З жыцьця бяздомных зэкаў

2013 2013-10-05T18:28:10+0300 2013-10-05T18:28:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/asoba_bpmzh.jpg
Былы асуджаны У. знайшоў выратаваньне ў менскай начлежцы. Фота: svaboda.org

Былы асуджаны У. знайшоў выратаваньне ў менскай начлежцы. Фота: svaboda.org

Паводле ацэнак праваабаронцаў «Плятформы», прыкладна кожны пяты асуджаны вяртаецца з-за кратаў у нікуды. Найчасьцей такія людзі ўліваюцца ў шэрагі бамжоў. Да новай пасадкі яны жывуць у падвалах або на звалках. Колькасьць зэкаў-бамжоў, зноў жа паводле ацэнак праваабаронцаў, — да 75% ад усіх бяздомных. Дакладнай статыстыкі няма. Найбольш бамжоў знаходзяць сабе прыстанак у Менску і абласных гарадах. Тут лягчэй выжыць: прасьцей знайсьці бутэлькі, месцы для начлегу, схавацца ад міліцыянтаў, нажабраваць міласьціны…

Як зэкі губляюць жытло

45-гадовы асуджаны адной зь беларускіх калёніяў Аляксандар пазваніў нам у рэдакцыю і апавёў сваю гісторыю. Зусім хутка ён выйдзе на волю, аднак куды ісьці — ня ведае. Па сутнасьці, гэта будзе ўжо яго трэцяе вяртаньне ў нікуды. Кватэру, у якой быў прапісаны, Аляксандар страціў яшчэ ў 1990-я, калі адбываў працяглае пакараньне за кратамі. У той час дзейнічала правіла: чалавека, які трапіў у месцы пазбаўленьня волі на тры гады і больш, аўтаматычна выпісвалі. Бацькі ж асуджанага кватэру прыватызаваць не пасьпелі — спачатку памерла маці, потым бацька.

Аляксандр на 100% упэўнены, што неўзабаве вернецца ў калёнію зноў. У сваім родным горадзе яму не застаецца нічога іншага, як бамжаваць. Жыльлём стане або склеп, або закінуты дом. Каб існаваць фізычна, пачне красьці. Далей усё па накатанай.

Паводле праваабаронцаў «Плятформы», гісторыя Аляксандра тыповая для тых, хто атрымаў судзімасьць у «ліхія» 1990-я. У той час карумпаваныя гарадзкія чыноўнікі праводзілі з кватэрамі асуджаных самыя розныя апэрацыі, пакідаючы чалавека ні з чым. Цяпер зьняволеныя ўсё часьцей становяцца ахвярамі сваіх жа родных і блізкіх. Зэкам абяцаюць дапамагчы выгадна прадаць жыльлё, каб набыць меншую кватэру з грашовай даплатай. Асуджаныя нярэдка вядуцца на падобныя прапановы, складаюць генэральную даверанасьць — і страчваюць усё.

Апынуўшыся на волі сам-насам са сваімі праблемамі, шмат хто, як і Аляксандар, ня бачыць альтэрнатывы бадзяжніцтву. Некаторыя спрабуюць знайсьці часовы прытулак у так званых начлежках. Гэта ўсё ж не падвал і ня звалка. Тут разам з дахам над галавой чалавек мае ложак з чыстай бялізнай, можна прыняць душ, атрымаць гарачае харчаваньне, прадметы гігіены, пры неабходнасьці — мэдыкамэнты… Калі ў былога зэка ёсьць рэгістрацыя ў міліцыі гэтага гораду, калі ён пройдзе мэдагляд на прадмет наяўнасьці заразных захворваньняў і дэзынфэкцыю, праблемаў з атрыманьнем месца няма.

Начлежкі — альтэрнатыва падвалам?

Дамы для гарадзкіх бяздомных, якія давалі прытулак у тым ліку і былым арыштантам, на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўпершыню зьявіліся ў канцы 19 стагодзьдзя. Самы вядомы Менскі гарадзкі начлежны прытулак № 1 быў адкрыты ў 1894 годзе. Начлежка месьцілася на беразе Сьвіслачы на Аляксандраўскай набярэжнай, 1 (цяпер гэта вуліца Багдановіча, 1). За савецкім часам падобныя дамы пазачынялі. Традыцыя аднавілася толькі ў 2001-м. Першы прытулак для бамжоў на 92 месцы — Дом начнога перабываньня для асобаў бяз пэўнага месца жыхарства — адкрыўся ў Менску на вуліцы Ваўпшасава, 42 (у Дражні). Потым падобныя ўстановы, якія прэзыдэнт назваў «шыкоўнымі начлежкамі», адчынілі ў іншых абласных цэнтрах. Самая новая зь іх — Магілёўскі цэнтар начнога перабываньня для асобаў бяз сталага жытла. Яго адчынілі сёлета ў сакавіку на вуліцы Навіцкага замест былога Цэнтру сацыяльнай рэабілітацыі былых асуджаных. Начлежка разьлічаная на 22 ложка-месцы. Шмат месцаў пакуль не занятыя.

Як паведаміў нашай праграме адзін з супрацоўнікаў цэнтру, актыўнае засяленьне адбудзецца бліжэй да халадоў, калі бадзягі «зьбяруць усе грыбы, ягады, макулятуру, мэтал». Суразмоўца таксама адзначыў, што былыя зэкі па звычцы працягваюць зьвяртацца сюды, аднак супрацоўнікі шмат каму адмаўляюць, пераконваючы, што бамжы і зэкі — гэта не заўсёды адно і тое ж.

Нярэдка супрацоўнікі Цэнтру мусяць паказваць патэнцыйным кліентам дакумэнты, у якіх расьпісваюцца прыкметы бадзяжніцтва.

«Пачыталі, я пытаю: „Ты такі?“ Ён адказвае: „Не, мне проста няма дзе жыць“. Пытаю: „Маці ёсьць?“ — „Ёсьць!“ Другога пытаю: „Ты хто?“ — „Бомж!“ Высьвятляецца, што ў яго ёсьць жонка. Шлюб не скасаваны. Дачка ёсьць. Які ж ён бомж? У сябра ў кватэры жыве. Віна купілі, выпілі. закусілі. Усё добра», — згадвае ўзаеміны з былымі асуджанымі супрацоўнік цэнтру.

Правілы ў цэнтры даволі жорсткія для тых, хто прызвычаіўся да вольніцы. Пад’ём а 7-й гадзіне, адбой а 22-й. За прыход нападпітку адлічваюць. Жыць тут дазволена да трох месяцаў. За гэты час супрацоўнікі бяруцца паспрыяць у пошуку працы ды жытла.

«Праблема ў тым, што ў бальшыні ўзрост перадпэнсійны. І тыя, хто зь месцаў пазбаўленьня волі, — у іх няма дакумэнтаў, што яны спэцыялісты гэткай спэцыяльнасьці. Як працаваць, то яны могуць, а калі пасьведчаньня няма, што ён цясьляр, напрыклад, гэткага разраду, то хто зь ім будзе размаўляць?»

Гарадзенскія зэкі-бамжы: «Узімку адзіны легальны бізнэс — бутэлькі»

Тым часам, адзначаюць праваабаронцы, пераважная большасьць былых зэкаў-бамжоў непрыязна ставіцца да начлежак і аддае перавагу «вольнаму палёту».

З двума такімі «вольнымі людзьмі», Генам і Славам, наш карэспандэнт пазнаёміўся ў цэнтры Горадні, на пешаходнай вуліцы Савецкай. Паўдзельнічаць у перадачы «Свабода ў турмах» пагадзіліся лёгка. Суразмоўцы прызналіся, што бамжуюць больш за год. Адрозна ад адпаведных дзяржаўных службаў, якія павінны ведаць, але ня ведаюць колькасьці беларускіх бяздомных, Слава кажа, што падобны падлік — рэч даволі простая. Як ён падлічыў, бамжоў у яго родным горадзе — тысяч 12–15.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international