Ігар Пасноў заявіў, што яму піхаюць лекі гвалтам

2013 2013-09-10T10:19:10+0300 2013-09-10T10:19:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ryzhou_siarhej.jpg
Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў

9 верасьня віцебскі актывіст Сяргей Рыжоў атрымаў падпісаную лекарамі віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя даверанасьць прадстаўляць інтарэсы лекара Ігара Паснова, зьмешчанага на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Але празь некалькі гадзінаў яму паведамілі, што забараняюць сустракацца з Пасновым.

Паводле Сяргея Рыжова, даверанасьць у шпіталі атрымаць было праблемай — спачатку прадстаўнікі адміністрацыі перадалі яму, што Пасноў ня хоча бачыць яго даверанай асобай:

«Але мяне падманулі, і Паснова таксама — зь ім пра маю асобу ўвогуле не было гаворкі. Я даведаўся пра гэта ад Ігара Паснова асабіста. 9 верасьня я яго адведаў, і мы зь ім размаўлялі больш за гадзіну. Нашу гаворку, у якой брала ўдзел і загадчыца аддзяленьня Натальля Васільева, я запісваў на дыктафон. Пярэчаньняў зь яе боку не было. Праз пэўны час у пакой зайшоў намесьнік галоўурача шпіталя Ігар Сьвіркуноў і загадаў мне сьцерці запіс. Інакш мяне пагражалі ня выпусьціць і выклікаць міліцыю. Давялося зрабіць выгляд, што запіс я зьнішчаю. Але насамрэч я змог яго захаваць, бо Пасноў шчыра апавядаў пра тое, што зь ім робяць у шпіталі. Я пакінуў шпіталь, і праз пэўны час патэлефанаваў на пост дзяжурнай мэдсястры — па гэтым нумары дазваляюць размаўляць з пацыентамі. Але пачуўшы маё прозьвішча, слухаўку кінулі. Я патэлефанаваў у ардынатарскую, і ўжо там мне сказалі, што нашы зносіны з Пасновым абмежаваныя на падставе артыкула 40 Закону аб псыхіятрычнай дапамозе».

У гэтым артыкуле гаворыцца, што пацыенты псыхіятрычнага шпіталя могуць быць абмежаваныя ў некаторых правах паводле распараджэньня лекараў. У прыватнасьці, ім можа быць забаронена сустракацца з наведнікамі або карыстацца тэлефонам, калі гэта, на думку лекара, «уяўляе небясьпеку для пацыента або іншых асобаў».

На думку Сяргея Рыжова, абмежаваньне на зносіны выклікана тым, што прагучала на сустрэчы. Ігар Пасноў скардзіўся на абразьлівыя мэтады прымусовага лячэньня — яму заціскаюць нос, каб ён быў вымушаны адкрыць рот, і мэдыкі змаглі змусіць яго праглынуць лекі.

Паводле Сяргея Рыжова, Пасноў выглядае змучаным, зацкаваным, і лекары былі незадаволеныя, калі гутарка заходзіла пра асаблівасьці прымусовага лячэньня. Незадавальненьне лекараў выклікала і абяцаньне Сяргея Рыжова хадайнічаць, каб датычных да справы Паснова лекараў дадалі да сьпісу асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, і паведамленьне пра тое, што фактам зьмяшчэньня Ігара Паснова ў псыхіятрычны шпіталь заклапочаныя расейскія ды іншыя замежныя праваабаронцы.

Ігар Пасноў знаходзіцца ў 2-м закрытым аддзяленьні абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі з 16 жніўня. Раней ён працаваў у гэтай установе псыхатэрапэўтам у наркалягічным аддзяленьні. Ен стаўся пацыентам у сваіх былых калегаў пасьля чарговага відэазвароту ў інтэрнэце, дзе ўжо ня першы раз скрытыкаваў абласное кіраўніцтва і працу мэдычных установаў вобласьці. Ігар Пасноў казаў таксама і пра тое, што яму пагражаюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем. Прымусовае лячэньне 21 жніўня санкцыянавала судзьдзя Віцебскага райсуду Тацяна Дзегцярова. Пасноў зь ім катэгарычна ня згодны: яму не далі прысутнічаць у судзе, заключыць дамову з адвакатам, і ўвогуле ён пэўны, што прымусовае псыхіятрычнае лячэньне — гэта помста за крытыку ўладаў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international