Праваабаронцы абвяшчаюць Тыдзень супраць смяротнага пакарання
З 5 па 10 кастрычніка Праваабарончы цэнтр “Вясна” ладзіць “Тыдзень супраць смяротнага пакарання”, насычаны мерапрыемствамі і інфармацыяй адносна набалелай праблемы, якую ўздымаюць праваабаронцы ў беларускім грамадстве.
Цягам тыдня праваабаронцы запланавалі шэраг мерапрыемстваў. Яскравай падзеяй абяцае стаць анлайн прэзентацыя музычнага праекта “Апошні золак”, якая прыпадае на гэты час. Спробам асэнсавання смяротнага пакарання ў сусветнай рок-культуры будзе прысвечаны выпуск падкаста “Рок – за правы чалавека”. Распачне працу тэматычны інтэрнэт-рэсурс, дзе будзе акумулявацца ўся інфармацыя па праблеме смяротнага пакарання - інтэрв’ю і аналітычныя публікацыі, фота- і відэаматэрыялы, у ліку якіх новыя ролікі з цыклу “Шэсць аргументаў супраць смяротнай кары” і відэа з удзелам неабыякавых да праблемы беларускіх творцаў, якія далучыліся да Петыцыі супраць смяротнага пакарання.
У Мінску і рэгіёнах будуць ладзіцца тэматычныя дыскусіі сярод студэнцкай моладзі і распаўсюджвацца інфармацыйныя матэрыялы пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Напрыклад, у Жодзіне, Бярозе і Гродне праваабаронцы падалі ў мясцовыя выканкамы заяўкі на правядзенне інфармацыйных пікетаў.
Кульмінацыяй тэматычнага Тыдня стане 10 кастрычніка - Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. На гэты дзень запланавана прэс-канферэнцыя з удзелам сваякоў расстраляных і асуджаных да смяротнага пакарання.
“Тыдзень супраць смяротнага пакарання” ладзіцца ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая праводзіцца з 2009 года. Мэта кампаніі - спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.