Бабруйск: На колах у крамы і нельга, і немагчыма (фота)

2013 2013-09-27T20:50:14+0300 2013-09-27T20:50:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babr-krama-invalid-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праблема з безбар’ерным асяроддзем у Бабруйску застаецца нявырашанай.  Нягледзячы на круглыя сталы, сходы з удзелам адказных чыноўнікаў, праграмы і планы, пра якія штогод пішуць мясцовыя газеты, усё застаецца на ўзроўні размоваў і абяцанняў. Інвалідам-вазочнікам даводзіцца пастаянна нагадваць пра сваё існаванне, пісаць у ЖКГ і гарвыканкам з самымі элементарнымі просьбамі: “спусціць” бардзюр каля пад’езда, абсталяваць праезд да бліжэйшай крамы.

Высокія бардзюры і адсутнасць пандусаў перашкаджаюць таксама і бацькам немаўлят. Часам прагулка з калыскай пераўтвараецца ў сапраўдную “паласу з перашкодамі”. Напрыклад, на 6-м мікрараёне ёсць настолькі высокія бардзюры, што дзіцячую каляску праз іх трэба пераносіць на руках.

Але што рабіць, калі чалавек на колах усё ж дабраўся да пэўнай крамы, а там, на уваходзе, яго чакае аб’яўка “Уезд з каляскамі забаронены!”?

-Гэта, канешне, жахліва. Яны баяцца, што на падлозе застануцца адбіткі? – здзіўляецца вазочніца Наталля Пінькоўская. – У чарговы раз пераконваюся, як нас на колах “любяць” у горадзе. І гэта пры тым, што ў нашым 5-м мікрараёне дасюль не вырашана праблема з безбар’ерным асяроддзем. Я вось якраз тыдзень таму адправіла лісты ў ЖКГ і намесніку старшыні гарвыканкама з просьбай “спусціць” бардзюр каля майго пад’езда, а таксама каб заняліся скрыжаваннем Батава-Будаўнікоў, па якім немагчыма перасоўвацца. Я не магу без праблем патрапіць нават у краму, у цырульню.

-На 5-м мікараёне я бачыла некалькі такіх аб’явак, якія забараняюць уваход з каляскамі, ёсць такія крамы і ў раёне Даманскага, - распавядае маладая маці Вераніка Чарняўская. – Напрыклад, фірмовая крама “Пінскі трыкатаж”. Аб’яўка на дзвярах там з’явілася яшчэ ў тыя часы, калі гандлёвая зала не была застаўлена вешалкамі. І калі я зрабіла спробу зайсці туды з дзіцёнкам у калясцы, - а уваход там дастаткова шырокі, прадавачкі накінуліся на мяне з крыкамі. Я пытаю: “а куды ж мне тады дзіця падзець, кінуць на вуліцы?” Прасіла паклікаць загадчыцу, каб патлумачыла прычыну забароны, але яна раптам “знікла”. Пытаю: “а што будзе, калі інвалід-вазочнік захоча зайсці, таксама не пусціце?” А яны адказваюць: “А да нас яны не ходзяць!” Відаць, каб пазбегнуць канфліктаў, супрацоўніцы крамы праз нейкі час паставілі ў гандлёвай зале доўгую падлогавую вешалку, якраз па цэнтры. Зараз нават пры ўсім жаданні туды на колах не заедзеш.

Забараняючыя ўезд на колах аб’яўкі носяць агрэсіўны характар: шмат клічнікаў і ніякіх выбачэнняў. І гэта пры тым, што плошча гэтых крам, за рэдкімі выключэннямі,  дазваляе ўезд і перасоўванне на вазках.

-Справа ў тым, што на шырокім вазку вы ў нашу краму проста не заедзеце, - патлумачыла загадчыца крамы “Пінскі трыктаж-2”, - не дазваляе плошча. Адзінае выйсце, падкаціць вазок бліжэй да ўваходу, і падносіць рэчы сваёй сяброўцы-вазочніцы, каб яна магла бліжэй іх разгледзець.

Узнікае пытанне: чаму магчымасць патраплення вазочнікаў і бацькоў з калыскамі не разглядаецца праекціроўшчыкамі перад адкрыццём усіх гэтых крамаў, выставачных залаў, кавярняў і іншых грамадскіх месцаў? У 2010 годзе ў Беларусі быў прыняты дзяржаўны стандарт СТБ 2030-2010 “Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб”, які тычыцца людзей з абмежаванымі магчымасцямі, людзей сталага ўзросту, а таксама бацькоў немаўлят. Згодна з прынцыпам стандарта, “Асяроддзе пражывання павінна быць роўна камфортным і для практычна здаровых, і для фізічна аслабленых асобаў любой катэгорыі. Падчас яго праектавання і будаўніцтва трэба ўлічваць патрабаванні ўсіх груп насельніцтва”. Але, відаць па ўсім, праекціроўшчыкі і будаўнікі не спяшаюцца кіравацца гэтым стандартам. І бабруйчанам прыходзіцца змагацца з праблемай самастойна, у каго як атрымліваецца.

- Паспрабавалі б мне забараніць зайсці ў краму! Я нават у вузкія праходыя заязджаю, - пасміхаецца вазочніца Наста Каваленка. – А калі мне спрабуюць адмовіць, прашу іх стварыць інтэрнэт-краму. Каб я магла азнаёміцца з іх таварам.

- Наконт вешалкі ў краме “Пінскі трыкатаж” цалкам веру, і разумею ўладальнікаў, бо мы іх раздражняем, навошта ім лішні клопат? – кажа вазочніца Інга Татур.

Яна адзначае, што кавярні -- гэта таксама "хворая" тэма для вазочнікаў, бо акрамя летніх пляцовак у цэнтры горада няма дзе прытуліцца .

-Толькі “Чырвоная вежа” абсталявана пандусам, але там вузкія дзверы і ганак. Да мяне прыехалі сябры-вазочнікі з Лёзна, вядома ж, хацелася пасядзець у якім-небудзь прыемным месцы, павяла іх у “Піцу-Брава”, на летнюю пляцоўку, але ж там такія вузкія дзверы, што мой вазок ледзь праходзіць, а ў сяброў (абодва электравазочнікі) вазкі шырэйшыя за мой. Мы звярнуліся да афіціянткі, каб адчынілі брамы, яна адказала, што гэта немагчыма. Можа так і ёсць. Мы адшукалі прытулак у летнім намёце, што на Сацыялцы... Улетку не страшна, можна і на вуліцы пасядзець, а як пахаладала, хочацца ўжо ў памяшканні, ды дзе там? Паўсюль ганкі, сходы, вузкія дзверы. Я хаджу па закупы ці на базар, ці ў “Карону”, спрабавала неяк у “Квартале” (што на Сацыялцы) набыць маме булачку,  дык там вельмі цесна, я пакруцілася-пакруцілася ды паехала без пакупкі. Калі шукала сабе басаножкі ў “Мегатопе”, сядзела ля крамы, а пляменіца выносіла мне тую ці іншую мадэль, - распавядае Інга Татур.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international