Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні 2013 года

2013 2013-09-10T14:05:00+0300 2013-09-23T22:06:48+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У жніўні захоўвалася складаня сітуацыя ў галіне правоў чалавека, пры гэтым станоўчая падзея -- выхад на волю палітзняволенага Дзмітрыя Дашкевіча -- не змяніла агульных кепскіх тэндэнцый і не разглядаецца праваабаронцамі як прыкмета паляпшэння. Дз. Дашкевіч не проста адбыў першапачатковы тэрмін пакарання ў турме, але і дададзены падчас адбыцця пакарання год за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» (арт. 411 КК). Пры гэтым, нягледзячы на настойлівае патрабаванне Еўрапейскага Саюзу не толькі аб вызваленні, але і рэабілітацыі палітычных зняволеных, ні адно з вылучаных супраць Дз. Дашкевіча абвінавачванняў не было знята, а ён не адноўлены ў правах. Больш за тое, адносна яго на паўгады пасля вызвалення ўсталяваны прэвентыўны нагляд, што дае ўладам права ў любы час наведваць яго, абмяжоўваць у перамяшчэнні і кантраляваць ягоную актыўнасць, а ў выпадку парушэнняў -- падвергнуць больш сур'ёзным абмежаванням ці крымінальнаму пераследу. Дадзенае апасенне звязана з наяўнай практыкай, якая склалася ў адносінах да былых палітвязняў, якая працягвала пашырацца ў жніўні. Так, да 3 месяцаў арышту 20 жніўня быў асуджаны былы палітвязень Уладзімір Яроменак за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 Крымінальнага кодэкса РБ). На працягу жніўня працягваліся следчыя дзеянні па крымінальнай справе супраць яшчэ аднаго палітвязня Васіля Парфянкова па аналагічным абвінавачанні.

Такім чынам, вызваленне Дзмітрыя Дашкевіча не паўплывала прынцыпова на сітуацыю з палітвязнямі ў краіне, паколькі яно было звязана са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання, а не з пазіцыяй беларускіх уладаў на скасаванне дадзенай з’явы і не з імкненнем выканання ўмовы вызвалення палітвязняў дзеля ўзнаўлення дыялогу з Еўрапейскім Саюзам. Да канца жніўня ў месцах пазбаўлення ці абмежавання волі працягвалі ўтрымлівацца 11 палітычных зняволеных: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Андрэй Гайдукоў. Ніякіх рэальных крокаў з боку беларускіх уладаў у накірунку іх вызвалення не было прадпрынята. Разуменне адсутнасці пазітыўных тэндэнцый у дадзенай сферы было зафіксавана і ў заяве Пітэра Стано, прадстаўніка еўракамісара Штэфана Фюле: “Мы прынялі да ведама факт вызвалення Дзмітрыя Дашкевіча… Мы настойваем, што Беларусь павінна неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і рэабілітаваць іх, незалежна ад працягласці тэрмінаў іх зняволення”.

 Разам з тым, адначасова з прынцыповай рыторыкай Еўрапейскага Саюзу ў пытанні палітвязняў, у жніўні назіралася замацаванне ранейшай тэндэнцыі пошуку і развіцця кантактаў ЕС з беларускім афіцыйным бокам. 9 жніўня ў Мінску пасол Эстоніі ў Беларусі Яак Ленсмент сустрэўся з намесніцай міністра замежных спраў Аленай Купчыной; 28 жніўня адбылася сустрэча Алены Купчыной з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Майрай Морай, а таксама з амбасадарамі Вялікабрытаніі і Літвы Брусам Бакнелам і Эвалдасам Ігнатавічусам. У прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства паведамілі, што падчас гутаркі з Майрай Морай “былі абмеркаваны пытанні развіцця адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, у тым ліку перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў і шэраг запланаваных мерапрыемстваў”. Ці захоўвалася абумоўліванне абмяркоўваемага супрацоўніцтва вызваленнем і рэабілітацыяй палітвязняў – ні адзін з бакоў перамоваў не паведаміў. Гэта выклікае насцярожанасць з боку праваабарончай супольнасці, паколькі знешнепалітычны фактар на сённяшні дзень з’яўляецца фактычна адзіным інструментам уплыву на афіцыйны Мінск, а адыход ад публічна дэкларуемай пазіцыі ЕС па праблеме палітвязняў можа спрыяць замарожванню пытання і абыходу яго наўзамен эканамічнай і палітычнай мэтазгоднасці.


Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

3 жніўня жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што турэмная камісія 25 ліпеня зняла з палітвязня статус «злоснага парушальніка рэжыму», пакінуўшы статус “не стаўшага на шлях выпраўлення”. Адмена статуса “злоснага парушальніка рэжыму” надала палітвязню права на павелічэнне сумы для пакупак у турэмным шапіку ад 1 да 2 базавых велічынь. 12 жніўня Мікалай Статкевіч адзначыў у Магілёўскай турме чарговы, ужо трэці Дзень нараджэння ў зняволенні – яму споўнілася 57 гадоў. У лісце да жонкі ён паведаміў, што адміністрацыя турмы не перадае яму віншавальныя паштоўкі да Дня нараджэння, імкнучыся стварыць уражанне, што яго ўсе пакінулі. Таксама М. Статкевіч напісаў, што 5 жніўня яму вынеслі чарговае спагнанне і паведаміў пра факты неаказання яму медыцынскай дапамогі: яго спачатку амаль прымусова завялі ў санчастку, дзе «выявілі» падвышаны ціск, пасля «дапамогі» яму стала горш, і на наступны дзень, калі ён упаў, дапамагаць яму не спяшаліся цягам 20 хвілін, хоць сусед увесь час барабаніў у дзверы. У санчастцы калоніі палітвязню далі невядомыя прэпараты, ад якіх яго самаадчуванне пагоршылася.

4 жніўня споўнілася роўна два гады з моманту арышту Алеся Бяляцкага — кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Да гэтай даты быў прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Акцыі салідарнасці ў гэты дзень прайшлі ў некалькіх гарадах Польшчы, Украіны, Расіі, Германіі, а таксама ў Літве, Нарвегіі, Швецыі, Швейцарыі, Чэшскай Рэспубліцы, Вялікабрытаніі, Італіі, Кыргызстане, Казахстане, Азербайджане, Арменіі і ЗША. Больш за 245 тысяч чалавек заклікалі вызваліць Алеся Бяляцкага праз сацыяльныя сеткі. У Беларусі акцыі салідарнасці прайшлі больш чым у 20 гарадах, нягледзячы на тое, што ўсе масавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага дня, былі забароненыя мясцовымі ўладамі. Напярэдадні гадавіны арышту А.Бяляцкага Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці заклікаў урад Беларусі "неадкладна і безумоўна" вызваліць і рэабілітаваць праваабаронцу Алеся Бяляцкага. "Зняволенне сп. Бяляцкага з'яўляецца сімвалам рэпрэсій супраць праваабаронцаў", — адзначыў ён. 7 жніўня зняволенаму праваабаронцу была перададзеная першая ў 2013 годзе харчовая перадача --  у сакавіку ў выніку накладзеных спагнанняў Алеся Бяляцкага пазбавілі права на атрыманне харчовых перадач на 6 месяцаў. Агулам палітвязень  быў пазбаўлены перадач амаль 8 месяцаў. 14 жніўня адміністрацыя папраўчай калоніі №2 у Бабруйску, дзе адбывае пакаранне Алесь Бяляцкі, адказала на зварот БАЖ аб змякчэнні рэжыму яго ўтрымання. Начальнік калоніі Аляксандр Какунін напісаў, што за час адбывання пакарання Алесь Бяляцкі «неаднаразова дапускаў парушэнні вызначанага парадку адбывання пакарання», што «ўказаныя ў звароце спагнанні асуджаны Бяляцкі А. В. не абскарджваў», і што «падставаў для адмены спагнанняў альбо іх замены на іншыя... не маецца». 17 жніўня аналагічны адказ БАЖ атрымала з Упраўлення дэпартамента выкананння пакаранняў па Магілёўскай вобласці: часова выконваючы абавязкі начальніка УДВП па Магілёўскай вобласці Юры Талкачоў напіасў, што спагнанні ў дачыненні Алеся Бяляцкага былі накладзеныя за парушэнне зняволеным Правілаў унутранага распарадку Бабруйскай папраўчай калоніі №2, і падстваў для іх адмены не маецца. 21 жніўня адбылося кароткатэрміновае спатканне Алеся Бяляцкага з жонкай Наталляй Пінчук і сястрой Вольгай. Гэта першая двухгадзінная сустрэча праваабаронцы са сваякамі ад снежня 2012 года. Праваабаронца паевдаміў, што па–ранейшаму працуе на швейнай вытворчасці, шмат чытае, з газет ведае пра асноўныя падзеі на волі. У 2013 годзе, калі нічога не зменіцца, павінны адбыцца яшчэ два спатканні Бяляцкага са сваякамі: адно доўгатэрміновае  і адно кароткатэрміновае.

13 жніўня ў Гродзенскай турме адбыўся суд, які вызначыў, што над палітвязнем Дзмітрыем Дашкевічам пасля вызвалення будзе ўстаноўлены превентыўны нагляд на працягу 6 месяцаў: ён павінен быць дома з 8 вечара да 6 ранку, тры разы на месяц адзначацца ў міліцыі, выезд за мяжу — толькі з дазволу РАУС, дзе ён будзе прапісаны, выезд у іншы горад — таксама толькі з дазволу міліцыі. 28 жніўня ў 6.30 раніцы Дзмітрый Дашкевіч быў вызвалены з Гродзенскай турмы. Яго выпусцілі на волю пасля адбыцця поўнага тэрмінаў пакарання па абвінавачваннях у «злосным хуліганстве» і «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі». Каля турэмнай брамы яго ўсю ноч чакалі дзесяткі чалавек – жонка Наста, журналісты, актывісты. Дз. Дашкевіч сказаў, што турэмшчыкі абудзілі яго раней, чым звычайна, у 5.30 ён з'еў свой ​​апошні сняданак у турме, сабраў рэчы і пакінуў будынак. Пра стаўленне да сябе ў турме ён распавёў, што адміністрацыі розных турмаў спрабавалі выкарыстоўваць зняволеных дзеля таго, каб яны ўплывалі на яго, але пераважна паўсюль ён атрымліваў падтрымку. Лідэр «Маладога фронту» падкрэсліў, што не ўспрымае сваё вызваленне як міласэрнасць. Ён падзякаваў за падтрымку і паведаміў, што працягне займацца палітыкай, але выйдзе з шэрагаў “Маладога Фронту” ў сувязі з 32-гадовым узростам. 29 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску Дзмітрый Дашкевіч сказаў, што напісаць на імя прэзідэнта прашэнне аб памілаванні яму афіцыйна прапаноўвалі толькі адзін раз - у калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), калі “ішла хваля вызвалення палітвязняў і вызвалілі каля дзесяці чалавек”. Тады яго да сябе запрасіў начальнік і прапанаваў напісаць, паабяцаўшы, што выпусцяць на волю, Дашкевіч адмовіўся. Неафіцыйна ж, адзначыў Дашкевіч, яму прапаноўвалі напісаць такое прашэнне шмат разоў.

13 жніўня стала вядома, што маці палітзняволенага Андрэя Гайдукова -- Вольга Гайдукова мела кароткатэрміновае спатканне з сынам, які да ўступлення прысуду ў сілу ўтрымліваўся ў Віцебскім СІЗА. Спатканне адбывалася праз шкло. Маці і сын кантактавалі праз тэлефон цягам дзвюх гадзінаў. Гэта было другое спатканне за час зняволення А. Гайдукова: першае было адразу пасля суда і васьмі месяцаў следства. Вольга Гайдукова дадала, што лісты ад сына прыходзяць рэгулярна, раз на тыдзень дазволены перадачы. 27 жніўня Вярхоўны суд разглядаў касацыйную скаргу Андрэя Гайдукова і пакінуў прысуд бяз зменаў – паўтары гады пазбаўлення волі. 29-га жніўня Вольга Гайдукова атрымала ў Вярхоўным судзе дазвол на спатканне з сынам, 30-га жніўня гэта спатканне адбылося ў Віцебскім следчым ізалятары № 2. 31 жніўня Андрэй Гайдукоў быў пераведзены адбываць пакаранне ў Магілёўскую папраўчую калонію № 19.

 14 жніўня Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, паведаміла, што яе сыну даходзяць не ўсе лісты, а калі даходзяць, то з вялікімі затрымкамі. Яна таксама распавяла пра рэакцыю сына пра яе звальненне з працы: “спачатку турбаваўся, але ў нейкі момант адчуў дзіўнае пачуццё палёгкі”, дадаўшы, што хвалявацца з гэтай нагоды і накручваць сабе думкі не варта, таму што ўладам толькі і трэба, “каб чалавек сам сябе з'еў”.

20 жніўня суддзя Леанід Ярмоленкаў суда Першамайскага раёна Мінска прызнаў былога палітвязня Уладзіміра Яроменка вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 Крымінальнага кодэкса РБ) і вынес пакаранне ў выглядзе 3 месяцаў арышту (дзяржабвінаваўца Чарапковіч прапанавала пакараць яго арыштам у 6 месяцаў). Адвакат адзначыла ў судзе, што падчас следства былі дапушчаныя шматлікія парушэнні. Так, пастанова следчага камітэта аб узбуджэнні крымінальнай справы была датавана 24 траўня, у той час як дакументы па справе ў СК паступілі і былі зарэгістраваны 27 траўня, а два рапарты, які з’яўляюцца доказам парушэння правілаў прэвентыўнага нагляду, наогул нідзе не рэгістраваліся. Адвакат таксама адзначыла, што бок абвінавачання ўвогуле не высвятляў прычыны, па якіх У. Яроменак адсутнічаў па месцы жыхарства падчас праверак. Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцаніў прысуд Уладзіміру Яроменку “як палітычна матываны ў мэтах недапушчэння ці спынення ягонай далейшай грамадска-палітычнай дзейнасці, аказання ціску ў сувязі з такой дзейнасцю. Прысуд У. Яроменку з’яўляецца наўпроставым наступствам ягонага асуджэння на 3 гады пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года”.

22 жніўня Анатоль Пракапенка, бацька палітвязня Арцёма Пракапенкі, паведаміў, што адміністрацыя Магілёўскай калоніі № 15 зняла забарону на прадуктовыя перадачы адносна ягонага сына. Родным Пракапенкі ўдалося перадаць Арцёму 35 кілаграмаў прадуктаў, з якіх пяць кілаграмаў садавіны. Анатоль Пракапенка адзначыў, што статус «злоснага парушальніка» з сына пакуль што не зняты. Арцём Пракапенка падаў заяву на навучанне прафесіі муляра, але рашэнне пакуль не прынята.

23 жніўня палітвязню Мікалаю Дзядку, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме №4, споўнілася 25 гадоў. Гэта ўжо трэці Дзень нараджэння, якія М. Дзядок адзначыў у зняволенні. 

30 жніўня ў Івацэвіцкай калоніі №22 адбыўся суд, які вызначыў, што пасля вызвалення 3 верасня бягучага года над палітвязнем Аляксандрам Францкевічам будзе ўстаноўлены прэвентыўны нагляд на паўгода. Пра гэта  паведаміла яго маці Таццяна Францкевіч, якая разам з адвакатам ездзіла да сына ў калонію на суд, які прымаў рашэнне пра тэрмін нагляду.

 

Ужыванне прымусовай псіхіятрыі

16 жніўня Ігар Пастноў, які жорстка крытыкаваў недахопы ў віцебскай сістэме аховы здароўя і да апошніх дзён працаваў урачом-псіхіятрам у абласным псіхіятрычным шпіталі, быў змешчаны ў закрытае аддзяленне гэтай самай установу “са згоды пракурора” проста ў працоўны час. Гэта адбылося пасля заявы намесніка галоўурача па ідэалогіі пра тое, што ўрач Пастноў паводзіць сябе “неэтычна”. Ігару Пастнову і раней пагражалі псіхіятрычным лячэннем – пасля выступу на тэлеканале “Белсат” з крытыкай дзейнасці старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, таксама ў мінулым  урача, доктара медыцыны, аднак  дагэтуль далей пагроз не ішло:  Пастноў -- дыпламаваны спецыяліст у гэтай галіне, і таму быў пэўны, што да прымусовага змяшчэння ў шпіталь не дойдзе. 21 жніўня суддзя Віцебскага райсуду Таццяна Дзегцярова ў закрытым пасяджэнні санкцыянавала прымусовае псіхіятрычнае лячэнне Ігара Пастнова. Яго самога на працэс не прывезлі, што зазвычай практыкуецца  толькі ў складаных клінічных выпадках, калі хворы чалавек можа зрабіць шкоду навакольным. Не было на працэсе і адваката. 22 жніўня ў псіхіятрычным шпіталі І. Пастнова змог наведаць адвакат. 30 жніўня адвакат падаў у Віцебскі абласны суд касацыйную скаргу на рашэнне Віцебскага раённага суда аб прымусовым лячэнні Ігара Пастнова. Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінскі Камітэт і выступілі з супольнай заявай, у якой заклікалі кампетэнтныя органы "неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псіхіятрычнага стацыянару і перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва". У заяве адзначалася: “Відавочна, што парушэнне права Ігара Пастнова на справядлівае судовае разбіральніцтва пацягнула парушэнне яго права на асабістую недатыкальнасць. Такія дзеянні, апроч усяго, з'яўляюцца парушэннем гарантыі на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне».

“Міжнародная амністыя” заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Ігара Пастнова вязнем сумлення. «Затрыманьне Ігара Паснова магло быць неабгрунтаваным з-за выказанай ім законнай крытыкі сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці. Калі гэта так, то “Міжнародная амністыя” будзе лічыць яго вязнем сумлення», — было сказана ў заяве міжнароднай праваабарончай арганізацыі.

Смяротнае пакаранне

26 жніўня калегія  па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда пакінула без задавальнення прыватную скаргу Любові Кавалёвай і Таццяны Казяр -- родных расстралянага Уладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў здзяйсненні тэракту ў метро Мінска. Суддзя Аксана Будоўская пагадзілася з высновамі суда Кастрычніцкага раёна Мінска аб тым, што разгляд дадзенага звароту не падведамасны агульным судам Беларусі. Родныя Кавалёва абскарджвалі адмову суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па іх скарзе на адмову прадаставіць інфармацыю пра месца пахавання Уладзіслава. Па словах адваката Кавалёвай і Казяр Сяргея Галубка, у дадзеным выпадку парушана канстытуцыйнае права кожнага на судовую абарону. Адвакат таксама адзначыў, што ў чарговы раз беларускія суды падцвердзілі сваё нежаданне выконваць рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН. Адзіны станоўчы момант на працэсе – гэта дадзеная магчымасць абараняць інтарэсы родных Уладзіслава Кавалёва расійскаму адвакату Сяргею Галубку. Паводле адваката, рашэнне будзе абскарджана ў наглядным парадку, а таксама будуць прыняты меры на міжнародным узроўні, каб дабіцца выканання рашэння Камітэта па правах чалавека ААН, які прызнаў, што ў адносінах да Уладзіслава было парушана права на жыццё, а ў адносінах да Любові Кавалёвай і Таццяны Казяр -- права на атрыманне цела забітага сваяка і інфармацыі пра месца ягонага пахавання.

 

Прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

6 жніўня праваабарончая ўстанова “Платформа” распаўсюдзіла інфармацыюю пра смерць у СІЗА №1 ў Мінску 21-гадовага мінчука Ігара Пцічкіна, які 15 траўня 2013 года судом Заводскага раёна Мінска быў асуджаны да 3 месяцаў адміністрацыйнага арышту за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага артыкулам 417 Крымінальнага кодэкса (“невыкананне прысуду суда аб пазбаўленні права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю). 30 ліпеня ў 17.00 Ігар разам з мамай і сястрой прыехаў у РУУС Заводскага раёна Мінска для таго, каб панесці прызначанае пакаранне. Гэта быў апошні раз, калі блізкія бачылі Ігара жывым. Супрацоўнік СІЗА № 1, які паведаміў маці страшную навіну, агучыў і прычыну смерці Ігара - сардэчны прыступ. Начальніка СІЗА № 1 Варыкаш Вікенцій абвінаваціў нябожчыка ва ўжыванні наркотыкаў, алкаголю і курыльных сумесяў, з-за чаго, на ягоную думку, і памёр Ігар Пцічкін. Начальнік санчасткі Пахановіч агучыў яшчэ адну версію смерці Ігара Пцічкіна: раптоўнае неадэкватныя паводзіны, у выніку якіх кантралёры зафіксавалі зняволенага выключна з добрых памкненняў, а смерць наступіла па невядомых прычынах. Без дазволу маці цела Ігара Пцічкіна адправілі ў морг і зрабілі ўскрыццё. Пазней, падчас працэдуры апазнання родныя ўбачылі шматлікія гематомы, сінякі, раны на целе І. Пцічкіна. Няўзброеным вокам былі заўважныя пераломы рэбраў, а на запясцях - бачныя сляды кайданкоў і адкрытыя раны.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

4 жніўня ў Магілёве падчас правядзення праваабаронцамі акцыі салідарнасці са зняволеным Алесем Бяляцкім была затрымана яе ўдзельніца  Дыяна Буракова. Дзяўчына правяла ў пастарунку каля гадзіны. Пасля складання пратакола аб адміністрацыйным затрыманні Дыяна была адпушчана на свабоду.

5 жніўня ў Мінску падчас раздачы паштовак з інфармацыяй пра зняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага былі затрыманы праваабаронцы Таццяна Рэвяка і Уладзімір Лабковіч. Яны былі дастаўлены ў аддзел правапарадку РУУС Савецкага раёна, дзе на іх былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП РБ (“парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў”). У гэты ж дзень праваабаронцы былі дастаўлены ў суд Савецкага раёна Мінска. Справу Уладзіміра Лабковіча разглядаў суддзя Дзмітрый Паўлючэнка, справу Таццяны Рэвякі – суддзя Марына Фёдарава. Пратаколы, складзеныя на праваабаронцаў, былі накіраваны суддзямі назад у РУУС Савецкага раёна на дапрацоўку. 6 жніўня суддзі Дз. Паўлючэнка і Марына Фёдарава прызналі У. Лабковіча і Т. Рэвяку вінаватымі і прынялі рашэнні аб накладанні на іх штрафу ў памеры 30 базавых велічынь. 27 жніўня ў  Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі Таццяны Рэвякі. Суддзя Аляксей Бычко пакінуў пастанову суда Савецкага раёна Мінска без зменаў, а скаргу без задавальнення. 30 жніўня суддзя Мінскага гарадскога суда Валерый Камісараў адмяніў пастанову суда Савецкага раёна аб адміністрацыйным правапарушэнні і спагнанні штрафу ў адносінах да Уладзіміра Лабковіча і накіраваў справу ў суд Савецкага раёна на перагляд іншаму суддзі, адзначыўшы, што "дапушчана шмат прабелаў" і не было "усебаковага, поўнага і аб'ектыўнага вывучэння і ацэнкі абставінаў справы".

12 жніўня невядомыя зламыснікі ўзламалі паштовую скрыню Камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" plosca2006@yahoo.com і здзейснілі рассылку ад імя старшыні арганізацыі Іны Кулей, якая быццам бы страціла грошы і дакументы ў Іспаніі, з просьбай  дапамагчы ёй, выслаўшы 2.900 эўра на пэўны рахунак. "Салідарнасьць" абвергла расссылку падобнага ліста і выказала просьбуз гэтага часу спраўджваць атрыманую з plosca2006@yahoo.com інфармацыю.

16 жніўня стала вядома, што супрацоўнік міліцыі з Дзяржынскага РАУС Віталь Клімашэўскі яшчэ ў ліпені падаў заяву з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу паводле артыкулаў 179 (незаконнае збіраньне або распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцьці) і 188 (паклёп) Крымінальнага кодэксу на аўтара артыкула пра катаванні ў Дзяржынскім РАУС, апублікаваным на сайце праваабарончай установы «Платформа». У выніку папярэдняга вывучэньня сутнасці справы В.Клімашэўскаму адмовілі, пасля чаго ён напісаў заяву аб прыцягненні аўтара артыкула да адказнасці паводле арт. 9.2 (паклёп) Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. 19 жніўня ў судзе Партызанскага раёну Мінску мусіў адбыцца суд над намесніцай дырэктара “Платформы” Аленай Красоўскай-Каспяровіч, але ў сувязі з адсутнасцю дакументаў па адміністрацыйнай справе быў адкладзены на нявызначаны тэрмін. Справа датычылася збіцця супрацоўнікі міліцыі Віталём Клімашэўскім і Дзмітрыем Касцевічам дваіх маладых людзей, Сяргея Хачатурана і Віталя Ганчара.

16 жніўня намеснік старшыні праваабарончага праекту «ГейБеларусь» Максім Дзмітрыеў быў выкліканы позвай у якасці сведкі без указання канкрэтнай адміністрацыйнай або крымінальнай справы ва Упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС. Разам з ім у якасці прадстаўніка ад РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" прысутнічала праваабаронца Наталля Манькоўская. «Гутарку» з ЛГБТ-актывістамі праводзілі старшы оперупаўнаважаны па АУС Павел Грамузаў, намеснік начальніка другога аддзела Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі палкоўнік міліцыі Уладзімір Емяльянаў і чалавек у цывільным, які катэгарычна адмовіўся прадстаўляцца, але якога П . А. Грамузаў называў імем Дзіма. Як адзначаюць актывісты, гэта была менавіта гутарка, а ня допыт сведкі, ніякіх пратаколаў не вялося. Размова датычылася праекту "ГейБеларусь", планаў арганізацыі, дзейнасці, якую яна цяпер ажыццяўляе. На ўсе гэтыя пытанні Максім Дзмітрыеў адмовіўся адказваць у адпаведнасці з арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым супрацоўнік міліцыі не забыўся нагадаць пра тое, што ў Крымінальным кодэксе існуе артыкул за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Затым былі зададзены пытанні пра старшыню арганізацыі Сяргея Андросенку. «Вось Сяргей з'ехаў, і вам раім», - параіў актывістам чалавек у цывільным. Таксама параілі «не высоўвацца", "не асвятляць» і «не прыцягваць увагу да ЛГБТ». Усяго «гутарка» працягвалася крыху больш за гадзіну.

 

Актывізацыя ціску спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

26 жніўня Магілёўскі абласны суд разгледзеў скаргу актывіста аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Алега Аксёнава, які намагаўся абскардзіць прафілактычную размову, якую праводзілі з ім супрацоўнікі КДБ, сваю пастаноўку на прафілактычны ўлік у дадзенай установе, а таксама антыканстытуцыйнасць артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса “Аб дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Суд адмовіў па ўсіх пунктах. Паводле судовага рашэння – правы актывіста не парушаюцца Магілёўскай управай КДБ. На прафілактычным уліку КДБ Алег Аксёнаў знаходзіцца ўжо болей за год. У Магілёве на такім уліку стаяць таксама актывістка БХД Тацяна Шамбалава і лідар Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

1 жніўня суддзя суда горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна Кацярына Груда вынесла пастанову пра штраф у памеры 20 базавых велічынь старшыні Баранавіцкай філіі ТБМ, актывісту руху «За свабоду» Віктару Сырыцы. Актывіст быў абвінавачаны ў парушэнні арт.23.34 Адміністрацыйнага кодэкса РБ - арганізацыі і правядзенні 2 чэрвеня несанкцыянаванага мерапрыемства, прысвечанага 150-й гадавіне Мілавідскай бітвы паўстанцаў Каліноўскага. Кацярынай Груда не былі прыняты да ўвагі словы сведкі, маёра Куляшова пра тое, што мерапрыемства не было, яно было адменена гарадскімі ўладамі без паведамлення пра гэта ў прэсе, г. зн. жадаючыя прыняць у ім удзел -- не папярэджаны. Калі людзі прыехалі на маючы адбыцца фестываль і чакалі 30 хвілін гэта мерапрыемства, ні міліцыя, ні загадчык ідэалагічнага аддзела Баранавіцкага гарвыканкама не падыйшлі і не сказалі, што фестывалю не будзе.

2 жніўня транспартная міліцыя Мінска ўзяла тлумачэнні з актывіста Zмены Паўла Вінаградава адносна размяшчэння ім фотаздымкаў у сацыяльных сетках бел-чырвона-белага сцяга, прымацаванага да электрычкі. 27 ліпеня Павал Вінаградаў размясціў здымкі ў фэйсбуку і напісаў: «Сёння актывісты Zмены вырашылі правесці акцыю ў гонар абвяшчэння незалежнасці БССР. На станцыі каля Мінскага мора актывісты прымацавалі да электрычкі 4-метровы бел-чырвона-белы сцяг. І электрычка, і сцяг, які лунаў на ёй, паспяхова заехалі ў Мінск». Сілуэты актывістаў былі зафаташопленыя. У Мінскі аддзел унутраных спраў на транспарце актывіст прышоў, узяўшы вялікую сумку з неабходнымі рэчамі, не выключаючы абвінавачання ў адміністрацыйным правапарушэнні, аднак на гэты раз абышлося толькі тлумачэннямі.

6 жніўня ўвечары была праведзена чарговая акцыя нацыянал-бальшавікоў супраць прызыўнога рабства. На агароджы міністэрства абароны была вывешаная расцяжка "Далоў армію рабоў!" і раскіданыя ўлёткі, якія  растлумачваюць негатыўныя бакі фарміравання арміі на прымусовай аснове і перавагу для абароназдольнасці і эканомікі краіны арміі добраахвотнай. 8 жніўня раніцай у розных раёнах Мінска супрацоўнікі міліцыі затрымалі пратэстоўцаў Яўгена Контуша, Алеся Гулевіча, Алеся Палякова,  Дзмітрыя Паліенкуа і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Алеся Палякова вызвалілі, паколькі ён з'яўляецца непаўнагадовым. Астатнія актывісты былі абвінавачаны ў парушэнні арт 23.34. КаАП (“парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерыпрыемстваў”). У другой палове дня затрыманыя былі дастаўлены ў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя Аляксандр Якунчыхін вынес пастанову аб накіраванні пратакола адміністрацыйнага правапарушэння ў адносінах да Дзмітрыя Паліенкі на дапрацоўку і вызваленні актывіста. Суддзя Вікторыя Шабуня накіраваў матэрыялы адміністрацыйнай справы Яўгена Контуша на дапрацоўку ў РУУС Цэнтральнага раёна, а Аляксандру Гулевічу прысудзіла штраф у памеры 10 базавых велічынь. 22 жніўня суддзя Якунчыхін вынес рашэнне пакараць Дзмітрыя Паліенку штрафам у памеры 12 базавых велічынь, суддзя Шабуня пакарала Яўгена Контуша штрафам у тым жа памеры -- 12 базавых велічынь.

8 жніўня сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Магілёва Мікалай Гладышаў, які 4 ліпеня зладзіў адзіночны пікет супраць намераў размясціць у Беларусі расійскую авіябазу, атрымаў позву, у якой пазначана, што 15 жніўня ён мусіць з’явіцца ў Ленінскі раённы суд як правапарушальнік. Паводле міліцэйскага пратаколу, Гладышаву інкрымінуюць парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. 15 жніўня суд Ленінскага раёна Магілёва аштрафаваў Мікалая Гладышава за несанкцыяваны пікет на 10 базавых велічынь.

10 жніўня пад час правядзення нацболамі спартыўна-палявых збораў ў раёне Воўкавічскага вадасховішча ў Мінскім раёне з прымяненнем фізічнай сілы і слезацечнага газу былі затрыманыя 12 юнакоў. Не паспелі актывісты раскласці палаткі, як іх лагер быў акружаны шасцю аўтамабілямі, з якіх выскачылі людзі ў міліцэйскай форме і ў цывільным. Яны не прадставіліся і з выкарыстаннем фізічнай сілы паклалі ўсіх прысутных на зямлю тварам уніз. Пры гэтым да Дзяніса Сахара і непаўнагадовага  Аляксандра Палякова былі ўжытыя спецсродкі - слезацечны газ і кайданкі. Затым супрацоўнікі міліцыі правялі дагляд рукзакоў. Міліцыянты і супрацоўнікі КДБ размаўлялі выключна матам, ўжывалі пагрозы, запалохванне і фізічную сілу. Усіх затрыманых адвезлі ў аддзяленне міліцыі ў Ждановічах, дзе былі складзеныя пратаколы  за «распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы», хоць дзеянне адбывалася ў глухім лесе і спіртныя напоі ўдзельнікамі паходу не распіваліся, паколькі мерапрыемства насіла спартыўны характар. Намеснік  начальніка аддзялення Пяткевіч адразу ж  вынес пастановы аб прыцягненні 11 удзельнікаў мерапрыемства да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафаваў кожнага на суму ад 100 да 800 тысяч рублёў. Дзяніса Сахара абвінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы (арт 23.4 КаАП РБ) і адвезлі ў ІЧУ Мінскага раёна да суду. 12 жніўня ў судзе Мінскага раёна суддзя Андрэй Бяліла пачаў разгляд адміністрацыйнай справы Дзяніса Сахара. Актывіст падаў хадатайніцтва дапытаць сведак са свайго боку, а таксама міліцыянтаў. Суддзя задаволіў хадатайніцтва, суд быў перанесены на 26 жніўня. У гэты дзень на разгляда справы ў суд не з'явіліся ўсе сведкі, таму працяг працэсу быў перанесены на 4 верасня.

 24 жніўня ў першай палове дня міліцыя перапыніла аргмерапрыемства ў офісе кампаніі «Гавары праўду» у Мінску, дзе праводзіліся заняткі для сяброў кампаніі з рэгіёнаў. Міліцыя спачатку заблакавала дзверы офіса, не даючы нікому магчымасці выйсці, пасля гэтага каля 30 чалавек пасадзілі ў аўтазакі і павезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска. Усіх пратрымалі ў РУУС больш за тры гадзіны, а потым вызвалілі. У офісе міліцыяй былі канфіскаваныя друкаваныя матэрыялы, звязаныя з «Народным рэферэндумам».

26 жніўня ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы грамадскага актывіста і прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса, на якога маёр міліцыі Дзмітрый Мізгер склаў два пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па ч.3 арт.23.34 (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) падчас мітынгаў баранавіцкіх прадпрымальнікаў 27 чэрвеня і 1 ліпеня 2013 года. Загадчыца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Чылік даводзіла суду, што менавіта Мікалай Чанавус быў арганізатарам несанкцыянаваных акцый прадпрымальнікаў. Такой жа думкі прытрымліваўся ў судзе дырэктар Баранавіцкага кааператыўнага рынку Віталь Рахмеджанаў. Мікалай Чарнавус не прызнаў сябе вінаватым ў арганізацыі страйкаў, даводзячы, што гэта былі стыхійныя сходы. Суд не прызнаў Мікалая Чарнавуса вінаватым у арганізацыі несанкцыянаваных акцый пратэсту прадпрымальнікаў, але прызнаў яго актыўным удзельнікам і прысудзіў яму адміністрацыйны штраф у памеры 21 базавай велічыні.

27 жніўня каля будынку пасольства Расіі ў Мінску магілёўскі актывіст АГП Мікалай Гладышаў правёў адзіночны пікет супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых баз. Ён разгарнуў плакат: «Не — замежным ваенным базам! Расійскія вайскоўцы, прэч». Праз 15 хвілін яго затрымала міліцыя. У гэты ж дзень суд Цэнтральнага раёну асудзіў М. Гладышава на 10 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства па арт. 23.34 КаАП РБ. Рашэнне вынесла суддзя Вікторыя Шабуня.

28 жніўня суддзя Першамайскага суду Мінска Сяргей Бандарэнка разгледзеў адміністрацыйную справу былога палітвязня Уладзіміра Яроменка аб парушэнні ім правілаў адбыцця прэвентыўнага нагляду (ч.2 арт. 24.12 КаАП РБ). Суддзя прызнаў актывіста вінаватым і аштрафаваў яго на 10 базавых велічынь.

29 жніўня ў Мінску перад прэсавай канферэнцыяй вызваленага напярэдадні з турмы Дзмітрыя Дашкевіча быў затрыманы былы актывіст «Маладога Фронта» Мікалай Дземідзенка. Суд Цэнтральнага раёна прызнаў яго вінаватым у парушэнні арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) і асудзіў на 12 сутак арышту.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

2 жніўня віцебскія журналісты Сяргей Серабро і Алена Сцяпанава ў адзін дзень атрымалі аднолькавыя лісты з загалоўкам «Ведай, куды язык можа давесці». Невядомы, падпісаўшыся імем Яўген Мішакоў, выказваў крытыку інфармацыйнуй палітыцы «Радыё Свабода» і «БелаПАН» і зневажаў незалежных журналістаў. Алена Сцяпанава распавяла, што подпіс, найхутчэй, выдуманы, а адрас заведзены, верагодна, для "разавай адпраўкі". Калі журналістка запыталася ў Яўгена Мішакова, ці не блытае ён чагосці, адказу не атрымала. Напрыканцы ліста былі змешчаны відавочныя пагрозы, накшталт таго, то  праз «доўгі язык» журналісты могуць трапіць у «месцы не такія аддаленыя». У апошнім абзацы ліста незалежным журналістам «нагадалі» пра існаванне Закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», а таксама артыкулы Крымінальнага кодэксу «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абароназдольнасці».

13 жніўня Руслан Мірзоеў, аўтар відэаролікаў «Хронікі завода» пра жыццё Мінскага аўтамабільнага завода, быў асуджаны на 7 сутак арышту. Праваахоўныя органы зацікаваліся, ці праўдзівыя звесткі ў роліках Мірзоева, якія ён здымаў у сталічным раёне Курасоўшчына. Той растлумачыў, што рабіў пастаноўкі. У выніку суд вырашыў асудзіць яго за нецэнзурную лаянку, паколькі ў роліках гучалі мацюкі. Рашэнне выносіла суддзя Ала Булаш.

13 жніўня ў адным са шматпавярховых дамоў Віцебска супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС быў затрыманы пенсіянер  Андрэй Андрэеў за распаўсюд улётак пра “Народны рэферэндум”. На затрыманага быў складзены пратакол за парушэнне заканадаўства аб СМІ --паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Улёткі  былі канфіскаваныя падчас складання пратаколу ў Кастрычніцкім РАУС, матэрыялы справы перададзены ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебска.

14 жніўня ў Бабруйску каля прахадной «Белшыны» падчас распаўсюду бюлетэня «Голас розуму» былі затрыманы лідэр АГП Анатоль Лябедзьку і ягоны паплечнік Віктар Бузінаеў. А. Лябедзька і В. Бузінаеў атрымалі позвы з’явіцца ў міліцыю 20 жніўня. У гэты дзень маёр міліцыі Сяргей Рудзько паведаміў старшыні бабруйскай суполкі АГП Віктару Бузінаеву, што на актывіста будзе складацца пратакол аб адміністрацыйным парушэнні за парушэнне заканадаўства аб СМІ, але пратакол так і не быў складзены. Анатоль Лябедзька адмовіўся прыязжаць на сустрэчу з маёрам Рудзько. 

17 жніўня да блогера са Светлагорску Генадзя Жулегі прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія з санкцыі пракурора правялі вобыск і канфіскавалі кампутар. Дзеянні міліцыі былі звязаны з размяшчэннем блогерам 6 жніўня на сваіх старонках у сацыяльных сетках знятага ім відэароліка пра дом старшыні Светлагорскага райвыканкаму. Пасля гэтага ролік з’явіўся на некалькіх навінавых сайтах. Г.Жулега і раней здымаў ролікі пра жыццё ў райцэнтры, нявырашаныя сацыяльныя праблемы гораду. «Дом старшыні райвыканкаму я здымаў, не адмаўляю. На ўсе пытанні, на ўсе нявырашаныя праблемы ў горадзе ўлады адказваюць: няма грошай. Я гэтым ролікам паказаў, што грошы ёсць, толькі вось выдаткоўваюцца яны на будаўніцтва дамоў для начальства, а не на вырашэньне праблем грамадзян», – патлумачыў блогер. Супрацоўнікі міліцыі растлумачылі болгеру, што жонка старшыні райвыканкаму напісала заяву, што ролікам, размешчаным у інтэрнэце, ён зганьбіў гонар і годнасць яе сям'і, а інфармацыя на відэа носіць паклёпніцкі характар і просіць прыцягнуць яго да ўстаноўленай законам адказнасці. Міліцыянты паведамілі Генадзю Жулегу, што яго кампутар будуць правяраць, а потым будзе вырашацца пытанне аб прыцягненні яго да адказнасці.

19 жніўня ў салігорскім офісе «Беларуськалія» адбылася прэсавая канферэнцыя кіраўніцтва прадпрыемства, на якую прадстаўнікі СМІ былі дапушчаныя выбарачна. 16 жніўня на спробу карэспандэнта Радыё «Свабода» акрэдытавацца намеснік дырэктара па кадрах і ідэалагічнай працы «Белкалію» Анатоль Махлай адказаў, што мусіць параіцца з генеральным дырэктарам Валерыем Кірыенкам і папрасіў затэлефанаваць раніцай 19 жніўня. Аднак гендырэктар адмовіў карэспандэнту “Свабоды” ў магчымасці прысутнічаць на прэс-канферэнцыі, заявіўшы, што радыё не выклікае даверу, адпаведна, і прысутнасьць журналіста непажаданая.

20 жніўня каля прахадной завода «Магілёўхімвалакно» быў затрыманы карэспандэнт «БелаПАН» Алесь Асіпцоў. Журналіст знаходзіўся на прылягаючай да прадпрыемства тэрыторыі, дзе праводзіў апытанне з нагоды памераў заробкаў на прадпрыемстве.  Гэта не спадабалася ахове прадпрыемства, якая вырашыла яго затрымаць. Журналісту паведамілі, што тэрыторыя, дзе ён знаходзіўся, належыць прадпрыемству, і сваё месца знаходжанне там трэба ўзгадняць. Ахова выклікала міліцыю, якая ўзяла ў журналіста пісьмовае тлумачэнне, пасля чаго А. Асіпцоў быў адпушчаны.

24 жніўня прыкладна ў 16.30 каля РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска быў затрыманы відэааператар “БелаПАН” Васіль Сямашка падчас падчас выканання службовых абавязкаў -- здымак актывістаў «Гавары праўду!», якія выходзілі з міліцэйскага будынка. У міліцыі журналіста пратрымалі каля гадзіны, пры гэтым выдалілі адзняты відэаматэрыял — інтэрв`ю з намеснікам старшыні грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Андрэем Дзмітрыевым. Паводле слоў В.Сямашкі, неабходнасць выдалення сюжэта міліцыянеры матывавалі тым, што інтэрв`ю знята на фоне будынка РУУС. Ніякіх папер у дачыненні да журналіста ў міліцыі не складалася.

28 жніўня віцебскага незалежнага журналіста Уладзіміра Жыгулова выклікалі ў пракуратуру па позве на 3-га верасня. Журналіст патэлефанаваў па нумары, указаным на бланку, але яму адмовіліся тлумачыць непасрэдныя прычыны выкліку. У позве было напісана: «для тлумачэнняў па пытанні парушэння заканадаўства аб СМІ» Уладзімір Жыгулоў мусіць з’явіцца да пракурора аддзела па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў П.М.Зайцава.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

1 жніўня магілёўскія праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксей Колчын атрымалі адмову на правядзенне пікету з патрабаваннем вызвалення Алеся Бяляцкага, які мусіў адбыцца 4 жніўня ў цэнтры горада. Адпаведны адказ падпісаны кіраўніком справамі Магілёўскага гарвыканкама Ігарам Аўсеенка. У лісце гаворыцца, што ў горадзе існуе вызначанае для масавых мерапрыемстваў месца, якое знаходзіцца на ўскрайку горада на стадыёне "Хімік", каля дома 64в па вуліцы Чалюскінцаў і што масавыя мерапрыемствы варта праводзіць там, а ніяк не ў цэнтры горада. 19 жніўня Б. Бухель і А. Колчын падалі скаргу ў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва на рашэнне аб адмове ў правядзенні пікета.

1 жніўня брэсцкім прадстаўнікам Праваабарончага цэнтра “Вясна” забаранілі праводзіць 4 жніўня акцыю ў падтрымку палітзняволенага Алеся Бяляцкага. Заяўку на арганізацыю мерапрыемства падаваў Уладзімір Вялічкін. У адмове чыноўнікі спасылаюцца на парушэнні закона  “Аб масавых мерапрыемствах”, звяртаючы ўвагу на адсутнасць дамоваў на абслугоўванне тэрыторыі дзяржаўнымі службамі. Праваабаронца Уладзімір Малей лічыць, што адмова ў правядзенні пакетавання – неправамерная, паколькі парушаюцца канстытуцыйныя правы на свабоду выказвання меркавання і мірных сходаў.

1 жніўня заяўнікі на правядзенне пікета салідарнасці з палітвязнямі ў Рэчыцы -- В. Пуціцкі  і  А. Шабетнік атрымалі адмову за подпісам першага намесніка  старшыні райвыканкама  В.Г. Атаманчука. Пікет салідарнасці быў замоўлены на 4 жніўня каля Гарадскога Дома культуры. У лісце з райвыканкаму сказана, што ў горадзе існуе вызначанае для масавых мерапрыемстваў месца, якім з'яўляецца  асфальтаваная  пляцоўка ў парку культуры і адпачынку "Перамога".

2 жніўня гомельскім прадстаўнікам Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» адмовілі ў правядзенні пікета, запланаваным на 6 жніўня з мэтай прапаганды і данясення да насельніцтва ідэй партыі. Мерапрыемства планавалася на адзінай дазволенай у горадзе пляцоўцы каля ДК таварыства глухіх «Віпра». Старшыня абласной арганізацыі партыі Уладзімір Сякерка загадзя заключыў платныя дамовы са спецыяльнымі службамі, прынамсі, з камунальнікамі і хуткай медыцынскай дапамогай. Але намеснік старшыні гарвыканкаму Аксана Рудзянок дала гомельскім левым адказ, што «згодна працоўнаму плану па арганізацыі фестывалю «Сожскі карагод», на пляцоўцы каля ДК «Віпра» 6 жніўня будзе рэпетыцыя творчых калектываў, таму ўзгадніць правядзенне пікету не ўяўляецца магчымым». Фестываль «Сожскі карагод» плануецца ў Гомелі 14-15 верасня.

2 жніўня заяўнікі пікета салідарнасці з Алесем Бяляцкім і ўсімі палітвязнямі ў Бабруйску атрымалі афіцыйны адказ, што правядзенне мерапрыемства не дазволена. У лісце за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама  Віктара Дзесятніка ўказана некалькі прычын для адмовы. Чыноўнік напісаў, што бабруйчане няправільна аформілі заяву, не пазначылі від масавага мерапрыемства. “У асноўных паняццях, якія ўжываюцца ў артыкуле 2 Закона, адсутнічае паняцце “пікет”, што не дазваляе дакладна вызначыць від масавага мерапрыемства, заяўленага Вамі”, - гаварыцца ў лісце. Таксама Дзесятнік адзначыў, што заяўнікі мусілі ўказаць меры, якія будуць імі прынятыя для забеспячэння бяспекі, медыцынскага абслугоўвання і прыборцы тэрыторыі, і ўзгадніць “парадак аплаты гэтых  паслуг”. У лісце гаварыцца, што да атрымання дазволу на правядзенне пікета нельга распаўюджваць інфармацыю аб ім. “А на інтэрнэт-сайтах “Бабруйскага кур’ера” была размешчана інфармацыя аб правядзенні вышэйназванага масавага мерапрыемства”. Напрыканцы ліста заяўнікаў традыцыйна папярэдзілі аб адказнасці, якую яны панясуць у выпадку ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

3 жніўня гарадзенскія праваабаронцы атрымалі адмову на правядзенне пікету 4 жніўня ў падтрымку зняволенага кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага. Адпаведны ліст з гарвыканкаму прыйшоў праз пошту Уладзіміру Хільмановічу. Такім чынам, заяўнікі даведаліся пра адмову ў правядзенні пікету фактычна за дзень да часу яго прызначэння. Само рашэнне Гарадзенскага гарвыканкаму за подпісам намесніка старшыні З.В. Кулешы датаванае 1 жніўнем. Між тым, заканадаўства абавязвае мясцовыя органы ўлады паведамляць пра сваё рашэнне на прадмет дазволу (забароны) правядзення масавага мерапрыемства за 5 дзён да даты плануемага мерапрыемства. Адмова гарвыканкаму праводзіць заяўнікам пікет тлумачыцца тым, што з пункту гледжання мясцовай ўлады заяўнікі не прадставілі “заключаныя з адпаведнымі службамі дамовы для забеспячэння грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання і ўборкі тэрыторыі”. Увечары 2 жніўня кватэру аднаго з заяўнікаў Рамана Юргеля наведаў участковы міліцыянер, які папярэдзіў праваабаронцу пра адміністрацыйную адказнасць за правядзення несанкцыянаванага мерапрыемства. Пры тым пастановы гарвыканкаму наконт забароны ці дазволу правядзення пікету ў міліцыянта на руках не было. Праваабаронца Віктар Сазонаў атрымаў праз пошту афіцыйны адказ Гарадзенскага гарвыканкаму на заяўку пра правядзенне пікету толькі 6 жніўня.

8 жніўня стала вядома, што Жлобінскі раённы выканаўчы камітэт не дазволіў правесці два пікеты, якія планавалі зладзіць сябры партыі “Справядлівы свет” 9 і 10 жніўня. Адпаведныя лісты за подпісам старшыні райвыканкама Генаддзя Суздалева атрымаў кіраўнік раённай партыі левых Валеры Рыбчанка. Абодва пікеты планавалася правесці ў парку “Прыдняпроўскі”. Першы з іх быў прысвечаны праблеме, з якой сутыкнуўся  Свабодны прафсаюз металістаў: Мінюст адмовіў прафсаюзу вярнуць пячатку і дакументы. Рыбчанка і ягоныя паплечнікі збіраліся звярнуць увагу жыхароў Жлобіна да гэтай сітуацыі, але старшыня Жлобінскага райвыканкама патлумачыў сябру партыі “Справядлівы свет”, што да заявы па правядзенню пікета не былі прыкладзеныя дамовы, якія прадугледжаны заканадаўствам. Другі пікет, запланаваны на 10 жніўня, які меў на мэце данясенне ідэй партыі і бачанне праблем, што стаяць перад Жлобінам, забаранілі праводзіць па той прычыне, што ў гэты час у парку будуць праводзіцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню будаўніка.

8 жніўня стала вядома, што Светлагорскі раённы выканаўчы камітэт адмовіў сябрам партыі “Справядлівы свет” у правядзенні пікета, які мусіў адбыцца ў парку культуры і адпачынку 10 жніўня. Старшыня светлагорскай раённай партыі левых Сяргей Дайнэка паведаміў, што пікет быў заяўлены з мэтай прыцягенння ўвагі жыхароў Светлагорска да ідэй партыі і для таго, каб вырашыць адну з асноўных праблем горада –  станам парка культуры і адпачынку, які знаходзіцца ў жудасным стане. У лісце за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Мяркулава адзначалася, што менавіта ў гэты дзень і гэты час, з 11 да 14 гадзін, у гарадскім парку ладзіцца культурна-спартыўнае мерапрыемства “Моладзь. Здароўе. Лад жыцця”.

8 жніўня стала вядома пра забарону пікета Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ), які быў запланаваны на 9 жніўня ў вызначаным гарвыканкамам месцы. Актывісты СПМ мелі намер пратэставаць супраць таго, што Міністэрства юстыцыі затрымлівае выдачу кіраўніку прафсаюза Аляксандру Бухвостава Статута прафсаюза і пячаткі. Сваю адмову мясцовыя ўлады патлумачылі тым, што міліцыя не можа забяспечыць ахову правапарадку падчас масавага мерапрыемства.

11 жніўня Брэсцкі гарвыканкам адмовіў мясцовым актывістам грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” праводзіць пікет, падчас якога планавалася звярнуць увагу на бездарожжа ў мікрараёне Паўднёвы. Як адзначыў Ігар Маслоўскі, удзельнікі акцыі мелі намер выказаць пратэст у сувязі з ігнараваннем чыноўнікамі патрабаванняў, выкладзеных у калектыўным звароце (свае подпісы паставілі 1100 чалавек). Пікет планавалася ладзіць 12 жніўня каля супермаркета “Еўраопт” у мікрараёне – побач з праблемнай тэрыторыяй. Аднак брэсцкія ўлады забаранілі акцыю на той падставе, што ў гэтым месцы правядзенне падобных мерапрыемства не прадугледжана. Паводле Маслоўскага, “падымаць праблемы жыхароў мікрараёна Паўднёвы ў іншых месцах горада, дзе правядзенне акцый дазволена, не мае сэнсу.

12 жніўня старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў атрымаў адказ з Магілёўскага гарвыканкаму, у якім чыноўнікі адмовілі ў правядзенні мітынга і шэсця 18 жніўня ў дазволеным для такіх мерапрыемстваў месцы на стадыёне “Хімік” супраць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай авіябазы.

16 жніўня салігорскі грамадскі актывіст Уладзімір Шыла звярнуўся ў Канстытуцыйны суд. Ён лічыць неабходным змяніць правапрымянальную практыку органаў выканаўчай улады і судоў агульнай юрысдыкцыі ў сувязі са сталымі адмовамі ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. Толькі ў мінулым годзе актывіст атрымаў 37 забаронаў на свае заявы. Як вядома, грамадзяне Беларусі не маюць права ўносіць пытанні на рагзгляд у Канстытуцыйны суд наўпрост, але нішто не забараняе суду выказваць сваё меркаване паводле зваротаў грамадзян, лічыць Уладзімір Шыла. Актывіст таксама напісаў у звароце, каб Канстытуцыйны суд прапанаваў судам агульнай юрысдыкцыі пры вырашэнні спрэчак аб забароне на правядзенне масавых мерапрыемстваў сыходзіць з прыярытэту артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ды канстытуцыйнага права грамадзян на мірныя сходы і на свабоднае выказванне свайго меркавання. Дзеля больш эфектыўнага вырашэння праблемы Уладзімір Шыла лічыць неабходным крокам з боку Канстытуцыйнага суда прапанаваць Нацыянальнаму Сходу Рэспублікі Беларусь унесці адпаведныя змены ў Закон "Аб масавых мерапрыемствах".

17 жніўня Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар Руху “За свабоду” па Віцебскай вобласці, атрымаў адказ на калектыўны ліст ад намесніка старшыні аблвыканкаму А. Дзіуліна. Больш як 40 мясцовых жыхароў прасілі адмяніць рашэнне гарвыканкаму наконт парадку правядзення масавых акцый. Адказ чыноўнікаў аблвыканкаму – адмоўны. Віцебскія актывісты на працягу ўжо больш як трох гадоў спрабавалі атрымаць дазволы на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, але раённыя адміністрацыі такіх дазволаў не даюць. Яны спасылаюцца на рашэнне віцебскага аблвыканкаму, якога заяўнікі акцый  выканаць проста не могуць. Так, паводле рашэння гарадскіх уладаў, арганізатары мусяць разам з заяўкай падаваць у раённыя адміністрацыі і копіі дамоваў  на абслугоўванне мерапрыемстваў. Але адказныя структуры адмаўляюцца ад заключэння дамоваў з актывістамі паводле розных прычын.  А некалькі разоў заяўнікам наўпрост казалі, што заключаць дамоваў не будуць, пакуль няма станоўчага рашэння раённых адміністрацый. У адказе А.Дзіуліна напісана, што ўсе ранейшыя адмовы актывісты атрымлівалі на законных падставах, і што рашэнне гарвыканкаму таксама цалкам законнае.

19 жніўня грамадскі актывіст з Клімавіцкага раёна Аляксандр Балобін атрымаў з мясцовага райвыканкама  адказ на заяўку аб правядзенні пікету салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У адказе за подпісам намесніка старшыні райвыканкама А. Ламанава гаворыцца, што Клімавіцкі райвыканкам разгледзеў заяву па пытанні правядзення пікетавання на цэнтральным рынку горада 23 жніўня 2013 года. “Цэнтральны рынак знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Для прыняцця мер пісьмовага рэагавання па вашаму звароту вам неабходна атрымаць пісьмовы дазвол дырэктара прыватнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанню паслуг “Клімавіцкі цэнтральны рынак” Давыдава А. М. на правядзенне масавага мерапрыемства”.

 26 жніўня стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушанымі правы жыхароў Брэста Ірыны Лаўроўскай, Дзяніса Турчаняка, Валерыя Фамінскага і Рамана Кісляк наконт свабоднага выказвання сваіх меркаванняў і свабоды мірных сходаў. Нагодай для звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН стала тое, што мясцовыя ўлады забаранілі правядзення пікетаў па розных пытаннях, звязаных з усталяваннем помніка да 1000-годдзя Брэста. Акцыі былі забаронены на той падставе, што ў горадзе вызначана толькі адзінае месца для пікетавання – стадыён «Лакаматыў, а актывісты спрабавалі ладзіць пікеты на вуліцы Гогаля – побач з месцам, дзе планавалася ўсталяваць помнік. Спробы абскардзіць дзеянні брэсцкіх уладаў у беларускіх судах не далі плёну, пасля чаго ў канцы 2009-га года скарга была накіравана ў Камітэт па правах чалавека ААН.


Абмежаванне свабоды асацыяцый

7 жніўня Вярхоўны суд не задаволіў скаргу прадстаўнікоў кампаніі «Гавары праўду!» на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання. Адпаведнае рашэнне агучыла суддзя Валянціна Кулік. Адмову ў рэгістрацыі Мінюст аргументаваў двума парушэннямі, якія «носяць неадольны характар». У якасці аднаго з парушэнняў Мінюст указаў на пратэрмінаваны гарантыйны ліст аб даванні юрыдычнага адраса. Аднак, як сцвярджаюць прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду!», на час падачы дакументаў у міністэрства (8 траўня) гарантыйны ліст быў сапраўдным, тэрмін яго дзеяння завяршаўся 31 траўня, і Мінюст цягнуў з адказам да апошняга, а потым заявіў, што ў аб'яднання няма юрыдычнага адраса. Другое парушэнне,  з пункту гледжання чыноўнікаў, заключалася ў тым, што не вызначаны колькасны склад праўлення, але ён вызначаны ў складзе пяці чалавек, былі пералічаны прозвішчы. Устаноўчы сход «Гавары праўду!» адбыўся 13 красавіка ў Мінску. У ім узялі ўдзел каля 60 дэлегатаў з Мінска і абласцей Беларусі. Старшынёй арганізацыі быў абраны Уладзімір Някляеў, яго намеснікам -- Андрэй Дзмітрыеў. Гэта была ўжо трэцяя спроба грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» прайсці афіцыйную рэгістрацыю.

21 жніўня Вярхоўны суд адмовіў у задавальненні скаргі на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі моладзевага грамадскага аб’яднання «Маладыя дэмакраты». Такое рашэнне вынес суддзя Ігар Мільто. На думку Мін’юста, у ходзе праверкі дакладнасці пададзеных для рэгістрацыі аб’яднання дакументаў былі выяўленыя «шматлікія парушэнні». Так, у спісах заснавальнікаў не ўтрымліваюцца ўсе вызначаныя законам звесткі. Акрамя таго, пры правядзенні праверкі звестак пра асобаў, якія змяшчаюцца ў спісах, Мін’юст устанавіў недакладнасць звестак пра шэраг заснавальнікаў аб’яднання ад Гродзенскай вобласці, у сувязі з чым спісы прызнаныя несапраўднымі. Гэта не першая спроба афіцыйнай рэгістрацыі «Маладых дэмакратаў». Папярэдні з’езд адбыўся 29 студзеня 2011 году. Міністэрства таксама адмовіла ў рэгістрацыі, матывуючы тым, што «асноўныя палажэнні статута МГА «Маладыя дэмакраты» не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, а сама назва арганізацыі супярэчыць палажэнням яе статуту».

21 жніўня адмоўлена ў рэгістрацыі грамадскаму аб'яднанню “ Берасцейскія Хрысціянскія Дэмакраты”. Як вынікае з адказу галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама, падставай для адмовы з’яўляецца тое, што назва арганізацыі на рускай і беларускай мове адрозніваецца. Паводле намесніцы начальніка ўпраўлення Ларысы Баландзінай, якая падпісала афіцыйны ліст, назва “Берасцейскія Хрысціянскія Дэмакраты” на беларускай мове не адпавядае назве “Брестские Христианские Демократы”на рускай. Пры гэтым скарочаную назву (ГА “БХД”) заснавальнікам арганізацыі трэба было ўзгадняць з установай, якая займаецца з рэгістрацыяй. Акрамя таго, чыноўніца аблвыканкаму заўважае, што “назва аб’яднання не змяшчае пазнакі на характар дзейнасці аб’яднання”, што нібыта з’яўляецца парушэннем артыкулу 12 Закона РБ “Аб грамадскіх аб’яднаннях”. Іншых заўваг галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама не мае, але палічыла што прэтэнзіі да назвы маюць непераадольны характар, таму арганізацыі і адмовілі ў рэгістрацыі.


 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international