Хоцімск: пададзена чарговая заяўка на пікет супраць замежных вайсковых баз

2013 2013-10-07T09:19:00+0300 2013-10-07T09:19:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/aviabaza.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На мінулым тыдні хоцімскія актывісты Партыі БНФ падалі ў мясцовы райвыканкам чарговую заяўку на правядзенне пікету супраць размяшчэння замежных вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі.

На гэты раз правядзенне пікету актывісты запланавалі на 20 кастрычніка на пляцоўцы перад  будынкам раённага Цэнтра культуры ў Хоцімску.

Па словах старшыні Хоцімскай раённай арганізацыі Партыі БНФ Валерыя Каранкевіча, яны вымушаны былі пайсці на перанос тэрміну мяркуемага правядзення пікету, бо ў супрацоўнікаў мясцовага райвыканкама зноў з’явіліся прэтэнзіі да тэксту пададзенай заяўкі.

“Мы меркавалі правесці ў Хоцімску пікет супраць размяшчэння замежных вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі 13 верасня на пляцоўцы перад Цэнтрам культуры, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Выбралі гэты дзень адмыслова, бо менавіта на гэты дзень там не запланавана правядзенне ніякіх мерапрыемстваў, я спецыяльна кансультаваўся на гэты конт у хоцімскіх ідэолагаў. Аднак на пачатку мінулага тыдня ў хоцімскіх чыноўнікаў зноў з’явіліся да нас прэтэнзіі. Спачатку ад мяне запатрабавалі спіс мяркуемых удзельнікаў пікетавання, на што я адказаў чыноўніцы, што няхай яна сама прыйдзе на пікет і ўсіх сама зможа ўбачыць, падача такога спісу не прадугледжана ніякім законам. Пасля ў яе з’явіліся прэтэнзіі да арфаграфіі заявы на правядзенне пікету, быццам бы не паўсюль па тэксту расстаўлены знакі прыпынку. Мы зноў усё перарабілі і падалі заяўку на правядзенне пікетавання супраць замежных баз ужо на 20 кастрычніка, бо на 13 кастрычніка чыноўнікі маглі адмовіць на падставе спазнення па тэрміну падачы.

Адразу бачна перадузятае стаўленне з боку хоцімскіх чыноўнікаў, яны любым чынам імкнуцца не дапусціць правядзення ў Хоцімску пікету супраць размяшчэння замежных вайсковых баз у Беларусі, прад’яўляючы прэтэнзіі літаральна да кожнай коскі. Калі ж я пайшоў скардзіцца на гэты конт да намесніка старшыні Хоцімскага райвыканкама Жаны Казаковай, то яна мяне “супакоіла” – “да Новага года часу яшчэ шмат, паспееце правесці”. Што яна мне хацела гэтым сказаць, я так і не зразумеў”, - кажа Валерый Каранкевіч.

Нагадаем, што раней Хоцімскі райвыканкам забараніў правядзенне пікету супраць размяшчэння замежных вайсковых баз у гарадскім пасёлку Хоцімск 8 верасня 2013 года.

Фармальнай падставай для забароны пікетавання каля мясцовага раённага Цэнтра культуры паслужыла  тое, што да заяўкі на правядзенне пікетавання нібыта не было прыкладзена абавязальніцтва па правядзенні пікетавання ў вышэй указаным месцы.

Самі мясцовыя актывісты БНФ сцвярджаюць, што абавязальніцтва па правядзенні пікетавання на імя старшыні Хоцімскага райвыканкама Фёдара Вішнеўскага было прыкладзена да заяўкі на пікет, аднак з-за невялікай апіскі ў тэксце, якую можна было выправіць за некалькі секунд, хоцімскія чыноўнікі нават не сталі яго разглядаць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international