viasna on patreon

Бабруйск: Пазоў сябраў СПБ не задаволены

2013 2013-09-19T17:15:41+0300 2013-09-19T17:15:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babr-prafsajuz-spb-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 верасня ў судзе Бабруйскага раёна прайшлі спрэчкі бакоў. Пазоўнікі - сябры пярвічкі Свабоднага прафсаюза Беларускага на заводзе Трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА), адказчыкі – прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства. Нагадаем, гэта было трэцяе судовае пасяджэнне, на якім рабочыя цэха № 2 спрабавалі дамагчыся выплаты квартальнай прэміі за высокую культуру вытворчасці. На мінулым судовым пасяджэнні бакі спрабавалі высветліць, што ўваходзіць у панятак “культура вытворчасці”, ці законным было неправядзенне пасяджэння Камісіі па працоўных спрэчках, ці быў сфальсіфікаваны журнал рэгістрацыі заяў, прадастаўлены адказчыкамі. 

На гэтым пасяджэнні тэма сапраўднасці журнала (які мог бы вызначыць лёс спрэчак) зноў уздымаецца ў прамове Міхаіла Кавалькова, старшыні завадской пярвічкі СПБ.

-Я сустрэўся з Пятром Слабадчуком, былым ідэолагам завода, і ён падцвердзіў, што яго подпісаў у гэтым журнале няма, - заявіў Кавалькоў. – Ён гатовы падцвердзіць свае словы і вам. Таму я раблю заяву і прашу занесці яе ў пратакол суда, што гэты журнал – фальсіфікацыя, яго стварылі пасля першага судовага пасяджэння. Думаю, руку да гэтага прыклаў сённяшні ідэолаг Уладзімір Елісеенка, ён увёў суд у зман.

Міхаіл Кавалькоў тлумачыць, што рабочым забаронена хадзіць па тэрыторыі завода (знаходзіцца не на працоўным месцы), таму заявы Валянціне Антаневіч аднёс яго намеснік, Генадзь Лабачоў.

Таксама ён нагадвае, што прэміі могуць пазбавіць толькі за знаходжанне ў нецвярозым стане, пад уздзеяннем наркотыкаў, за крадзяжы, спробу пранесці спіртное на завод, прагулы.

- Рабочыя, сябры СПБ, не былі заўважаныя ў пералічаных парушэннях, але прэмію не атрымалі. А тое, што рабочых нават не папярэдзілі пра тое, што іх пакаралі, гэта нонсэнс! Чаму яны даведаліся пра “парушэнні” толькі пасля налічэння прэмій? – здзіўляецца Кавалькоў.

Старшыня пярвічкі СПБ называе прычыны, па якіх былі пазбаўленыя грашовых бонусаў іншыя людзі са спіса дэпрэміраваных. Гэта дэкрэтніцы, даўжнікі, звольненыя і парушальнікі. І тут жа – 14 чалавек з 14 сябраў СПБ (па цэху №2).

-Гэтыя людзі (пазоўнікі) – лепшыя наладчыкі цэха, і яны не атрымалі прэміі, але так супала, што вялікія прэміі атрымалі, напрыклад, людзі, якія сведчылі тут супраць іх, - адзначыў Кавалькоў.

-Тое, што хлусяць на заводзе, ужо звычайная сітуацыя, але каб і на судзе хлусілі?! Гэтага я не разумею і настойваю на ўсіх прэтэнзіях у бок кіраўніцтва, - дадаў Генадзь Лабачоў.

Аляксандр Варанкін, сябра СПБ, расказаў, што выконвае на  ТДіА абавязкі грамадскага інспектара па ахове працы, але нечакана быў пакараны за тое, што нібыта знаходзіўся на працоўным месцы без спецвопраткі.

-Я правяраю тэхніку бяспекі разам з іншымі інспектарамі, мы ходзім па цахах, ставім адзнакі, уносім заўвагі ў спецыяльны журнал. Пры гэтым я нават сваім калегам магу паставіць нізкую адзнаку, калі яны яе заслужылі, стаўлюся да гэтага з усёй адказнасцю, як і да сваёй асноўнай працы. І тут, з журнала кантролю бяспекі працы даведваюся, што пакараны за парушэнне тэхнікі бяспекі, якую сам жа і правяраю! Ну, гэта вы перагнулі (у бок прадстаўнікоў адміністрацыі), маглі б і праверыць, чым займаецца чалавек, перад тым, як так бязглузда прыдумваць парушэнні, - абураецца Аляксандр Варанкін.

Андрэй Валатковіч, завадскі начальнік юрыдычнага аддзела кажа, што “размова ідзе пра дадатковую прэмію, таму на яе не распаўсюджваюцца агульныя правілы”.

-Вы не сказалі канкрэтна, хто падрабіў журнал, - звятаецца ён да старшыні пярвічкі. – І тое, што пазоўнікаў пазбавілі прэміі за іх сяброўства ў СПБ, выключна іх меркаванне.  Лічу, што Кавалькову выгадна лішні раз прапіярыцца, бачыце, ён запрасіў сюды журналістаў, якія за яго гарой.

Таксама  Валатковіч заяўляе, што “ніхто ім не адмаўляў у разглядзе заявы” (пра стварэнне камісіі КПС). Яго словы падтрымлівае і юрысконсульт ТДіА Генадзь Дзеравянка, які дадаў, што “пазоўнікі ды іх прадстаўнік не вызначыліся з матэрыяльным бокам”.

-Рашэнне аб нявыплаце было прынятае камсіяй, былі разгледжаныя факты парушэнняў, у тым ліку запісы ў журнале кантролю аховы бяспекі. Папярэдні спіс аддалі кіраўніцтву завода, а далей указ падпісваў дырэктар завода, - адказвае на пытанне пракурора, якое прагучала на другім пасяджэнні, начальнік завадскога ўпраўлення бяспекі Міхаіл Каралёў.

Пасля спрэчак бакоў пракурор Таццяна Хмялеўская ўносіць прапанову спыніць справу, “бо пазоўнікамі не была выканана дасудовая працэдура”, то бок, разгляд скаргі камісіяй па працоўных спрэчках. Яна бярэ пад увагу толькі сведчанні Валянціны Антаневіч і прадстаўнікоў адміністрацыі завода, якія даводзілі, што пасяджэнне камісіі КПС не адбылося па віне “свабоднікаў”.  “Нішто не перашкаджала СПБ звярнуцца з гэтымі заявамі паўторна”, - дадала Хмялеўская.

Суддзя Тамара Карпоўская цалкам падтрымала прапанову пракурора, адзначыўшы, што ў працоўных спрэчках КПС з’яўляецца абавязковым першасным органам.

Міхаіл Кавалькоў працягвае настойваць, што пасяджэнне камісіі па працоўных спрэчках не адбылося па віне прадстаўнікоў адміністрацыі ТДіА, якія чынілі перашкоды. Ён заявіў, што будзе абскарджваць рашэнне мясцовага суда ў абласным.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства