Алесь Бяляцкі пра беларускія сьляды на “Важкім пяску” Анатоля Рыбакова (Частка 1)

2013 2013-10-03T13:06:22+0300 2013-10-21T14:07:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vazhki_piasok-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алесь Бяляцкі напісаў водгук на кнігу рускага пісьменьніка Анатоля Рыбакова "Важкі пясок" - раман пра каханьне і Халакост, што прачытаў у сценах бабруйскай калоніі.

Частка 1 

Ёсьць кнігі большыя чым кнігі. Нечакана яны выклікаюць цэлыя зрухі ў грамадзкай сьвядомасьці. Адную з такіх кніг знайшоў я на паліцы ў агульным атрадным пакоі. Гэта раман “Важкі пясок” рускага пісьменьніка Анатоля Рыбакова. Колісь у школьным дзяцінстве я з задавальненьнем чытаў юнацкія аповесьці Анатоля Рыбакова “Корцік” і “Бронзавую птушку”. Пазьней, у 1987-м годзе, калі падчас “галоснасьці” пачалі зьяўляцца забароненыя ці непрахадныя ў СССР творы пісьменьнікаў, я прачытаў антысталінскі, антытаталітарны раман “Дзеці Арбата”. Ён карыстаўся шалёнай папулярнасьцю і выклікаў у грамадзтве актыўныя дэбаты і сапраўдны фурор. І гэта быў зусім іншы Анатоль Рыбакоў, зусім не такі, якога я ведаў па прачытаных раней дзіцячых кніжках.

1987-ы год – гэта год, калі імкліва стала адкрывацца праўда пра сталінскія рэпрэсіі і ў нас, у Беларусі, калі і ў нас пачалі ў друку зьяўляцца творы забароненых і рэпрэсаваных беларускіх пісьменьнікаў. І мы ясна ўбачылі злачынную сувязь паміж сталінскім рэжымам і існуючай у 80-я гады сістэмай дзяржаўнага кіраваньня. Яны былі моцна зьвязаныя і гісторыяй, і традыцыяй, і ментальнасьцю. Тагачасная ўлада і ня думала адмаўляцца ці неяк пераасэнсоўваць ранейшыя крывавыя і злачынныя “заваёвы”. Таму першыя Дзяды, якія публічна адзначаліся ў 1987-м годзе, былі прысьвечаныя расстраляным у 1937-м годзе беларускім пісьменьнікам. Яны мелі выразны антытаталітарны, дэмакратычны характар. Праз гэта яны і выклікалі непрыняцьце ў беларускіх уладаў.

Гэтыя два Анатолі Рыбаковы (адзін – аўтар дзіцячых прыгодніцкіх аповесьцяў, другі – майстра забароненага высокамастацкага і надзвычай актуальнага раману “Дзеці Арбату”) існавалі ў маёй сьвядомасьці паасобку. Я доўгі час нават думаў, што гэта два розныя пісьменьнікі. І вось зараз  я прачытаў “Важкі пясок”, раман, прысьвечаны, як мне падалося, трагедыі яўрэйскага народа падчас ІІ сусьветнай вайны. Але для аўтара ён быў “раманам пра каханьне”. У нашых, здавалася б, разнаполюсных поглядах на “Важкі пясок” няма супярэчнасьцяў. Гэта сапраўды – раман пра каханьне і пра Халакост.

Вось так у маёй галаве паўстаў і трэці Анатоль Рыбакоў, зусім не падобны на тых двух, якія ўжо там існавалі.

Мне было цікава чытаць раман яшчэ з адной прычыны. Бо ў ім прысутнічаюць беларусы і Беларусь.

На жаль, мы неяк амаль не адсочваем, што і як пра нас пішуць пісьменьнікі, якія працуюць у іншых літаратурах. А гэты трэба рабіць. Бо погляд на нас, беларусаў, збоку, сьвежым, так бы мовіць, незамыленым вокам, у розным часе, разнастайных падзеях і жыцьцёвых сітуацыях часам паказвае цікавыя назіраньні і дае пэўныя высновы.

Мне захацелася напісаць пра гэты беларускі элемент у рамане Анатоля Рыбакова “Важкі пясок” крыху падрабязьней і глыбей, таму я папрасіў маю калегу даслаць мне жыцьцяпіс пісьменьніка. Алена Лапцёнак пастаралася, пашукала ў інтэрнэце і жыцьцяпіс Анатоля Рыбакова і два ягоныя інтэрвью. Пачытаўшы гэтыя нарысы, я зразумеў, што толькі адным “беларускім пытаньнем” у “Важкім пяску” не абыйсьціся. І сама біяграфія Анатоля Рыбакова, ягоныя погляды на жыцьцё, ягоны лёс выклікалі ў мяне ўвагу і цікавасьць.


Анатоль Рыбакоў (1911 - 1998). Фота: RIA Novosti

Анатоль Рыбакоў нарадзіўся ў 1911 годзе на Чарнігаўшчыне, па суседству з Беларусьсю, у яўрэйскай сям’і. Бацька пісьменьніка – Навум Аронаў, маці – Дзіна Рыбакова. Прозьвішча маці пісьменьнік будзе выкарыстоўваць як псеўданім. Дзяцінства Анатоля Рыбакова прайшло ў шматнацыянальным мястэчку Сноўск, які стаіць на Лібава-Роменскай чыгунцы ў 40 кіламетрах ад Чарнігава і ў 65 кіламетрах ад Гомеля, паміж імі.

З 1919 года сям’я пісьменьніка жыла ў Маскве. Дзіўнае супадзеньне, я прачытаў, што Анатоль Рыбакоў вучыўся ў адной школе разам з іншым выдатным пісьменьнікам, які стаў знакамітым у канцы 80-х гадоў, з былым вязьнем сталінскіх лагероў, аўтарам зьдзіўляльных раманаў “Захавальнік старажытнасьцяў” і “Факультэт непатрэбных рэчаў” Юрыем Дамброўскім. І яшчэ адное супадзеньне: дылогію Юрыя Дамброўскага і “Важкі пясок” Анатоля Рыбакова я прачытаў тут, на зоне.

У 1933 годзе Анатоль Рыбакоў быў арыштаваны і асуджаны на тры гады ссылкі за “контррэвалюцыйную агітацыю і прапаганду” па сумнавядомым артыкуле 58-10 Крымінальнага кодэксу. Пасьля ссылкі Анатоль Рыбакоў ня меў права жыць у гарадах, дзе існаваў пашпартны рэжым, і працаваў там, дзе бралі на працу без запаўненьня анкеты. Анатоль Рыбакоў ваяваў, прайшоў усю вайну ад масквы да Берліну, скончыў службу ў званьні маёра на пасадзе начальніка аўтаслужбы корпуса. За гераізм у баях з немцамі з Анатоля Рыбакова зьнялі судзімасьць.

Пасьля вайны ўжо ў сталым узросьце Анатоль Рыбакоў пачаў пісаць. Да яго хутка прыйшло літаратурнае прызнаньне. За “вытворчы” раман “Кіроўцы” (“Водители”), які выйшаў у 1950 годзе, у наступным 1951 годзе Анатоль Рыбакоў атрымаў сталінскую прэмію.

Цікавая гэта зьява – пасьляваенныя пісьменьнікі-лаўрэаты сталінскіх прэміяў. З беларусаў іх атрымалі, што я ведаю, Іван Шамякін, і Янка Брыль, і Якуб Колас (здаецца, за паэму “Рыбакова хата”), і, здаецца, Максім Танк таксама. Можа і яшчэ хто, але па памяці я ўжо ня ведаю. Багата чаго патрабавалася ад літаратуры ў тыя гады, але мала было створана хоць чаго-небудзь вартага.

Нягледзячы на сталінскую прэмію і на выкупленую крывёю ранейшую судзімасьць, Сталін не давяраў і не любіў Анатоля Рыбакова, называў яго “няшчырым чалавекам” – Анатоль Рыбакоў плаціў той самай манетаю, бо ўсе гады, прыжытыя за Сталіным, адчуваў сябе ў скуры зайца, на якога ішло пастаяннае паляваньне.

Падчас хрушчоўскай адлігі ў канцы 50-х - 60-я гады Анатоль Рбакоў напісаў свій знакаміты раман “Дзеці Арбату”. Антысталінская тэматыка, гады тэрору і прыніжэньняў ізноў хутка сталі забароненай тэмаю.

Няўдалыя спробы апублікаваць “Дзяцей Арбату” не спынілі Анатоля Рыбакова ў спробах выказаць перажытую, адчутую і выстрадануюю ім праўду ў сваёй літаратурнай творчасьці. Гэты дзіўны ўнутраны неспакой, няўрымсьлівасьць і незадаволенасьць даволі пасьпяховага “савецкага” пісьменьніка захапляюць мяне і выклікаюць павагу.

Кнігі Анатоля Рыбакова выходзілі вялікімі накладамі, ён быў папулярным і запатрабаваным пісьменьнікам і сцэнарыстам. Ягоныя аповесьці і раманы экранізаваліся. Я нават з майго раньняга дзяцінства смутна памятаю дзіцячы прыгодніцкі фільм “Корцік”, які ў Сьветлагорску мы хадзілі глядзець у Дом культуры энэргетыкаў. Але з сваёй цьвёрдай жыцьцёвай пазіцыяй ён проста ня мог абмінуць Халакост – масавае забойства яўрэяў падчас вайны, бо гэтая трагедыя наўпрост датычылася яго самога, ягоных сваякоў і ягонага народу.

Анатоль Рыбакоў так апісвае задушлівую атмасферу тых гадоў: “дзяржаўны антысемітызм у брэжнеўскія часы захаваўся, набыўшы аблічча барацьбы з сіянізмам… Абмежавалі прыём яўрэяў у вышэйшыя навучальныя ўстановы, перагарадзілі шлях у дзяржаўны, партыйны і вайсковы апараты. Выходзілі шматлікія кнігі і артыкулы ўсялякіх яўсеевых, бегуноў ды іншых чарнасоценцаў таго часу, якія абвінавачвалі сіяністаў у антыкамунізме і контррэвалюцыі… Нават народны мастак Беларусі Савіцкі намаляваў каля ямы, куды скідвалі трупы забітых славянаў, двух катаў: эсэсаўца і яўрэя.

І нідзе ні згадкі пра страшэнную катастрофу еўрапейскага яўрэйства, нават у месцах масавых пахаваньняў забітых яўрэяў на помніках пісалі толькі: ахвяры нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ганеньні на яўрэяў, якія пажадалі выехаць у Ізраіль, знакамітыя “адказьнікі”, перасьлед за вывучэньне іўрыту – дадатковыя меткі брэжнеўскага часу”.

Цікава, што ў прыведзеных цытатах з інтэрвью Анатоля Рыбакова фігуруюць два “барацьбіты з сіянізмам” з Беларусі: “навуковец” І.Бягун і мастак Міхаіл Савіцкі. Зусім нядаўна, перад тым як я напісаў гэтыя радкі, прозьвішча І.Бегуна траплялася мне на вочы. Некалькі радкоў пра яго напісаў беларускі пісьменьнік Адам Глобус. Я ня ведаў Бегуна, але пару ягоных брашурак ёсьць у маёй бібліятэцы. Я набыў іх яшчэ ў 80-я гады, бо заўсёды цікавіўся міжнацыянальнымі стасункамі ў Беларусі і купляў розныя агітацыйныя брашуры з разьлікам выцягнуць адтуль хоць нейкую фактуру.

І зноў жа, так атрымалася, што зусім нядаўна чытаў нататкі Адама Глобуса ў газеце “Зьвязда” пра Міхаіла Савіцкага, зь якім тады яшчэ малады студэнт-мастак Валодзя Адамчык, як ён піша зараз, нават выпіваў. Ня ведаю, ці наліў бы сёньня яму Міхаіл Савіцкі, прачытаўшы гэтыя нататкі. Вось жа, Адам Глобус апісвае Міхаіла Савіцкага як наскрозь дзяржаўнага чалавека і мастака, які ўсю сваю творчую кар’еру выбудаваў на дзяржаўных заказах. Можа яно і так. Як і расповяд іншага майго знаёмага мастака, які няблага ведаў Міхаіла Савіцкага і лічыў таго зацятым прыхільнікам тэорыі сусьветнай сіянісцкай змовы.

Самае парадаксальнае для мяне ў гэтым тое, што Міхаіл Савіцкі ў вайну патрапіў у палон і быў вязьнем канцлагероў, гэтых бязьлітасных фабрык сьмерці, пабудаваных арыйцамі для зьнішчэньня непаўнавартасных народаў. У гэтым сьпісе, апроч яўрэяў, цыганаў, былі таксама і ўсе славянскія народы, у тым ліку і беларусы.

Напісаць раман пра Халакост Анатоля Рыбакова падштурхнулі як асабістыя ўражаньні і перажываньні (амаль усе сваякі пісьменьніка, якія жылі на Чарнігаўшчыне, загінулі), так і агульная атмасфера адносінаў да яўрэяў у СССР, якая склалася пасьля вайны. Як пісаў Анатоль Рыбакоў, “я вырас у Маскве, у русіфікаванай сям’і, ня ведаў яўрэйскай мовы, жыў, працаваў, бадзяўся па Расіі, ніякага антысемітызму да сябе не адчуваў. Я ваяваў за Расію, у расіі нарадзіўся, у Расіі і памру. Мне было агідна тое, што творыцца ў маёй краіне”.

Анатоль Рыбакоў пачаў зьбіраць матэрыялы, неабходныя для напісаньня раману. За асобную сюжэтную лінію была ўзятая гісторыя каханьня, якую пісьменьніку распавёў ягоны прыяцель, дзед якога прыехаў з Швейцарыі да сваякоў у адведкі і закахаўся ў прыгожую яўрэйку. Было гэта ў Сімферопалі. Ягоны дзед кінуў дзеля каханьня Цурых, ажаніўся з дзяўчынаю і пераехаў жыць у Крым.

Пісьменьнік перанёс гэтую рамантычную любоўную гісторыю ў мястэчка свайго дзяцінства, у Сноўск, і насыціў яе мясцовым каларытам, засяліў сваімі роднымі і знаёмымі. Ён апісаў гісторыю жыцьця яўрэйскай сям’і ад пачатку ХХ стагоддзя да трагічных падзеяў масавага зьнішчэньня яўрэяў падчас вайны. Аднавіць сямейную хроніку пісьменьніку дапамагала ягоная цётка Ганна, адзіная з ягоных сваякоў з Сноўска, якая перажыла вайну.

Трагедыя беларускіх, менскіх, віленскіх, яўрэяў таксама была там фактарам, які паказаў пісьменьніку сапраўдныя маштабы нацыянальнай катастрофы яўрэйства, што зусім не афішавалася ў  СССР. Як згадваў Анатоль Рыбакоў: “У семідзесятых гадах на студыі “Беларусьфільм” здымаліся мае тэлевізійныя фільмы “Корцік”, “Бронзавая птушка”, “Апошняе лета дзяцінства”. Кожны фільм па тры серыі. Здымкі адбываліся ў Беларусі, я езьдзіў у Менск, у іншыя гарады, туды, дзе за немцамі былі гета, дзе зьнішчаліся яўрэі, пазьней мы з Таняй (жонка Анатоля Рыбакова – А.Б.) пабывалі ў Вільні, у знакамітых Панарах, дзе зьнішчаныя дзясяткі тысячаў яўрэяў. Перада мной паўставала жахлівая карціна яўрэйскай катастрофы. Я прачытаў усё выдадзенае ў нас на гэтую тэму, але, па сутнасьці, акрамя стэнаграмаў Нюрнбергскага працэсу, нічога не было. Сара Бабенышава, літаратурны крытык, мая сяброўка, якая жыла ў Перадзелкіне, адважная жанчына, зьвязаная з дэсідэнтамі, забясьпечвала мяне нумарамі падпольнага часопіса “Яўрэі ў СССР”, дзе былі патрэбныя мне матэрыялы”.

У іншым інтэрвью Анатоль Рыбакоў дадае: “У Шчорсе (так быў пераназваны Сноўск – А.Б.) не было гета. Але калі я пісаў “Важкі пясок”, то часта езьдзіў у Беларусь: там здымаліся тэлевізійныя фільмы па маіх дзіцячых кнігах. Быў у Менску, у іншых гарадах, дзе пры немцах былі гета”.

Такім чынам напісаньне раману “Важкі пясок” было пэўным адказам на тыя балючыя пытаньні, якія існавалі ў душы пісьменьніка. Падчас збору матэрыялаў для рамана Анатоль Рыбакоў з “рамана пра любоў”, які ён хацеў напісаць, стварыў “раман пра Халакост”.

Анатоль Рыбакоў едзе ў Сноўск, дзе, як ён згадвае, “ад трохтысячнага яўрэйскага насельніцтва засталося дзьвесьці чалавек”. Пісьменьнік пачынае размаўляць з тымі, хто выжыў: “Аднаго з старых, былога мясцовага цырульніка Бярнарда Сямёнавіча, я памятаў па сваіх прыездах у Сноўск у дзяцінстве. Такі быў элегантны, прадстаўнічы пан, яго цырульня была ў свой час накшталт клуба мясцовай інтэлігенцыі. І зараз яшчэ бадзёры, чысьценькі, сівы, добрападобны, ведаў і памятаў усіх, хто тут жыў, загінуў, зьехаў, прыехаў. Падчас вайны быў у эвакуацыі, вярнуўся адразу пасьля вызваленьня горада. Разам з іншымі старымі хадзілі па дварах, пустках, дарогах, лясах і палях, зьбіралі ў мяхі парэшткі забітых. Трупы сатлелі, але некаторых Бярнард сямёнавіч пазнаў па валасах. Парэшткі гэтыя яны пахавалі ў брацкай магіле на могілках, хаця ніякіх яўрэйскіх могілак тады ўжо не было, надмагільныя пліты разцягнулі, а самі могілкі па загадзе нямецкай камендатуры перапахалі. Могілкі аднавілі, яўрэі сталі зноў хаваць сваіх памерлых, але вось бяда – плот паваліўся.
Некалькі дзён Бярнард сямёнавіч быў са мной, распавядаў пра лёс кожнага жыхара. Пасьля вайны вярнуліся франтавікі, эвакуяваныя, распытвалі мясцовых жыхароў пра сваякоў, блізкіх, зьбіралі крупінкі зьвестак, зерне праўды, знайшліся людзі, якія выратоўваліся цудам ад разстрэлу, якія выпаўзьлі з магілаў, сыйшлі ў партызаны. Аповяды Бярнард Сямёнавіч запомніў і пераказаў мне, вадзіў да тых, хто застаўся жывы, хто быў сьведкам таго, што адбылося, вадзіў да жанчынаў-палукровак, якіх не пасьпелі разстраляць, высьвятляючы, які ў іх адсотак яўрэйскай крыві”.

Анатоль Рыбакоў, чалавек, які багата што пабачыў і перажыў у сваім жыцьці, быў у ссылцы, ваяваў, атрымлівае ад пачутага і ўбачанага моцны эмацыйны і псіхалагічны стрэс: “Паступова ў мяне склалася карціна таго, што адбывалася ў Шчорсе, я добра памятаў сваіх дзядулю і бабулю, дзядзькоў, ясна ўяўляў сабе Рахіль і Якава (галоўныя героі рамана “Важкі пясок” – А.Б.). І мог ужо дакладна сказаць, як бы кожны з іх дзейнічаў у гэтых абставінах, што б рабіў і як бы сябе паводзіў”.

Адбываецца пранікненьне мінулых падзеяў у сьвядомасьць пісьменьніка. Уява перамешваецца з рэчаіснасьцю: “Усё, што адбывалася з гэтымі людзьмі, адбылося са мной. Над горадам апусьцілася ноч, я блукаў у гэтым змроку па тых самых вуліцах. І цені закатаваных брылі побач са мной ад хаты да хаты”.

На помніку на брацкай магіле на яўрэйскіх могілках у Сноўску быў зроблены надпіс па-руску: “Вечная памяць ахвярам нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

З надпісамі на помніках над забітымі яўрэямі ў Савецкім Саюзе была асобная гісторыя. Помнікі ўсталёўваліся з неахвотаю, у надпісах не дазвалялася згадваць, што забітыя былі яўрэямі, паўсюль пісалі “савецкія грамадзяне”. Як пісала дасьледчыца Халакосту Сімона Вайль, “ускладаньне вянкоў з яўрэйскай сімволікай да месцаў масавай гібелі яўрэяў (уключаючы Бабін Яр) стала прыраноўвацца да антысавецкай дзейнасьці… Толькі ў Менску, на пастаўленым у 1947 годзе помніку вязьням гета, яўрэйская сімволіка засталася некранутай”.

У Сноўску, як і ў Менску, з надпісам на помніку таксама было ня так, як паўсюль. Як згадвае Анатоль Рыбакоў, ён пацікавіўся ў сноўскіх старых яўрэяў: “Скажыце, - спытаўся я, - як вы пераклалі на яўрэйскую мову гэтыя словы: “Вечная памяць ахвярам нямецка-фашысцкіх захопнікаў”? Бярнард Сямёнавіч пасьміхнуўся:
- Як пераклалі? Там напісана зусім іншае.
- Што менавіта?
- Там напісана з Бібліі: “Венікойсі, домом лой нікойсі…”
- Што гэта значыць?
- Гэта значыць: “Усё даруецца, але тым, хто праліў нявінную кроў, не даруецца ніколі”.
Калі я вярнуўся ў Маскву, я сказаў Тані:
- У мяне ёсьць заканчальныя словы раману”.

Вось так першапачатковая задума пісьменьніка напісаць невялікую навэлу пра каханьне пераўтварылася ў ідэю стварэньня рамана. І хоць Анатоль Рыбакоў з іранічным сумам заўважае, што “я ня ў лепшы час сеў пісаць раман пра яўрэяў”, унутрана ён быў свабодным, незапрыгоненым чалавекам і вонкавыя цяжкасьці не маглі яго спыніць. Раман з першапачатковай назваю “Рахіль” быў ім напісаны ў 1975-77 гадах.

Няпростай была гісторыя публікацыі рамана. Яго адмаўляюцца друкаваць у цэнтральных расійскіх літаратурных чаоспісах, у “Новом мире” і “Дружбе народов”. Нечакана пагадзіўся на друк часопис “Октябрь”, рэдактарам якога на той час быў пісьменьнік-франтавік Анатоль Ананьеў. Раман у часопісе быў моцна абскубаны. Анатоль Рыбакоў вымушаны быў пагадзіцца на праўкі, купюры, зьмяніць назву “Рахіль” на “Важкі пясок”, узяўшы гэты сімвалічны вобраз з біблейскай цытаты: “Калі б было ўзважанае гора маё і разам пакуты мае паклалі б на вагі, дык зараз былі б яны больш важкія за пясок марскі: таму адчаяныя словы мае”.

З раману таксама былі выразаныя ўсе эпізоды, датычныя рэпрэсіяў 30-х гадоў. Як згадвае Анатоль Рыбакоў: “Антысеміцкія ўлёткі з тэкстам з Дастаеўскага, якія раськідвалі немцы на фронце, я замяніў тэкстамі Кнута Гамсуна. Але ўсё ж такі штосьці ўдасца сказаць. Бо нават саму лічбу зьнішчаных яўрэяў – шэсьць мільёнаў – хавалі, упершыню ў нас яна была названая ў маім рамане”.

“Важкі пясок” быў выдрукаваны ў пашкамутаным выглядзе. Але, як заўважаў Анатоль Рыбакоў: “колькі не выключай з рамана слова “яўрэй”, раман пра яўрэяў і нікуды ад гэтага не падзенесься”.

Публікацыя “Важкага пяску” выклікала моцны эфект. Анатоль Рыбакоў прыгадваў: “Важкі пясок” меў посьпех. Чытачы – яўрэі, рускія, украінцы, беларусы – прыслалі мноства лістоў, пісалі людзі, якія ацалелі ў лагерах зьнішчэньня, у гета, у палоне, дзеці, якія страцілі бацькоў, бацькі, якія згубілі дзяцей… Лёсы страшныя… “Вы пісалі пра мяне, пра маю сям’ю, пра мой горад…” Але раман ня быў ацэнены ў афіцыйным савецкім друку. Яўрэйская тэма, тэма Халакосту ў СССР заставалася забароненай. Страх і самацэнзура панавалі ў творчым асяроддзі. На ўсё на гэта накладаўся і прыхаваны антысемітызм. Анатоль Рыбакоў апісаў адзін з паказальных выпадкаў: “Спыняе мяне ў Саюзе пісьменьнікаў адзін вядомы крытык:
- Я плакаў, і жонка мая плакала, і маці жонкі ў Менску плакала, а мая маці ў Кіеве проста галасіла, казала, што вы апісалі яе родны горад Сарны, ведаеце, ёсьць такі горад у Украіне.
- Вось і цудоўна, напішыце пра раман.
- Няёмка. Скажуць, яўрэй хваліць раман пра яўрэяў.
- Я таксама яўрэй, а напісаў, не пасаромеўся.
- Ці надрукуюць… Сумняюся.
- Я таксама ня быў упэўнены, што надрукуюць, а пісаў.
- Трэба будзе падумаць… Але раман выдатны. Я плакаў, жонка мая плакала, яе маці ў Менску плакала, а мая маці ў Кіеве проста галасіла, усё згадвала Сарны.
Нічога ён, вядома, не напісаў”.

За мяжою раман Анатоля Рыбакова “Важкі пясок” стаў бестселерам. Ён быў выдадзены ў 26-ці краінах, толькі наклад аднаго выданьня ў Даніі быў 60 тысячаў асобнікаў.

Прыхаваны посьпех рамана ў СССР і гучны за мяжой зусім не дапамог Анатолю Рыбакову ў публікацыі іншага нязручнага для ўладаў раману – “Дзеці Арбату”, які быў напісаны значна раней, у 60-я гады. Асьцерагаючыся за лёс раману, Анатоль Рыбакоў пераправіў два асобнікі друкапісу за мяжу на захаваньне. Але пісьменьнік хацеў, каб найперш “Дзеці Арбату” выйшлі ў СССР. Анатоль Рыбакоў не сьпяшаўся. Ён спадзяваўся, што прыйдуць лепшыя часы. Ня меўшы ніякіх ілюзіяў да сталінскіх часоў, ён гэтак жа цьвяроза ацэньваў і гады “разьвітага сацыяліязму”: “За васямнаццаць гадоў кіраваньня Брэжнеў зноў загнаў краіну ў сталінскі хлеў. Ягоная ўласная абмежаванасьць адпавядала абмежаванасьці кіруючай наменклатуры… Гады брэжнеўскага праўленьня называюць “спакойнымі”. Гэта быў спакой асуджаных. Не было трагедый і жахаў сталінскага тэрору, але няўмольна насоўваліся распад і хаос. Маразм лідэра распаўсюдзіўся на грамадства, скалечыў цэлыя пакаленьні”.

Тым больш важным было для пісьменьніка паказаць карані гэтага цяжкага стану, у якім апынулася нашае грамадзтва ў постсавецкі перыяд.

Так атрымалася, што ў сваёй літаратурнай дзейнасьці, у сваіх найбольш значных, галоўных літаратурных творах, Анатоль Рыбакоў паказаў чалавеканенавісьніцкую сутнасьць двух найстрашнейшых таталітарных палітычных дактрынаў ХХ стагоддзя – камунізму і фашызму. Прычым рабіў ён гэта , сыходзячы з свайго асабістага жыцьцёвага вопыту, трагічнага лёсу сваіх родных і сваякоў, галоўная прыкладная задача якіх заключалася толькі ў адным – як выжыць. Але гэты шанец па волі лёсу быў дадзены далёка ня ўсім.

Вяртаючыся да раману “Важкі пясок”, мне хацелася б зьвярнуць увагу на ягоныя “беларускія” старонкі. Як я пісаў ужо раней, Анатоль Рыбакоў згадваў пра тое, што наведваньне Менску ды іншых беларускіх гарадоў, дзе былі гета падчас вайны, дало яму пэўны штуршок для апісаньня падзеяў Халакосту ў рамане. Да ўсяго, мястэчка Сноўск, якое апісвае Анатоль Рыбакоў, знаходзіцца непадалёк ад Беларусі, на Лібава-Роменскай чыгунцы, якая зьвязвала Беларусь і Украіну. Таму і асноўныя падзеі ў рамане разьвіваюцца на кавалку гэтай чыгуначнай магістралі – ад Чарнігава і да Гомеля.

Цікавая гісторыя жаніцьбы дзеда галоўнага героя рамана “дзядулі Рахленкі”, які быў сынам яўрэйскага карчмара, сыйшоў з дому ў 15 гадоў і працаваў на будаўніцтве чыгункі, “цягаў шпалы, праца была па ім, бо фізічнай моцы ён быў незвычайнай”. Пасьля ён працаваў у Адэсе, вывучыўся на чабатара, затым зьехаў у Аргентыну і ўрэшце вярнуўся на Чарнігаўшчыну, пасяліўся ў Сноўску і заняўся чабатарным рамяством.

Гэтая навэла пра жаніцьбу “дзядулі Рахленкі”, трэба меркаваць, зьяўлялася сямейнай гісторыяй сям’і пісьменьніка. Напісаная яна ярка, жыва, каларытна, у стылі сямейных паданьняў, і мае дачыненьне да Беларусі. Яна вартая, каб быць тут прыведзенай цалкам. У спадзяваньні, што чытач гэтага артыкула ведае рускую мову, падаю гэтую навэлу, як і ўсе астатнія навэлы, па-руску, каб не сапсаваць сваім перакладам аўтарскі стыль:

“Жену себе дедушка взял из Гомеля. Он много ездил. Если добрался до Аргентины, о Гомеле и говорить нечего. В Гомеле бабушка работала в парикмахерской, делала парики. В то время набожные женщины носили парики, собственные волосы стригли, не совсем, конечно, не наголо, немного оставляли, чтобы не выглядеть лысой без парика; как вы понимаете, в постель к мужу они ложились без парика, а на людях снова надевали, привязывали косу. Откуда это взялось, не знаю, так предписывал религиозный обычай.

Итак, бабушка в девушках жила в Гомеле, работала в парикмахерской, где-то они с дедушкой встретились, влюбились друг в друга и решили пожениться. Для дедушки это было совсем не просто: красавец, много разъезжал, привык к холостой жизни и, понимаете, к какой холостой жизни, от женщин у него отбоя не было, и ему было нелегко поставить на этом крест, нелегко было завязать, как теперь говорят. Однако он решил поставить крест, завязать, жениться на бабушке. Но и для бабушки выйти замуж за него тоже была проблема, но совсем иная. Ее отец был ломовой извозчик, а в то время цеховые связи были очень крепкими, ремесленники часто жили на одной улице, женили своих сыновей на дочерях соседей, — таким образом, объединялось и укреплялось их дело. К бабушке, как дочери ломового извозчика, сватался тоже сын ломового извозчика, сам ломовой извозчик. И этот ее жених уговорил своих собратьев по цеху отколотить дедушку, чтобы тому неповадно было отбивать чужих невест, тем более из другого города и из другого цеха.

Приехал как-то дедушка в Гомель, зашел к бабушке, посидели, потом бабушка пошла проводить его на вокзал. И вот тут, на вокзале, извозчики набросились на дедушку.

Вы видели когда-нибудь, как дерутся ломовые извозчики? Они бьются насмерть, бьются железными ломами, которыми закручивают веревки на телегах. Сами понимаете: одно дело, если вам звездонут по башке кулаком или даже бутылкой, совсем другое — если железным ломом. Но дедушка сумел выхватить у одного извозчика лом и, отбиваясь, вбежал в вокзал. За ним ворвались извозчики. Женщины кричали, дети ревели, станционное начальство попряталось; станционное начальство храброе, когда перед ним безбилетный пассажир, — но когда перед ним разъяренная толпа ломовых извозчиков с железными ломами в руках, то у этого начальства душа уходит в пятки и оно прячется. А ни одно начальство в мире не умеет так прятаться, как железнодорожное. Когда в кассе нет билетов, а вам надо срочно ехать, попробуйте найти не то что начальника вокзала, а хотя бы дежурного — никогда не найдете. Дедушка был один на один с десятком рассвирепевших ломовых извозчиков, которые готовы были своими ломами сделать из него котлету. Но дедушка был не тот человек, из которого можно сделать котлету. С ломом в руках он пробился обратно на площадь, подхватил свою невесту, мою будущую бабушку, обежал с ней вокзал, вскочил в поезд и уехал в свой город. Там они и обвенчались”.     

Чытаючы гэтую навэлу ў рамане “Важкі пясок”, разумееш, што як і ў любым рамантычным паданьні тут ёсьць і перабольшваньні і нават пэўная міфалагізацыя фізічных здольнасьцяў маладога “дзядулі Рахленкі”, які прыехаў з Сноўска ў Гомель і ў барацьбе з супернікам адбіў і выкраў сваю нявесту. Але асноўны сюжэт навэлы не выклікае сумневу. З пераадольваньнем цяжкасьцяў, з асабістай адвагаю і рашучымі дзеяньнямі “дзядулем Рахленка” было захаванае права на стварэньне сям’і. Я падазраю, што і зараз у кожнай нашай сям’і існуюць свае прыватныя гісторыі з шчасьлівым ці не зусім канцом. Гэтая навэла ў рамане Анатоля Рыбакова дае дастаткова поўнае ўяўленьне пра характар і асобу “дзядулі Рахленкі”. Для нас таксама цікавым здаецца гэты хуткі зарыс з паўсядзённага жыцьця Гомеля канца ХІХ стагоддзя.

Паказаны ў рамане “Важкі пясок” і Сноўск, што ён з сябе ўяўляе ў нацыянальных адносінах: “Население нашего города было смешанное, но дружное; жили в мире русские, украинцы, белорусы, евреи; тут же, неподалеку, шесть немецких сел, предки этих немцев, родом из Франкфурта-на-Майне, были поселены здесь Екатериной Второй. До этого, в семнадцатом веке, в здешние леса переселились раскольники–беспоповцы. А на железной дороге, в депо, работали поляки, высланные сюда после восстания 1863 года. В общем, население пестрое, но вражды, национальной розни – никакой! Достаточно сказать, что у нас ни разу не было погрома”.

Апісаньне Сноўска, з невялікімі зьменамі, характэрнае і для шматлікіх беларускіх мястэчак і гарадоў. Мультыкультурнасьць гораду, мястэчка ў Беларусі і Украіне складалася стагоддзямі і была нашай адметнай гістарычнай рысай. 

Алесь Бяляцкі пра беларускія сьляды на “Важкім пяску” Анатоля Рыбакова (Частка 2)

 

Анатоль Рыбакоў (1911 - 1998). Фота: RIA Novosti

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international