viasna on patreon

Віктар Адзіночанка: “Рэлігійнае стаўленне да смяротнага пакарання - гэта справа не пачуццяў, гэта справа веры”

2013 2013-09-11T12:57:47+0300 2013-09-11T12:57:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viktar_adzinochanka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Адзіночанка

Віктар Адзіночанка

Пра смяротнае пакаранне з пункту гледжання хрысціянскай этыкі распавядае Віктар Адзіночанка - рэлігіязнаўца, дацэнт кафедры філасофіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Віктар Адзіночанка не толькі выкладае рэлігіязнаўства, але і з’яўляецца сябрам Беларускага Хельсінкскага камітэту - эксперт па свабодзе сумлення.

- Беларусь – гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе ёсць смяротнае пакаранне. Цікавым з’яўляецца: з якіх меркаванняў у еўрапейскіх краінах адмянілі смяротнае пакаранне? Ці ёсць у гэтым рэлігійны фактар? Ці спасылаліся еўрапейцы на аргументы рэлігійнага характару?

- Еўрапейская культура грунтуецца на хрысціянстве. І ў нашай краіне трэба адмяніць смяротнае пакаранне… А ці можа рэлігія неяк паспрыяць гэтаму? Так, можа. Тут, безумоўна, нам трэба звяртацца да хрысціянства. Мы ведаем, што ў мусульмансткіх краінах ужываецца смяротнае пакаранне, нават за такія ўчынкі, як здрада мужу. Але гэта іншая культура.       

Найбольш паслядоўна супраць смяротнага пакарання выступае каталіцкі касцёл. Таксама ў нашай краіне супраць смяротнага пакарання рашуча выказаўся Мітрапаліт Філарэт, ён сказаў, што жыццё чалавеку дае Бог, таму іншы чалавек не можа адбіраць жыццё, дадзенае Богам.  Выказаўся за адмену смяротнага пакарання і Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Але трэба разумець, што сэнс гэтых выказванняў больш зразумелы хрысціянам-вернікам. У нас такіх вернікаў не шмат. Хаця значная частка насельніцтва лічыць, што належыць да той ці іншай канфесіі (у асноўным да праваслаўя). І калі мы гаворым пра рэлігійную самаідэнтыфікацыю, то мы можам сказаць (паводле розных сацыялагічных апытанняў), што амаль 90 працэнтаў насельніцтва ў нас з’яўляецца вернікамі. Але гэта ўсё мае дэкларатыўны характар. Калі мы ўжываем такі крытэр, як наведванне храма, веданне святых тэкстаў, веданне нормаў паводзін і (што самае галоўнае) імкненне іх выканаць, то колькасць вернікаў будзе значна меншая…  І вось для гэтых людзей хрысціянская пазіцыя мае сэнс. Яны разумеюць, пра што ідзе размова.

- У чым адметнасць пазіцыі сапраўднага хрысціяніна ў дачыненні да смяротнага пакарання? 

-  Хрысціянства грунтуецца на веры, што ў нас ёсць жыццё вечнае, што зямное жыццё мае сваю каштоўнасць, але яно не адзінае – будзе жыццё і пасля смерці.  І перад такой рэчаіснасцю, калі чалавек верыць, што ёсць жыццё вечнае, некаторыя пытанні набываюць зусім іншы сэнс. У хрысціянстве гаворыцца, што трэба любіць сваіх ворагаў, трэба не адказваць злом на зло. Калі чалавек неверуючы, то для яго гэта… проста…  такія добрыя пажаданні. Калі чалавек веруючы, ён адчувае прысутнасць Бога ў сваім жыцці і перспектыву жыцця вечнага. У вернікаў іншае стаўленнне да злачынцаў. Яшчэ ёсць і персаналізаванае зло – д’ябал. І гэты д’ябал уводзіць людзей у зман.   

- А жыццё даецца чалавеку Богам, і іншы чалавек не мае права забіраць тое, што не даваў? 

- Для хрысціяніна гэты пастулат, што жыццё дадзенае чалавеку Богам і іншы чалавек не можа распараджацца ім, мае сэнс. Калі чалавек верыць, што ёсць Бог, што кожны чалавек створаны Богам, то нельга караць смерцю іншага чалавека. Гэта грэх. Больш за тое, сур’ёзным грахом з’яўляецца жаданне смерці іншаму чалавеку, адчуванне нянавісці да яго. Хрысціянін павінен дараваць. Але, ў той жа час, хрысціянская царква прызнае, што дзяржава павінна выконваць свае функцыі, абараняць сваіх грамадзян, і, калі няма смяротнага пакарання, то павінна быць такое турэмнае зняволенне, каб злачынцы не мелі магчымасць зноў здзе’йсніць злачынства.    

Але як толькі людзям пачынаюць казаць пра канкрэтныя злачынствы, і гэтыя злачынствы маюць вельмі жахлівы характар, у людзей адразу ўзнікае пачуццё абурэння, людзі кажуць: “гэтых гадаў, гэтых злачынцаў трэба пакараць смерцю”, “пасадзіць на кол”, “утапіць”. Я сам гэта чуў, бо прысутнічаў на судовых працэсах у якасці назіральніка.  Натуральныя чалавечыя пачуцці – шкада ахвяру, шкада яе родзічаў… Я быў на судзе – забілі хлопца не ў мэтах рабавання, а проста, каб забіць. Забілі яго з асаблівай жорсткасцю… Яны проста шукалі, каго бы ім забіць. І гэта быў адзіны сын у маці. І калі я глядзеў на ягоную маці, мне вельмі шкада яе было. Я гэта ўспрыняў вельмі эмацыйна. І гэта былі натуральныя пачуцці, і, калі нехта кажа, што ў яго такіх пачуццяў жалю і абурэння няма, то я думаю, што ён падманвае.  Але тут справа не ў пачуццях. Рэлігійнае стаўленне да смяротнага пакарання, гэта справа не пачуццяў, гэта справа веры. 

Людзі, якіх пазбавілі самых блізкіх, хочуць, каб злачынцы зніклі і таксама не існавалі.  Але гэта падманны шлях, бо дарагога чалавека ўжо няма, калі расстраляюць забойцаў, нічога не зменіцца. Таму хрысціянства прапаноўвае іншую пазіцыю – ёсць жыццё пасля смерці, і мы з дарагімі нам людзьмі сустрэнемся пасля смерці. А нявінна забітыя пакутнікі ідуць на Неба. Што тычыцца злачынцаў, то з пункту гледжання хрысціянства, ім вельмі важна раскаяцца. Забойствы нявінных людзей, гэта такія грахі, якія крычаць да Неба, і Бог карае за гэтыя грахі, калі чалавек не пакаецца. Але калі злачынцу расстрэльваюць (а ў нашых умовах гэта адбываецца хутка), ён нават не мае магчымасці зразумець, што ён зрабіў, не мае магчымасці пакаяння. Бо і ў іншых краінах ёсць смяротнае пакаранне, напрыклад, у ЗША, але там паміж прысудамі і прывядзеннем яго ў выкананне, праходзіць некалькі гадоў. І за гэты час чалавек, які разумее, што жыццё яго хутка скончыцца, можа ўсвядоміць, што ён зрабіў.  

- А ці можа быць  кат, выканаўца прысудаў, быць добрым хрысціянінам?

- Што тычыцца тых людзей, якія выконваюць прысуды… Гэта функцыя дзяржавы, яны выконваюць свае абавязкі, яны фармальна не адказваюць перад законам, але гэта справа іх сумлення. Як гэта ўзяць і забіць? Вядома, што ў Еўропе, людзі, якія працуюць на бойнях, могуць працаваць толькі тры гады, потом іх пераводзяць на іншую працу, бо ў іх адбываецца трансфармацыя псіхікі.   А як чалавеку забіваць іншых людзей, як ён пасля будзе жыць?  Я не ведаю, што думаюць гэтыя людзі, што яны самі сабе кажуць. Што яны кажуць сваім дзецям? Яны забіваюць, але яны выконваюць свае функцыі, яны выконваюць загады. Але, што з імі далей будзе невядома. У Заходняй Еўропе, у старыя часы, кАты жылі асобна, гэта лічылася ганебная прафесія, кАту нават не падавалі рукі.

Калі мы звяртаемся да кАта як да індывіда, як да чалавека, то гэта несумяшчальна з хрысціянствам. Што тычыцца таго, трапяць кАты ў пекла альбо ў рай, мы гэтага ведаць не можам. Гэта справа Бога. Бог вырашае. Гэтых людзей адпяваюць па хрысціянскім абрадзе, за іх моляцца і г.д.  Але зараз ва ўмовах нашай культуры, ва ўмовах Беларусі, кат не можа быць добрым хрысціянінам.  Але мы не можам асуджаць гэтых людзей. Можа быць, чалавек які так рабіў,  гэта асэнсаваў, і ён гаворыць, што гэта ненармальна.  І такія выпадкі вядомыя… Але пакуль ён гэта робіць, то што бы ён ні казаў, якія бы свечкі ні ставіў, колькі бы разоў у тыдзень ён ні наведваў бы храм, ён не будзе добрым хрысціянінам.  Ёсць такія віды дзейнасці, якія зараз несумяшчальныя  з хрысціянствам.  

Гутарыла Паліна Сцепаненка, адмыслова для кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства