Менскі гарадзкі суд пакінуў без задавальненьня касацыйную скаргу сяброўкі Партыі БНФ Валянціны Сьвяцкай

2007 2007-04-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спадарыня Сьвяцкая прасіла адмяніць рашэньне суду Фрунзенскага раёну Менску, які пастанавіў не прыцягваць да адказнасьці генэрала Юр’я Сівакова. Заяўніца таксама дамагаецца маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі ад Беларускай асацыяцыі вэтэранаў спэцпадразьдзяленьняў Міністэрства ўнутраных справаў “Гонар”.

Падставай для звароту ў суд стала публікацыя Юр’я Сівакова ў часопісе асацыяцыі “Журнал специального назначения”.

Аўтар артыкулу даў станоўчую ацэнку кодэксу гонару афіцэра ў войску Гітлера. Фрунзенскі раённы суд не палічыў, што гэтымі выказваньнямі спадар Сівакоў абразіў гонар і годнасьць Валянціны Сьвяцкай.

Па звестках Радыё Свабода, 23 красавіка Менскі гарадзкі суд такое рашэньне падцьвердзіў. Вось як гэта пракамэнтаваў прадстаўнік асацыяцыі Альберт Таіпаў: “Калі мы выпадкова і закранулі патрыятычныя пачуцьці спадарыні Сьвяцкай, то і ад імя спадара Сівакова, і ад імя асацыяцыі мы папрасілі ў яе прабачэньня яшчэ ў раённым судзе.

Разам з тым, спадарыня Сьвяцкая суб’ектыўна ўспрыняла тую інфармацыю, якая была выкладзеная. І са свайго суб’ектыўнага гледзішча вытлумачыла так, як, мы мяркуем, ёй было выгадна. І суд прыняў цалкам абгрунтаванае рашэньне”.

Валянціна Сьвяцкая кажа, што не чакала станоўчага для сябе рашэньня ні ад раённага, ні ад гарадзкога судоў: “Вы думаеце, што я чакала нечага іншага? Я ж нічога і не чакала, бо ў нашай краіне, я лічу, пакуль што не працуе закон. Калі б барані Бог, нехта зь сяброў партыі напісаў бы такое, то і партыі ўжо не было б”.

Аднак яна не зьбіраецца адмаўляцца ад барацьбы: “Па-першае, тое, што гэты артыкул мяне абурыў, то я казала, кажу і буду казаць. Па-другое, гэтая справа ня мае тэрміну даўніны. А па-трэцяе, спадар Сівакоў усё ж адчувае дыскамфорт. Дык вось няхай гэтыя хвіліны дыскамфорту ён яшчэ перажыве”.

Як паведаміла Валянціна Сьвяцкая, неўзабаве яна будзе зьвяртацца ў Вярхоўны Суд Беларусі, а таксама накіруе заяву ў Камісію правоў чалавека пры ААН.

Юры Сівакоў пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах 1994 году ў розныя гады займаў пасады міністра ўнутраных справаў, міністра спорту, намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.

У верасьні 2004 году яго ўключылі ў сьпіс вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, якім Эўразьвяз пастанавіў забараніць выдачу візаў, бо іх падазравалі ў датычнасьці да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international