Беларусы пад катаваньнямі прызналіся ў забойстве, якога не рабілі

2013 2013-09-12T11:27:40+0300 2013-09-12T11:27:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/katavanni-2.jpg
Фота з сайта www.allnews4.me

Фота з сайта www.allnews4.me

Беларускія будаўнікі, якія працавалі ў Маскоўскай вобласьці, пад катаваньнямі паліцыянтаў прызналіся ў забойстве, якога не рабілі. Чаму і ў Беларусі сьледчыя надалей ужываюць катаваньні?

Паводле Сьледчага камітэту Расеі, у Падмаскоўі асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня грамадзянін гэтай краіны Хілецкі, які яшчэ ў 2006 годзе згвалціў і забіў жанчыну. Ягоную віну ўдалося даказаць толькі цяпер, пасьля таго як ён забіў яшчэ двух чалавек. Аднак за злачынства 2006 году яшчэ раней асудзілі гастарбайтэраў зь Беларусі Сяргея Хітрыка і Вячаслава Бялевіча — кожнаму далі 15 гадоў зьняволеньня. Высьветлілася, што Сяргей Хітрык і Вячаслаў Бялевіч на сьледзтве агаварылі сябе — ня вытрымалі катаваньняў, якія ўжывалі супроць іх сьледчыя з управы міліцыі ў Дамадзедаве. Аднаго са сьледчых неўзабаве прыцягнуць да суду за перавышэньне службовых паўнамоцтваў, другі ўцёк, і цяпер яго шукаюць. Лёс беларусаў, асуджаных незаконна, склаўся гэтак. Бялевіч адбываў пакараньне ў Беларусі, Хітрыку пашанцавала меней — ён сядзеў у калёніі пад Саратавам, дзе захварэў на сухоты. Нядаўна абодвух былых будаўнікоў вызвалілі. Сяргей Хітрык за гэты час страціў сям’ю і здароўе, у яго адкрытая форма сухотаў, вельмі небясьпечная і для людзей вакол яго. Грашовая кампэнсацыя, якую ён атрымаў за незаслужанае зьняволеньне — каля 25 тысяч даляраў — ідзе на лячэньне і лекі.

У Беларусі таксама здараецца, што сьледчыя ўжываюць катаваньні да затрыманых, каб атрымаць патрэбныя паказаньні. ПраваабаронцаАндрэй Бандарэнка з установы абароны вязьняў «Плятформа», аднак, ня ведае ніводнага выпадку, каб незаконныя дзеяньні сьледчых атрымалі належную прававую ацэнку:

«У нас адразу можна згадаць пра вартаўніка аўтастаянкі ў Менску Васіля Сарочыка, якога катавалі, у тым ліку надзявалі на галаву поліэтыленавы пакунак, каб прызнаў тое, чаго не рабіў. Потым згадваю выпадак з асуджанымПаўлам Плаксам. Ён казаў пра катаваньні, але суд усё роўна прызнаў яго вінаватым, хоць у судзе выявілася, што ягоныя паказаньні, якія былі дадзеныя пад прымусам, супярэчаць рэчаіснасьці. У нас на стадыі сьледзтва катуюць падазроных паўсюль».


Паводле Андрэя Бандарэнкі, беларускія суды ніяк не рэагуюць на заявы пра катаваньні падчас сьледзтва. Што да міліцыянтаў ці сьледчых, пра якіх ёсьць зьвесткі, што яны катуюць людзей, праваабаронца ня ведае ніводнага выпадку, каб гэтым зьвесткам была дадзеная належная прававая ацэнка і вінаватых прыцягнулі да адказнасьці. Андрэй Бандарэнка згадаў абуральны, па яго словах, выпадак у Лідзе, калі супроць братоў Шкурко былі ўжытыя фізычная сіла і зьневажальныя дзеяньні. «Праверка, якую праводзіў Сьледчы камітэт па Гарадзенскай вобласьці, станоўчых з нашага пункту гледжаньня вынікаў не дала. Справу так і не заводзяць», — кажа праваабаронца. Тое самае і са справай вартаўніка Васіля Сарочыка, кажа Андрэй Бандарэнка:

«Усе органы ўпарта адмаўляюць у завядзеньні справы, нягледзячы на тое, што тут увогуле відавочны выпадак катаваньняў. Тут „Плятформе“ нічога і даводзіць не было патрэбы. Была відавочная сувязь паміж пабоямі, якія меў Сарочык, і ягоным знаходжаньнем у Ленінскім РАУС, яго незаконным затрыманьнем зь незаконным допытам безь юрыдычнай дапамогі. Але ўсё роўна ўлады ўпарта не прызнаюць, што ў сыстэме МУС да затрыманых ужываюць катаваньні».

Адна з прычын катаваньняў падсьледных — парадкі, паводле якіх сьледчых стымулююць прэміямі і падвышэньнем па службе штучна паляпшаць паказчыкі сваёй працы. Гэтак лічыць былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак:


«У іх засталася гэтак званая „палачная“ сыстэма, калі патрабуюць паказчыкаў. Адзін кажа, што ў яго 90% раскрывальнасьць, а чаму ў цябе 40%? І пайшло: здымаюць прэмію, не даюць кар’ернага росту. Мы з нашай групай рэфармаваньня праваахоўнай сыстэмы прапаноўвалі захады па зьмене гэтай сыстэмы, але і слухаць ня хочуць».

Паводле назіраньняў Алега Воўчака, узровень прафэсіяналізму цяперашніх сьледчых вельмі нізкі. Таксама Алег Воўчак заўважае, што корпус беларускіх сьледчых вельмі амаладзіўся. «Прыходзяць зусім маладыя людзі без прафэсійнага і жыцьцёвага досьведу», — кажа праваабаронца.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international