viasna on patreon

Бабруйск: Блогер Алег Жалноў судзіцца з супрацоўнікамі ДАІ

2013 2013-10-10T15:38:33+0300 2013-10-10T15:38:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dai.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алег Жалноў, вядомы сваім блогам, у якім выкрывае незаконныя дзеянні супрацоўнікаў ДАІ і міліцыі, зноў апынуўся ў судзе. На гэты раз мясцовыя “даішнікі” спрабуюць даказаць суддзі Наталлі Чарапуха, што Алег і яго сын Аляксей прымянілі да іх фізічную сілу. У сваю чаргу, Жалновы настойваюць на тым, што супраціўлення не аказвалі, а наадварот, самі сталі ахвярамі перавышэння паўнамоцтваў з боку супрацоўнікаў ДАІ.

Пачалася гэта гісторыя 4 верасня, калі Жалновы праходзілі будынак ДАІ і ўбачылі, што на тратуары прыпаркаваныя два аўтамабілі. Яны спынілі інспектара Аляксандра Бутоўскага, які выяжжаў на службовым аўто, і папрасілі аформіць парушэнне ПДР. Даішнік адмовіўся, сказаў, што яго працоўны дзень завершаны. Алег Жалноў папрасіў яго паказаць пасведчанне, “даішнік” адмовіўся, ён пачаў рухацца заднім ходам, пасля чаго выйшаў з машыны і паклікаў калег. Усе падзеі Аляксей Жалноў здымаў на камеру. Супрацоўнікі ДАІ казалі, што забараняюць весці здымкі, і імкнуліся закрыць аб’ектыў.Пазней да гэтага відэа Алег Жалноў дадаў і здымкі са знешняй камеры на будынку ДАІ, якія ўзяў у Следчым камітэце.

Інспектар Аляксандр Аляксандраў, які прыйшоў па просьбе Бутоўскага, заявіў, што аўтамабілі прыпаркаваныя не на тратуары, а на прылеглай тэрыторыі. Таксама ён папрасіў Жалнова прайсці ў будынак ДАІ, для складання пратакола, бо “ён парушыў 135 пункт ПДР “неабгрунтаванае перашкаджэнне руху транспартнага сродку”.

-Мяне і Аляксея сілком зацягнулі ў будынак. Пры гэтым мы не аказвалі супраціў, бо ведалі, з кім маем справу, - распавядае Алег Жалноў. - Я бачыў, як сына паклалі на падлогу, як выкручвалі яму рукі. Адзначу, што на вуліцы працавала камера знешняга назірання, і там “даішнікі” абыходзіліся з намі даволі мякка, - усяго пару разоў паклалі мяне на зямлю. А вось у самім будынку яны на нас добра адыграліся. Калі я паспрабаваў дапамагчы сыну падняцца з падлогі, мяне збілі з ног, паклалі тварам у зямлю, адабралі тэхніку, апранулі на рукі кайданкі і трымалі так, пакуль я не пачаў губляць прытомнасць. Адзначу, ў мяне цяжка хворы пазваночнік, і я ўвогуле не здольны супраціўляцца. Потым Аляксея пацягнулі ў адзін пакой, мяне ў іншы. Па дарозе Бутоўскі біў мяне па нагам, штурхаў, каб я ўдараўся галавой аб сцяну. Калі мяне зрэшты пасадзілі на крэсла, Бутоўскі шэптам сказаў мне: “усё, табе п..ц, ты разбіў мне губу і адраваў пагон, за гэта цябе дакладна пасадзяць”. Пры гэтым я бачыў, што на яго твары няма ніякай крыві і пашкоджанняў".

Пасля “размоваў” з супрацоўнікамі ДАІ Алегу Жалнову спатрэбілася дапамога медыкаў. Потым яго ў кайданках даставілі ў УУС, дзе дазволі папіць вады толькі праз чатыры гадзіны пасля затрымання, склалі пратакол, забралі асабістыя рэчы і адпусцілі дахаты.

- Пасля доўгай валтузні з дакументамі і матэрыяламі справы, 9 кастрычніка адбылося судовае пасяджэнне. На ім “даішнікі” даводзілі, што гэта я і Аляксей прымянялі фізічную сілу, - кажа Алег Жалноў. – Больш за тое, яны знайшлі “сведкаў”, якія мусяць дапамагчы засудзіць мяне па артыкулу 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка пры выкананні службовых абавязкаў). Я чытаў іх паказанні, розны ў іх толькі пачатак, асноўная частка як пад капірку, нават арфаграфічныя памылкі аднолькавыя. Відаць, хлопцаў не папярэдзілі пра адказнасць за ілжывыя сведчанні, калі яны гэта падпісывалі. Бабруйскія кіроўцы Максім Макарэвіч, Алег Капусцін і Сяргей Панчанка, якія ў той дзень заехалі па сваіх справах у ДАІ, даводзяць, што гэта мы з Аляксеем збілі “даішнікаў”, якія нават не супраціўляліся. Яны, нібыта, нават бачылі “пабіты твар аднаго з супрацоўнікаў”.

Але ў Следчага камітэта ёсць відэазапіс, на якім бачна, як інспектар Яўген Сераштанаў прымяняў болевы прыём, штурхаўся.

Алег Жалноў кажа, што “даішнікі” нават пагражалі яму прыцягненнем да адказнасці за тое, што размясціў у сваім блогу фота ўдзельнікаў гэтай гісторыі. Але, адзначае блогер, усе гэтыя фотаздымкі ён знайшоў у вольным доступе, у інтэрнэце.

-На гэтым пасяджэнні было забаронена здымаць не толькі відэа і фота, але і весці гуказапіс, так папрасілі супрацоўнікі ДАІ. Наступнае пасяджэнне прызначана на 15 кастычніка. Не ведаю, якое рашэнне вынесе суддзя, але хочацца спадзявацца, што пераможа справядлівасць. Мяне часта пытаюць, навошта я гэта ўсё раблю, іду насуперак? Усё вельмі проста: я хачу, каб нас ахоўвалі граматныя супрацоўнікі міліцыі і ДАІ, каторыя паважаюць Закон. Трэба, каб грамадзяне таксама ведалі свае правы, і не баяліся іх адстойваць, каб мы маглі ганарыцца сваёй краінай, - адзначыў Алег Жалноў.  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства