viasna on patreon

У Мінску асудзілі ўдзельнікаў акцыі ў памяць пра Ігара Пцічкіна

2013 2013-09-16T14:46:00+0300 2013-09-23T13:11:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ihar-pciczkin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя ў памяць пра Ігара Пцічкіна. Фота "Радыё Свабода"

Акцыя ў памяць пра Ігара Пцічкіна. Фота "Радыё Свабода"

14 верасня сваякі і сябры Пцічкіна хацелі зладзіць хвіліну маўчання каля сценаў турмы на Валадарскага. 13 удзельнікаў акцыі былі затрыманыя каля следчага ізалятара № 1, пяцёра — на вуліцы Няміга. Міліцыя таксама затрымала карэспандэнтаў «Радыё Свабода» і газэты «Наша ніва». Журналістаў адпусцілі прыкладна праз 3 гадзіны. Агулам у міліцэйскіх пастарунках апынулася 18 удельнікаў акцыі. 

11.40 Аляксандр ГаўрышСяргей ЯўменаўІгар Кавалёў, Віктар Катлянік дастаўленыя ў суд Цэнтральнага раёна.

11.50 Разглядаюць справу Ігара Кавалёва, на працэс нікога не пусцілі. Суддзя - Вікторыя Шабуня.

12.00 На дошцы абвестак з'явіўся расклад судовых разбіральніцтваў іншых удзельнікаў, а таксама прозвішчы суддзяў. Такім чынам, Ірыну Мірановіч - сястру загінулага, якую таксама затрамалі 14 верасня, - будзе судзіць суддзя Леанід Ясяновіч. Жанчына знаходзіцца на дзявятым месяцы цяжарнасці.  Ігара Кавалёва, Віктара Катляніка - суддзя Вікторыя ШабуняАляксандра Гаўрыша, Сяргея Яўменава - суддзя Наталля Вайцэховіч. Час судовых паседжанняў абазначаны 11.45, аднак пакуль працэс пачаўся толькі па справе  Ігара Кавалёва.

12.40 Пачаўся разгляд справы Аляксандра Гаўрыша. Суддзя Наталля Вайцэховіч загадала ўсім прысутным пакінуць залу суда.

12.50 Ігара Кавалёва прызналі вінаватым у парушэнні арт.23.34 КаАПП - парушэнне правілаў правядзення мітынгу - і пакаралі штрафам 5 б.в. - 500 тысяч рублёў. Суддзя Вікторыя Шабуня пачала разгляд справы Віктара Катляніка.

13.00 Пачаўся разгляд справы Ірыны Мірановіч - сястры Ігара Пцічкіна. Працэс вядзе суддзя Леанід Ясяновіч.

13.30 Сталі вядомыя імёны сведкаў - міліцыянты Казарэдаў В.В., Балдушэўскі В.М.

13.40 Ірыне Мірановіч вынесена папярэджанне, Сяргею Яўменаву - штраф 6 б.в. (600 тысяч рублёў), Віктару Катляніку - 5 б.в. (500 тысяч рублёў), Аляксандру Гаўрышу - 5 б.в. (500 тысяч рублёў), усіх абвінавачвалі ў парушэнні арт. 23.34 КаАПП РБ.

Сталі вядомымі падрабязнасці разгляду справы Ірыны Мірановіч. 14 верасня падчас затрымання яна пераходзіла дарогу па светлафоры у раёне вуліцы Гарадскі вал. У руках жанчына трымала кветкі і партрэт свайго загінулага брата. Міліцыянты, якія затрымлівалі яе, былі ў штацкім, не прадставіліся. Адзін з іх у судзе заявіў, што быў дадзены загад затрымаць менавіта яе. Ягоны калега, дарэчы, не пацвердзіў, што жанчына была задзейнічана ў пікетаванні. У якасці аргументу абароны Ірына Мірановіч адзначыла, што сваякі ахвяраў выбуху ў метро таксама прыносілі кветкі і фота да ст.м.Кастрычніцкай, але ніхто не прыцягваў іх да адказнасці і не палічыў іх дзеянні пікетам. Суддзя Леанід Асяновіч не прыняў гэтыя факты пад увагу і абвінаваціў сястру Ігара Пцічкіна ў незаконным пікетаванні. Жанчыне вынесена папярэджанне.

Яшчэ 13 затрыманых напярэдадні акцыі чалавек былі дастаўленыя ў Маскоўскі РАУС. Там на іх склалі пратакол, але пакуль не выклікалі ў суд.

Даведка

21-гадовы мінчанін Ігар Пцічкін загінуў пры нявысветленых акалічнасцях у СІЗА №1 на Валадарскага. 12 верасня споўнілася 40 дзён з моманту яго смерці. Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці стаў сардэчны прыступ. Аднак сваякі і сябры Пцічкіна мяркуюць, што ён памёр пасля жорсткіх збіванняў у СІЗА. На сайце "Платформ інавейшн" былі размешчаны пасмяротныя фатаграфіі Пцічкіна, на якіх бачныя вялікія гематомы на перадплеччах, запясцях, кісцях, у вобласці рэбраў, а таксама пашкоджанні ніжэй за калена. У Следчым камітэце сваякам Ігара паведамілі, што па факце яго смерці праводзіцца праверка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства