Вызначаныя лаўрэаткі конкурса "Жанчыны - мы разам"

2013 2013-09-25T12:20:58+0300 2013-09-25T12:22:04+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/konkurs_esej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародны конкурс эсэ «Жанчыны – мы разам!» ладзілі Фонд «Мы разам» (Польшча) і Камітэт абароны
рэпрэсаваных «Салідарнасць» (Беларусь).

У конкурсе, тэмай якога было - месца жанчыны ў палітычным ды грамадскім жыцці, узялі ўдзел 26 прац. Пераможцамі сталі Марына Цiтова за эсэ «Флаг держала моя Любовь», Таццяна Севярынец за эсэ «Жанчыны, мы – разам», Яраслава Ананка за эсэ «Мова-немаўля».

Спецыяльную адзнаку журы таксама атрымалі працы Вольгі Бабковай, Людмiлы Мiрзаянавай, Басі Ростэк, Марыны Яўсейчык, Юлiі Сцяпанавай, Арыны Лiсецкай, Анны Кокат і Настассі Азаркі.

Прапануем вашае ўвазе эсэ Таццяны Севярынец - актывісткі БХД і маці палітвязня Паўла Севярынца.

«Жанчыны, мы – разам»

Стаю разгубленая ў прэдбанніку прыёма перадач сіза КДБ. Натоўп жанчын, усе нэрвуюцца: перадачы прымаююць толькі дзве гадзіны, а людзей паўнюсенька, ды яшчэ на прыступках, на вуліцы. Студзень, халодна. 

-       Там таксама халодна, хварэюць.

-       Вось, я спецыяльна коўдру прынесла.

-       І я.

Ледзь не плачу. Гэта ж маці называецца! Перлася з Віцебску, раненька у краму  збегала, прывалаклі з Юлечкай Фраловай аж тры торбы, усё разгарнулі, пазапісвалі ў ліст, пералічылі да грама, каб крый Божа, не было больш за 30 кг, а тут на табе, пра коўдру нават не ўзгадала… Юлечка з Менску, чаргу заняла для мяне зранку, ужо хутка ісці, а я выць гатова : сынок, даруй мне! Толькі не хварэй! Божачка, што рабіць? Слёзы ўжо цякуць з вачэй.

-       Вы мама Паўла Севярынца? - чую побач голас.

-       Так,- твару жанчынкі, што да мяне звярнулася, не бачу, бо слёзы засцілаюць вочы.

-       А я ведаю, што вы прыязджаеце з Віцебску. Вось, коўдру для Паўла прынесла…

Тут я расплакалася ледзь не ў голас. Божачка! Ты паслаў мне анёла!

З тых пор з Валюшай Аліневіч мы сябруем, я яе так і называю: Анёл мой.  Яе сын Ігар ужо месяц, як сядзеў у сіза па справе анархістаў. Яна надала мне цвёрдасці і моцы, навучыла трымацца і не пазабыць усмешку ў такіх абставінах. Тэлефануе: Таня, я была ў дачкі ў Швейцарыі, прывезла Паўлу сапраўднага шакаладу, ён жа любіць (і гэта памятае!) Значыць, нагода сустрэцца , паразмаўляць, падзяліцца навінамі пра сыноў.

 Увогуле  у гэтыя цяжкія часы, лёс свёў, абвіў агульным горам, хваляваннямі нас, беларускіх жанчын,чые дзеці, мужы, сябры патрапілі ў пастку да жорсткага звера – сіза КДБ. Вось маладзенькая чарнавокая прыгажунька Даша Корсак(Атрошчанка). О, як яна шчаміла Генеральную пракуратуру! Стаіць з маленькім пакецікам, у якім 2 рулончыкі паперы для прыбіральні-  перадача. Я здзіўлена пытаюся:

- Дашачка, можа няма за што купіць? Давай, я падзялюся.

А ў Дашкі хітра ўспыхнулі вочы:

-       А я гэта, каб мой Саня ведаў: я тут, думаю пра яго, побач. А вялікую перадачу напярэдадні перадала.

Тады яшчэ можна было перадаваць 2 разы на тыдзень, штотыднёва, тады яшчэ не выганялі з прыступак, не заганялі ў фае клуба імя Дзржынскага, каб ніхто з мінакоў не бачыў натоўп.

Там пазнаёміліся і са сціплым татам Настачкі Палажанкі, і з баявой хахатушкай  Марынай Фядутай, і з сур’ёзнай вытрымкай князёўны Марынай Адамовіч (Статкевіч), і з дэлікатнай Алай Уладзіміраўнай Саннікавай, і з ціхай, заўсёды, у любы мароз з дачушкай, быццам бы як з надзеяй убачыць мужа і  тату, Міланай Міхалевіч, тут жа і Вольга Бандарэнка, якая амаль адразу пасля падзеяў на Плошчы 2010 стварыла і ўзначаліла камітэт па вызваленню палівязняў “Вызваленне”, заўсёды побач Юлечка Фралова, каталічка, месіянерка, якая сама на мяне выйшла, каб падтрымаць, дапамагчы, якая абегла са мной шмат устаноў у пошуках хоць якога выйсця: каб лекі перадалі, каб сустрэчу дазволілі, каб святара дапусцілі; тут і разгубленыя родныя тых, хто ўпершыню ўзняў галаву ды прыйшоў на Плошчу. Мы ўсіх стараліся падтрымаць, супакоіць, прыабадзёрыць. Побач з намі родныя арыштаваных па эканамічных  злачынствах. Яны нас называлі дзекабрысткамі, крыху засцярожваліся размаўляць, але потым распавядалі свае гісторыі і разумелі: перад гэтай жорсткай сістэмай мы роўныя, кожны можа апынуцца на нарах, калі толькі ў нечым не згодны з уладай дыктатара, а, значыць, і трымацца трэба разам. Разам мы перажывалі і звальненні адвакатаў, і невядомасць пра сядзельцаў, і бойку Люцыны і Алеся Халіп за ўнука Даніка, і расчараванні здраднікаў, і суды, І тэрміны.

Агульны боль перапаўняў сэрцы, кранаў зусім незнаёмых людзей. Што яны маглі зрабіць? Чым дапамагчы? Адразу па ўсёй краіне пачаўся збор сродкаў, цёплай вопраткі. Усё неслі на Салідарнасць, на сядзібу БНФ, там размяркоўвалася, тэлефанавалі зусім незнаёмыя людзі. Запрашалі таемна на сустрэчу, выбачаліся, што могуць дапамагчы хаця б грашыма. А іх трэба было вельмі шмат. Я не ведаю, як бы пераадолелася гэтая патрэба, каб не дапамога беларусаў, а крыху пазней і замежных сябраў, якія ўспрынялі  наш боль як свой. Мы вучыліся супраціву і барацьбе. Былі моцныя ў адзінстве. Калі мы разам крочылі ў Генпракуратуру і патрабавалі, каб спыніўся здзек над Зміцерам Дашкевічам у Магілёўская вязніцы, калі дасылалі тэлеграмы начальнікам –катам устаноў, мы былі моцныя, мы прымусілі спыніцть катаванні ў сіза КДБ. Шмат хто з нас прайшоў праз арышты, суды, суткі, але гэта надало ўпэўненасці, што мы ўсё робім правільна, што нашыя вязні церпяць нездарма.Загучала штодзённая малітва  за палітвязняў каля Чырвонага касцёлу, арганізаваная Ганнай Шапуцькай, да гэтага далёкай ад палітыкі цудоўнай жанчынай; падхоплена яна была ў розных мясцінах Беларусі, выйшла за межы – гучыць зварот да Госпада, абуджае сэрцы, самасвядомасць, чалавечую годнасць.

Тады я шукала ды і зараз шукаю адказу на пытанні: дзе апірышча у нашай агульнай барацьбе? Як раскруціць яе да агульнанацыянальнага масштабу?

Адказ канчатковы пакуль не знойдзены, але зразумела: да, РАЗАМ, нават простыя розныя жанчыны –гэта моц. Да, мы вучымся салідарнасці, ходзім па судах, дзе судзяць незнаёмых хлопцаў, падтрымліваем іх, іх родных, апякуемся імі, да, мы самі гатовыя раздзяліць іх лёс. Да, мы адчуваем, як расце маўклівы супраціў, час ад часу выходзячы з кухань, да мы выкрываем махлярствы ўлады, робім амаль немагчымае, каб прымусіць ўладу служыць свайму народу. Толькі мэты ў нас з уладай розныя…Каштоўнасці розныя…

Нам не хапае досведу гордых палякаў, не хапае мужнасці рызыкнуць застацца без працы, без сродкаў да існавання , не хапае пачуцця чалавечай годнасці.

Размаўляю заўсёды з незнаёмымі людзьмі і дарозе, і ў маршрутцы, і ў чарзе пра жыццё, пра што рабіць. Часцяком чую: жывем кепска, прыніжаныя, але трэба ж сям’ю карміць, перацерпім… А гэта трэба вашым дзецям? Каб вы цярпелі? Каб абракалі іх на прыніжэнні, на чарвячае існаванне? Чырванеюць, апусціўшы галаву. Кажу, паўтараю за лідэрамі нашай Салідарнасці: не бойцеся! Бо калі з вашымі роднымі, з вамі нешта здарыцца, мы вас падтрымаем!

Знайшла нумар  тэпефона Вольгі Гайдуковай, тэлефаную, прэдставілася, дамовіліся аб сустрэчы. Сядзіць перада мной простая мілая жанчына, адукаваная, ведае некалькі замежных моў. У поўнай роспачы. – Я не разумею, за што арыштавалі майго сына… Ён жа нічога кепскага не зрабіў. Жылі і жылі, як усе – і на табе, я нічога не разумею.

Размаўляем доўга, плачам, смяемся. Развітваемся, яна ўжо усміхаецца, ужо ведае, што рабіць. Хуценька арганізавалі збор сродкаў на адваката, перадачы. Так, знайшлі адвакатаў, дамаглася сустрэчы са следчым, прыехала на паседжанне групы “ За волю”. Кажа потым: Я зараз упэўненая, што не адна. Колькі цудоўных людзей я сустрэла за гэты час!

Потым нешта здарылася: неахвотна адказвае на званкі, адмаўляецца ад інтэрв’ю. Пытаюся: Волечка, што такое? Чаму?  Аказваецца, адвакат настойліва параіў меней выказвацца, каб не нашкодзіць Андрэю. Ды й той сказаў, гэты…

Майго красамоўства не хапіла, каб пераканаць: нельга паказваць сваю слабасць, трэба змагацца. Побач з ёю шмат асцярожных Прэмудрых карасёў. Жывуць – дрыжаць.

На жаль, пытанні застаюцца. Пакуль без адказу. Пакуль.

Штуршок недзе вызрэвае, хутка, хутка здэтануе,  і тады мы зможам сказаць: Мы – адзін народ! Верым! Можам! Пераможам! Вось гэта і будзе –РАЗАМ! А жанчыны – яны заўсёды наперадзе. Даўшы жыццё, ахвярна нясуць за яго адказнасць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international