Заўтра Віцебскі абласны суд разгледзіць касацыйную скаргу супраць прымусовага лячэння Ігара Пастнова

2013 2013-09-11T18:33:39+0300 2013-09-11T18:33:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/victbsk-ablasny-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Разгляд прызначаны 12 верасня на 9.30. Пра гэта распавёў віцебскі палітык Сяргей Рыжоў, давераная асоба Ігара Паснова. Але ні ў судзе першай інстанцыі – Віцебскім раённым, ні ў Віцебскім абласным судзе яму не ўдалося азнаёміцца з матэрыяламі справы. Ці будзе дастаўлены ў суд сам Пастноў – пакуль невядома.

У касацыйнай скарзе па справе Ігара Пастнова гаворыцца, што суддзя Віцебскага райсуду Тацяна Дзегцярова вынесла рашэнне ў адсутнасць самога Пастнова, якога не прывезлі на суд, у адсутнасць яго прадстаўнікоў і адваката. Такім чынам, былі парушаны правы Пастнова на абарону ў судзе і на атрыманне юрыдычнай і прававой дапамогі.

Паводле Сяргея Рыжова, які сустракаўся з Пастновым 9 верасня, той быў гатовы да ўдзелу ў працэсе. Ён нармальна пачуваўся, але ў суд яго не павезлі: так робяць толькі з тымі пацыентамі псіхіятрычнага шпіталя, якія могуць нанесці шкоду сабе ці іншым або не могуць адказваць за свае ўчынкі. 

Сяргей Рыжоў распавёў, што хацеў азнаёміцца з матэрыяламі справы, якая будзе разглядацца ў Віцебскі абласным судзе:

"Учора я туды патэлефанаваў, але мне сказалі, што дакументы яшчэ не прыйшлі з райсуду. Каб я звяртаўся туды і ўзяў з сабой даверанасць на вядзенне справаў Пастнова. Сёння я туды прыехаў, але справу мне не паказалі: маўляў, яшчэ 6-га верасня яе накіравалі ў абласны суд. Я  мусіў напісаць скаргу, што ад мяне прыхоўваюць інфармацыю. У абласным судзе давялося пісаць скаргу зноў: мне зноў адмовіліся паказаць матэрыялы справы на той падставе, што я падчас першага судовага працэсу яшчэ не быў даверанай асобай Ігара Пастнова. Я лічу, што інфармацыю пра Паснова знарок хаваюць ад грамадскасці, бо ў Віцебску яго добра ведаюць, і многія яму спачуваюць".

Ігар Пастноў, які апошнім часам працаваў у абласным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі урачом-псіхатэрапеўтам, неаднаразова крытыкаваў сістэму аховы здароўя Віцебскай вобласці і абласное кіраўніцтва. У тым ліку ў СМІ і ў відэазваротах на you.tube.

Кіраўніцтва абласнога псіхіятрычнага шпіталю было незадаволенае сваім работнікам з гэтае нагоды, яму неаднаразова пагражалі прымусовым псіхіятрычным лячэннем. Некалькі тыдняў таму пагрозы спраўдзілі, і пра гэта распавёў сам Ігар Пастноў.  Паводле ягоных слоў, галоўны лекар шпіталя Алена Мартынава 15 жніўня склікала камісію, якая, на запрасіўшы на асведчанне самога Пастнова, зрабіла высновы пра праблемы ягонага псіхічнага стану. Даслаўшы гэты дакумент у гарадскую пракуратуру, Алена Мартынава атрымала дазвол на прымусовае абследванне "лекара-праўдаруба", як яго называюць у Віцебску. 16 жніўня яго проста з працоўнага месца забралі ў 2-е закрытае аддзяленне псіхіятрычнага шпіталю. А 21 жніўня Віцебскі раённы суд, разгледзеўшы заяву прадстаўнікоў медычнай установы, санкцыянаваў прымусовае лячэнне для Пастнова. Лячэнне пачалі адразу, не чакаючы, пакуль рашэнне суду ўступіць у сілу.

Пастноў ад прымусовага лячэння адмаўляўся, і прэпараты яму ўводзілі гвалтам. Падчас гутаркі з Сяргеем Рыжовым ён падкрэсліваў, што прымусовае лячэнне прыносіць яму маральныя, а таксама фізічныя пакуты – пасля трох тыдняў у шпіталі ен стаў сябе адчуваць значна горш.

Пра парушэнні сваіх правоў ён напісаў скаргу ў пракуратуру, якую сёння перадаў Сяргей Рыжоў. Таксама Рыжоў напісаў скаргі і ад свайго імя – пра тое, што ў шпіталі шматкроць парушаюцца правы пацыента Пастнова, што метады  прымусовага лячэння ён расцэньвае як катаванні,  што яго незаконна абмяжоўваюць у кантактах з навакольным светам, забараняючы размаўляць па тэлефоне і прымаць наведнікаў.

Сам Рыжоў, ужо ў якасці даверанай асобы Ігара Пастнова, таксама атрымаў адмову ад ўрачоў псіхіятрычнага шпіталю: яны забаранілі яму сустракацца і размаўляць з Пастновым, заявіўшы, што гэта шкодна для пацыента і замінае яго лячэнню.

Ці будзе дастаўлены  заўтра ў віцебскі абласны суд сам Ігар Пасноў, пакуль невядома. Паводле звестак Сяргея Рыжова, яму пачалі ўводзіць нейкія новыя прэпараты. Сяргей Рыжоў спасылаецца на словы лекара, які займаецца лячэннем Паснова.

Беларускі Хельсінскі камітэт і Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступілі з супольнай заявай з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова. Яны патрабуюць перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва. 

Еўрадэпутат Марэк Мігальскі звярнуўся ў Еўракамісію, а таксама да міністра аховы здароўя Польшчы Барташа Арлуковіча, заклікаўшы заступіцца за лекара, які за крытыку беларускіх уладаў быў прымусова змешчаны ў псіхіятрычную лякарню. Спадар Мігальскі ўпэўнены, што “прысуд палітычна матываваны” і ”з'яўляецца чарговай спробай знішчэння грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”. У сувязі з гэтым дэпутат заклікаў зрабіць усе магчымыя крокі, каб  прыняць меры ў гэтай  справе.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заявіла пра гатоўнасць прызнаць Пастнова вязнем сумлення.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international