Алесь Бяляцкі. Развагі пра ахвярнасьць: Леанід Фёдараў

2013 2013-09-20T18:48:54+0300 2013-10-21T14:08:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/fiodarau_leanid.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Фёдараў. Фота: catherine.spb.ru

Леанід Фёдараў. Фота: catherine.spb.ru

Разважаючы пра ахвярнасьць*, не магу не згадаць яшчэ адну асобу, жыцьцё і лёс якой моцна закранулі мяне сваёй незвычайнасьцю і ў той жа час тыповасьцю, традыцыйнасьцю. Незвычайнымі і, здаецца, недасягальнымі былі мэты, якія ставіў перад сабой гэты чалавек. І, на жаль, сумна і традыцыйна для нашых шыротаў склаўся ягоны лёс. Гаворка ідзе пра расійскага архімандрыда Леаніда Фёдарава. Кніжку пра яго разам з іншымі кнігамі, цэлую пасылку, даслаў мне ксёндз Казімір Жыліс, які сьвятарыць у Гродзенскім катэдральным касьцёле і апекуецца зьняволенымі ў гарадзенскіх турмах. Прадмову ж да кнігі Аляксея Юдзіна “Леанід Фёдараў” (Масква, 2002) напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які быў тады пастарам для ўсіх католікаў Расіі. Арцыбіскуп Т. Кандрусевіч піша, што “для самога айца Леаніда Фёдарава сутнасьць ягонай хрысьціянскай і сьвятарскай місіі ўспрымалася перш за ўсё праз тэрмін “ахвяры”, які ў сваю чаргу ня меў нічога агульнага з пачуццём асуджанасьці і фаталізму”.

Леанід Фёдараў быў рускім, нарадзіўся ў 1879 годзе ў Пецярбургу, скончыў гімназію з залатым медалём і паступіў у Пецярбургскую праваслаўную духоўную акадэмію, не дзеля кар’еры духоўніка, а дзеля сваіх глыбокіх рэлігійных перакананьняў.

Ужо ў 20 гадоў Леанід Фёдараў, вывучаючы гісторыю хрысціянскай царквы і патрыстыку, быў апанаваны ідэяй Сусьветнай хрысьціянскай царквы, якая, на ягоную думку, жыла ў праваслаўнай і каталіцкай царквах. Высновы ягоных роздумаў, здавалася б, былі простымі і лагічнымі. Дзеля таго, каб заіснавала Сусьветная царква, трэба выправіць трагічную памылку тысячагоддзя і аб’яднаць Усходнюю праваслаўную царкву і Заходні рымскі каталіцкі касьцёл. Гэтай ідэі Леанід Фёдараў вырашыў прысьвяціць сваё жыцьцё.

Да сваіх рэлігійных поглядаў Леанід Фёдараў прыходзіць самастойна, хаця яны тоесныя з поглядамі вядомага расійскага рэлігійнага філосафа Уладзіміра Салаўёва, які лічыў, што “кожную з дзьвюх гістарычных паловаў Цэрквы належна прызнаць паасобку за частку Царквы, а за цэлую ці Сусьветную Царкву можна прызнаць яе толькі ў злучэньні з іншаю паловаю – злучэньні, якое не парушалася ў частцы чыста рэлігійнай, у частцы ж  грамадзкай і гістарычнай яно парушана і павінна быць адноўлена”.

У 1902 годзе Леанід Фёдараў пакідае вучобу ў праваслаўнай духоўнай акадэміі і выяжджае ў Італію. Ягоны шлях ляжыць праз Заходнюю Украіну, дзе ён знаёміцца з уніяцкім мітрапалітам Галіцыі Андрэем Шэптыцкім.

Спроба аб’яднаць праваслаўе і каталіцтва была зьдзейсьненая на землях Беларусі і Заходняй Украіны яшчэ ў 1596 годзе. Брэсцкая ўнія прывяла да ўнікальнага выніку, калі Усходняя праваслаўная царква на нашых землях фармальна перайшла пад зьвярхніцтва першага намесьніка сьвятога Пятра на зямлі – Рымскга папы, але захавала ўсходнюю праваслаўную абраднасьць. Я ня буду аналізаваць вытокі і гісторыю Брэсцкай уніі, яе рэлігійныя і палітычныя прычыны. Адзначу толькі яе палітычны і нацыянальна-культурніцкі складнік, які стаў надзвычай важным. У працэсе кшталтаваньня нацыянальнай сьвядомасьці заходніх украінцаў. Адрозная ад еўрапейскага рыма-каталіцтва і ўсходняга праваслаўя, унія стала натуральнай нацыянальнай рэлігіяй заходніх украінцаў.

Выглядае, што вось гэтую ўнікальнасьць уніі для кшталтаваньня нацыянальнай сьвядомасьці, сваёй адметнасьці ад іншых добра разумелі кіраўнікі паўстаньня 1863 году ў Беларусі. Менавіта таму пра яе як пра беларускую рэлігію, толькі нашую, пісалася ў “Мужыцкай праўдзе”. Нагадаю таксама, што ўнія ў Беларусі была канчаткова скасаваная царскімі акупацыйнымі ўладамі ў 1840 годзе, у той час, калі па сьведчаньнях гісторыкаў у канцы 18 стагоддзя 80 працэнтаў беларусаў былі ўніятамі – католікамі ўсходняга абраду.  

У Заходняй Украіне ўнія захавалася, бо ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай яна ўвайшла ў Аўстра-Венгерскую імперыю.

Вось жа, у Рыме Леанід Фёдараў прымае каталіцкі хрост і паступае вучыцца ў каталіцкую семінарыю ў Ананьі, непадалёк ад Рыму. Вучоба ў семінарыі дала Леаніду Фёдараву веды, але не адвярнула ад сваіх каранёў. Пазьней ён напіша: “Тут я палка палюбіў ня ўвогуле народ, але ў прыватнасьці наш рускі народ”. У семінарыі Леанід Фёдараў дамагаецца таго, што яго прызнаюць усходнім католікам.

У 1907 годзе Леанід Фёдараў працягвае навучаньне ў калегіі кангрэгацыі Прапаганды ў Рыме. Тут з ім адбыўся цікавы выпадак, які мае дачыненьне да Беларусі. Глава Рускай імператарскай місіі пры сьвятым Пасадзе  прапанаваў маладому расійскаму студэнту-семінарысту дапамагчы зрабіць бліскучую рэлігійную кар’еру ў заходніх губерніях імперыі – у Беларусі. Леаніду Фёдараву прапанавалі ўзяць удзел у абрушэньні каталіцкага касьцёла ў Беларусі, разьвіваць увядзеньне рускай мовы як дадатковай у касьцёле. Наўзамен яму гарантавалі месца ў каталіцкім прыходзе, а з цягам часу і пасаду каталіцкага біскупа.

Руская мова разумелася расійскім урадам як інструмент і зброя ў барацьбе з сепаратызмам у Беларусі. Расійскія ўлады дзейнічалі пасьлядоўна і метадычна. Напачатку была зьнішчыная ўнія і ўніяты былі пераведзеныя ў праваслаўе. Затым праз дзяржаўныя ўстановы, школы, праваслаўную царкву праводзілася русіфікацыя беларускага народу. І нават касьцёл паспрабавалі ўцягнуць у гэтую бітву за душу беларуса.

Леанід Фёдараў адмовіўся ад прапановы расійскага пасла. Ён не шукаў лёгкіх шляхоў у сваім жыцьці, кар’ера мала цікавіла яго. Гэты ж амбасадар, які стаў потым міністрам замежных спраў Расійскай імперыі, сказаў аднойчы французскаму амбасадару: “Я паважаю католікаў, хаця і шкадую, што яны памыляюцца, але я ненавіджу і пагарджаю ўніятамі, бо яны рэнегаты”.

Такія адносіны да ўніятаў з боку расійскай улады змусілі Леаніда Фёдарава пакінуць Рым і працягнуць сваё навучаньне ва ўніверсітэце ў Фрыбургу. Цікава, што ў гэтым жа Фрыбургу ў доме састарэлых пры Кляштары сясьцёр-дамініканак будзе дажываць свае апошнія гады знакамітая беларуска, мецэнатка беларускага адраджэнскага руху Магдалена Радзівіл.

У 1909 годзе Леанід Фёдараў сканчае багаслоўе ў фрыбургскім універсітэце і пэўны час працуе ва ўніяцкім навуковым інстытуце “Студыён”, заснаваным мітрапалітам Андрэем Шэптыцкім у Галіцыі.

На гэты ж час прыпадае самастойнае стварэньне першых рускіх уніяцкіх абшчын у Пецярбургу і Маскве. У Пецярбургу ўніятам нават удалося адчыніць сваю царкву. Зьявіліся і першыя рускія ўніяцкія сьвятары, якія апекаваліся гэтымі абшчынамі.

У 1911 годзе Леанід Фёдараў быў высьвечаны ў сьвятары баўгарскім каталіцкім біскупам у Галаце. За гэты час Леанід Фёдараў некалькі разоў наведвае Расію. Але нецярпімае стаўленьне расійскіх уладаў да ўніяцтва і асабліва да ўніяцкіх сьвятароў, якіх лічылі за здраднікаў праваслаўя, змушае яго раз за разам выязджаць за мяжу.

У гэты ж час айцец Леанід Фёдараў глыбока абдумвае сваю жыцьцёвую місію. Ён разумее ўсю складанасьць узваленай на сябе задачы: “Каб быць уніятам, трэба часта граць глупую, недарэчную, сьмешную ролю, увесь час лавіраваць паміж сваімі і чужымі, увесь час бачыць крах сваіх планаў”. Але ўласная ахвярнасьць, усьведамленьне таго, што “мы (уніяты – А.Б.) – ахвяры за схізму Усходу і Захаду”, прымушаюць яго адкінуць усе сумненьні і рухацца далей.

У лісьце да мітрапаліта А. Шэптыцкага айцец Андрэй Фёдараў абгрунтоўвае існаваньне розных формаў хрысьціянства ў адзінай Царкве: “Трэба заўсёды адрозьніваць сусьветную ідэю Царквы ад яе формы. Дух Хрыстовы, дух чыстага каталіцызма ня толькі не патрабуе адной пэўнай формы, а нават можа ісьці па розных накірунках”.

У 1914 годзе пачынаецца І сусьветная вайна. Айцец Леанід Фёдараў вяртаецца ў Расію і яго вельмі хутка, як уніяцкага сьвятара, “агента метрапаліта А. Шэптыцкага” ссылаюць у Табольск. У гэтым жа годзе рускія войскі захапілі Львоў. Мітрапаліт Андрэй Шэптыцкі быў таксама высланы ў глыб Расіі. Камісар Галіцыі і Букавіны Д. Дарашэнка напісаў пра планы расійскай улады на захопленых землях: “Меркавалася ня толькі поўнае “зьліцьцё” акупаванай вобласьці з іншымі расійскімі губерніямі, але і аб’яднаньне яе насельніцтва з насельніцтвам Расіі на глебе рэлігійнай. Унія павінна была быць зьнішчана, уніяты павернутыя ў праваслаўе”.

У лютым 1917 года ў Расійскай імперыі адбылася дэмакратычная рэвалюцыя. Была абвешчаная амністыя для ўсіх палітычных зьняволеных. З ссылкі былі вызваленыя і айцец Леанід Фёдараў і мітрапаліт Андрэй Шэптыцкі. У чэрвені 1917 года быў праведзены першы епархіяльны сабор грэка-каталіцкай царквы ў Расіі, у якім удзельнічалі восем рускіх па нацыянальнасьці сьвятароў-уніятаў. Былі прынятыя праграма і статутныя нормы рускай уніяцкай царквы. Айцец Леанід фёдараў быў прызначаны мітрапалітам Андрэем Шэптыцкім экзархам католікаў ўсходняга абраду Расіі. Неўзабаве расійская каталіцкая царква усходняга абраду была зацверджаная Часовым урадам. Расійскі ўрад таксама прызнаў паўнамоцтвы экзарха Леаніда Фёдарава.

Разам з дэмакратычнай рэвалюцыыяй да рэлігійных меншасьцяў прыйшла доўгачаканая свабода. Ідэя экзарха Леаніда Фёдарава ды і іншых расійскіх уніятаў заключалася ў тым, каб стварыць атмасферу даверу паміж праваслаўнымі і рама-католікамі з тым, каб максімальна зблізіць дзьве вялікія хрысціянскія царквы. Вось чаму айцец Леанід Фёдараў пасьлядоўна выступаў супраць празелетызму.  Яму было важна ня лоўля асобных душаў, а паступовае збліжэньне і ўрэшце аб’яднаньне ўсёй праваслаўнай і ўсёй каталіцкай цэркваў у адную Сусьветную царкву. Дзеля гэтага айцец Леанід Фёдараў лічыў надзвычай важнымі згоду і добрую волю кіраўнікоў Рускай праваслаўнай царквы і праваслаўнага кліру. Менавіта праваслаўныя сьвятары, лічыў айцец Леанід Фёдараў, маглі б узначаліць гэты аб’яднаўчы рух і правесьці яго ў жыцьці. Таму айцец Леанід Фёдараў шукае прыхільнікаў аб’яднаньня цэркваў сярод праваслаўнага духавенства, бярэ ўдзел у стварэньні “Таварыства прыхільнікаў узьяднаньня цэркваў”. У “Таварыства” ўваходзяць каталіцкія біскупы і сьвятары, уніяты і праваслаўныя епіскапы і сьвятары і нават стараабрадцы, якія таксама зацікавіліся ідэяй аб’яднаньня цэркваў.

Можна меркаваць, што айцец Леанід Фёдараў у тыя месяцы вольнай рэлігійнай дзейнасьці, накіраванай на зьдзяйсьненьне ягонай найвялікшай мары, адчуваў сябе і патрэбным і шчасьлівым. Але хутка перыяд дэмакратыі  ў Расіі скончыўся. 7 лістапада 1917 году ў Расіі адбыўся бальшавіцкі пераварот. У адным з лістоў да мітрапаліта Андрэя Шэптыцкага айцец Леанід Фёдараў пісаў: “Мы думалі, што ўздыхнем свабодна, але 25 кастрычніка (старога стылю – А.Б.) усё паляцела дагары нагамі і мы засталіся каля разьбітых начовак”. Але айцец Леанід Фёдараў яшчэ ня ведаў, якія выпрабаваньні яму давядзецца перажыць.

Практычна адразу з захопам улады бальшавікі пачалі масавыя ганеньні найперш на правааслаўную царкву і сьвятароў. Але рэпрэсіі зачапілі і ўсе іншыя веравызнаньні. Была нацыяналізаваная царкоўная ўласнасьць, рэлігія выкінутая з навучаньня, у прыходах ствараліся “дваццаткі”, якія мусілі кіраваць прыходам.

У гэтай цяжкай сітуацыі рускія ўніяты выступалі сапраўднымі носьбітамі сваёй галоўнай аб’яднаўчай місіі. Айцец Леанід Фёдараў пісаў: “Не актыўная прапаганда, не націск месіянера, неабходны ў Расіі, а збліжэньне на глебе агульнахрысціянскіх інтарэсаў супраць растучага навер’я і ваяўнічага камунізму. На гэтай глебе ў 1918 – 1919 гадах я дасягнуў таго, што каталіцкія і праваслаўныя сьвятары зьбіраліся разам для барацьбы супраць бальшавікоў, калі тыя ў сваіх перасьледваньнях сьвятароў і Царквы пераходзілі ўсялякія межы. Мы падпісваліся на агульных пратэстах. Праваслаўныя, пазбаўленыя царскай апекі, адчувалі сябе як дзеці на вуліцы, якія згубілі бацькоў, і дзеля адсутнасьці паліцыянтаў ня ведалі, як абараніць сябе ад насядаючага сяктанцтва.  Таму іх страшна кранула, што ў самую цяжкую для іх хвіліну тыя самыя католікі, якіх яны звыкліся лічыць сваімі найгоршымі ворагамі, зараз дапамагаюць ім і змагаюцца разам з імі”.


На фота: Хрэсны ход, які ўзначаліў Леанід Фёдараў 31 траўня 1918 г. (Фота: catherine.spb.ru)

Савецкая ўлада паставіла сабе за мэту праз масавыя рэпрэсіі супраць духавенства аслабіць царкву ў Расіі, бо палітычныая дактрына бальшавікоў была антырэлігійнай па сваё сутнасьці. Дзеля правядзеньня рэпрэсіяў быў выкарыстаны голад, вынік іхняга гаспадараньня, які ахапіў Паволжа ды іншыя расійскія рэгіёны. У 1922 годзе правадыр бальшавікоў У. Ленін пісаў: “Я прыходжу да безумоўнай высновы, што мы павінны менавіта зараз даць самую рашучую і бязьлітасную бойку чарнасоценнаму духавенству і падавіць яго супраціўленьне з такой жорсткасьцю, каб яны не забылі гэтага на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў”. Была распачатая кампанія па гвалтоўным забраньні царкоўных каштоўнасьцяў, як быццам бы дзеля дапамогі галадаючым.

У гэтым жа 1922 годзе айцец Леанід Фёдараў піша метрапаліту А. Шэптыцкаму: “Метад, прыняты савецкай уладаю для “правядзеньня сваіх ідэй”, уяўляе сабой суцэльны гвалт над сумленьнем. Усе прыёмы царскага рэжыма здаюцца зараз вяршыняю свабоды ў параўнаньні з тым, што мы адчуваем на саміх сабе”. За правядзеньне катэхізацыі дзяцей і адмову ў падпісаньні дамовы з уладамі айцу Леаніду Фёдараву пагражаюць турмою і нават расстрэлам.

Урэшце ў канцы 1922 году ў Петраградзе былі зачыненыя ўсе 16 каталіцкіх касьцёлаў, у тым ліку і ўніяцкая царква, дзе служыў айцец Леанід Фёдараў, а 15 сьвятароў былі абвінавачаныя ў антырэвалюцыйнай дзейнасьці і стварэньні змоўніцкай антысавецкай арганізацыі.

Паказальны судовы працэс над каталіцкімі сьвятарамі праходзіў увесну 1923 году ў вярхоўным судзе ў Маскве. Пракурор Крыленка падчас працэсу заявіў: “Вашая рэлігія – я плюю на яе, як я плюю на ўсе рэлігіі – праваслаўную, яўрэйскую, магаметанскую ды іншыя”.

У сваім апошнім слове айцец Леанід Фёдараў сказаў, што ён выконваў савецкае заканадаўства роўна настолькі, наколькі яно не супярэчыла Кананічнаму праву каталіцкай царквы. Ён таксама заявіў, што савецкая ўлада “мабыць пасланая нам за грахі”. Гэтыя сьмелыя словы айца Леаніда Фёдарава выклікалі фурор у судовай зале.

Цікава, што тыя ж аргументы ўжываў на судзе праз 19 гадоў галандскі рыма-каталіцкі сьвятар Цітус Брандсма. У акупаванай Галандыі ён забараніў у каталіцкіх газетах друкаваць інфармацыю галандскага нацыянал-сацыялістычнага руху, быў арыштаваны і заявіў: “Каталіцкі касьцёл выконвае распараджэньні акупацыйных сіл і галандскіх уладаў датуль, дакуль яны не пярэчаць асновам яго веры”. Яго трымалі ў турме, а затым забілі ў канцлагеры ў Дахаў.

У выніку суда над сьвятарамі ксёндз Канстанцін Будкевіч быў расстраляны, арцыбіскуп Ян Цяпляк і экзарх Леанід Фёдараў былі асуджаныя на дзесяць гадоў турмы, іншыя сьвятары дасталі ад трох да дзесяці гадоў зьняволеньня.

У сваім чарговым лісьце з турмы да мітрапаліта А. Шэптыцкага айцец Леанід Фёдараў так тлумачыў жорсткі прысуд у дачыненьні да сябе: “Высьвятліліся іхныя (уладаў – А.Б.) адносіны да ідэі аб’яднаньня Цэркваў: яны баяцца яго як чорт ладану. Яна ўяўляецца ім толькі як агульны палітычны фронт супраць бальшавізму. Мае дзесяць гадоў турмы я атрымаў менавіта за гэта. Пракурор ахарактарызаваў мяне як ідучага напралом супраць савецкай улады, заявіў, што мой фанатызм ня можа аблегчыць маю долю. “Гэта ён, - закрычаў ён, паказваючы на мяне патэтычным рухам, - сабраў разам праваслаўных і католікаў для супрацьдзеяньня ўладзе. Гэта ён арганізаваў агульны фронт супраць камунізма… Царква і савецкая ўлада – гэта антыподы і разам ужыцца ня могуць. Усялякая пропаведзь з царкоўнай кафедры супраць атэізму ўжо ёсьць палітычная контррэвалюцыйная агітацыя…” Так з сатанінскай злобаю, захлёбваючыся ад шаленства, крычаў на судзе пракурор”.

Айца Леаніда Фёдарава не пакідае вера ў ахвярнасьць сваёй жыцьцёвай місіі. Ён перакананы, што судовы працэс “будзе служыць толькі для большай славы сьвятой Царквы”. Ён хацеў бы прыняць пакутніцкую сьмерць за веру: “Я толькі шкадую, што не патрапіў пад сьмяротны прысуд і што мне не ўдалося разьдзяліць славутага лёсу беднага, а з гэтага часу бласлаўлёнага а. Будкевіча”.

Умовы ўтрыманьня ў турме былі цяжкія. З турмы айцец Леанід Фёдараў піша мітрапаліту А. Шэптыцкаму: “бедны Эйсмант звар’яцеў, а Францішак Руткоўскі яўна тупее і пераўтвараецца ў дзіцёнка”.

Ведаючы, што бальшасьць каталіцкіх сьвятароў, якія працавалі ў Петраградзе, маглі быць з Беларусі, бо Магілёўская дыяцэзія, апроч Магілёўшчыны, ахоплівала і ўсю тэрыторыю Расіі, у тым ліку і Петраград, можна дапусьціць, што ксёндз Эйсмант быў тым самым ксяндзом-беларусам, пра якога ў 1913 годзе ў адным з сваіх лістоў згадвала княгіня Магдалена Радзівіл. Яна скардзілася расійскаму міністру на праблемы ў пабудове новага касьцёла, якім займаўся ў Анопалі ксёндз Аляксандр Астрамовіч (беларускі паэт Андрэй Зязюля) і саркастычна дадавала: “гісторыя ксяндза Эйсманта, іншага беларуса, будзе ня меньш забаўнай…” Але гэтая інфармацыя патрабуе ўдакладненьня. Урэшце ўвесь вышэйзгаданы працэс над петраградзкімі ксяндзамі мае несумненны інтарэс і для беларускай гісторыі.

Між тым у турме айцец Леанід Фёдараў працягвае свае намаганьні па ўсталяваньні кантактаў і працы з праваслаўнымі сьвятарамі. У Сакольнічай турме, дзе ён адбывае тэрмін, сядзяць таксама зьняволеныя два праваслаўныя епіскапы і каля 20 сьвятароў. Айцец Леанід Фёдараў піша: “Адносіны ў нас з імі самыя добрыя… Я ўвесь час спускаюся да іх на першы паверх, і яны мяне прыймаюць як свайго. Асабліва епіскап Барыс (Сакалоў, епіскап Рабінскі – А.Б.) сьхільны да аб’яднаньня. Думаю, што ўдасца пасеяць не адную жменю добрага насеньня”.

У 1923 годзе зачыненыя ўладамі касьцёлы ў Петраградзе часова адчынілі, але не ўніяцкую царкву, будынак якой і маёмасьць былі канфіскаваныя. Айцец Леанід Фёдараў апісвае ў лісьце з турмы тую драматычную сітуацыю, у якой апынуліся рускія ўніяты: “Здань аб’яднаньня Цэркваў нямала палохае іх: яны разумеюць, што каталіцтва – гэта вялізная сіла, змагацца зь якой нялёгка. З гэтага пункту погляду мы заўсёды зьяўляемся адыёзнай велічынёй у цяперашняга ўрада і, калі мы будзем мець посьпехі больш ці меньш буйнага характару, нашае перасьледваньне непазьбежна”.

Прадбачаньні айца Леаніда Фёдарава неўзабаве пачалі збывацца. У канцы 1923 году супольнасьці каталікоў усходняга абраду ў Маскве і Петраградзе былі разгромленыя, арыштаваныя тры сьвятары, 25 манахінь, прыхажане, усяго 62 асобы.

На працягу наступных трох гадоў рыма-каталіцкія сьвятары, асуджаныя па адной справе з айцом Леанідам Фёдаравым, пад ціскам міжнароднай супольнасьці былі вызваленыя і высланыя за мяжу. У турме заставаўся толькі экзарх Леанід Фёдараў. Урэшце, у красавіку 1926 году за паручальніцтвам кіраўніцы Чырвонага Крыжа ў Расіі Кацярыны Пешкавай, жонкі Максіма Горкага, айцец Леанід Фёдараў выходзіць на волю. Як ён пісаў: “Выпусьцілі, урэшце, і мяне… выпусьцілі, вядома, з скрыгатам зубоў”.

Асоба Кацярыны Пешкавай не чужая для беларусаў. Яе родная сястра Аляксандра была другой жонкаю Адама Ягоравіча Багдановіча, бацькі Максіма Багдановіча. На жаль, яна памерла зусім маладой пры першых родах. Сьмерць мачахі моцна ўразіла Максіма Багдановіча і знайшла адбітак у ягоных вершах. Доўгія гады захоўваліся добрыя адносіны паміж Адамам Багдановічам і Кацярынай Пешкавай. Яна, добрая душой, дапамагала ў цяжкія часы Адаму Багдановічу грашыма.

Тым ня меньш свабода айца Леаніда Фёдарава не была доўгай. Ён пасяляецца ў Калузе, яго прытуляе літоўскі ксёндз Ян Паўловіч. А ў ліпені 1926 года айцец Леанід Фёдараў наведвае магілёўскага дэкана Язэпа Белагаловага. Яшчэ ў 1923 годзе мітрапаліт А. Шэптыцкі пашырыў паўнамоцтвы экзарха Леаніда Фёдарава таксама і на тую частку Беларусі, якая была пад саветамі. Айцец Леанід Фёдараў бываў двойчы ў Магілёве ў 1922 годзе. Новы візіт у Магілёў экзарха Ланіда Фёдарава быў патрактаваны АГПУ як распаўсюд рэлігійнай прапаганды, забароненай савецкай уладай. 10 ліпеня 1926 году ён быў арыштаваны, а 18 верасьня асуджаны асобай нарадай пры калегіі АГПУ да трох гадоў канцлагера. Яго чакаў савецкі канвеер сьмерці – Салавецкі лагер асобага прызначэньня.

Ягоны прыяцель магілёўскі дэкан Язэп Белагаловы неўзабаве быў асуджаны магілёўскім АГПУ да пяці гадоў канцлагера, ён адбываў зьняволеньне на Салаўках, а праз два гады, у 1928 годзе, яго перавезьлі ў Лубянскую турму ў Маскву, дзе ён быў забіты “пры спробе ўцёкаў”.   

Агульную сітуацыю айцец Леанід Фёдараў ацэньваў як “расійскі жах, у якім мы мучаемся за грахі нашыя і нашых бацькоў”.

Падрабязнае апісаньне нораваў і парадкаў у Салавецкім лагеры мы можам прачытаць у кнізе беларускага драматурга і пісьменьніка Францішка Аляхновіча “У кіпцюрох ГПУ”, ён таксама патрапіў на салаўкі ў 1926 годзе і прабыў там шэсць гадоў. А я, пішучы гэтыя радкі, узяў з паліцы ПВРу кнігу “Айцец Арсені” (М., 2003) і чытаю ўспаміны аднаго з манахаў-скітнікаў салавецкага манастыра, які да 1923 году быў манахам, а потым – зьняволеным і адсядзеў у турме 28 гадоў. Вось жа айцец Серафім піша пра першы свій Салавецкі лагер: “Калі ва ўсіх лагерах зьняволеныя былі бязпраўныя, дык у Салаўках яны былі тройчы бязпраўныя. Цябе маглі завесьці за кут храма і без прысуду, а можа быць, і дзеля “забавы”, на краю ямы выстраліць у патыліцу ці, павярнуўшы да сябе тварам і адыйшоўшы на пяць-шэсьць крокаў, каб ты ня вырваў накіраваны на цябе наган, выстраліць у твар ці ў сэрца і яшчэ паўжывога закапаць у зямлю. Бачыў сказанае на свае вочы”.

Падчас прыезду айца Леаніда Фёдарава на Салаўкі, там у лагеры ўжо былі рускія ўніяты, знаёмыя экзарха. Па нядзелях яны служылі ўніяцкія службы. Айцец Леанід Фёдараў далучаецца да братоў па няволі, бярэ ўдзел у богаслужэньнях. Ён імкнецца служыць штодзень, піша багаслоўскія працы, якія ў яго рэгулярна канфіскоўвае лагерная адміністрацыя. Нават у гэтых жахлівых умовах існаваньня ён працягвае сваю аб’яднаўчую працу па пошуку аб’яднаўчых шляхоў паміж католікамі і праваслаўнымі. У той час на Салаўках у лагеры ўтрымліваліся больш за сто праваслаўных сьвятароў і дваццаць епіскапаў. Яны запрашалі айца Леаніда Фёдарава на свае сустрэчы. Двойчы ён выступаў на із з багаслоўскімі дакладамі. Каталіцкі біскуп Баляслаў Слоскан, які ў той час таксама адбываў пакараньне на Салаўках, так пісаў пра гэта: “Айцец экзарх імкнуўся ўвайсьці ў кантакт з праваслаўнымі. Ён сумовіўся з праваслаўнымі манахамі Салавецкага манастыра, якія падзялялі ў зьняволеньні той самы што і мы лёс, а таксама з праваслаўнымі сьвятарамі і епіскапамі – салавецкімі вязьнямі. У асабліва шчыльным кантакце а. экзарх знаходзіўся з прывялейным архіепіскапам Іларыёнам  (Троіцкім), былым рэктарам Маскоўскай духоўнай акадэміі і правай рукой патрыярха Ціхана. Яны заўсёды размаўлялі на апалагетычныя тэмы, якія датычыліся Цэркваў: Усходняй праваслаўнай і Заходняй каталіцкай”. Іларыён (Троіцкі), архіепіскап Вярэйскі, двойчы быў у Салавецкім лагеры і ў 1929 годзе памёр у турэмнай бальніцы ў “Крэстах” у Ленінградзе.

Фізічныя цяжкасьці айца Леаніда Фёдарава былі абцяжараныя пакутамі духоўнымі. У 1928 годзе там, на Салаўках, біскуп Б. Слоскан абвясьціў яму пра тое, што расійскі экзархат усходняй царквы па рашэньні Ватыкану скасаваны, а айцец Леанід Фёдараў пазбаўлены пасады экзарха. Як успамінаў біскуп Б. Слоскан: “Фёдараў апусьціў галаву і доўга маўчаў. Потым спытаў: “І што ж, гэта назаўсёды?” “Не, - адказаў я, - часова”. “Ну, тады яшчэ ня ўсё страчана”.

Уніяцкая манахіня Ю. Данзас, якая ў той час таксама адбывала зьняволеньне на Салаўках, распавядала, што айцец Леанід Фёдараў цяжка перажываў разгром уніяцкага руху ў Расіі. Ён успрымаў гэта як асабістую катастрофу, разбурэньне сэнсу і мэты свайго жыцьця і вініў у няўдачах уніяцкага руху Расіі сябе: “Я ня змог выканаць ускладзенай на мяне місіі. На маёй працы не было бласлаўленьня і, такім чынам, я ня здолеў яго заслужыць… Так, вінаваты ўсё ж такі я. Адказнасьць ляжала на мне, а не на кім-небудзь іншым. Мае малітвы былі няўгодныя Богу”. Ю. Данзас супакойвала яго, разважаючы: “Айцец Леанід, ці мне вам указваць, што вашыя цярпеньні – вянец нашага подзьвігу і залог нашай будучыні”. Айцец Леанід супакойваецца і працягвае: “Мала яшчэ хто зразумеў, што месіянізм у Расіі – менавіта ў яе цярпеньні. Таму ўся гісторыя рускай Царквы склалася так дзіўна, так нязграбна, што тут маецца нейкая таямніца выкупленьня… Для нас “перамога, якая перамагла сьвет”, - гэта Крыж, узьнесены над сьветам не для пакланеньня яму, а для распяцьця на ім… Гэтае разпяцьце трэба разумець ня толькі ў сэнсе фізічных цярпеньняў, але значна глыбей: у маральных цярпеньнях і нават у пакутлівых сумненьнях”.

Відавочна, што свой лёс айцец Леанід Фёдараў не аддзяляў ад лёсу расійскай царквы, расьпятай, на ягоную думку, у тыя гады на Хрыстовым крыжы.

У 1929 годзе пасьля сканчэньня тэрміну зьняволеньня айца Леаніда Фёдарава адпраўляюць у ссылку ў Карэлію. У 1931 годзе за адмову ад фізічнай працы ён на паўгады трапляе ў Архангельскую турму. Затым ізноў была ссылка на поўначы Расіі ў Котласе. Айцец Леанід Фёдараў працягвае рэгулярна служыць, пранікае ў перасыльныя баракі, у бальніцу з сьвятымі дарамі для хворых і ссыльных католікаў.

У канцы 1933 году айцец Леанід Фёдараў, ізноў дзякуючы дапамозе Кацярыны Пешкавай, быў вызвалены з ссылкі. Ён пераязджае ў Вятку і ў сакавіку 1935 году ва ўзросьце 54-х гадоў памірае ў адзіноце.

Да гэтага часу Руская царква ўсходняга абраду практычна перастала існаваць. Сьвятары, манахіні, вернікі былі высланыя, расстраляныя, зьняволеныя ў ГУЛАГу. Ідэя аб’ядняньня праваслаўнай і каталіцкай цэркваў так і засталася нязьдзейсьненай ідэяй летуценьніка і пакутніка айца Леаніда Фёдарава, які ахвяраваў дзеля яе сваё жыцьцё. Ці шкадаваў ён пра сваю ахвяру перад сьмерцю? Думаю, што не.

1 чэрвеня 2013 г., Бабруйск

________________________________________________________________________

* Свае развагі пра ахвярнасьць Алесь Бяляцкі напісаў у бабруйскай калоніі ў траўні-чэрвені гэтага году. Але, як высьветлілася пасьля ў ліставаньні з палітвязьнем, не ўсе яго запісы дайшлі на волю. У нас ёсьць магчымасьць прачытаць пра двух самаахвярных рэлігійных і грамадскіх дзеячаў – беларуса Андрэя Цікоту (ад 27.05.2013) і расійца Леаніда Фёдарава (ад 01.06.2013). Распачынаўся ж цыкл з развагаў Алеся Бяляцкага пра цяперашнюю сітуацыю і самаахвярных сучасьнікаў, але гэты нарыс цэнзура не выпусьціла за сьцены калоніі.

 

 

 

 

 

Хрэсны ход, які ўзначаліў Леанід Фёдараў 31 траўня 1918 г. Фота: catherine.spb.ru

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international