viasna on patreon

Віцебскі суд не заўважыў парушэння правоў на публічнае выкаванне сваіх меркаванняў

2013 2013-10-10T09:35:47+0300 2013-10-10T09:35:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Першамайскім райсудзе Віцебска адбыўся разгляд скаргі актывістаў, якія прасілі абавязаць раённыя ўлады даць дазвол на правядзенне пікета супраць размяшчэння расійскіх вайсковых баз. Але прадстаўнікі Першамайскай раённай адміністрацыі ўвогуле вырашылі не з'яўляцца на працэс, а суд пакінуў скаргу без задавальнення.

 

Скарга абласнога каардынатара руху "За свабоду" Хрыстафора Жаляпава і  прадстаўніка аргкамітэту па стварэнні партыі "Народная Грамада" Аляксея Гаўруцікава тычылася забароны на пікет 8 верасня. Яны прасілі суд абавязаць раённыя ўлады даць дазвол на правядзенне акцыі такой самай тэматыкі ў іншы час.

 

"Але з раённай адміністрацыі даслалі паперу, што просяць суд разгледзець скаргу ў іхную адстутнасць.  І суддзя Вольга Іванова не ўбачыла ніякіх прычынаў, каб абавязаць чыноўнікаў даць нам дазвол у наступны раз. Не прыйшлі на суд і прадстаўнікі Віцебскай абласной управы МУС. Мы прасілі, каб яны былі тут таксама, бо менавіта з гэтай структурай мы не змаглі заключыць дамову на абслугоўваннеакцыі, як патрабуе адпаведнае рашэнне Віцебскага гарвыканкаму. У рашэнні №881 запісана, што дамовы з ЖКГ, міліцыяй і медыкамі мусяць прыкладацца адразу да заяўкі. Хаця ў іншых гарадах паслядоўнасць адваротная: спачатку атрымліваюць дазвол, а потым заключаюць дамовы. Так рэгляментавана і законам аб масавых мерапрыемствах. Але ў Віцебску ўсё наадварот. І абласная ўправа МУС парушыла гэты парадак: там дачакаліся, пакуль з раённай адміністрацыі нам дадуць адмову з-за адсутнасці пацвярджэння на аказанне імі  паслугаў па ахове пікету, а потым даслалі свой адказ – маўляў, якая цяпер дамова, калі вам усе адно забаронена".

 

На разбор скаргі ў Першамайскі райсуд з'явіліся толькі прадстаўнікі цэнтральнай гарадской паліклінікі. З імі актывісты таксама не змаглі заключыць дамову, працягвае Аляксей Гаўруцікаў:

 

"Сёння нам было заяўлена, што ў выходныя хуткая дапамога бывае празмерна занятая. І раз мы свае акцыя прымяркоўваем да выходных дзён, калі людзям зручней прыходзіць, то і на дамову аб супрацоўніцтве няма чаго разлічваць.

Суддзя адхіліла нашу просьбу абавязаць адказныя структуры  заключыць з намі дамовы. І не ўбачыла падставаў, каб вынесці прыватнае вызначэнне наконт таго, што рашэнне гарвыканкаму невыканальнае, бо парушана рацыянальная паслядоўнасць атрымання дазволу на масавыя акцыі. Такім чынам, рашэнне Віцебскага гарвыканкаму №881 зноў не прызнана невыканальным і вартым выпраўлення, хаця насамрэч яго такое ёсць,  і нашы правы на публічнае выкаванне сваіх меркаванняў парушаюцца ўжо не першы год".

 

Гэтая спроба дабіцца праз суд  магчымасці правесці акцыю ў Віцебску ўжо не першая.  Аляксей Гаўруцікаў, Хрыстафор Жаляпаў ды іншыя актывісты ўжо спрабавалі судзіцца з раённымі адміністрацыямі і адказнымі службамі. Аднак плёну гэта не прынесла. На калектыўны ліст жыхароў Віцебску напісаны сёлета ўлетку,  таксама не было станоўчага адказу. У гарвыканкаме цвердзяць, што рашэнне аб арганізацыі і правядзенні масавых акцыяў прайшло юрыдычную экспертызу, што яно ўнесена ў рэестр дзяржаўных актаў, а таму бездакорнае, і не вымагае змянення.

Між тым за 3 гады дзеяння гэтага рашэння апазіцыйным актывістам не ўдалося атрымаць ніводнага дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў. 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства