Беларускі саюз журналістаў рыхтуе змены ў закон “Аб СМІ”?

2013 2013-09-26T13:37:09+0300 2013-09-26T13:37:09+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/elsmi.jpg

Прадстаўнікі дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх выданняў у чарговы раз абмяркоўвалі ў Мінску праблемы журналісцкай этыкі.

Цягам дыскусіі яе ўдзельнікі абмяркоўвалі “чэсных” і “нячэсных” журналістаў, “правільныя” і “няправільныя” каментары, гутарылі пра правы фрылансераў і нават прапаноўвалі адключыцца ад інтэрнэту. Але пра ўсё па парадку.

Тэма чарговага пасяджэння Клуба журналістаў ІВВ гучала як “Уплыў новых медыя на рэдакцыйную палітыку СМІ”. На самым пачатку адзін з мадэратараў дыскусіі, кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі акрэсліў праблемы, з якімі ў найноўшым часе сутыкнуліся журналісты так званых традыцыйных СМІ.

– Усёй журналісцкай супольнасці ўжо даўно варта прызнаць, што чыста традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі альбо ўжо амаль не засталося ў сучасным свеце, альбо яны настолькі маргінальныя, што проста асуджаныя на знікненне.

Час прымушае нават газетных журналістаў станавіцца інтэграванымі ў вельмі розныя пляцоўкі: ісці ў інтэрнэт, ствараць анлайнавыя версіі ўласных выданняў, дадаваць аўдыё і відэа, іншыя мультымедыйныя магчымасці. У ХХІ стагоддзі журналіст не можа быць тэхнічна адасобленым ад чытача. Але гэта прыносіць у СМІ і новыя выклікі.

Узнікаюць пытанні пра тое, як працаваць з карыстальніцкім кантэнтам сайтаў, што рабіць з каментарамі, якіх этычных норм і правіл прытрымлівацца пры перадрукоўцы і кампіляцыі матэрыялаў. І гэтыя пытанні прымушаюць журналістаў і рэдакцыі выпрацоўваць новыя правілы працы. Многія інтэрнэт-выданні з-за складанасці заканадаўства магчыма нават адмыслова не хочуць рэгістравацца ў якасці СМІ, – падкрэслівае Класкоўскі.

– Штодня на галоўную старонку нашага парталу заходзяць больш за 600 тысяч унікальных наведвальнікаў, што фактычна перавяло TUT.BY у ранг сродку масавай інфармацыі. Нават на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі нас запрашаюць, – далучаецца да абмеркавання галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава. – Я асабіста лічу, што ў статуса СМІ ёсць і свае плюсы, і свае мінусы. Але,   калі той ці іншы чыноўнік не захоча нешта казаць, ён не скажа гэта ні афіцыйнаму журналісту з зарэгістраванага выдання, ні прадстаўніку інтэрнэт-выдання.

Менавіта таму, на мой погляд, журналістам TUT.BY статус надае не нейкае там пасведчанне, а тая колькасць чытачоў, якую мы напрацавалі. Вось гэта наш статус. Усе ведаюць, што TUT.BY – гэта не “шарашкіна кантора”, а саліднае выданне, якому можна давяраць.

– Як бы тым ні было, калі выданне не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі, яму нельга давяраць на 100%. Карыстальнікі ў інтэрнэце могуць пісаць на сваіх старонках абсалютную хлусню, не кажучы ўжо пра абразы. І іх ніхто не прыцягне да адказнасці за дыфамацыю, бо яны не маюць статуса СМІ, – далучаецца да размовы галоўны рэдактар газеты “Белорус МТЗ-обозрение” Аліцыя Пілюта. – Калі сайт не з’яўляецца зарэгістраваным СМІ, давяраць грамадска-палітычнай, эканамічнай ці іншай інфармацыі на ім не прыходзіцца. На мой погляд, журналіст – гэта той чалавек, які мае пасведчанне і працуе ў межах рэдакцыі!

– Такім чынам, атрымліваецца, што вялізная колькасць фрылансераў у нас наогул выкінутая за межы заканадаўства. А гэта выдатныя людзі, прадстаўнікі ў асноўным недзяржаўных СМІ, – з сумам канстатуе афіцыйны прадстаўнік тэлеканала “Белсат” у Беларусі Міхась Янчук.

– Недзяржаўныя СМІ наогул вельмі часта апярэджваюць дзяржаўныя ў прыстасаванасці да новых тэхналогій, “заточанасці” пад карыстальніка, – гаворыць галоўны рэдактар газеты “Железнодорожник Белоруссии”Сяргей Коктыш. – У нас, напрыклад, ёсць сайт выдання, але мы не ведаем, навошта ён нам наогул патрэбны. У нас і так наклад газеты 40 тысяч асобнікаў. Нашто нам той сайт? Сайты і новыя медыя развіваюцца звычайна на бізнес-пляцоўках, яны “заточаныя” пад бізнес.

– Наогул, самая галоўная праблема інтэрнэт-СМІ – гэта праблема пірацтва, – наракае рэдактар аддзела інтэрнэт-праектаў газеты “СБ. Беларусь Сегодня” Дзмітрый Партон. – Нават у нас, галоўнай газеты краіны, вельмі часта крадуць матэрыялы, размяшчаючы іх без спасылак. Вось гэта галоўная праблема!

– А што вы робіце, каб крадзяжоў не было? Вы хоць раз звярталіся ў суд? – цікавяцца ў сп-ра Партона калегі з Беларускай асацыяцыі журналістаў.

– Сапраўды, чаму нельга пайсці ў суд ды яшчэ і грошай на гэтым зарабіць? – далучаецца мэнэджар адукацыйных праграм IBB Марцін Шон-Чанішвілі.

– Ніводнага разу ў такіх выпадках мы ў суд не звярталіся, бо не бачылі для гэтага заканадаўчых механізмаў, – канстатуе Дзмітрый Партон, і многія прысутныя ў залі пачынаюць усміхацца.

– Дык а як жа закон “Аб аўтарскім праве”?! – працягвае спрэчкуАляксандр Класкоўскі. – Я нават без суда, апелюючы да заканадаўства, дамогся, што абсалютна ўсе мае матэрыялы размяшчаюцца на іншых сайтах са спасылкай на першакрыніцу. Што ж тут ужо казаць пра заканадаўчыя магчымасці, калі гаворка ідзе пра “СБ. Беларусь Сегодня”!

Пасля невялікай кава-паўзы абмеркаванне вяртаецца да новых медыя. Абсалютна ўсе ўдзельнікі сустрэчы прызнаюць, што “пад інтэрнэт” журналістам як правіла прыходзіцца сур’ёзна змяняць падыходы да працы.

Анлайнавая рэдакцыя вымагае ад журналістаў хуткасці (большасць традыцыйных СМІ арыентуюцца не на рэальны час, а на час падпісання нумару ў друк), умення працаваць з найноўшымі тэхналогіямі (ужо даўно ў большасці прасунутых рэдакцый журналіст апроч дыктафона і нататніка заўсёды носіць з сабой камп’ютар, фотаапарат, смартфон з доступам у інтэрнэт і г.д.).

– Выдатны прыклад такой канвергентнай рэдакцыі – газета “Наша Ніва”, – канстатуе Аляксандр Класкоўскі. – Яшчэ ў сярэдзіне 2000-ных перад выданнем стаяла пытанне – у якім кірунку развівацца? І, лічу, кіраўніцтва прыняло вельмі мудрае рашэнне – арыентавацца на інтэрнэт-аўдыторыю. Рэдакцыя стала кампактнай, хуткай, мультымедыйнай. Ужо ніхто не чакаў выхаду наступнага нумара, а матэрыялы пачалі з’яўляцца менавіта тады, калі адбылася падзея. Прыклады падобнай працы – інтэрнэт-газета Naviny.by, «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

– “Наша Ніва” вырвалася наперад, бо фактычна закінула саму газету, - парыруе Дзмітрый Партон.

– “Наша Ніва” і іншыя незалежныя выданні вырваліся наперад, бо ў іх няма дзяржаўнага фінансавання. Яны не абапіраюцца на прымусовую падпіску, а шукаюць рэальных чытачоў, зацікаўленых у канкрэтнай інфармацыі, – далучаецца да гутаркі Міхась Янчук. – Дзяржава не толькі не дапамагае, але і ўвесь час перашкаджае незалежным выданням. Менавіта таму яны не могуць спакойна сядзець на месцы, яны вымушаныя развівацца, ісці наперад, рабіцца лепшымі. І, трэба адзначыць, робяць гэта вельмі паспяхова.

Напрыканцы сустрэчы размова ўдзельнікаў круглага стала даходзіць да абмеркавання праблемы неэтычных каментароў у інтэрнэт-СМІ. Ці мусіць сама рэдакцыя несці адказнасць за неэтычныя, нецэнзурныя, абразлівыя каментары, размешчаныя пад тым ці іншым арыткулам? Меркаванняў на гэты конт чуецца багата, на што адказны сакратар Беларускага саюзу журналістаў Вадзім Гігін выдае нечаканую інфармацыю:

– Сапраўды, у законе “Аб СМІ” сёння яшчэ ёсць некалькі слабых момантаў. У прыватнасці, ў перыяд лібералізацыі ў 2008-м годзе так і не была заканадаўча аформленая неабходнасць рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ. Такім жа чынам выглядае сітуацыя і з адказнасцю СМІ за змест каментароў пад артыкуламі.

Але гэтыя моманты, безумоўна, мусяць быць унармаваныя заканадаўствам, і ў хуткім часе вы пра гэта даведаецеся. БСЖ ужо актыўна абмяркоўвае такія заканадаўчыя змены.

Якія канкрэтна змены ў закон “Аб СМІ” абмяркоўвае афіцыйны саюз журналістаў, пасля сустрэчы ў Вадзіма Гігіна высветліць не ўдалося, але ў часе наступнага пасяджэнне арганізатары Клуба журналістаў ІВВ паабяцалі вярнуцца да гэтага пытання.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international