Маці памерлага ў cветлагорскім ІЧУ Аляксандра Акуліча настойвае на допыце судмедэкспертаў

2013 2013-09-27T12:21:04+0300 2013-12-20T11:45:38+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/medekspert.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля атрымання вынікаў дадатковай судова-медыцынскай экспертызы, аб правядзенні якой Валянціна Акуліч хадайнічала ў пракуратуру, пытанне аб тым, ці мелася прамая прычынна-выніковая сувязь паміж смерцю яе сына і несвоечасова аказанай медыцынскай дапамогай, засталося без адказу.

Жанчына ўпэўненая, што яе сын Аляксандр Акуліч памёр у ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС у траўні мінулага года ад рук супрацоўнікаў міліцыі, але раённы аддзел Следчага камітэта неаднаразова адмаўляў ёй ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па дадзеным факце. Паколькі супрацоўнікі следства неабгрунтавана абыходзілі пытанне аб своечасовасці аказання дзяжурнымі па ІЧУ Бачко А.А. і Сцешанковым Р.В. меддапамогі затрыманаму, які знаходзіцца ў хваравітым стане, маці памерлага не магла змірыцца з адмовай ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і прасіла паставіць перад дадатковай экспертызай канкрэтныя пытанні. Але канкрэтных адказаў на гэтыя пытанні ёй атрымаць не ўдалося.

Для паўнаты апісання працытуем гэтыя пытанні са скаргі на імя пракурора, якую Валянціне Аляксееўне дапамаглі скласці юрысты ПЦ "Вясна":

- Ці своечасова аказана медыцынская дапамога Акулічу А.А., калі не, то якія былі наступствы несвоечасовага аказання меддапамогі?

- Ці была магчымасць у дадзеных умовах пазбегнуць устаноўленага захворвання (або яго абвастрэння)?

- Якая неадкладная медыцынская дапамога была неабходная Акулічу А.А. у перыяд з 22:00 25.05.2012 года?

- Ці магла такая неадкладная дапамога быць аказаная Акулічу А.А. брыгадай хуткай дапамогі, у стацыянарнай медыцынскай установе?

- Ці была смерць Акуліча А.А. непазбежнай пры своечасова аказанай медыцынскай дапамозе?

- Ці меліся ў Акуліча А.А. супрацьпаказанні да лячэння?

Cпецыялісты Упраўлення складаных судова-медыцынскіх экспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз, «прымаючы пад увагу пытанні, пастаўленыя на вырашэнне экспертызы», прыйшлі да наступных высноў. Адносна першага пытання: «Як вынікае з карты выкліку брыгады хуткай (неадкладнай) медыцынскай дапамогі ад 26.05.2012, смерць Акуліча А.А. канстатавана фельчарам 26.05.2012 ў 01:10. Якой-небудзь медыцынскай дапамогі Акулічу А.А. не аказвалася ў сувязі з тым, што па прыездзе ўжо была канстатавана яго біялагічная смерць». На пытанні 2-6 эксперты адказалі «лаканічна»: «Судова- медыцынская экспертная камісія не займаецца якімі-небудзь прагнозамі, а ацэньвае толькі аб'ектыўна ўстаноўленыя факты, у сувязі з гэтым адказаць на гэтыя пытанні не ўяўляецца магчымым».

Азнаёміўшыся з гэтым заключэннем членаў экспертнай камісіі Кузьмічова В.А., Давыдава Р.Р., Новікава В.У. і Гусакова А.Ю., якія маюць выключна вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, Валянціна Акуліч палічыла, што іх заключэнне не можа быць прынята пад увагу. Пра гэта яна паведамляе ў чарговым хадайніцтве пракурору Светлагорскага раёна: «Заключэнне экспертаў не можа быць прынята пад увагу, паколькі, па-першае, па бачнасці, эксперты мелі на ўвазе дзеянні брыгады хуткай дапамогі, адказваючы на пытанне 1. Я запытвала меркаванне экспертаў адносна таго, калі варта было пачаць аказанне медыцынскай дапамогі Акулічу А.А. з мэтай лячэння дэлірыя і ацёку мозгу. Інакш выходзіць неяк нелагічна: калі б нейкі абстрактны затрыманы на вачах супрацоўнікаў міліцыі сцякаўся б крывёю і памёр, а выкліканы пасля лекар канстатаваў смерць, эксперт таксама заявіў бы, што дапамогу аказваць было не трэба, бо канстатаваная смерць? Ці ўсё ж нехта павінен быў спыніць кроў і перавязаць рану?! Адказы на пытанні 2-6 мяне таксама бянтэжаць , бо я мяркую наступнае: ёсць хваравітыя станы, якія можна вылечыць або палегчыць пры дапамозе адпаведнага лячэння, ёсць тыя, якія сучасная медыцына не лечыць... ».

У сувязі з заключэннем гэтых экспертаў жанчына выкладае свае патрабаванні пракурору: «Такім чынам, я настойваю на допыце экспертаў з мэтай атрымання тлумачэння дадзенага імі заключэння з улікам маіх меркаванняў.
Мяне па-ранейшаму цікавіць пытанне аб тым, калі трэба было пачынаць лячэнне майго сына - пры праяве прыкмет захворвання або пасля таго, як супрацоўнікі ІЧУ збілі яго і «ўкрыжавалі» на кратах з дапамогай наручнікаў, якімі сродкамі - збіццём гумовай палкай ці медыкаментозна, а таксама аб тым, ці магла своечасова аказаная ў рамках пратакола дыягностыкі і лячэння медыцынская дапамога змяніць хаду хваробы».

Таксама маці памерлага паўтарае пракурору выкладзенае ў папярэдняй скарзе на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы: «У пастанове не дадзена ацэнкі супярэчнасцяў паміж паказаннямі супрацоўнікаў ІЧУ і запісам у журнале адносна часу прымянення спецыяльных сродкаў і фізічнай сілы, нягледзячы на тое, што я на гэта звяртала ўвагу пры папярэднім звароце. Спасылка сьледчага на дакументы, якія вызначаюць правы супрацоўнікаў АУС пры прымяненні фізічнай сілы і спецсродкаў, не можа быць апраўданнем збіцця арыштаванага, які не арыентуецца ў абстаноўцы. Дасягнуць адзіна законнай мэты - імабілізаваць хворага - можна было з ужываннем толькі фізічнай сілы, скіраванай на пераадоленне яго супраціву, і звязвання».

На падставе выкладзенага, Валянціна Акуліч па-ранейшаму настойвае на вырашэнні пытання аб кваліфікацыі дзеянняў супрацоўнікаў ІЧУ Светлагорскага РАУС з пункту гледжання крымінальнага закона.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international