна і неабыякава падтрымліваў гутарку.

Пасьля сустрэчы мы абмяняліся паміжсобку думкамі. Высновы былі такія: мо з гэтага рая што і будзе.

Пасьля гэтай сустрэчы мінула два з паловай месяцы, і 6 красавіка 2011 года Маскоўскі механізм у дачыненьні да Беларусі быў запушчаны. Яго падтрымалі 14 дзяржаў — сяброў АБСЕ.

У адзін з чарговых прыездаў Андрэя ў Беларусь, у групу міжнароднай назіральніцкай місіі, ягозатрымалі міграцыйныя службы і паставілі ў ягоны расійскі пашпарт беларускі штэмпель, які забараняе ўезд у Беларусь, і выправадзілі зь Беларусі. Ён быў першым выкінутым зь Беларусі праваабаронцам зь міжнароднай назіральніцкай місіі, але не апошнім. Беларускія ўлады ўрэшце заўважылі місію нашых замежных калегаў і не пажадалі бачыць іх у Беларусі. Ім хапала клопату і са сваімі праваабаронцамі. Ад нашых сяброў зь міжнароднай назіральніцкай місіі атрымалі яны, між іншага, і Маскоўскі механізм АБСЕ па Беларусі.

Я, шчыра кажучы, быў моцна зьдзіўлены. Тое, што напачатку здавалася голай і нерэальнай ідэяй, на практыцы спрацавала. Гэтая ідэя з Маскоўскім механізмам была чыста няўрадавай ініцыятываю. І дзякуючы дзеяньням праваабаронцаў нам удалося запусьціць гэты механізм у патрэбным накірунку. Натуральна, што і пасьля гэтай сустрэчы ў МЗС Літвы былі яшчэ дзясяткі размоваў з палітыкамі, дыпламатамі розных краінаў — удзельніц АБСЕ, дзе мы ў розных месцах, пры розных нагодах казалі адно і тое ж. Намі быў створаны і распаўсюджаны дакумент, у якім мы, прадстаўнікі беларускіх і замежных праваабарончых арганізацыяў, сьцьвярджалі, што такі міжнародны інструмент, як Маскоўскі механізм, быў бы вельмі карысным для паляпшэньня сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

І вось знайшлася неабходная колькасьць дзяржаваў — сяброў АБСЕ, якія выступілі за актывізацыю Маскоўскага механізма ў дачыненьні да Беларусі.

У выніку працы групы дасьледчыкаў у чэрвені 2011 года быў падрыхтаваны даклад. Даклад атрымаўся крытычны. Беларускія ўлады крытыкаваліся за парушэньне міжнародных пагадненьняў па абароне грамадскіх і палітычных правоў, якія Беларусь мусіла выконваць як іх падпісант.

Дзякуючы ж сваёй актыўнай рабоце ў маніторынгу пасьлявыбарчай сітуацыі ў Беларусі нашыя калегі з міжнароднай назіральніцкай місіі часта запрашаліся на розныя міжнародныя форумы ў якасьці эксьпертаў і вельмі дастойна там гаварылі пра існуючыя праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.

На маю думку, праца міжнароднай назіральніцкай місіі ў Беларусі пасьля выбараў 2010 года была ўнікальнай зьяваю. І па маштабу салідарнасьці праваабаронцаў з розных краінаў зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю, і па выніковасьці і эфектыўнасьці працы. За паўгода, а прыкладна столькі пратрымалася амаль безь перапынку міжнародная назіральніцкая місія ў Беларусі, была праробленая вялікая і прафесійная праца, напісаныя дзясяткі прэс-рэлізаў, падрыхтаваны даклад.

Падчас суду нада мной сябры-калегі зь місіі гэтаксама знаходзіліся ў судовай зале, тыя зь іх, хто мог уехаць у Беларусь. Нягледзячы на забарону, зьбіраўся прыехаць у Менск і Андрэй, але яго адгаварылі, папрасілі не ехаць, бо яго, расійскага грамадзяніна, чакаў тут немінучы арышт.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international