Поствыбарчыя паездкі і пракурорскае папярэджаньне

2013 2013-09-16T13:52:16+0300 2013-09-20T10:55:13+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі падчас суду

Алесь Бяляцкі падчас суду

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі, з блогу на "Белпартызане":

Бабруйск, 12.09.12 (па штэмпелю)

Наступныя месяцы прайшлі ў вельмі напружанай працы. Ніколі яшчэ мы не працавалі так інтэнсіўна і зладжана. Набыты за гады працы вопыт давёў нашыя дзеяньні да адточанага прафэсіяналізму. Праваабарончы цэнтар “Вясна” працаваў як хранометр. Мы дзейнічалі практычна па ўсіх, вызначаных на віленскім спатканьні, кірунках. Першае што мы зрабілі, дык гэта склалі вясноўскую заяву, дзе сьцісла апісалі вынікі выбарчай кампаніі 19 сьнежня 2010 году ў Менску, маштабы рэпрэсіяў уладаў, зафіксавалі існуючую сітуацыю і выклалі свае патрабаваньні і прапановы да ўладаў, беларускага дэмакратычнага грамадзтва і міжнароднай супольнасьці, у зьвязку з масавым парушэньнем правоў чалавека ў краіне.

Значную частку майго часу займалі міжнародныя кантакты і сустрэчы. Усе папярэднія гады я абмяжоўваў свае замежныя паездкі і сыходзіў з прынцыпу карысьці, наколькі гэтыя паездкі патрэбныя і неабходныя. Замежныя паездкі зьяўляюцца часткаю беларускай і міжнароднай праваабарончай працы. Моц праваабаронцаў у міжнародных кантактах і міжнароднай салідарнасьці. На гэтыя кантакты мы маем права, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ды іншых міжнародных дакументах. Правы чалавека даўно ужо не зьяўляюцца чыста ўнутранай справаю асобных дзяржаў, яны маюць універсальны і паўсюдны характар. А праваабаронцы зьяўляюцца тымі часьцінкамі, якія разносяць кісларод свабоды па арганізьме ўсяго чалавецтва.

Ты выбіраесься на форум ці іншую якую імпрэзу, дзе мусіш сустракацца з важнымі персонамі, дэпутатамі, чыноўнікамі, прадстаўнікамі нацыянальных уладаў і міжнародных структураў, з журналістамі, сваімі замежнымі калегамі. Там ты мусіш знайсьці менавіта тыя словы, якія за некалькі выдзеленых табе хвілінаў павінны данесьці да людзей, якія часта вельмі прыблізна арыентуюцца ў тым, што робіцца ў Беларусі, тваю думку і твой пасыл.

Я заўсёды адчуваю вялікую адказнасьць падчас такіх выступаў, заўсёды імкнуся прааналізаваць аўдыторыю, перад якой мушу выступаць, і ў залежнасьці ад гэтага пабудаваць свой выступ, падабраць менавіта тыя довады і аргументы, якія спрацуюць найлепш. Звычайна я рыхтуюся да выступу загадзя, запісваю думкі, якія я хацеў бы агучыць, складаю план выступу. Затым абдумваю пункты гэтага плану, спрабую перастаўляць іх у розных варыянтах. Раблю я гэтую падрыхтоўчую працу часткова ў Менску, перад паездкаю, а часткова ў той невялікі вольны час, які ёсьць перад самім мерапрыемствам, падчас сьняданку ці вячэры, ці прачнуўшыся раней ў ложку з асадкаю і нататнікам ці нэтбукам у руках. Я імкнуся не чытаць выступ па паперцы, я гляджу слухачам у вочы і выкладаюся падчас выступу як спрынтар на стометроўцы. Часта пасьля выступу я адказваю на пытаньні, тлумачу, рупна выпраўляю недаробкі і агрэхі на засеяным маімі думкамі полі.

Увесь гэты працэс вельмі няпросты, а часам нэрвовы, цяжкі і пакутлівы. Ён патрабуе багата ўнутранай энэргіі і высілкаў, ён займае амаль увесь час паездкі. Гэта напружаная інтэлектуальная і псіхалагічная праца. Таму ў маіх паездках я прымушаю сябе расплюшчваць вочы і глядзець навокал, каб разслабіць засяроджанасьць і зьняць нярвовае напружаньне. Але ўсё-роўна гэта зусім ня тое, чым калі ты едзеш у адпачынак ці ў вандроўку і адпачываеш там напоўніцу і ніякія клопаты не турбуюць цябе.

Я апісваю гэта так падрабязна, каб не ўзьнікла ўражаньня, што праваабаронцы толькі і робяць, што гойсаюць па замежжы як турысты і катаюцца там як сыр у масьле. Вядома, гэта цікава пабываць і там і сям, але пасьля кожнай такой паездкі я вяртаюся дадому як выціснуты лімон.

 

Вось жа з пачатку 2011 году я вырашыў, што буду ездзіць столькі, колькі трэба. У нашай сітуацыі, калі ўлады бачылі ў праваабаронцах, дэмакратычных актывістах, журналістах толькі ворагаў, “пятую калону”, і мы ніяк не маглі паўплываць на паляпшэньне сітуацыі, фактар замежнага уплыву, адпаведных дзеяньняў і ціску станавіўся надзвычай важным.

У канцы сьнежня – пачатку студзеня выпусьцілі асуджаных сутачнікаў. Але нічога не было вядома пра тых зьняволеных, каго абвінавацілі ў “масавых беспарадках” і трымалі ў “амерыканцы”. Ні лісты туды не даходзілі, ні адвакатаў туды не пускалі. Адвакаты днямі сядзелі і чакалі пакуль вызваляцца два пакойчыкі, вылучаныя ў “амерыканцы” для спатканьняў з вязьнямі. Пакойчыкі так і не вызваляліся. Жахлівая сітуацыя была ў Андрэя Саньнікава, жонка якога Ірына Халіп таксама была зьняволенаю. Органы апекі спрабавалі забраць у бацькоў Ірыны чатырохгадовага сына Андрэя і Ірыны, як дзіцёнка, які застаўся без бацькоўскага догляду. Невядома што адбывалася з Уладзімерам Някляевым, які быў моцна зьбіты падчас затрыманьня. Да нас на офіс прыходзіла ягоная жонка Вольга, утрапёная, з сінякамі па вачыма. Па горадзе прайшлі чуткі, што ён ня вытрымаў зьбіцьця і памёр. Можна сабе ўявіць, што яна перажыла ў гэтыя дні, напоўненыя страхамі і невядомасьцю.

Мы за два дні аднавілі працу на офісе “Вясны” пасьля канфіскацыі оргтэхнікі, папрыцягвалі старыя кампутарныя блокі, нотбукі, нашыя калегі перадалі нам і некалькі новых. Мы дамовіліся, па магчымасьці прыносіць нэтбукі і ноўтбукі на працу і забіраць іх з сабой у канцы дня. У выгоднейшай сітуацыі апынуліся тыя, хто меў нэтбук. Ён быў лягчэйшы і яго можна было хаваць у невялікай торбе ці пляцаку. Працоўныя дні сталі безпамернымі, некуды зьніклі і выходныя.

Аднойчы ў лютым 2011 году мне пазваніў мой калега з офісу і сказаў, што мяне шукаюць з Генеральнай пракуратуры. Калі я зьявіўся на офісе, то ператэлефанаваў па запісаным тэлефоне. Мужчынскі голас запрасіў мяне прыйсьці ў Генпракуратуру. “З якой нагоды?” – пацікавіўся я. “Неабходна з вамі паразмаўляць”, — абцякальна і няпэўна патлумачыў мужчынскі голас. “Дасылайце позву, — адказаў я, — без позвы не атрымаецца”. “Добра, — пагадзіўся мужчынскі голас, — заўтра я яе дашлю, пасьлязаўтра вы атрымаеце, а на наступны дзень тады давайце і сустрэнемся”. “Я падыйду”, — запэўніў я.

Позва сапраўды прыйшла пасьлязаўтра і на наступны дзень, 16 лютага, я адправіўся ў Генпракуратуру. У холе пракуратуры я паказаў дзяжурнаму позву, той патэлефанаваў і праз пяць хвілінаў з ліфта выйшаў высакаваты, адкормлены, гадоў трыццаці пяці мужчына ў сінім пракурорскім мундзіры. Ён прадставіўся і папрасіў мяне паехаць разам з ім. Мы зайшлі ў ліфт, узьняліся на патрэбны паверх і зайшлі ў кабінет, дзе ў пракурорскага работніка быў свой стол з кампутарам. Ён прапанаваў мне прысесьці і паведаміў, што ў пракуратуру паступіла інфармацыя аб дзейнасьці незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі Праваабарончы цэнтар “Вясна” і пра маё дачыненьне да гэтай дзейнасьці. У сувязі з гэтым ён мусіць задаць мне некалькі пытаньняў.

Я пацвердзіў свае пашпартныя дадзеныя і на наступныя пытаньні, датычныя “Вясны”, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі, адказваць адмовіўся.

Гадоў пяць таму сюды ж выклікаў мяне іншы пракурорскі работнік Новікаў. Тады ён распытваў у мяне наконт Асамблееўскага часопіса, увесь наклад якога былі канфіскавалі, калі яго спрабавалі разаслаць па пошце. І тады я спаслаўся на 27-ы артыкул Канстытуцыі і нічога яму не сказаў. Новікаў тады сказаў пагрозьлівым голасам, выпісваючы мне пропуск на выхад: “Мы з вамі яшчэ ўбачымся”. І вось, Новікаў ужо мабыць на пенсіі, а іншы ягоны калега выконвае ягоную пагрозу, спрабуе дапытаць мяне.

Між тым пракурорскі работнік убіў у пратакол мае лаканічныя – адмовіўся, адмовіўся, адмовіўся, даў мне прачытаць і падпісаць пратакол, а потым паведаміў, што я афіцыйна папярэджаны Генеральнай пракуратураю за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі і ўручыў мне загадзя падрыхтаваную паперку. Я быў спакойны і не зьдзівіўся, і не ўзьнерваваўся. Папярэджаньне дык папярэджаньне.

Пасьля афіцыйнай часткі сустрэчы, ужо з пропускам у руках, у мяне адбылася і кароткая нефармальная размова. “Гэта вас хто, Мінюст нацкаваў?” – спытаўся я ў пракурорскага работніка. Той няпэўна паціснуў плячыма і пасьміхнуўся, з чаго можна было зрабіць выснову, што – так.

Прыкладна за тыдзень перад гэтым, у адным са сваіх шматлікіх каментароў, я рэзка адмоўна адгукнуўся аб Міністэрстве юстыцыі ў сувязі з рэпрэсіямі, якія Мінюст абваліў на адвакатаў, абараняючых ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэтую публікацыю з інтэрнэту, як доказ маёй пазапраўнай дзейнасьці і паказваў мне пракурорскі работнік.

Сітуацыя была вельмі подлай і брыдкай. Адвакатаў перасьледавалі за іхнюю прафэсійную дзейнасьць, за тое, што менавіта ад іх упершыню грамадзкасьць даведалася пра катаваньні і нечалавечае абыходжаньне з палітзьняволенымі ў “амерыканцы”. Пасьля чаго можна меркаваць, што Мінюст атрымаў загад з адпаведных структураў заткнуць адвакатам рот. Пачаліся масавыя праверкі дзейнасьці адвакатаў, пошукі фармальных прычынаў, каб пакараць няўгодных адвакатаў і такім чынам запалохаць усіх іншых.

Усё гэта да болю было знаёма з крымінальных працэсаў над дэсідэнтамі яшчэ ў савецкія часы, а затым з перасьледу “недабранадзейных” адвакатаў ужо ў беларускай дзяржаве: Гары Паганяйлы, Веры Стрэмкоўскай, Сяргея Цурко. Але такога безпардоннага, адкрытага і нахабнага ціску на кіраўніка менскай гарадзкой пракуратуры, на сяброў прэзідыюма, дасьведчаных і паважаных адвакатаў, які ішоў у гэтыя дні, яшчэ не было. Вось таму я і раскрытыкаваў Мінюст, а той не знайшоў нічога лепшага як зьвярнуцца ў Генпракуратуру з патрабаваньнем пакараць мяне.

“Дарэмна вы гэта робіце, — упікнуў я пракурорскага, — такой адказнасьці няма нідзе ў Еўропе. З вас усе будуць кпіць і тыкаць у вас пальцамі”. “Ну, ня ўсё ў нас так дрэнна, — адказаў пракурорскі, — вось, 19-га сьнежня ж спецтэхніку, вадамёты не ўжывалі”. Ён паўтарыў тое, што ужо было ў дзяржаўным друку і падавалася як праява гуманнасьці беларускіх уладаў у параўнаньні з тым, як разганяюцца дэманстрацыі на Захадзе. “Яшчэ чаго не хапала, — адказаў я, — гэта толькі фашысты аблівалі генерала Карбышава вадою на марозе”.

Пракурорскі сумеўся, не знайшоў што адказаць. На тым мы і разьвіталіся.

На выхадзе з пракуратуры мяне чакалі трое маладых людзей з міжнароднай назіральніцкай місіі. Яны цікавіліся як усё прайшло. Я запрасіў іх у недалёкую кавярню, бо на вуліцы мне размаўляць не хацелася. Мы сядзелі, пілі гарбату. Я паказаў афіцыйнае папярэджаньне, распавёў што адбылося. А сам падумаў, што наступны крок – гэта ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць мяне. Ізноў, як некалі ў 1996-ым і ў 2007-ым пагрозьлівы потых уладаў адчуваўся зусім-зусім блізка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international