Салігорск: у новай школе сэканомілі на безбар'ерным асяродку

2013 2013-09-24T07:43:30+0300 2013-09-24T07:43:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/salig-shkola-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напачатку навучальнага года ў сталіцы шахцёраў у прысутнасці вышэйшага гарадскога ды абласнога чынавенства адбылося пампезнае адкрыццё новай школы. На вялікі жаль, за кадрамі шматлікіх фота і відэакамер дзяржаўных медыяў засталося пытанне наяўнасці безбар’ернага асяродку ў найсучаснейшай адукацыйнай установе рэгіёну.

З’яўленне новай школы ў Салігорску можна назваць літаральна гістарычнай падзеяй. Апошні такі будынак быў узведзены ў горадзе каля дваццаці гадоў таму, яшчэ на пачатаку дзевяностых. Новую школу збудавалі ў новым мікрараёне па новым праекце ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Тут ёсць уласны басейн, трэнажорныя залы, фоталабараторыя, кампутаны кабінет і нават аўтаматызваныя турнікеты на ўваходзе. Чырвоную стужку на адкрыцці пераразалі топавыя чыноўнікі рэгіёну - старшыня Мінаблвыканкаму Барыс Батура, старшыня  Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі, кіраўнік “Беларуськалія” Валерый Кіріенка ды гендырэктар “Будтрэста №3” Мікалай Ашэйчык.

Святы адшумелі, і мясцовыя праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага камітэту вырашылі праверыць, ці насамрэч новая школа адпавядае патрабаванням часу. Справа ў тым, што яшчэ напачатку будаўніцтва з’явілася інфармацыя аб верагодным унясенні ў архітэктурны праект зменаў. Дзеля змяншэння кошту будынак планавалася пазбавіць безбар’ернай інфраструктуры для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыканцы 2012 года гэткую інфармацыю у Аддзеле адукцыі прадстаўніку БХК у Салігорску Леаніду Мархотку не пацвердзілі. “Эканоміць плануецца на якасці матэрыялаў,” - запэўнілі тады прадстаўніка БХК.

Завяршэнне будаўнічых працаў засведчыла - сэканомілі не толькі на якасці асобных матэрыялаў, але і на безбар’ернай інфраструктуры. Нягледзячы на патрабаванні заканадаўства і архітэктурна-будаўнічых норам, сацыяльны аб’ект застаўся без пандусаў, ліфта для інвалідаў-вазочнікаў, прыстасаваных для людзей з амежаванымі магчымасцямі санітарных вузлоў ды іншага.

Такое стаўленне да праблемы безбар’ернага асяродку мясцовыя праваабаронцы лічаць абуральным. “Улады не зважаюць на патрэбы асобных груп грамадства, дазваляюць сабе наўпрост парушаць іх правы, - кажа салігорскі сябра БХК Аляксей Валабуеў. - Робіцца гэта, на вялікі жаль, з маўклівай згоды большасці. Выпадак з безбар’ерным асяродкам у новай школе -- толькі адзін з ужо звыклых прыкладаў”.

Па словах прадстаўнікоў Беларускага Хельсінскага камітэту, да канца года яны зладзяць маніторынг сітуацыі з безбар’ерным асяродкам ва ўсіх школах Салігорска.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international